epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Спадар Дуб

Рэдактар прыватнай газеты «Сучасныя плёткі» быў незадаволены. Настрой яму сапсавалі кепскія звесткі: падпісчыкі не выказвалі вялікай любові да выдання, часам іх уражанні набывалі экзатычныя формы ад прачытанага — хоць хавайся ў бульбу. Па інфармацыі шпегаў нумары газеты выкарыстоўвалі для распальвання печак ды камінаў, здавалі на макулатуру, а то і проста нячытанымі выкідвалі на сметнік...

Прымусовая падпіска прыносіла больш стратаў, чым карысці: жадаючых верыць плёткам, скажоным да непазнавальнасці навінам, станавілася меней. Прызы ад рэдакцыі, занадта каштоўныя і шыкоўныя, да шараговага чытача не даходзілі, бо размяркоўваліся невядома дзе і каму. Аматары задарма чытаць прэсу з чужых скрыняў касавурыліся, калі цягнулі асобнікі «Сучасных плётак».

Рэдактар вельмі добра адчуваў, чым гэта скончыцца, таму не спяшаўся з высновамі. А вынікі, верагодна, давялі б яго да істэрыі, фанабэрыі ці маральнага банкруцтва. Аднак спадара Дуба цікавілі не наступствы пералічаных з’яў, а звычайны сполах перад яго грашавітымі манархамі, якія з’яўляліся заснавальнікамі выдання, а таксама і героямі шматлікіх рэпартажаў, інтэрв’ю, нарысаў...

Дуб успамінаў сваю маладосць.

Як добра было раней: фельетоны й спартовыя агляды на старонках друку паднялі яго з пасады непрыкметнага рэпарцёра да рэдактара аддзела і вышэй, куды толькі магчыма ўзляцець у ружовых снах. Асэнсаваўшы выгоднае становішча, руплівы кар’ерыст не спаў у шапку — са скуры лез, адно каб утрымацца ў асяроддзі адметных асоб, якія аплочвалі выданне.

Яму пашанцавала: галоўны рэдактар выходзіў на пенсію, таму быў заняты пошукамі адказнага чалавека, здольнага замяніць яго. Пасля асцярожных і разважлівых ваганняў кандыдатуру Дуба палічыў перспектыўнай і не памыліўся ў выбары — Дуба прызначылі кіраваць газетай.

«Не стварай сабе куміра і не пакланяйся ідалам» — сведчыць біблейская ісціна. Новаспечаны чынадрал атрымаў адносна неблагі заробак, персанальнае аўто, пастаянныя прэміі й ганарары. Неўзабаве набыў дачу пад Мінскам.

Мяняліся кіраўнікі, грамадскія фармацыі й эпохі, а спадар Дуб акурат трапіў у рай — жыў і гора не ведаў. Да яго прыслухоўваліся, ставіліся жычліва і памяркоўна.

Выданне «Сучасныя плёткі» імкнулася пасварыць прыхільнікаў свабоды з заўзятарамі развітога сацыялізму. Паклёпы, інсінуацыі, абразы, здзеклівыя каментары, гнеўныя артыкулы й аднабаковая аналітыка... Методыка галоўнага рэдактара і яго ўбранзавелых паплечнікаў дзейнічала выдатна — памылкі загадзя адсутнічалі, адчуваўся нябачны фінансавы канал таямнічых прыспешнікаў за шырмай быццам бы знешніх эфектаў уплыву. Выданне ўзнялося так высока, што зямля пад нагамі яго чытачоў, здавалася, пачала павольна пасоўвацца кудысьці далёка...

Падхаліма-рэдактара заўважылі, матэрыяльны дабрабыт павялічылі. Рэклама адыёзнай газеты раскручвалася з хуткасцю пажарнага шланга-брандспойта.

Вядома, наклад газеты стаў значна большы: бадай кожны тыдзень жыхары сталіцы мелі ў сваіх паштовых скрынях бясплатны асобнік «Сучасных плётак» з каляровым дадаткам.

Спакой рэдактара парушыў грукат, шум, рогат, хор з альтоў і басоў, па змесце крыху падобны на навальніцу, брэх беспрытульных цюцькаў і сакавіцкія спевы катоў адначасова. Ад нязвыклага ляманту спадар Дуб падумаў, што Свіслач выйшла з берагоў і пачаўся грандыёзны патоп.

«Якая трасца вярнулася з нябыту? Няўжо трэба чакаць стыхіі, катастрофы ці трагедыі? Можа, нейкія самаўпэўненыя тэрарысты жадаюць узяць мяне закладнікам? Альбо няўдзячныя чытачы імкнуцца намыліць мне шыю?..»

Невясёлыя думкі не пакідалі нашага героя, які, вядома ж, не хацеў ён апынуцца ў ролі ахвяры ў крымінальнай хроніцы, асабліва цяпер, калі ўсё ішло-ехала наўздзіў нармалёва!

Аднак шум не спыняўся.

І спадар Дуб, ухапіўшы тэлефон, набраў адпаведны нумар. Працяглыя гудкі падказвалі: з сувяззю парадак.

— Добры вечар, гэта міліцыя?.. Вас турбуе рэдактар Дуб. Э-э, мне трэба кваліфікаваная дапамога... Разумееце, таварыш дзяжурны... Пад вокнамі маёй кватэры надакучліва і падазрона хтосьці вые... Мне страшна, баюся... А раптам гэта мае няўдзячныя чытачы рыхтуюць на мяне замах — жадаюць скрасці, каб аплаціць па рахунках... Ратуйце!


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 97-100
Крыніца: скан