epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Ганаровы хабарнік

І зараз вядуцца спрэчкі адносна таго, што з’явілася раней: незаслужаная ўзнагарода патрапіла ў чыесьці брудныя лапы ці гэта былі шматхадовыя камбінацыі махлярства. Працяг няпэўнага становішча вызначыць можа Гасподзь Бог і Панна Гісторыя, калі незайдросныя факты трапяць на яе справядлівую спіраль.

Ці ведаеце вы Севу Чыстаплюя з Сонечнай вуліцы? Шкада, калі не. Нічога, будзеце яшчэ мець гонар пазнаёміцца з ім.

З пяшчотнага маленства ён засвоіў жыццёвы прынцып: рука руку грэе, трэба ўмець прасіць, астатняе з цягам часу папоўніць кашалёк ці наблізіць да нейкіх спакусаў. У школьныя гады Сева не саромеўся спісваць у сяброў-аднакласнікаў кантрольныя па матэматыцы, лабараторныя па фізіцы й хіміі, дыктанты, пераказы па роднай мове...

Так і вучыўся Чыстаплюй, праціраючы штаны за партай. Не навучанне, а радасць: сваім розумам і блізка не варушыў, а выязджаў за кошт іншых. Неяк давучыўся да дзевятага класа, экзамены ледзь здаў на адны траякі, больш усё роўна не атрымалася б. Упершыню ўзнікла праблема перад Севам, што рабіць далей: ісці ў ПТВ ці каледж, ці на вольныя хлябы накіравацца?..

Пачухаўшы патыліцу, ён навастрыў лыжы ў вучэльню, дзе рыхтуюць кіроўцаў аўтамабіляў. Зноў для Севы пачаўся адносны рай: з тэорыяй не надта сябраваў, а практычныя заняткі наведваў ахвотна. Юнак сцяміў, што без ведаў нікуды не даедзеш, таму без цяжкасцяў скончыў ПТВ, зразумела, з зусім не выдатнымі вынікамі.

Затым не без бацькавай дапамогі трапіў у сцены фінансавага каледжа. Паколькі вучоба не падабалася Чыстаплюю, то за яго рэфераты, кантрольныя ды курсавыя выконвалі прафесіяналы ад навукі. Скончыліся пакуты нашага героя: на адзін дыплом памножыўся скарб будучага авантурыста і хабарніка.

Пачаліся працоўныя будні. Па знаёмстве Сева Чыстаплюй заняў месца дырэктара гаспадарчай крамы на ўскрайку сталіцы. Зводзіў дэбет з крэдытам, а сальда ляцела ў кішэню, ясна, не ў дзяржаўную, а ў сваю. Нажыўся за якія шэсць месяцаў так удала, што забяспечыў сябе і сваякоў на добрыя пяцьдзесят гадоў бязбеднага жыцця.

Аднак на кожную рыбу свой крук знойдзецца. Чыстаплюя падаткавая інспекцыя за жабры схапіла, дзесятая частка прыбытку пайшла на штрафы, прэтэнзіі ды на розныя ўлагоджванні.

Наступным захапленнем, а потым і часовай працай з’явіліся спробы Чыстаплюя атабарыцца ў складзе адыёзнай партыі. Уплывовыя людзі даверылі яму весці бухгалтэрыю — адным словам, фінансы запелі рамансы на самай высокай актаве. Усё было б добра, але ў арганізацыі бясконца змагаліся за партфелі ды камандзірскі жэзл. Таму Чыстаплюю з радасцю паказалі на адчыненыя ў пустэчу дзверы.

Засумаваў ліхі чалавек: трэба ж так упарта паўзці ўгару, каб з касмічнай хуткасцю ляцець уніз. Час назад не павернеш, і Сева перабраўся на аўтабазу, дзе працуе кіроўцам грузавіка па вывазу смецця з кантэйнераў.

Зноў Фартуна ўсміхнулася хлопцу — пашанцавала зачапіцца за адносна неблагі маршрут, на якім, быццам у казцы, і булкі, і кумпячкі, і селядцы, і чырвонае віно... Усяго гэтага дабра — не абрацца. Дастаткова Севу падʼехаць да пэўнага прадпрыемства, націснуць на клаксон, як перад ім з’яўляецца натоўп залежнікаў.

І Сева падымае лямант не горш за ерыхонскую трубу:

— Людзі добрыя! Частуйце, чым можаце, інакш бруд застанецца на вашым сумленні!

Бяды ніхто не хоча, грошы таксама лішнія не бываюць, а з Чыстаплюя, што з качара вада, — пакуль сухім застаецца. Толькі як доўга ён будзе хабарам жыць, меркаваць цяжка.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 79-81
Крыніца: скан