epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Ода з прозе

О, мая жалезная сяброўка! Як прыемна кіраваць табой па звілістай шашы й па алімпійскай магістралі, церабіць шлях па вёсках і мястэчках, абмінаць заторы на шумных гарадскіх вуліцах. Не аднойчы выратоўвала гаспадара на няўдзячным бездарожжы, куды наўрад ці сунуцца новыя багатыя на шыкоўных лімузінах, каб атрымаць невылечную хваробу рухавіка ды нерваў у дадатак. Нямала ты, сціплая прыгажуня, зведала шляхоў з Мінску на лецішча, каб я мог зберагчы ўраджай і падрыхтавацца да сцюдзёнай зімы... На сэрцы радасна, што прыносіш карысць мне і іншым людзям: возіш звыш тузіна пасажыраў па сталіцы ды яе ваколіцах у гадзіны пік, калі пра паездку ў перапоўненым аўтобусе ці тралейбусе нельга марыць; знаёміш турыстаў з цудоўнымі краявідамі й знакамітымі мясцінамі сінявокай Беларусі; і ў гаспадарцы без цябе аніяк не абысціся.

У дождж і спякоту, у лютыя маразы, як і ў звычайную непагадзь, зіхаціш ты бялюткай чысцінёй, простакутыя ліхтары й аранжавыя павароты ззяюць, быццам дзявочыя вочы на спатканнях з хлопцамі. Ціха адчыняюцца дзверы, запрашаючы жадаючых у адметныя вандроўкі, а мяккія крэслы спакушаюць неверагоднымі прыгодамі й размаітымі кліентамі, ад якіх можна чакаць незвычайных учынкаў.

З радыёпрыймача, зухаватага балбатуна і казачніка, ліецца музыка, што чаргуецца навінамі й аб’явамі. Навігацыйная сістэма ў выглядзе манітора не дазваляе нявопытнаму кіроўцу заблукаць у невядомай яму мясцовасці, а білетадрукуючае прыстасаванне дзейнічае лепш за кантралёра, назаўсёды запамінаючы гасцей, якія хоць раз карысталіся маршрутным таксі. Гума вытрымлівае выпрабаванне цяжарам і дарогамі. Праз незамярзальнае шкло ваконцаў адбіваецца святло промняў сонца і месяца, а люстэркі ў салоне і па бакавінах дзвярэй ахоўваюць ад здарэнняў.

Тваё вогненнае сэрца — дызельны рухавік — спажывае салярку, а такое паліва не цяжка знайсці на калонках у любую пару года, дзякуючы чаму не эканомлю грошы на рамонт. Не кажы, што не даглядаю, час ад часу замяняю дробныя і не вельмі дэталі, выціраю ад пылу, а калі-нікалі нават мыю. Аберагаю ад злога вока ў цагляным гаражы з трывалай брамай, хоць незычліўцаў у цябе, руплівая працаўніца, дастаткова, але ў палон ім здавацца не збіраюся. Дзецюкі ў плямістай форме, вельмі падобныя на галодных афрыканскіх тыграў, не спяць у шапку, каб зрэдку не спагнаць дзённы прыбытак на штраф. Аматараў хуткай нажывы палохае гучная сігналізацыя, што ўздыме на ногі цэлы квартал, калі раптам хто дакранецца да тваіх сталёвых нерваў.

Кузаў, колы, матор, акумулятар, гума зроблены беларускімі майстрамі з Ліды, якія на канвееры давялі да ладу маю жалезную сяброўку. Праўда, канструктары з нараджэння ахрысцілі цябе «Газеллю» за хуткасць, жвавасць і спрыт.

Нягледзячы на каларытную назву, ні аварый, ні трагедый у маіх умелых руках з табою не было, таму спакойна накручваеш ты кіламетры на спідометр з невычарпальнай лёгкасцю і асцярожнасцю, каб не трапіць у лапы ненажэрных даішнікаў ды астатніх неабыякавых злыдняў. Цябе абыходзяць за вярсту ўгоншчыкі, якія палююць за джыпамі, шасцісотымі «Мэрсэдэсамі» і вялікімі лімузінамі з Заходняй Еўропы, бо мірная праца «Газелі» іх мала задавальняе. Любяць цябе малыя і дарослыя, што падарожнічаюць у гэтым цудоўным мікралімузіне.

Кажуць псіхолагі, быццам мужчыны вельмі старанна выбіраюць сябе сябровак па жыцці ды аўтамабілі. Спрачацца з імі не хачу, бо ведаю, што ад правільнага выбару залежыць далейшы лёс чалавека.

Няхай вам пашанцуе.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 93-95
Крыніца: скан