epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Суд у Беражках

Мадэст Нупрэйчык сябе Астапам Бэндэрам ніколі не лічыў, хоць падмануць мог і чорта з лясной багны...

Калі чалавек хваліцца любіць і не трымае сваіх слоў, зразумела, не кожны паверыць яму. Але наш герой пераканаў грамадзян у адваротным. Вы спытаеце, а як гэта ўдалося Нупрэйчыку? Адказ зусім просты: з неблагім дыпломам фінансіста, гнуткасцю розума ды сквапнасцю да бляску золата за імгненне не такія авантурныя выбрыкі плануюцца, а потым і здзяйсняюцца.

Часта туляючыся па вёсках, мястэчках і гарадах Беларусі, Мадэст ганарыўся, што забяспечыць дастойнае жыццё юнакам і дзяўчатам, калі моладзь пералічыць грошы й стане сябрамі ўтворанай ім арганізацыі. Нават пра назву паклапаціўся будучы бізнесмен: неўзабаве ўзнікла таварыства «Абяцанкі-цацанкі».

Вядома, Нупрэйчык адчуваў, што дасягнуў вяршынь славы й дабрабыту: рэклама пра «Абяцанкі-цацанкі» друкавалася ў газетах. Мадэст набыў шыкоўны лімузін, пабудаваў велізарны палац у гатычным стылі, навербаваў у паплечнікі жадаючых засвоіць прафесію кар’ерыста і лізаблюда. Здавалася, працяг вясёлай гісторыі нічым асаблівым не вызначыцца, калі б не раптоўны выпадак...

Пасля «ліхіх» гастроляў у вёсцы Беражкі, дзе аблапошыў да ніткі й малых, і старых, махляр дапяў: чакаць літасці ад сялянскага абурэння — марная трата часу і рызыкоўны занятак для чорнай душы. Ведаючы, што пакрыўджаныя вяскоўцы жарты ладзіць не збіраюцца, ён вырашыў за лепшы паратунак уцячы на возера Нарач. Дзелавы чалавек спадзяваўся, што за трыста кіламетраў ад Беражкоў яго не дастануць мазольныя рукі.

З касмічнай хуткасцю ляцеў па бальшаку Мадэст на «Міцубісі», ажно з-пад колаў сыпаліся іскры, быццам апілкі ад цыркулярнай пілы. Махляр заўважыў, што яму насустрач едуць грузавікі з бярвеннем. «Камусьці пашанцавала мець матэрыял на зруб. Някепска замовіць слова, каб прыдбаць круглякоў на лазню», — натхнёна прашаптаў аматар пагуляць за чужы кошт.

Але мары Нупрэйчыка не ажыццявіліся: ягоны аўтамабіль сутыкнуўся з прыдарожным тэлеграфным слупом, які мірна стаяў пры шашы. Цяпер Мадэсту не да смеху, калі жалезны конь рамонту не падлягае, а ў гаспадара легкавіка ледзь сэрца ў пяту не збегла ад жаху. Шкада, што рацыю дома забыў, памочнікі з неба не зваляцца, колькі горла не дзяры.

На сваё шчасце, вялікі камбінатар прыкмеціў старога паляўнічага Мікіту, спакойнага і памяркоўнага дзядка са стрэльбаю за плячыма. З ім быў і дванаццацігадовы ўнук Апанас. Пачуў ён іх цікавую размову:

— Што ж скажа бабуля Ганна, убачыўшы нас без трафеяў?

— Не заўсёды людзям шанцуе.

— Дзядуля, паглядзі, там нехта трапіў у аварыю.

— Выратуем небараку.

З гэтае нагоды ўзрадаваўся Мадэст Нупрэйчык, залямантаваў:

— Людцы добрыя, выцягніце з пякельнага металу!..

Умомант Мікіта з Апанасам дапамаглі няўдачніку.

— Чым жа вас аддзячыць, слаўныя хлопцы? — запытаў хітруга.

— Скажыце, з кім мы пазнаёміліся? — папрасіў дзед Мікіта.

— Са старшынёй таварыства «Абяцанкі-цацанкі» панам Мадэстам, заможным і ўплывовым чалавекам, — упэўнена сцвердзіў Нупрэйчык.

— Прайдзісветам і драпежнікам, злыднем і рабаўніком, — дапоўніў нечакана Апанас.

— Маўчаць! — раззлаваўся круцель.

Прагучалі два стрэлы ў паветра. Мікіта папярэдзіў сваякоў, каб сустракалі нечаканага госця. Праз некалькі хвілінаў звязанага нахабніка паклалі ў грузавік.

Мінулі тры гадзіны.

Апынуўся дзялок сярод жыхароў Беражкоў. Чухаў патыліцу Мадэст, асэнсоўваючы сваё складанае становішча, акружаны з усіх бакоў узбуджанай вясковай грамадой. Награшыў, што больш нікому не пажадае ашукваць.

Беражкоўцы часу не гублялі: рыхтаваліся судзіць нягодніка, каб іншых адвучыць хлусіць ды ў чужы кашалёк заглядваць. Сабралася рада дзядоў, запрасіла вясковага старасту — яны й вызначылі лёс аферыста: прымусова падзяліцца фінансамі з ахвярамі правінцыйнага МММ, інакш звернуцца да ўчастковага міліцыянта.

Даў волю кулакам упарты Мадэст, аднак моцна памыліўся. Збілі яго на горкі яблык мужыкі, запэўніўшы, што памагатых яго разгоняць пры першай магчымасці. Мала таго, у сажалку на перавыхаванне кінулі пана Мадэста...

Хапіла прыгодаў у Нупрэйчыка: зараз ён працуе сціплым рахункаводам у горадзе, зорак з неба не ловіць, але старымі справамі ўжо не займаецца.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 86-89
Крыніца: скан