epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Дзядзькава вынаходлівасць

Працавітасці Мірона Каракулькі шчыра зайздросцілі аднавяскоўцы са Смалярні. Няма тут нічога дзіўнага: Мірон валодаў прафесіяй сантэхніка-газаўшчыка — карацей, быў майстрам з залатымі рукамі. Суседзі ведалі: пачне выкідваць конікі вадаправодны кран ці газавая пліта, прыпыніць нечакана імклівы бег часу гадзіннік ці зломіцца швацкая машына, трэба клікаць Каракульку на дапамогу. І ўжо ён заўсёды давядзе да ладу неабходныя ў гаспадарцы рэчы. І меў ён з гэтага трывалы заробак, праўда, яшчэ займаўся і вытворчасцю кошыкаў, якімі паспяхова гандляваў на кірмашы ў сваім райцэнтры.

Цяпер шмат гамоняць пра выраб кошыкаў, мяркуючы, што гэта занятак сівых дзядоў, а здаравякі-мужчыны пры жаданні могуць знайсці больш прыбытковую працу. Спрачацца з тымі, хто так думае, — тое ж самае, што гарохам прабіваць падмурак.

Аднак дзядзька Мірон сур’ёзна ставіўся да падобнай дзейнасці: хадзіў у лес, шукаў адпаведнай даўжыні лазу, з дубцоў рабіў кольцы для днішча і дугі для ручак, ахайна пераплятаў сценкі, у выніку чаго атрымліваўся неблагі кошык. Кладзі потым туды грыбы, ягады ці бульбу і радуйся жыццю.

Пра дужасць і кемлівасць Каракулькі людзі распавядалі легенды. Вітаючыся, Мірон пацісне каму-небудзь руку, і той ажно Варшаву ўбачыць; стануць вымагаць на рынку грошы розныя нягоднікі, сутыкне іх наш герой ілбамі так, што болей не прычэпяцца ўжо з незразумелымі патрабаваннямі. Паспрабуе хтосьці з багацеяў падмануць дзядзьку, ён так «пажартуе», што круцель доўга будзе без гарачай вады ў катэджы.

Мірон, добры й вясёлы, часта трапляў у забаўныя сітуацыі. Вось мне і хочацца расказаць адну з прыгодаў сваяка.

Здарылася гэта за некалькі дзён да свята дваццаціпяцігоддзя вяселля Мірона і Таццяны. Жонка, наводзячы ў хаце парадак, заўважыла, што парадны абутак мужа рамонту не падлягае. Якраз і Мірон вярнуўся з сенакосу. Таццяна — да яго:

— Мой даражэнькі, твае чаравікі кашы просяць, а лепш — замены!

— Заўтра паеду ў Валожын, у краме нешта знайду для сябе, — упэўнена адказаў гаспадар.

— Для пляменнікаў купіш цукерак — пачастунак прыемны.

— Як жа без прысмакаў! Без гарэлкі чалавек можа жыць, а вось ад салодкага ніякі ласун не адмовіцца.

...Ледзь дачакаўся дзядзька раніцы. З першымі летнімі промнямі папраставаў на аўтобусны прыпынак.

Пад’ехаў аўтобус — і праз якія сорак хвілінаў Мірон ужо ў горадзе. Не спяшаючыся, забрыў ён у краму. Якія на паліцах ляжалі чаравікі, пералічыць немагчыма: доўгія і кароткія, шырокія і вузкія, чорныя, карычневыя... Ад выбару вачам млосна стане, адно меў бы пакупнік грошы.

Нарэшце прыдбаў дзядзька сабе абутак. З яго новымі чаравікамі ў сваты запісвайся, калі б не сыны жанатыя. Успомніў Мірон, што час зараз ліхі: злодзеяў багата, а ўправы на іх няма. Абуўся ў набытыя чаравікі, старыя паклаў у пакунак ды цыдулку напісаў: «Прывітанне зламыснікам. Прыміце сціплы падарунак. Мірон».

На зваротным шляху задрамаў Каракулька ў аўтобусным фатэлі. Азірнуўся навокал: пакунак сцягнулі. Не надта хваляваўся, бо прадбачыў такую небяспеку.

Прыязджае Мірон дадому. Таццяна сустракае яго і цікавіцца:

— Дзе ты бадзяўся столькі часу? Я згубіла ўсялякую веру: каробка ад абутку пад плотам ляжыць, а ты туляешся недзе... Падумала, што абрабавалі бандыты на дарозе.

— Як бачыш, жывы. Пойдзем паглядзім, Таня, якую трасцу ў агародзе знайшла...

Праз нейкі момант бярэ дзядзька пакунак у рукі, адтуль дзіравыя шлёпанцы вывальваюцца ды аркуш паперы. Прачытаў ён наступнае:

«Лепей не трапляць табе пад гарачую руку! Старыя знаёмыя».

Здзівіўся Мірон, што так лёгка адвучыў злодзеяў чужое красці.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 41-44
Крыніца: скан