epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

«Подзвігі» правінцыйнага суддзі

Астап Кручок любіў хваліцца перад сябрамі, што ведае звыш сотні спосабаў, як дамагчыся поспехаў у дзяўчат і жанчын. У маладосці Астапа паважалі за характар Дона Жуана, за знешнасць Санча Панса ды за нораў Атэла. Заляцанні Кручка сталі прымаўкамі ў ваколіцах Заслаўя. Здавалася, не было сярод жыхароў мястэчка чалавека, які не апісаў бы рамантычнымі фарбамі подзвігі нашага героя.

Астап служыў памочнікам суддзі, таму юрыспрудэнцыю выдатна засвоіў, асабліва ў галіне сямейнага, гаспадарчага і адміністрацыйнага права. З дадзеным багажом ведаў заўсёды з кепскага становішча выйсце знойдзеш. Нягледзячы на сціплую пасаду, Кручок займаўся незвычайнымі справамі: з замілаваннем злучаў сэрцы маладых на вяселлях, з’яўляўся міравым пасрэднікам каханкаў, ганяў па акрузе няверных супругаў, браў пад абарону створаныя пры яго непасрэднай дапамозе сем’і...

Адным словам, дзейнасць Астапа прыносіла дабрабыт і карысць гараджанам. Часам яго сустракалі няўдачы, калі нечакана вешалі яму «ліхтары» пад вачыма няўдзячныя прыхільнікі, або калі не хапала сродкаў аплаціць паслугі Дыяніса.

Адсвяткаваўшы дваццаць сёмую вясну, Астап Кручок узяўся за розум — паклікаў у паплечнікі Гіменея, і неўзабаве пабраўся з пекнай Ірынай Альхоўскай. Трапіўшы пад жончын абцас, юны правазнаўца пра выпіўкі й шумныя пагулянкі не ўспамінаў. Прадпрымальнасці Астапа зайздросцілі суседзі: выйграўшы запар некалькі гаспадарчых спрэчак, ён атрымаў неблагі ганарар. Тут жа набыў дом, гектар зямлі ды мінітрактар у дадатак. Жартуючы з калегамі, Кручок і занадта ўжо ганарыўся:

— На бюджэт спадзявайся, але ў абставінах не губляйся.

Ірына не засталася ў даўгу перад мужам — нарадзіла яму дзвюх дачок.

 

Паціху наладжвалася сямейнае шчасце Кручкоў. У іхнім доме заўсёды панавалі згода, узаемадапамога, шчырасць і вясёлы настрой.

Ірына з Астапам гадавалі дзетак. Ідылія бестурботнай радасці працягвалася два з паловай дзесяцігоддзі — да таго часу, калі ўзнікла неабходнасць рыхтаваць дзяўчатам, Вользе і Таццяне, пасаг да вяселляў.

Жонка Астапа — мудрая жанчына. Яна прапанавала ўдаламу супругу адзначыць на Каляды шлюбныя святы дачок. Ледзь да нябёсаў не дацягнуўся Кручок, пачуўшы пра такія жончыны замашкі:

— Мы ў трубу вылецім з выдаткамі. Закончацца каталіцкія Каляды, пачнуцца праваслаўныя, паміж імі — Новы год. Праз два тыдні Стары год правесці трэба. Пітва гасцям не хопіць.

Ірына здзівілася з Астапавай упартасці. Мусіла адпрэчыць прагматычныя меркаванні мужа:

— Выбірай, шаноўны пан Кручок, альбо мяне з дочкамі, альбо мех з гарэлкай і грашыма.

Ад сораму пачырванеў правінцыйны суддзя. Пачні ваяваць са сваякамі, абавязкова ў пляткарскія жорны трапіш. Учапіўся, аднак, у бойку з Ірынай, ды самога аплявухай узнагародзілі. Вольга і Таццяна, сёстры-аднагодкі, паглядзелі на бацьку, абурыліся:

— Маці не крыўдзі, з нашымі клопатамі без канфліктаў разбярыся.

Хваляванні Астапа Кручка сягнулі за магчымыя межы. Трываў ён пяць дзён, а на шосты пра супярэчнасці не ўзгадваў нават: навошта дзецям далейшы лёс псаваць. З Ірынай зноў памірыўся, злітавацца прасіў. Усміхнулася жонка лагодна:

— Старэеш пакрысе, знікае былая слава залётніка.

Пасля гэтага Астапа Кручка быццам падмянілі: цішэй за ваду, ніжэй за траву стаў. Але зусім іншымі аказаліся яго адносіны да асоб прыгожых: кабет стаў прымаць за намесніц нячыстай сілы, а жончыны папрокі ўспрымае як падарожжа ў пекла.

А вы як лічыце?


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 34-36
Крыніца: скан