epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

У пошуках субяседнікаў

Дзіцячая гамонка вабіць сэрцы дарослых. Галасы самых маленькіх грамадзян зліваюцца з птушынымі спевамі ў вольным паднябессі, з подыхам калосся перад жнівом, з бурлівым шумам рачулак.

Седзячы на прыступках пад’езда аднаго з гарадскіх шматпавярховікаў, трохгадовыя Алесік і Васілёк радасна вітаюць людзей, якія праходзяць побач.

— Дзядзя, дзядзя! — замілавана шчабеча Васілёк у бок падлеткаў і юнакоў.

— Дзеда, дзеда! — дапаўняе сябрука Алесік, ухваляючы сівізну паважаных у акрузе дзядуляў.

— Цёця!

— Цёця! — усхвалявана крычаць хлапчукі да дзяўчат, каб апошнія звярнулі на іх увагу.

— Бабы, бабы, дзе цукеркі? — таямніча жартуе Васілёк з бабулямі, мяркуючы падсілкавацца салодкімі прысмакамі.

— Мама, мама! Там — яма, — з чароўнай усмешкай паведамляе Алесік.

— Тата ў хаце! — імкнецца перахапіць ініцыятыву Васілёк.

Нейкі момант адбываецца спаборніцтва паміж дзеткамі, у каго найбольш моцныя галасавыя звязкі. Убачыўшы чалавека ў блакітнай форме, з чырвонымі пагонамі, у фуражцы з велізарнай цэшкай на аколышы, з чорным дручком на поясе і цёмнага колеру кабуром, а гэта быў звычайны малады міліцыянт, раптам нашы героі хаваюцца за лаўку, адкуль рагочуць, выпускаючы ў паветра чараду гукаў, змест якіх цяжка расшыфраваць.

— А-а-а-а!.. — пявуча цягне Алесік. — Ме-ент...

— Ме-е-ент!.. — дапамагае яму Васілёк.

Праз хвіліну-другую малыя пабеглі да сваіх матуляў, якія бадай адначасова нечага выхапіліся раптам на вуліцу, але, калі ўбачылі міліцыянта, рашуча спыніліся і ветліва заўсміхаліся прадстаўніку закона.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 100-101
Крыніца: скан