epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Неўміручая карыкатура

Дзесьці далёка, у Краіне Густых Лясоў, жылі-былі Воўк-Ураднік і Сабака-Кандуктар. Як хто з іх хвастом ці іклом павернуць, дык свінцовыя дажджы ідуць. Час адгукаўся маланкамі гневу: куды ні паглядзіш, зямля ўздрыгвалася ад пакутаў, здзекаў, падаткаў, якія адно аднаго жудасней.

Лесуны-Прарокі, размаўляючы з нямоглымі й жабракамі, нашэптвалі рознай дробязі, як пазбегнуць ахвяраў у якасці снедання альбо абеда для ненажэрных гаспадароў, калі мроіш аб свабодзе ў родным гародзе.

Аднойчы на Паляне Гумару на драўляны шчыт, побач з тэатральнымі аб’явамі, павесілі ў дубовай, нібы шыбеніца з катам, рамцы партрэт. Жоўты фон надаваў яму ёмісты выгляд: вочы свяціліся пірацкім біноклем, чорны чуб прыгадваў мокрага пеўня, выцягнутага са спякотнай лазні. Нізкі, падобны на бярлог мядзведзя, лоб гаварыў, што ўладар неглыбокага розуму, кідае булаву ў багну глупства, адкуль, вядома, не вяртаецца на паверхню сумленне, не дасягае вышыні ў цяжкіх лясных справах. Кручкаватым доўгім носам пужалі немаўлятаў; сківіцы яго, тлустыя і круглыя, гарэлі кіслым яблыкам нянавісці й жорсткасці. Шырокія, ажно пачырванелыя ад гарэліцы, вусны сведчылі, што страшыдла не супраць расшпіліць пояс дзяўчыны-вавёркі...

У левай лапе ваўкалака дрыжала дубальтоўка з крывым ствалом, якая біла і па сваіх, і па чужынцах. Нездарма шчабечуць, што, маўляў, палохай зайцоў, каб салаўі лётаць баяліся. Правая лапа трымала венік з морквы, аздоблены лісткамі капусты. Унізе, на мармуровай дошцы, невядомыя майстры пакінулі прысвячэнне: «Дражайшаму паляўнічаму ад няўлоўных зайцоў!»

Чаго ж болей жадаць ад касых, калі за імі па акрузе ганяешся вядзьмаком, а вынікі — на дзірку ад бубліка. Дык не ж, падкацілі чароўны камень пад шчыт, выбіўшы пад колер аблокаў верш:

 

Шэры, шэры — велькі зух.

Ой, і трапіш на кажух!

 

 

Вось сустракаюцца на Паляне Гумару злыя да чорцікаў у вачах нашы героі. Жахліва назіраюць навокал, баючыся выпадкова трапіць на міну ці ў засаду. Здзівіўшыся новаму малюнку, гутараць між сабой:

—Ты сябе ўбачыў ці мяне?.— асцярожна цікавіцца Сабака.

— Здаецца, не паважаюць блакітныя пагоны й шэрыя кукарды, — прагугнявіў Воўк. — Дасі крамоле волю — пачастуюць віламі нядолі.

— Можа, разбярэм пародыю ў жартах, каб баяліся чорнай варты, га? — прапанаваў, узяўшы ўпэўненасць за бокі, рабаўнік-кандуктар.

— Давай паспрабуем. Удачу з вудай гарантую, — перасмыкнуў вуснамі галодны да нечаканасцяў драпежны Ўраднік.

Адцягнулі камень, і гэты асілак як пабяжыць за сябрамі па няшчасці, ажно пяткі ззялі на вузенькіх сцежках і мацюкі чуліся ў лесе. Старыя папярэджвалі: не суйся з цагляным носам на багаты сенакос.

Вырашылі пашукаць дубіну лёсу яшчэ раз. Знялі партрэт, каб агонь яго спаліў. Мінуў дзень, як зайграў Ілля ў барабаны. І тут ужо не да ваярскай славы — прыляцела жураўлём карціна на Паляну. Калі полымя фарбы за жабры не бярэ, Няптун яе хвалямі задзярэ. Штурхнулі ў сінюю ваду, наклікалі на дурныя галовы чарговую бяду.

Разлілася ласкавая рачулка, у палацах сядзець мулка, чарпакамі выносяць снег палясоўшчыкам на смех. Зазвінеў рогам Пярун, змоўклі на гадзіну балбатуны.

Стаміўшыся ад бясконцай вайны, засмуткавалі ліхвярства чыны. Седзячы на печцы, гамоняць сустрэчным:

— Лямантуй на святы месяц — застанешся слупам спрадвечна.

Возерам радасці пяе легенды мараль:

— Творы мастацтва доўга жывуць!


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 108-110
Крыніца: скан