epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

«Вясёлыя» прыгоды Творцы

Жыў ды быў у Краіне Мастацтваў Творца. Ягоны дом знаходзіўся ў мястэчку Жывапіснае Слова. Сам аўтар з’яўляўся чалавекам бедным, сціплым, але надзіва вясёлым, верным сябрам. Пра талент Творцы ведалі жыхары: яго аповесці, апавяданні, казкі займалі не апошняе месца на кніжных паліцах, а санеты ды мадрыгалы, нібы ружы з Батанічнага саду, зачароўвалі местачковых красунь. Радавала і знешнасць Творцы: высокі, зграбны, шыракаплечы, з кучарамі чарнявых валасоў, сінія ж вочы зіхацелі невераемнай дабрынёй, спагадай да цяжкай працы сялян, рамеснікаў, рабочых, што жылі ў казачнай краіне. Твару надавалі саліднасці й загадкавасці акуляры, зробленыя з незвычайнага шкла: паглядзіць ён у вочы дый скажа, які чалавек перад ім — сумленны ці не, добры ці злы, здольны да творчасці або да цёмных справаў...

У Краіне Мастацтваў вялікую пашану меў і Рэдактар, які жыў у Мястэчку Талентаў. Некалі ў маладосці гэты знакаміты чалавек заснаваў штотыднёвую літаратурную газету «Веснік натхнення», дзе змяшчалі свае творы паэты, празаікі, драматургі, крытыкі, фалькларысты й мастакі. Рэдактара ў дзяржаве баяліся рознакаліберныя прыстасаванцы, хабарнікі, аматары ляноты, бруднаслоўя, п’янства, бо ведалі, што могуць трапіць у мышалоўку: праз нейкі час іхнія вобразы зоймуць пэўную плошчу на старонках газеты, а то і на сцэне мясцовага тэатра, і будзе столькі смеху, жартаў, кпінаў ды знявагі, што бяры ногі ў рукі ды ўцякай, быццам драпежнік пасля няўдалага палявання.

Аўтар напісаў новую паэму «Гімн каханню» і спадзяваўся пачуць ад Рэдактара праўдзівую крытыку, а не падробкі пад яе.

Паколькі шлях доўгі да рэдакцыі — трэба ісці пешкі аж тры дні, Творца загадзя падрыхтаваў неабходныя ў такім падарожжы рэчы: ручнік з ініцыяламі, атрыманы ад Каханай, шаблю веры, падораную Сябрам, і цудадзейны ліхтар ад Майстра з Жывапіснага Слова. Веснавой раніцай ён паклаў усё гэта ў торбу, схаваў паэму ў падкладку плашча і рушыў па Дарозе Няшчасцяў у Свет Ружовых Надзей.

Тым часам дзеячы мастацтва вялі жахлівую гістарычную вайну са злодзеямі слова. Да хаўрусу нячыстых на руку належалі: Зайдроснік, які, калі бачыў раптам у «Весніку натхнення» працу аўтара, гатовы быў зарэзаць таго адно за тое, што сам не меў творчых здольнасцяў; Плагіятар толькі і чакаў моманту, каб сцягнуць рукапіс твора і апублікаваць пад уласным прозвішчам; Цэнзар жа знішчаў думкі ў творах таленавітых людзей, як костку барбос падчас вячэры...

Памятаючы засцярогі ды наказы Каханай, ведаючы ўрокі Сябра па карыстанні шабляй, добрую інструкцыю Майстра, Творца ішоў хутка і спакойна. Ён разумеў, што пазбегнуць спаткання з вар’яцкай тройцай немагчыма, таму ўсе страхі й думкі пра няшчасці адкінуў як нешта нецікавае і сумнае. Ведаў: з ім нічога не здарыцца, бо таленты выжывалі нават і ў міжусобіцы князёў і каралёў, і пры грамадзянскай вайне...

Стомлены за паўдня хады, малады пісьменнік прылёг на палянцы пад сасной і хутка заснуў. Не прайшло і гадзіны, як пачуўся дзікі свіст і тупат капытоў.

«Пачалося! — спрасоння падумаў Творца. — Хто ж гэта першым патурбаваў мяне?» І тут жа згледзеў: яму напярэймы ляціць атрад вершнікаў на чале з Плагіятарам. За якія два крокі аматар чужых твораў закрычаў да маладога аўтара на ўвесь голас:

— Гэй, пісака! Я — Чорнае Вока!.. Аддавай свае паперы ды йдзі сабе далей!.. Пяць хвілін на роздум! Ясна?!.

Творца з гэтым не мог пагадзіцца — лепей загінуць, чым рукапіс Чорнаму Воку збахрыць. Задумаўся.

— Твае хвіліны збеглі дажджом... Давай рукапіс, чарнільная душа! — сказаў здзекліва Плагіятар. — А не — знойдзеш смерць ад рукі маёй!

Творца і не думаў адчайвацца — дастаў з торбы ручнік ды торапка, напаўголаса, варажбу спрычыніў:

 

— Разгарніся сцяной, ручнік,

узніміся каменнем,

каб мухаю вораг знік!

 

 

І бачыць ён: апусцілася каменная сцяна на паляну, а Плагіятар з войскам сваім б’юцца пікамі ды алебардамі з перашкодаю нечаканаю...

Схаваў наш герой ручнік і далей спакойна пайшоў.

На другі дзень сонечным ранкам паснедаў Творца ды ўзгадаў вобраз Музы, што з’явіўся яму Сіняю Птушкаю. Аднак не паспеў нацешыцца думкаю пра дадзены менавіта ёю паратунак — падзьмуў злосны вецер, неба зацялася ў чорных хмарах, і проста яму насустрач скакалі клінам, падобным на парасячы лыч, тры атрады вершнікаў з Зайдроснікам наперадзе.

— Дзеля жадання Крывога Сэрца прадай рукапіс, і ўвойдзеш у маю армію. Тры хвіліны на роздум. Дапяў?!.

Зайздроснік загадаў акружыць падарожніка.

Творца і гэты раз не схіліў галавы, сказаў, як адрэзаў:

— Не! Рабі са мной, што хочаш, чаго прагне твая крывая душа ды сквапная зайдрасць...

— Адсекчы яму галаву! — залямантаваў махляр.

Гайдукі Крывога Сэрца кінуліся пакараць Творцу, але той выхапіў шаблю з ножнаў і выгукнуў:

 

— Шабелька маладзецкая,

пакажы моц баецкую!

 

 

Гадзіну змагаўся, другую, трэцюю — разбіў ворага ў шчэпкі.

На трэці дзень, калі дабраўся да Палаца Літаратуры, дзе размяшчаўся «Веснік натхнення», надумаў Творца паабедаць, і яшчэ не сеў, як зноў няшчасце звалілася: з пяццю атрадамі пяхоты ды вершнікаў лучае ўзяць яго ў палон Цэнзар. Крычма крычыць да сваёй паліцыі:

— Схапіць Творцу на інквізіцыю!

— Здавацца не збіраюся!

У левай руцэ Творцы зіхотка заззяў цудадзейны ліхтарык.

 

— Ліхтарык-камарык,

надзеяй свяці —

Цэнзара асляпі!

 

 

Дрыжыць зямля, маланкі неба крэсляць. Цяжка Творцу на полі бою. Верная шабля злыдняў сячэ, адбівае вострыя шаблі варожых палашоў. І пачулі звон Сябра ды Майстра — заспяшаліся на дапамогу Творцу...

Дзень героі б’юцца, другі, а пробліску на перамогу няма — панайшла дапамога да Цэнзаравай харугвы ад рэшткаў Плагіятара і Зайдросніка. Скончылася цярпенне Творцы — плюнуў ён Цэнзару ў вочы, і адкаціўся той з войскам сваім ад дарогі.

Нарэшце заходзіць Творца з Сябрам і Майстрам у рэдакцыйны пакой. Каханая іх сустракае, убачыла, што ў яе любага плячо параненае, позіркам павяла, бы святою вадой паліла, — перастала бруіцца кроў. Тут Рэдактар і ўсчаў хваласпеў:

 

— Малайчына, мужны хлапчына:

праз пекла ваяром праляцеў

і героем у Палацы сеў.

Гуляй вяселле,

ганяй чорнае зелле...

У Творцы — свята,

госцікаў мілых поўная хата...

І я там быў,

мёд-віно піў,

на вусны цякло,

ды ў рот не трапіла.

А мараль такая ў казкі:

праз пакутаў хвалі

прабіваецца талент — Музы каханне!

Нялёгка даецца чытачоў прызнанне...


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 119-123
Крыніца: скан