epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Кароткі шлях на пенсію

Майстар Мікола Церпа удумліва і памяркоўна разважаў, якім чынам сустрэць прадстаўнічую і вельмі агрэсіўную праверку. Мужчына ведаў: яго падначаленыя сумленна працуюць, дапамагаюць жыхарам дзевяціпавярховікаў і меншых дамкоў адчуваць камфорт, зацікаўленнасць, клопат з боку ЖЭСу. Мікола заўсёды ўхіляўся ад канфліктаў і спрэчак, у выніку чаго аўтарытэт амаль трох дзесяткаў ягоных супрацоўнікаў і нашага героя ўзрастаў, гэта і радавала.

У мікрараёне не сумняваліся: прарвецца водаправодная труба, пачнуць надрыўным рогатам ляскаць краны, на электрычнасць якая-небудзь трасца пасунецца, нечакана забрудзяць смеццем пасля гульбішчаў п’яных падлеткаў пад’езды, — тэлефануйце, калі ласка, Міколу. Выратаванне хутка паспее. На працягу некалькіх хвілінаў з’явяцца сантэхнікі, зваршчыкі, электрыкі, прыбіральшчыцы, давядуць да ладу сапсаваныя ці зламаныя агрэгаты, прыбяруць да бляску памяшканні... Адным словам, навокал запануе дабрабыт.

Узгадайма бездакорную дзейнасць дворнічых і прыбіральшчыц, пераважную большасць якіх складалі прыгожыя, працавітыя дзяўчаты, спакушальныя маладзіцы й сталыя кабеты. Ад іх працы, цяжкай, рызыкоўнай, бо ніколі не ведаеш, з якім д’яблам ці маньякам можна сутыкнуцца на лесвіцы, залежыць дабрабыт грамадства.

Вясной, летам, восенню яны ледзь не тонамі прыбіралі друз, а ўзімку яшчэ даводзілася чысціць снег, збіваць скрабкамі лёд, сыпаць пясочак на ходнікі, каб суайчыннікі маглі хадзіць без бояззі трапіць да дактароў.

Майстар разумеў, што асабліва хвалявацца няма прычын: у яго на ўчастку парадак падтрымліваецца, дзякуй Богу, ды ўсе калегі зацікаўлены, каб меней існавала скаргаў, непаразуменняў. Толькі для нябеснай канцылярыі аніякія законы не пішуцца.

Сэрца Церпы скалынулі яскравыя ўспаміны: у дзяцінстве спасцігаў дакладныя навукі, вельмі любіў фізічныя вопыты і хімічныя практычныя заняткі, у тэхнікуме праславіў сваё прозвішча пэўнымі ўдасканаленнямі па электрарухавіках і сантэхніцы, два гады аддаў войску, потым — працяг вучобы ў Політэхнічным інстытуце, і, як вынік, — годнасць інжынера і працаголіка.

Дзе толькі не давялося Міколу рупіцца: і на электрамеханічным заводзе зборшчыкам абсталявання, у аўтасэрвісе — рамонтнікам. Нарэшце, пашанцавала: дзесяты год майстрам у ЖЭСе. І не шкадуе. Шчаслівы муж, спакойны бацька, абачлівы начальнік...

Цішыню раптоўна парушыў тэлефонны званок.

— Мікола Уладзіміравіч, надвор’е рэзка пагаршаецца, чаго толькі не абяцалі: дождж, моцны вецер, вялікі снег. Наша брыгада будзе змагацца, пакуль сонейка не схаваецца за небасхіл.

— Святлана, чакаем няпрошаных гасцей, каб на іх ліха, у гэную пагоду разумны гаспадар не выставіць сабаку на двор... Верагодна, да нас нячысцік нахопіцца.

— Трымаемся надалей. Сустрэнем... Не бярыце да галавы, шаноўны Мікола, і значна горшых перавыхоўвалі, — паведаміла дзяўчына.

— Не вешаць нос, бяда сама ўцячэ, — падбадзёрыў брыгадзіра Церпа.

Пачуліся цяжкія крокі ў пад’езде, жалезныя дзверы прыёмнай нашага героя жалобна загаманілі. Неўзабаве сюды завітала Прузына Кашчэева, вялікі аматар кантролю над усімі й кожным. Яна прыдзірліва ставілася да тых людзей, якімі кіравала, часта грэбавала меркаваннямі іншых, без усялякай нагоды пазбаўляла прэміяльных, заробкаў, нават выганяла са службы тых, каму не падабаўся яе жудасны стыль кіравання. Агульную мову з Прузынай знайсці было складана, паколькі лічыла сябе адмысловым спецыялістам і пішчом лезла ва ўсе дзіркі, а мацюгалася так моцна, што магла замяніць узвод п’янтосаў каля крамы.

Выглядала Кашчэева не надта, аднак знешнасць кідалася ў вочы: доўгае і дарагое футра, высокія карычневыя боты з тонкім абцасам, чорныя скураныя штаны, махнаты капялюш, падобны на птушынае гняздоўе. Незадаволенасць твару надавалі пафарбаваныя чырвоным колерам вусны, чорныя вочы ззялі пякельным агнём, вельмі ваяўнічым быў ейны позірк.

Асаблівую нянавісць мела Прузына да мужчын, незалежна ад таго, з’яўляліся тыя халасцякамі, жанацікамі ці разведзенымі. Невядома нам, чаму муж Кашчэевай не вытрымаў папрокаў, здзекаў і знявагі ад яе дый навастрыў лыжы да больш разважлівай асобы. Ледзь стрымлівала сябе, каб не пайсці ў лабавую атаку на Міколу. А ён павітаўся з ёй і прапанаваў адпачыць. Пасля пазнаёміў з дакументацыяй і чакаў, што будзе далей.

Скончылася цярпенне мажнай кабеты — палезла на ражон да майстра:

— І чаго вам не хапае, спадар Церпа?

— Я цалкам задаволены тым, што маю. З ранку да вечара кручуся, як вавёрка ў коле, і жывы, здаровы. Таго і вам, Прузына Маркаўна, зычу.

— Чаму маіх загадаў не выконваеш, палову лайдакоў трымаеш, не ганяеш іх, як трэба?

— Да мяне гультаі ды ашавуркі розныя самі ісці не хочуць, бо няма ў іх жадання-радасці да заняткаў карысных.

— Колькі вакол цябе спадніц завіхаецца?

— Адна жонка любая, якой я ўдзячны за вернасць і паводзіны сумленныя.

— Не ўцяміў, відаць? Я пра тваіх работніц кажу.

— Удакладняйце пытанні, Прузына Маркаўна, і праблем не будзе. На падначаленых скардзіцца няма прычыны: навошта іх залішне турбаваць, калі яны на ўсе рукі майстры й майстрыхі?

— Хацелася б на іх паглядзець — ці праўду гаворыш.

— Хлусам ніколі не быў, а ісціну ў мяху не схаваеш.

— Дык паказвай гаспадарку, не цягні ката за хвост!

— Калі ласка, у добры шлях.

Шыбуюць Мікола Церпа з Прузынай Кашчэевай няспешна, бо слізка, холадна і няўтульна. Бачаць, што Святлана і яе памочніцы адчайна адольваюць стыхійнае бедства — вычышчаюць ад лёду і снегу ходнікі, дарожкі ля пад’ездаў, завулак для аўтааматараў... Зачэпкі для канфліктаў няма, папрокаў тым больш.

Нешта незвычайнае здарылася з правяраючай, закарцела ўладу паказаць — на Міколу, Святлану і іншых сполаху нагнаць. Залямантавала так, што глухі пачуе, сляпы відушчым стане.

— Зірніце на гадзіннік, каралевы венікаў і швабраў: няўжо дома вас ніхто не трымае?!.

Вясёлы шчыры смех збіў яе з панталыку, а рэплікі рабочых ледзь не сталі прычынай страты прытомнасці для Прузыны.

— Жаданні дбаць пра бліжніх, не гнявіць Бога і людзей, выкладвацца на сто працэнтаў і болей...

— Змяніце футра на скрабло, тады паглядзім, да чаго вы здатныя.

— Лёгка языком кіраваць, ды цяжка працаваць.

— І за малы заробак вялікія справы здзяйсняюцца.

— Не шукайце яміну для нас, каб самі там не апынуліся.

— Па дурной галоўцы пачастуем рыдлёўкай...

На Кашчэеву дрыжыкі набеглі, яна паціху асэнсоўвае: занадта крута паступіла, крыкам сябе зганьбіш, яшчэ адзін грэх прыбавіцца — няўжо лепшых спосабаў няма?

 

Пад гару ўзбіралася, падэшва ботаў сыграла злы жарт і згубіла раўнавагу — у гурбу заляцела. На паратунак паклікала. Выцягнуў яе Мікола з бяды, адразу літасці папрасіла за зусім не зразумелыя паводзіны й дзікунскія ўчынкі.

Брыгадзе Святланы дырэктар ЖЭСу выпісаў павышаную прэмію за экстрэмальныя ўмовы працы, а цярпенне Міколы было ўзнагароджана каштоўным падарункам.

Так Прузына Маркаўна Кашчэева дасягнула вяршынь крыху інакш: самым кароткім шляхам адправілі яе на пенсію нервы лячыць.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 81-86
Крыніца: скан