epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Кантрольная работа

У пошуках новага жанру

 

У якасці прыкладу выкарыстана апавяданне Алеся Філіповіча «Фальклор», надрукаванае ў часопісе маладых літаратараў «Першацвет» (1995 г. №11, с. 17-22).

 

 

А) На прыкладзе аднаго празаічнага твора выявіце: тэму, вядучую праблему, тып праблематыкі, ідэю, від (віды) пафасу.

На нашу думку, тэма апавядання Алеся Філіповіча заключаецца ў назве твора, з чаго не складана зрабіць выснову: гэта жыццяпіс аўтара і адначасова апавядальніка ў адной з глухіх беларускіх вёсак, дзе ён разам з аднагрупнікамі займаўся зборам вуснай народнай творчасці.

Вядучая праблема апавядання — апісанне жыцця сучаснай беларускай вёскі, захаванне спрадвечных нацыянальных традыцый, захапленне вяскоўцамі й моцная вера ў розных добрых і злых духаў, накшталт дамавікоў і лазнікаў.

Тып праблематыкі: знешні — паралелі і супярэчнасці паміж горадам і вёскай; унутраны — своеасаблівасць гісторыі з маленства дзядзькі Восіпа, што заснавана на рэальных падзеях, а не на выдуманых.

Сацыяльны — адмоўны ўплыў на дзейнасць жыхароў вёскі алкагольных напояў, у прыватнасці, самагону. Будзем справядлівыя ў ацэнцы твору: для аўтара ўжыванне «смагі» — гэта цяжар, пакуты, боль, таму адчуваецца праз элементы гумару асуджэнне згаданай з’явы.

Ідэя апавядання — праўда жыцця дзядзькі Восіпа выклікае давер да персанажа: запіс твораў жывога народнага мастацтва заўсёды меў здзяйсненне ў надзвычай складаных умовах, дзе шмат спакусаў і не менш выпрабаванняў, аднак без фіксацыі фальклору немагчыма далейшае развіццё нацыянальнай літаратуры.

Пафас апавядання «Фальклор», згодна з меркаваннем даследчыка, заключаецца ў наступным: нягледзячы на выпрабаванні эпох, вусная народная творчасць жыла, жыве і будзе яшчэ жыць столькі, пакуль на зямлі ёсць беларускі народ, яго родная мова, гісторыя, культура, этнаграфічная і геаграфічная прастора.

 

Б) Мастацкія дэталі.

Наяўнасць мастацкіх дэталёў выразна бачна ў апавяданні, і іх дастаткова, каб асобныя закрануць пры разглядзе:

1) сустрэча студэнта з дзядком; спачуванне старога чалавека маладому ў тым, што няма чаго цікавага распавесці.

Заўважым, вобраз дзядка — гэта адначасова і фальклорны, і казачны, і літаратурны персанаж, адметнасць яго з’яўлення ў творы — адна з задумаў аўтара, дарэчы, вельмі ўдалая і бясспрэчная.

2) вясковы самагон разглядаецца ў якасці аб’екту мастацтва. «Самагон — гэта цэлае мастацтва, спрадвечная народная творчасць, якая заслуговае самага ўважлівага разгляду. І хто ведае, што было спачатку: першая песня ці першы келіх?» (С. 18).

3) адметныя назіранні дзядзькі Восіпа.

« — І не жаніся. Альбо не пі, — сказаў дзядзька Восіп і засмяяўся». (С. 20).

У прыведзеным прыкладзе праводзяцца паралелі паміж жаніцьбай і п’янствам, тым самым сцвярджаецца народная мараль: калі хочаш жыць спакойна і ў згодзе з жонкай, не ўжывай алкагольных напояў; калі захапляешся пляшкай з зеллем, жыві без жонкі.

4) наяўнасць чарцей у рэальным жыцці вяскоўцаў.

«Я спытаў:

— Цёця Маня, а ці бачылі вы калі чарцей?

— Ды кожны дзень бачу. У нас іх поўная вёска, пад плотам так і валяюцца...» (С. 22).

Можна смела сцвярджаць, што пад чарцямі неабходна разумець аматараў і прафесіяналаў выпіўкі. Вобраз дакладны, лаканічны ійзмястоўны.

В) Вызначце хранатоп твораў, гэта значыць, асаблівасці адлюстравання часу і прасторы: хранатоп абстрактны ці канкрэтны, укажыце спосабы канкрэтызацыі, калі канкрэтны.

У апавяданні хранатоп канкрэтны, да яго належаць узрост дзядзькі Восіпа, калі з ім сустрэўся аўтар (каля 50 гадоў); аповед Восіпа паказвае на той момант, калі з ім здарылася неспадзяванка-спалох — ці ад ката, ці ад дамавіка (недзе восем годоў).

Дакладнасць апісання падзеяў з гісторыі дзядзькі Восіпа не выклікае супярэчлівых поглядаў, паколькі ўцёкі на двор і знаходжанне там — прыблізна дзесяць хвілін — маглі рэальна быць.

Прастора — беларуская вёска. Можна меркаваць, што прыгоды дзядзькі Восіпа маглі адбывацца ў тым самым паселішчы, дзе праходзіў фальклорную практыку аўтар апавядання.

 

Г) Выпішыце з тэкстаў словы рознага моўнага асяроддзя (варварызмы, архаізмы, жарганізмы, неалагізмы, аказіяналізмы), словы з прамым значэннем (антонімы, паронімы, сінонімы, амонімы), тропы і ўкажыце іх функцыі ў канкрэтным тэксце.

У апавяданні досыць багата сінонімаў, да іх ліку належаць фальклор, смага, самагон; аматар Бахусавага пітва, чорт; змрочна, у пекле, чартаўшчына, НЛА, палтэргейсты, дамавік, д’ябал; студэнт, вучоны чалавек...

Для празаічнага твору характэрна наяўнасць параўнальных зваротаў:

«Рукі ў нас апусціліся, як селядцы. З вылупленымі ад жаху вачыма, я, бы злодзей, дасунуўся да дзвярэй і шуснуў у хату. Я нават адчуў, як гэтая пачвара смярдзіць. А ты ад яго, як ад д’ябла. Хочаш вер, хочаш — не».

 

Д) Прааналізуйце архітэктанічную і ўнутраную кампазіцыю твора (кампазіцыю сюжэта — экспазіцыя, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка).

Экспазіцыя апавядання «Фальклор» — апавядальнік разам з аднагрупнікам Славікам апынуліся на практыцы ў глухой вёсцы. Хлопцы ахоплены патрыятычнымі пачуццямі, яны не губляюць аптымізму, што дасягнуць пастаўленай мэты.

Завязка — знаёмства аўтара з жыхарамі вёскі — маюцца на ўвазе персанажы цёця Маня і дзядзька Восіп.

Развіццё дзеяння — нарэшце апавядальніку пашанцавала запісаць гісторыю дзядзькі Восіпа, аднак перад гэтым аўтар ледзь не напалохаўся сабакі гаспадара; непасрэдна прыгоды дзядзькі Восіпа ў маленстве.

Кульмінацыя — спалох Восіпа альбо перад катом, альбо перад дамавіком; барацьба з нячыстай сілай з дапамогай валёнкаў; уцёкі маленькага хлопчыка ад прывіду.

Развязка — паспяховы фінал прыгодаў, у выніку чаго дамавік больш не з’яўляўся ў хаце бацькоў Восіпа.

 

Е) Пазасюжэтныя элементы адсутнічаюць у згаданым апавяданні.

 

Ё) Вызначце тып і від канфлікту і тып сюжэта ў апавяданні; укажыце, ці супадае ў ім фабула і сюжэт. Калі не, запішыце фабульную паслядоўнасць падзеяў, адлюстраваных у творы.

Тыпы канфлікту: унутраны — зносіны паміж апавядальнікам і дзядзькам Восіпам адносна ўжывання алкагольных напояў; барацьба малога Восіпа з дамавіком; асуджэнне п’янства як ганебнай з’явы ў сучаснай беларускай вёсцы; знешні — існаванне добрых і злых істотаў рэальна сцверджана ў аповедзе дзядзькі Восіпа.

Від канфлікту — побытавы; тып сюжэта — прыгодніцкі, рэалістычны, з элементамі гумару; поўны, з наяўнасцю ўсіх структурных кампанентаў; у творы заўважаны чатыры сюжэтныя лініі, а менавіта: жыццё цёці Мані й дзядзькі Восіпа, аўтара апавядання і ягонага сябрука Славіка, найбольш падрабязна раскрыты тры з іх.

Не памылімся ў ацэнцы, што Славік — эпізадычны персанаж, ягоны вобраз ужыты дзеля стварэння гумарыстычнага эфекту.

 

Ж) Ахарактарызуйце сістэму персанажаў у творы й спосабы іх стварэння.

Як было заўважана раней, у апавяданні 4 персанажы. Яны сапраўды маглі апынуцца разам, аднак не станем адмаўляць таго, што гэта людзі з багатым жыццёвым вопытам, сваім светапоглядам, і хоць не аднойчы праходзілі розныя выпрабаванні, аднак ніколі не страчвалі лепшых чалавечых якасцяў. Ім характэрна шчырасць, спагада да бліжняга, радасць ад увагі й ад цікавых размоў.

Вобраз цёці Мані сімвалізуе сабой тып звычайнай вясковай бабулі, разважлівай і па-свойму добрай ды лагоднай. Яна не адмаўляе ў кватараванні апавядальніку і яго сябру Славіку, не ідзе на канфлікт з моладззю.

Вобраз дзядзькі Восіпа прываблівае тым, што гэты чалавек дастаткова багата пабачыў прыгодаў і здарэнняў у сваім віхурным жыцці. Ён знаходзіцца ў разводзе з жонкай, магчыма па згаданай прычыне і пакутуе ад алкагольнай залежнасці...

 

Традыцыі й наватарства захоўваюцца кожнымі пакаленнямі Творцаў, удасканальваюцца, перадаюцца ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення наступным — малодшым. І мы павінны быць удзячныя за гэта Госпаду Богу і нашым літаратурным настаўнікам, якія ўкладваюць у нас свае сэрцы, душу, выхоўваюць і давяраюць, дзеляцца апошнім і радуюцца нашым поспехам, перамагаюць агульныя з намі нягоды.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 123-129
Крыніца: скан