epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Пашанцавала

Дарафея Верціхвоста шмат папракалі служачыя за камбінацыі з лічбамі, папярэджваючы, што жарты бокам могуць вылезці: з утульнага пакоя міністэрства на турэмныя нары — адзін крок.

На працы Верціхвост займаўся улікам развіцця сельскай гаспадаркі. Адным словам, ён загадваў аддзелам статыстычнай службы. У канцы месяца ствараў пісьмовыя справаздачы высокаму камандаванню, тым самым даказваючы, што дарэмна не працірае штаны да дзірак.

А ў жыцці Дарафей любіў добра і доўга пагуляць: жанчын ушаноўваў нятаннымі дарункамі, мужчын частаваў французскім віном і шашлыком. Часам ягоны кабінет гудзеў ад шуму шклянак, бутэлек, і тады дадому Верціхвост дабіраўся з дапамогай кіроўцы ці міліцыянта, у залежнасці ад стану здароўя на той момант. Калегі стараліся глядзець на грахі начальніка спакойна, ведаючы закон ісціны: таемнае некалі становіцца яўным.

У скураным фатэлі вясковыя праблемы не вырашыш, трэба ездзіць у камандзіроўкі, да чаго Дарафей не меў аніякай ахвоты. Навошта губляць час, калі жаданае можна выдаць за сапраўднае. Праверкамі яго не запалохаеш, таму адчуваў сябе новы гультай бяспечна і прыемна.

Становішча адноснага зацішша перад вялікай бурай працягвалася да пачатку чэрвеня, пакуль не запаліліся агеньчыкі скандалу. Выклікае Дарафея шэф, перад носам паперкамі махае, быццам на дуэль запрашае абібока:

— Колькі гадоў на службе?!.

— Хутка два дзесяткі.

— Увесь час рыхтавалі для мяне ліпавыя факты?

— Не, упершыню. Камп’ютэр зламаўся, таму падлікі няправільныя.

— У падмятайлы адпраўлю, калі праз пяць дзён не атрымаю дакладныя звесткі. Дапяў?

— Вінаваты... Прабачце, калі ласка, — ледзь вымавіў Дарафей.

— З вачэй маіх далоў! — паказаў на дзверы галоўны чалавек установы.

Задумаўся аматар лёгкага заробку над тым, што поспехі з няўдачамі чаргуюцца, і вырашыў больш не трапляць на прыём да ўладара высачэзнага гмаху. Адразу пачаў рыхтавацца ў дарогу: кансервы й сухары набыў у краме, дыктафон пазычыў у сябра-журналіста, нататнік і аловак адшукаў у шуфлядзе.

Наступнай раніцай з чамаданам, напакаваным рэчамі, падаўся ў гараж, узяў там чорную «Волгу», начапіў чорныя акуляры — надзейны сродак ад людскога сораму, — і паехаў у вызначанае лёсам падарожжа.

Праз дзве гадзіны апынуўся ў сяле Старынкі. Даспадобы прыйшоўся двухпавярховы белы цагляны дом Максіма Падалякі. Старога будаўніка паважалі жыхары за шчырасць, дасціпны гумар і надзейныя сцены хацін. Паколькі сапраўдных абставінаў Верціхвост не ведаў, то яму закарцела хутчэй запісаць на стужку, як селянін спраўляецца з прысядзібнай гаспадаркай. Але падзеі разгарнуліся інакш, чым ён планаваў.

Прыпыніўшы аўтамабіль каля дома Падалякі, Верціхвост тут жа завітаў да гаспадара. Не чакаў дзед няпрошаных гасцей, але прыняць не адмовіўся. Цікава з людзьмі паразмаўляць, даведацца, на якія навіны свет багаты.

Праўда, Максім Падаляка засумняваўся, з кім мае гонар быць знаёмым: з рэкецірам ці падатковым інспектарам. Але Дарафей Верціхвост супакоіў старога тым, што сам ён, маўляў, звычайны клерк, і вельмі імкнецца прайсці практыку фермерства ў Старынках. Аднак дзед уцяміў, што нячыстая сіла яму перашкодзіць, што трэба асцярожнасць, таму падсілкаваў Дарафея бульбай, шкваркай, капустай, прапанаваў адпачыць перад экскурсіяй.

Верціхвост згадзіўся, бо яшчэ ніхто не вывучаў сядзібу Максіма, акрамя дзедавых сваякоў, якія штодзень рупяцца аб дабрабыце.

Павёў Падаляка статыста на двор паказваць забудовы, якія селяніну патрэбны, як свежае паветра.

— Вось хлеў, тут месца для скаціны.

— Які хлеб?

Максім усміхаецца: «Захацеў булак пан».

Адчыняе стары брамку, дзе сена для рагулі ляжыць, кажа:

— Гэтае памяшканне называецца пуняй.

— Што за куля! Дзед, можа, і арсенал у цябе ёсць?

Працягвае аповед будаўнік:

— Пад павеццю захоўваю дровы, а калі пашанцуе — і вугаль.

Не дачуў чынадрал слоў Максіма, зноў атакуе:

— Дык ты клеткі вырабляеш?

Не звяртае ўвагі вясковец на выбрыкі Дарафея, далей тлумачыць:

— Побач з павеццю — лазня, дзе косці ад хваробаў пазбаўляю.

Верціхвост лыпае вачыма, яго свідруе думка:

«У сталіцы я ўжо вязень. Выдатна поўз угару, цяпер кар’еру на тармазах спусцяць і прыкрыюць медным тазікам».

Падводзіць Максім Дарафея да калодзежа, паведамляе:

— Калі няма вады ў трубах, бяру яе са студні.

— Гаспадар, няўжо ты варыш студзень?

Здымае замок з дзвярэй сховы, дзе ўраджай узімку ляжыць, тлумачыць:

— Склеп — мая скарбніца. Сырадой, памідоры, гуркі ў слоіках — усялякаму тавару месца на паліцах ёсць.

Верціхвост пяць капеек устаўляе:

— Аслепнеш, пакуль запомніш.

Дзед белага сцяга не падымае, далей шчыруе:

— Выпі малачка, ды снамі напаўняй кошык.

Баіцца апальны круцель, фантазіруе, што ў палон чараўніка трапіў, адкуль уцячы немагчыма. З жахлівымі думкамі заснуў ён на пярыне ў зале. Дзед Максім у суседнім пакойчыку адпачываў.

Усю ноч Дарафею не давалі спакою кашмары. Якія толькі страхі ўгледзіў: стрэльбу, што грыміць, ажно шыбы дрыжаць; ільва, які з фіранак на коўдру ляціць; грукат жалезных дзежак пад вокнамі...

Ледзь дацярпеў да ранку. На золку закрычаў:

— Ратуйце!..

Максім Падаляка суцяшае начальніка-няўдачніка:

— Не ўсё табе кіраваць, няхай табой пакіруюць. Герой, трасца яму ў скулу, спужаўся майго храпу, неўзлюбіў катка і сабаку.

Напэўна, чытача зацікавілі дзед Максім і статыст Дарафей Верціхвост. Найбольш пашанцавала старому Падаляку: за займальную экскурсію па сядзібе старшыня калгаса ўзнагародзіў яго грашовай прэміяй. Не пакрыўдзілі й Верціхвоста: цяпер ён — галоўны падмятайла ў Мінску.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 44-48
Крыніца: скан