epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Казка пра Беларусь

З пакалення ў пакаленне перадаюцца казкі, легенды, паданні, песні. Вусная народная творчасць дапамагае людзям захоўваць духоўную і генэтычную памяць, зберагаць душы ад зла і нянавісці, іншых адмоўных якасцяў. Казка — найцікавейшы скарб для летапісцаў, фалькларыстаў, мовазнаўцаў, паэтаў, празаікаў.

З незабыўнай радасцю слухаюць казкі дзеткі. Нашы маленькія грамадзяне дакранаюцца да неспазнаных яшчэ таямніцаў чалавечага жыцця, імкнуцца заняць пачэснае месца ў ім, шукаюць адказы на пытанні, мараць пра ўласныя прыгоды са шчаслівым канцом.

Мае шаноўныя сябры, паслухайце яшчэ адну казку пра родную старонку...

Яшчэ з даўніх часоў, калі мы з вамі пакуль не ўбачылі белы свет, на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі нашы далёкія продкі — крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Гэта былі мужныя людзі. Яны нічога не баяліся, рупліва працавалі на зямлі, здабывалі падчас палявання дзікіх звяроў, якіх дастаткова было ў пушчах, дубровах, лясах; захоўвалі агонь, гадавалі сваіх дзетак, на вогнішчах рыхтавалі розныя прысмакі.

Крывічы, радзімічы й дрыгавічы верылі, што багі ёсць на небе, на зямлі, у вадзе і ў паветры, таму імкнуліся сваімі верай, паводзінамі ды ўчынкамі не раззлаваць іх, а ўсяляк берагчы капішчы, дзе панавалі святыя для кожнага з плямёнаў. У нашых продкаў існавала цэлая сістэма пакланення багам; адпаведна кожны бог меў уласнае імя.

Крывічы, дрыгавічы, радзімічы схілялі свае галовы перад Пяруном, найгалоўным бажаством.

Пярун у адной руцэ трымаў лук (вясёлку), у другой — стрэлы. Па волі Перуна неба разразалі маланкі, ішлі праліўныя дажджы, узімку стаяла халаднеча і марозы — лепшыя сябрукі гаспадара неба не давалі спакою забыць самага небяспечнага бажаства.

Калі дзеці выпадкова губляліся ў лесе, іх бацькі малілі Лесавіка, каб злітаваўся над малымі, хутчэй адпусціў дадому. Вельмі часта гаспадары ўважліва назіралі за рэчамі, толькі б нічога не знікла без следу. Прыкмеціўшы разбіты збан ці кавалкі місы, звярталіся да Дамавіка, каб гэты дух паправіў іх становішча і больш не свавольнічаў.

І дзеці, і дарослыя не мелі прычыны сустракацца з нячысцікам.

Такі спалох, недавер да чорта не ўяўляўся чымсьці незвычайным, бо ўсе ведалі: ад нячыстай сілы нічога прыемнага чакаць не даводзілася, акрамя гора, пакутаў ды няшчасцяў.

Аднак зрэдку Пярун, Лесавік, Дамавік, дый чорт таксама, прыходзілі. Хто на дапамогу, а хто... Так, ад чорта дапамогі не дачакаешся!

Прыслухайцеся да гоману дрэваў у лясах, гаях, прыслухайцеся да шуму рэк і ручаёў, да сімфоніі крынічак, да птушыных спеваў у паднябессі, да мелодыі жытнёвых каласоў на палетках, да гармоніі цуду вакол нас. Каб не скарыцца разнастайным заваёўнікам, што ішлі рабаваць жыхароў зямлі беларускай за ўсю трагічную гісторыю, нашыя далёкія продкі прасілі, каб згаданыя вышэй героі сваімі чарамі прымусілі адступіць войскі чужынцаў, гэткую чорную навалу на белым абрусе.

Марам наканавана здзяйсненне. Пярун асвятляў табары захопнікаў, а дрыгавічы, крывічы й радзімічы ў супольным змаганні не давалі магчымасці ворагам вярнуцца жывымі. Неба пакрывалася гурбой стрэлаў, што лёталі ў розныя бакі. Час ад часу падалі на дол параненыя заваёўнікі. Усюды ваяры-захопнікі шукалі паратунак, але нідзе яго не знаходзілі.

Тады Галоўны Дружыннік заваёўнікаў сцяміў: можа, пашанцуе ўнесці ногі да паселішча, побач з ускрайкам лесу... З часткай ацалелых вояў чужынскі валадар сунуўся быў да першых шалашоў, ды трапіў пад гарачую руку Дамавіка. Ворагі, не паспеўшы й крока зрабіць, адчулі: спякотна прыйдзецца ім тут. Дамавік імгненна раскідаў нечаканых аматараў грабежніцтва на дзесяткі метраў ад паселішча. Пачухаўшы патыліцы, гора-ваякі вырашылі перачакаць чарговую непрыемнасць у лесе, сабраць усіх, хто застаўся непаранены і здольны трымаць зброю, каб пасля кароткага адпачынку паўтарыць нашэсце на продкаў сучасных беларусаў.

Адпачываючы ў лясной глушэчы пасля шэрагу няўдач, самаўпэўненыя чужынцы, каб не дарэмна бавіць час да заходу сонца, рыхтавалі стрэлы, лукі, мячы да новай баталіі. Не жадаючы скурчыцца ад халодных подыхаў ветру, сабраўшы ламачча, паціху распальвалі вогнішчы. Крыху пазней, калі першыя жахі скончыліся, настралялі дзікоў, касуль, ласёў ды смажылі іх — не заставацца ж галоднымі ў незнаёмых мясцінах. Неспадзявана згаслі вогнішчы, быццам нейкі асілак дзьмухнуў так моцна, напэўна, жадаючы паказаць, хто ў гэтым лесе сапраўдны гаспадар.

Паціху цямнела. Сонца схавалася за небакраем... Раптам пачуўся трэск дрэваў. Высачэзныя сосны валіліся вакол раці незнаёмцаў, што па волі лёсу хацелі ўзяць сабе багацці краю лясоў і азёр.

Мужны волат, трымаючы велізарную дубіну, ішоў напрасткі да прыціхлых і знямелых рабаўнікоў. Яго ахоўваў панцыр са скуры лася, які не здолее прабіць аніякая страла. Грабежнікі падрыхтаваліся да абароны, але было позна. Лесавік пачаў перакідваць доўгую дубіну з адной рукі ў другую, запрашаючы Галоўнага Дружынніка на двубой. Першы з заваёўнікаў, не ведаючы, як не памыліцца і не трапіць у палон да ляснога гаспадара, маўкліва згадзіўся...

Пачаўся двубой.

Спачатку загрымелі дзіды. Лесавік, нягледзячы на каржакаваты выгляд, лёгка выбіў з рук дружынніка ягоную зброю. Дзіда, выслізнуўшы з рук захопніка, ляснулася на спарахнелы пень, аскепкі яе апынуліся невядома дзе.

Потым пайшлі ў ход дубіны. Як ні круціўся танклявы правадыр чужынцаў, спрыт не прынёс карысці няўклюдзе. Замест смелага наступу, каб зведаць хітрыкі Лесавіка, Галоўны Дружыннік сваю моц выкарыстаў на абарону, але неўзабаве ён быў збіты на горкі яблык. Збіраючыся да канца задаволіць помсту Лесавіка, чужынец выняў з похваў меч, каб апошнім націскам узяць перамогу над нязломным асілкам.

Адным словам, Галоўны Дружыннік у бойцы на мячах занадта паверыў у сілу вастрыні ляза, вось чаму кожны рух яго выклікаў здзіўленне Лесавіка. Разважаючы, чаму незнаёмцу не шанцуе, Лесавік абязброіў захопніка і забіў яго чужынскім мячом.

Варожыя воі, застаўшыся без камандзіра, кінуліся наўцёкі, хто куды, каб застацца жывымі ды пасля расказваць, чаму не трэба ісці ў паход на землі крывічоў, дрыгавічоў ды радзімічаў. Доўга гнаў Лесавік няпрошаных гасцей па ўладаннях, не хацелі ўспамінаць сустрэчу з лясным асілкам няўдалыя грабежнікі.

Палова заваёўнікаў, згубіўшы апошнія сілы, пераблытала сцежкі. Узрадаваўся чорт, па кім пекла слёзы пралівае, сцебануў пугай паветра. Чужынцы паспелі закінуць думку пра доўгачаканую свабоду, аднак скокнулі ў дрыгву. Да цяперашняга дня чорту смалу возяць і не скардзяцца: хоць у пекле адпачынак знайшлі.

Астатняя частка ўцекачоў-чужынцаў больш-меньш паспяхова вярнулася ў свае землі. І ўжо не хочацца ім вяртацца са зброяй на Беларусь, бо ведаюць: трэба свой розум мець, каб з суседзямі сябраваць, а не ваяваць.

І я там быў, мёд-віно піў ды гэты аповед на бяросту запісваў.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 110-114
Крыніца: скан