epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Меры бяспекі

Сцяпан Гузік з Харытонам Хмарай — аматары напіцца да чорцікаў у вачах. Неспадзяванка атрымалася ў паплечнікаў Бахуса: грошай у дзіравых кішэнях днём з агнём не адшукаеш, ад ахвоты да вогненнай вады не пазбавішся. Чухаюць патыліцы небаракі, збіраючыся падзарабіць, каб хапіла на пляшку.

— Пойдзем вагоны разгружаць, можа, мільён-другі з неба ўпадзе, — балабоніць Сцяпан.

— Трасца табе ў скулу, — не згаджаецца Харытон. — Лепш запішамся вартаўнікамі, банкноты самі будуць ліпнуць да пінжакоў.

— З чырвонымі тварамі не ўладкуешся, — замітусіўся у адчаі Сцяпан.

...Мінула тры месяцы пасля гэтай сустрэчы. Усміхнулася Фартуна хлопцам: узялі іх на працу. Харытон пачаў ахоўваць склад са сталярным інструментам, а Сцяпан, зразумела, цягае скрыні з фруктамі ды гароднінай з чыгуначнага вагона ў аўтафургон.

Знешне змяніліся нашы героі: вопратка больш-менш па модзе, цыгарэты замежныя паляць; калі-нікалі на абед індыка падсмажаць; сталі затрымлівацца грошы ў кашальках — невялікія, праўда, але ж усё роўна прыемна. Жыццё — любата. Сцяпан з Харытонам часова пра мінулыя няўдачы з выпіўкай забыліся. Ці надоўга?

Пасля добрай і смачнай вячэры захацелася Хмары з Гузікам заможнымі стаць, каб штовечар гарэлку жлукціць ды з прыгодамі знаёміцца. Вырашылі сябры наведацца ў рэдакцыі беларускіх часопісаў і газет, спадзеючыся ўдачу злавіць за хвост. Не думайце, што падпісчыкамі, аўтарамі ці распаўсюднікамі прэсы яны намерыліся стаць. Не. Начытаўшыся казак з «Тысяча і адна ноч», сабутэльнікі вырашылі, што можна разбагацець за адну ноч. Задумана — зроблена.

Стомленыя за дзень ад спякоты, жыхары сталіцы бачылі з тузін сноў, калі неўтаймоўныя п’яніцы рушылі на несумленную, з пункту гледжання закона, афёру.

Начапіўшы чорныя акуляры, апрануўшыся ў такія ж пальчаткі, капялюшы й плашчы, узяўшы чамаданы з наборам адмычак, Хмара і Гузік накіраваліся у цэнтр сталіцы. Вядома, не пешшу, а на таксі, акурат як і цывілізаваныя людзі.

Праз колькі хвілін дабраліся да вызначанага загадзя будынка. Не спяшаючыся адчынілі дзверы, другія, трэція, і пайшло — паехала, ды так, што спыніцца ні Сцяпан, ні Харытон не маглі. Пашкодзілі літаральна ўсе дзверы пакояў, папсавалі замкі, у шуфляды нос сунулі, шафам ручкі скурочылі, а калі сейфы атакаваць паспрабавалі — зараўла сігналізацыя. Наўцёкі кінуліся злодзеі.

...Раззлаваліся не на жарт карэспандэнты й рэдактары на наступны дзень, калі з’явіліся на працы. Згадзіліся нягоднікам шыю намыліць без абмеркавання, праклінаючы, прыкладна, гэтак: «Няхай у прайдзісветаў рукі адсохнуць ад чужога дабра». Мала гэтага — надрукавалі ў выданнях абвестку:

«Грамадзяне рабаўнікі, вярніце непатрэбныя вам рэчы на месца. Прэмія — скрыня гарэлкі «Два буслы»!

Пакрыўджаныя журналісты й раззлаваныя рэдактары».

Спакусіла розум Гузіка і Хмары ці то гарэлка, ці то аб’ява, ліха яго ведае. Пашыбавалі Сцяпан з Харытонам, не губляючы надзеі нашармачка выпіць. Аднак неўзабаве апынуліся там, куды нікому не зычаць трапляць.

 

Шаноўныя калегі, узброеная аўтаматамі ахова, браніраваныя дзверы пакояў, сучасная сігналізацыя — гарантыя вашай бяспекі й вашых твораў!


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 101-103
Крыніца: скан