epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Таццяна

1


Ад аўтара

Падзеі, пра якія вядзецца размова ў творы, адлюстроўваюць рэчаіснасць. Можна па-рознаму ставіцца да ўчынкаў герояў апавядання, не забываючы, што яны ходзяць сярод нас, паважаныя сучаснікі, смяюцца, пакутуюць, змагаюцца з праявамі зла і гора, выказваюць шчырыя пачуцці.

Гэтым я імкнуся даказаць, што каханню і таварыскасці служыць справядлівасць у стасунках, ім непадуладны маланкі нахабства, дажджы непаразумення і завірухі супярэчнасцяў.

 

1

Працуючы пяты год у школе, я шанаваў натхненне настаўнікаў-славеснікаў, якія адкрывалі крынічныя стрункі таленту дзіцячай душы, адчуваючы, што з маіх вучняў будуць новыя Багдановічы й Гарэцкія, Буйніцкія і Глебавы... Цяжкасці не абмінулі на пачатку асветніцкай дзейнасці, ды хутка адляцелі ў нябыт, як зграя чорных груганоў у пякельны жвір. Не здрадзіў я клятве знакамітым дзеячам педагагічнай нівы, таму здзейсніў поўнасцю небяспечную задуму (на час напісання апавядання) — дзяліцца ведамі з тымі, хто зойме ў свеце пачэснае месца сярод адукаваных і выхаваных людзей, быццам міфалагічны Апалон, — каб роднае слова звінела з вуснаў сыноў і дачок Беларусі.

Пасля кантрольнай па мове забрыў у настаўніцкую на адпачынак — быў надзіва спякотны дзень.

Васьмікласнікі пісалі дыктоўку за паўгоддзе.

Убачыўшы Станіслава Фёдаравіча, каржакаватага мужчыну гадоў пяцідзесяці, магутнага, бы клён у росквіце, які, радасна ўсміхаючыся, заканчваў школьную энцыклапедыю на зімы палову і вясны пачатак, сціпла павітаўся з ім. Нарэшце завуч — жартам яго называлі Анёл дысцыпліны, — заўважыўшы мяне, зацікавіў неверагодным адкрыццём:

— Сяргей Сяргеевіч, вы як дабраволец накіроўваецеся метадычнай радай для збору допісаў па дыдактыцы да пачаткоўцаў-калег на малодшыя паралелі. Адну ці дзве чвэрці, як атрымаецца, — на даследчую работу. А там, глядзіш, пераможца стане ў «Настаўніцкай газеце» рэдактарам рубрыкі. Спадзяюся, што прапанова для вас у самы раз!

Не спяшаючыся з адказам, доўга і ўдумліва разважаў я над абставінамі лёсу, якія ў імгненне мяняюць асабістыя і грамадскія нагрузкі, могуць і выратаваць, калі змікіціш сутнасць справы, а то і падштурхнуць на скалы няпэўнасці. І я даверыўся залатому сумленню знакамітага педагога. Зразумела, пытанняў да завуча нашкроб столькі, колькі дрэў у Мікалаеўскім лесе. І гэтым жэўжыкам-пытанням карцела на нязведаныя прасторы, як маладым на заручыны:

— Станіслаў Фёдаравіч, расклад хістаецца гарачымі блінамі на патэльні: ці магчыма ўзяць яго за лейцы, нібы жарабя ў хамут паслухмянасці?

— Сяргей, за хвасты хвалявання і расчаравання лепш не чапляйся. Табе пашанцавала: пасля абеду — на выкладанне.

— Акрамя навукі, якія класы дасцё?

— Пятыя і шостыя.

— Здаўна марыў рызыку салаўём абхітрыць... Эх, неўзабаве стану выконваць рамансы й серэнады!

— Сур’ёзныя тоны... Як пачаў я выкладаць фізіку, і, ведаеш, не паспеў азірнуцца: ужо і дзяўчыну ўпадабаў. На наступны год — вяселле.

— Ясна. Да каго бегчы на спатканне ў пачатковую школу?

—Да Таццяны Вераб’ёвай, выхавацелькі першачкоў

— Мой сябра, хачу з табой параіцца.

— Калі ласка. Настаўнік без парады, як казак без скакуна.

— Калі фортка выцягнецца на дарогу роздуму, дапамагай Таццяне Аляксандраўне, каб не гублялі настрой у творчых справах. Мартын Лявонавіч цябе ахоўным лістом узброіў, заўтра і бярыся за пошукі невядомага хараства, чым багата прыгодаў калясніца.

 

Любая нечаканасць — свята. Пачуўшы шчымліва знаёмае прозвішча, студэнцкія ўспаміны сагрэлі неспакойную душу. Значыць, адолеем вал непрыемнасцяў, з асалодай правядзем вольныя гадзіны, спазнаючы наваколле пачуццяў у шчэбеце сяброўства і шэпце кахання. І клопаты бадзёрасці запоўнілі сэрца.

Танюша, ласкавая і вясёлая, нібы багіня Лада, вабіла хлопцаў-аднакурснікаў непаўторнымі жартамі, яскравай чуласцю, выдатнымі практычнымі работамі. Гнуткі стан, падобны на прыгажуню-каліну, чароўныя рукі, дабрынёй ззяючыя сінія вочы, цёмныя стужкі валасоў, якія ліюцца рачулкамі пекнасці, музычны галасок, дыхаючы вясновым настроем тварык... Як слова вымавіць, прыслухоўваешся, ловіш таемныя гукі захаплення. Рукой правядзе — уяўляеш сябе на балеце маладосці. Здавалася, сустрэнешся з квяцістай ружай радасці — пакутамі можна палеткі араць.

Прыгадваю выпадак з часоў вучобы, калі мы, юныя і бестурботныя, ішлі па шляху служэння Волі ды Веры ў лепшае. Засталіся пасля заняткаў у вучэльні, правяралі сачыненні, каб яшчэ ўзяць за чубы шматступенчатыя залікі, да якіх — рукой падаць. Таня, седзячы побач, зачытвала рукапіс, назіраючы за тым, ці выплывуць якія-небудзь недакладнасці. Угледзіўшы, што ў сшытку няма чаго правіць, ціха запыталася:

— Сярожа, чым для цябе з’яўляецца мелодыя шчасця, чыстая і верная, як кропелька цеплыні?

Пяшчотна абняўшы за плечы мілую сяброўку, перакінуўся словамі:

— Жыць для адзінай каханай, мужна пераносіць цяжар расстанняў, берагчы ад тайных і яўных рэўніўцаў.

Дзяўчына лагодна засмяялася, ад чаго пацяплеў халодны пакой. Напаўголаса сказала, нібы зорачкай засвяцілася:

— Толькі разам асілім кручыністыя вятры, не адступаючы перад разлукамі й адзінотай.

Прыйшлося дапоўніць думку пра вечнае:

— Таццянка, каханне не памірае ад няшчасцяў, мацнее на арэлях палымянасці, зіхаціць вясёлкай надзеяў на нястомным небе будучыні.

Раптам мая субяседніца загаманіла пра гісторыю зносін з хлопцамі:

— Доўга не ўзыходзіла сонейка, змрочныя хмары плылі навокал. Насіўся за мной гусаком, па якім чыгун смуткуе, Фларыян Сякера. Ганарысты, быццам мамант з банцікам, заможнасцю хваліўся. Забяжыць, бывала, што той крыжак: бацьку дарыў то малаток, то напільнік; маці — тканіну на хустку. Я ж калекцыяніравала ў шафу ўсялякія яго бязглуздзіцы. Каяўся: сумненні ўтапіў у дрыгве, а калі даведаўся, што зусім абыякавая да ягонай каліты, адсцябаў Фларыян папругай. Не памыляўся стары: «Гэтая вужака атруціць давер людзей!.. Дзе пан, там і падман. Здарылася: круцельствам падпёр пасёлак, потым уцёк кудысьці ў Друскенікі. Маці мне спачувала, пажадала, каб сяброў выбірала па розуму, а не толькі па багаццю. А потым я паступіла вучыцца, дзе Бог і злучыў нашыя непарыўныя сэрцы.

Прыемна слухаць дзявочыя прызнанні: аздабляецца ўсмешкамі свет, варажбіць князёўна-прырода, шалясцяць поспехамі ўзвышанасці дзень і ноч, раніца і вечар.

Напрыканцы спаткання вусны зблізіліся ў трапяткі пацалунак, а целы зліліся ў дзівосных абдымках, як Бярэзіна з Дняпром. Праляцелі гады жаўрукамі ўдач. Выпрабаванняў камяні не зламілі першага кахання, чорным ценем адчаю не выпаўзла здрада.

 

Закончыліся ўрокі ў Палацы Ведаў. Ідучы па шырокім тратуары велізарнага праспекта, абапіраючыся на маю руку, Таня дзялілася промнямі ўражанняў:

— Яшчэ заўчора, калі вы з выкладчыкам фізкультуры ездзілі ў выдавецтва па набытыя падручнікі, Мартын Лявонавіч згуртаваў настаўнікаў на перапынку, каб паведаміць жах: прыскачуць, як на бабулін крупнік, чыноўныя пеўні з міністэрства. Пачынаючых педагогаў схапіла дрыжыкаў ліха: каго ж нячысцік прынясе?

— Што было далей? — асцярожна запытаў я.

— Дырэктар гаворыць: нечага баяцца канцылярскіх прыслугачоў, бо ўсё роўна смятанку з’ядуць — сырадой пакінуць, — сумна пажартавала сяброўка.

— Канешне, крытычнай стрэльбай ласуны тлустых пенак валодаюць па-майстэрску: адзін стрэл — дзесяць ложкаў у шпіталі занята, — адгукнуўся іранічна я.

— Супакоілася на наступны дзень, калі абмянялася позіркамі з табой, Сярожа, — замілавана аддзячыла настаўніца. Крыху падумаўшы дадала: — Ззаду лысымі чарцякамі пляліся дармаеды з партфелямі з кракадзілавай скуры. Прыпыніў крыўды дурняў без пагонаў, калі страляніна глупства не змаўкала. Прадбачыла: закрыеш грудзьмі дзот зайдрасці, абараняючы шчыры гонар.

— Памятаю абяцанне юнацтва, вельмі падобнае на сцяг свабоды, таму і танцаваў пад кулямі насмешак дзядзькоў-бюракратаў, — нягледзячы на вогнішча алебардаў, спакойна адказаў дзяўчыне.

 

Жаночая павага! Яна акрыляе на подзвігі мужчын. Вось чаму радуецца васількамі непераможная Ісціна.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 61-66
Крыніца: скан