epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Мінёр

Мікіта Лапаць з пяшчотных гадоў дзяцінства імкнуўся здзяйсняць гераічныя подзвігі, каб у будучыні ягонае прозвішча заззяла залатымі літарамі ў гісторыі. Сваю трыўмфатарскую ідэю Мікіта выношваў доўга, сур’ёзна, не жадаючы памылак у дробязях. Ідэалам Лапця з’яўляўся ці Шварцнегер, ці Брус Лі, ці іншыя вядомыя акцёры з Галівуда, якія перамагаюць прайдзісветаў у вестэрнах і баявіках.

Ужо пройдзены шлях выхаванца дзіцячага садка, за плячыма чатыры класы пачатковай школы, аднак далей наш герой сустрэўся з перашкодамі ў вучобе. Атруціла розум Мікіты лянота — не меў жадання штодзень рыхтавацца да заняткаў, хацелася вылучыцца арыгінальнымі ўчынкамі сярод аднакласнікаў і сцвердзіць асабістае задавальненне. Акрамя таго, запазычанасцяў па прадметах ён назбіраў столькі, што хапіла б на дзесятак абібокаў.

А заўтра зноў цяжкі дзень: па матэматыцы — кантрольная работа, па геаграфіі — самастойная, па рускай мове — дыктант... Няма радасці ад цяжару, калі вынікі не суцяшаюць.

Мікіту Лапцю прагульваць урокі, быццам сабак па акрузе ганяць: шанец на поспех забяспечаны. Аднагодкі яго рупліва даводзілі да ладу пісьмовыя працы, калі ў міліцыі раздаўся тэлефонны званок:

— Школа па вуліцы Лясной у сталіцы замініравана. Адпусціце школьнікаў на летнія канікулы!

Нямала здзівіліся гарадскія пінкертоны ад пачутай небяспечнай навіны.

Праз дзесяць хвілін вартаўнікі парадку прыехалі на месца здарэння разам з сапёрамі, пажарнымі й дактарамі. Настаўнікі, завучы, дырэктар адчувалі сябе больш-менш спакойна: колькі разоў прэстыжную ўстанову хацелі гультаі або спаліць, або ператварыць у руіны сярэдневечных замкаў...

Усе чакалі выбуху ў будынку школы. Лік перайшоў на хвіліны, секунды.

На шчасце, жахлівага зʼявішча не адбылося.

Чарговы «жарт» бокам вылез для хлопца: сям’я Лапцяў заплаціла шмат грошай за свавольствы сына. Бацька паабяцаў дастаць са сцяны папружку, калі зноў паўтарыцца якая-небудзь трасца.

Пасля гэтага выпадку за Мікітам трывала зачапілася мянушка Мінёр.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 32-33
Крыніца: скан