epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Вайсковыя ўдачы

Седзячы з вудай на беразе маленькага возера, упрыгожанага раскіданымі дзе-нідзе бярозамі, ля вёскі Закаблукі, ловячы карасёў, акунёў ды што трапіць на чарвяка, пачуў, як хтосьці лаяўся, на чым свет толькі трымаецца, на турыстаў. Здаецца, і прычына хутка адшукалася: уключыўшы магнітолу, аматары лёгкага адпачынку забаўляліся на ўлонні прыроды, бы тыя маленькія дзеці з трашчоткамі.

Голас адчайнага рыбака гучаў сярод пеністых хваляў вады, цёплага подыху вятрыскі:

— Невукі патлатыя, каб на вас лівень з маланкай! Дзіравым ботам запусціць з дна ў гультаёў, якія шчупакоў ганяюць пад бугі-вугі.

Зразумець настрой людзей, якія сваёй працай на возеры забяспечвалі сем’і харчаваннем, нескладана: цяжкім рокам звядзеш рыбу — клёву не будзе.

Да мяне набліжаўся сівы дзядуля. Выпраўка яго нагадвала армейскага афіцэра ў мінулым. Плячысты. Моцнага целаскладу, з загарэлым тварам. Рукі былі падобныя на казачныя молаты. Шчырая, лагодная усмешка.

— Ці шанцуе табе сёння? — запытаў стары.

— На юшку набярэцца, а на патэльню, можа, і не хопіць, — сціпла прызнаўся я.

— Не хвалюйся, праз тры гадзіны вернемся з някепскім уловам. Не засумаваў, Генадзь?

— Не паспееш азірнуцца, як трэба цягнуць карася, таму з сумам не сябрую, лепей не быць з ім знаёмым, Міхась Леанідавіч.

— Таксістам працуеш?

— Так. Езджу па Беларусі. Пасажыры — народ цікавы, гаваркі. Колькі легендаў назбіраў, варта пра кнігу падумаць.

— Чаму ж марудзіш?

— Адразу не адкажаш. Грошай неабходна шмат, паперы, ды ў друкарні пажадана мець сяброў. Куды сунешся з заробкам у васемсот тысячаў.

— Хочаш, Гена, дапоўніць рукапісы натхнення гісторыяй з маёй маладосці?

— Не адмоўлюся. Цікава слухаць старых, вопыт жыцця вялікі, а мова чароўная, сакавітая... Ні ў якое параўнанне з мовай сучаснай моладзі не ідзе.

— Ну, тады слухай... — І Міхась Леанідавіч пачаў распавядаць: — Здарылася гэта ў першыя дні вайны пад Лідай. Чырвоная армія з баямі адступала на ўсход. Сто першая стралковая дывізія служыла прыкрыццём для адыходзячых войскаў. Будучы са ўзводам у разведцы, байцы заўважылі, што надта высока кружыць фашысцкі самалёт, «рама», і хто праверыць, якія чэрці коўзаюцца ў паветры разам з каршунамі й сокаламі.

Прапаноў наконт сустрэчы з няпрошаным «госцем» нашкрэблі столькі, хоць корпус злодзеяў на шматкі разнясем, калі з’явяцца на гарызонце. Прыпыніліся на тым, што з кулямёту абстраляем сталёвага драпежніка, а экіпаж возьмем у якасці «языка». Задумана — зроблена.

Выбраўшы палянку, што нечым нагадвала аэрадром, заселі ў хвойніку. Гадзіна мінула, другая. Згубіўшы арыенціры, выскачыў самалёт якраз туды, дзе мы пастку падрыхтавалі. Я націснуў гашэтку — гучна празвінелі стрэлы.

Глядзім: прызямляецца вінтакрылы бандыт, ліха яго матары. Нямала здзівіліся, угледзеўшы на борце чырвоныя зоркі. Адтуль выпаўзаюць, што мядзведзі з берлагу, пілоты ў камуфляжы, нешта гамонячы па-руску пра пашкоджаны рухавік. У мяне ажно дрыжыкі па спіне прабеглі. Ахайна акружылі, нават без шуму. Хлопцы ўзводзяць вінтоўкі й карабіны, загадзя папярэдзіўшы: «Рукі ўгору, а то рэшата застанецца!»

Маўчаць фрыцы, паспрабуй толькі паварушыцца — родная маці не пазнае.

Шыбуюць насустрач штабныя машыны з дывізіі ды палкоў. Бацюхна, няўжо трыбунал? Бі сваіх, каб чужынцы ад радасці лямантавалі ваўкамі. Штосьці тут не так. Трэба даказаць начальству, у якога на каўнярах гімнасцёрак шпалы й ромбы. Дзякуй Богу, выратавалі лётчыкі з суседняй дывізіі, сцвердзіўшы: «Машына і хітрыкі — гітлераўскія, а зоркі нашы прычапілі».

Напружанасці не паменшылася.

Залез у кабіну аэраплана. Бачу, патроны востраносыя, доўгія, што тыя паплаўкі. І белых аркушаў, хоць загады крэмзай. Узяўшы адзін ліст, папрасіў, каб салдаты прынеслі збан з вадой. Сам выцягнуўся на вынікі адным вокам зірнуць, можа, што-небудзь і атрымаецца. Яшчэ з фінскай кампаніі помню, як па законах фатаграфіі выява выходзіла. Каб толькі не памыліцца, бо смех запануе і бяду не скосіш. Значыць, практыка не падвяла, калі жахнуўся не на жарт, паглядзеўшы, што ворагі збіраліся Мінск бамбіць, таму карцінак гарадскога пейзажу наштампавалі. Там на добрую выставу іх.

На душы палягчэла, бо даведаўся, што гора-ваякам хвост падціснулі. Напалеонаўскімі шляхамі прарубілі дзіркі на гарніцы, ды, відаць, мала ім гневу справядлівага — яшчэ захацелася. Не па зубах акупантам беларуская зямелька. Не чапляй бітым носам чужое проса.

Мне падзяку аб’явілі. Чаго ж болей марыць чалавеку, які вайну з нянавісцю ўспрымаў, не шкадуючы жыцця, змагаўся, нават у партызанах атрадам камандаваў. Калі па грыбы пойдзем, тады табе падарунак будзе — цікавыя аповеды пра Айчынную вайну. Што скажаш? Згодзен?

— Канешне... Знакаміты вы чалавек, дзед Міхась. Для ўнукаў — гонар, для сям’і — радасць!

Заводзячы старэнькі «Жыгуль» — зноў зачхаў матор — пераканаўся, што Міхась Леанідавіч — вялікі майстар на жарты. Склаўшы вуды, пасміхнуўся:

— Падвязеш да лецішча, каб жонка спакой не страціла. Жанчыны ўсе аднолькавыя, калі мужыкі да хаты спазняюцца.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 48-51
Крыніца: скан