epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Вераснёўскае вяселле

Аповесць

1. Заляцанні пана Штыкоўскага
2. Сустрэча ў школе
3. Сонейку цесна за хмарамі
4. На паляўнічага і звер бяжыць
5. Эпілог


 

1. Заляцанні пана Штыкоўскага

Музыка аркестра зачароўвала сэрцы прысутных на вяселлі Рамуальда Штыкоўскага. Сталы прагіналіся ад заморскіх він, фаршыраваных парсючкоў, заліўнога акуня, прысмакаў, якіх не знойдзеш у сялянскай хаце. На свята з’язджаліся госці: важныя, нахабныя магнаты, што мелі ўладу ў імперыях, падобных на Рымскую ці Асманскую, тлустыя жорсткія прыгоннікі, чые мужыкі неслі падаткі й сваім лянівым гаспадарам, і каралю, які мала адрозніваўся ад паплечнікаў-васалаў, камандзіры жаўнерскіх атрадаў, чые падначаленыя агнём, мячом вынішчалі мужных паўстанцаў з бядняцкага асяроддзя.

Кожны багацей жадаў запрасіць людзей з чыстым сэрцам, светлым розумам і залатымі рукамі, без якіх свята — не ў радасць. Гэта былі знакамітыя асобы ў часы Сярэднявечча: святар праваслаўнай царквы ўсіх Пакутнікаў айцец Ігнацій, настаўнік брацкай школы Панцялей Сымон і вядомы ўсёй акрузе скрыпач Лявон Дзежка.

Рамуальд Штыкоўскі — чалавек багаты на грошы: іх столькі ў яго, хоць імі ў хаце сцены клей; але быў палахлівы на жарты ды ўсмешкі. Па разуменні пана, непакорнасць прыносіць страты, бо сяляне бунтуюць. Пасмяецца селянін на кірмашы з п’янога Рамуальда, той няшчаснага пагоніць на стайню пад гарачы бізун ці ў турму, што знаходзілася ў адной з вежаў прыгоннай цытадэлі.

За злы нораў і шыбеніцы на шляхах гаспадара Вілейшчыны ў народзе называлі Д’яблавай Рукой. Штыкоўскі марыў аб уласным шчасці, а іншыя для яго — рабы. Яго знешнасць вабіла жанчын з Белай Русі, Украіны, Польшчы, што жылі ў дзяржаве, вядомай сучаснікам як Рэч Паспалітая.

Колькі каханак служылі распуснаму Рамуальду, гісторыі невядома. Яго арліны нос, пад колер лебяды, зялёныя вочы, белыя пухлыя рукі, што нагадвалі выцягнутыя з печы булкі велізарных памераў, быццам піўная бочка — тулава, спакушалі засцянковых шляхцянак і пекных паненак. Здаралася, што пан гойсаў на кані ў пошуках непрыемнасцяў за вясковымі прыгажунямі. Тады сяляне, навучаныя горкім вопытам, хавалі сваіх дочак у суседзяў, а самі браліся за зброю, каб выгнаць ліхога чалавека з вёскі.

Так бадзяўся па свеце нашчадак Крэза, пакуль яму не споўнілася сорак шэсць гадоў — узрост, калі дзетак гадуюць, а ён яшчэ падбіраўся да дзяўчыны, маладзейшай за Рамуальда ажно на чвэрць стагоддзя.

 

Настасся Кандрацюк з ранняга дзяцінства пазнала пакуты й радасць сялянскага жыцця, якія з мёдам не параўнаць, бо прыходзяць, не папярэдзіўшы, пакідаючы адмеціну ў душы, шчаслівую ці сумную, пры імгненным знікненні. Ад маці дзяўчыне перадалася таемная асцярожнасць, хараство, талент разумець мяжу дабрыні й зла, глыбокая мудрасць. Яе сэрца дыхала цеплынёй дзівоснай, пераліўнасцю боскіх адценняў кахання. Стан Насцёны нагадваў узыход сонейка; рукамі, працавітымі й пяшчотнымі, упрыгожваліся рушнікі, сурвэткі, вязаліся у бабкі снапы жыта, ад позірку мілай красуні дачасна паспявалі на градах гуркі, бульба, капуста.

Насця — старэйшая дачка слаўнай сям’і Кандрацюкоў, дзе быў бацька, маці, тры малодшыя сястрычкі, пяць брацікаў, адзін аднаго меней, —як грыбніца баравічкоў пасля цёплага дожджыка.

Яе бацьку часцяком збівалі панскія служкі за нязгоду з самадурствам няўрымслівай дынастыі. Маною адбіралі паны зямлю жыхароў вёскі Гліннае, палітую потам і крывёю, ганьбілі дзявочы гонар, каб хваліцца гвалтоўнымі подзвігамі перад магнатамі й каралём.

Старажытнаму сялянскаму роду лез смалой у вочы непісьменны й шалёны Рамуальд. Яго мэты не мелі рэчаіснага, а набывалі для Настулі-чараўніцы тузін хваляванняў. Штыкоўскі хацеў завалодаць не толькі сэрцам непадкупнай дзяўчыны, але і шнурамі сенакосу, ворыўнай зямлі, каб павялічыць надзел злыдню-аканому. Калі пан накіраваў сватоў да Кандрацюкоў, то яго сваякі ратаваліся бегам жвавых жарабят ад гарбузоў, што траплялі важкімі ядрамі на галовы няпрошаных гасцей.

Няўдачы не перашкаджаюць задуме, таму Штыкоўскі загадаў паўтарыць нашэсце. Відавочна, ён, убачыўшы ў сне нешта дзіўнае, прыкладзе ўсе намаганні, каб прыдбаць лепшых коней, добрую зброю, купіць стражнікаў на войны й міжусобіцы.

Наляцеўшы на сям’ю, што працавала талакой на жніве, прыслугачы Д’яблавай Рукі акружылі сялян. Навёўшы пікі на маці й брацікаў дзяўчыны, панскія падбрэхачы схапілі Настулю і кінулі на луку сядла. Пад моцным канвоем яны павезлі яе ў крэпасць з мэтай абмяняць палонніцу на семдзесят залатых дукатаў.

Штыкоўскі радаваўся, як малое дзіця з новай цацкі, назіраючы з балкона гмаха на палявы гасцінец, дзе імчаўся атрад памагатых у пяцьдзесят вершнікаў з даўно чаканай здабычай. З варʼяцкім рогатам і свістам несліся гайдукі, чые дзеянні выклікалі ў бедакоў прагу ўзяцца за косы, вілы ды вісячую да пэўнай пары стрэльбу, каб задаць перцу ў пасці галодным драпежнікам. Праклён выказваўся ім штодзень і мацнеў, прыгадваючы казацкае войска ў сутычках з прыгнятальнікамі розных тытулаў.

Прывёзшы добрай душы дзяўчыну, гайдукі пакланіліся Штыкоўскаму, гамонячы:

— Ледзь злавілі царэўну-лебядзь, паважаны пане.

— Коні стаміліся ад хуткай...

— Падаем з сёдлаў... Пагублялі сілы, выконваючы даручэнні Вашай Высокасці.

Д’яблава Рука, не марудзячы, натхняе ваяроў:

— Стражнікі, у шарэнгу раўняйся, з абедам і пітвом спаткайся!

Адпусціўшы варту, Рамуальд на руках занёс Насцю праз ганак у палац, ва ўпрыгожаны золатам і срэбрам пакой. Там і распавёў з дзяўчынай размову.

— Прапаную стаць жонкай славутага рыцара Штыкоўскага. Зажывеш усім на зайздрасць: вершнікі ў ахове, брыльянты, грошы паплывуць, як акуні ў рацэ. Павандруеш па Еўропе — даведаешся пра свет болей, чым па кнігах.

Насця, няўважліва слухаючы бязглуздзіцы аматара спакушаць дзявочыя сэрцы, спакойна вымавіла:

— Цікава гаворыш, быццам на ішаку ваду вязеш... Ды чуць мне ўсё гэта непрыемна, час траціш дарэмна. Ісці да цябе ў жонкі, што шыла кінеш у пячонкі, каб мець фанабэрыстага мужа, то сэрца не дужа.

Насця змоўкла, не беручы на веру ніводнае слова крывасмока і авантурыста. Ёй адразу ўспомніўся любы Панцялей, з якім прыходзіла на святы й танцы, якога пакахала за мужнасць, вясёлы настрой і спагаду.

 

Аднак вернемся на два гады назад. У ваколіцах Гліннага ды Вілейкі не было, здавалася, такой мілай і шчырай дзяўчыны, якой з’яўлялася Насця. Заўсёды радая дапамагчы матулі прасці кросны, паглядзець за маленькімі брацікамі й сястрычкамі, на градках парадак навесці, — здаецца, не было такой працы, дзе не квітнеў бы талент слаўнай прыгажуні.

З дзіцячых гадоў падабаўся ёй Панцялейка. Падабаліся яго спевы й аповеды. Кожную сустрэчу з ім забыць ужо было немагчыма. Калі прыйшоў час юнацтва, даверыла сваё трапяткое сэрца Панцялею, тады ўжо выпускніку брацкай школы. Пакляліся яны берагчы таемнае каханне. Ды сапсаваў настрой пан Штыкоўскі, неспадзявана завітаўшы да вялікага дуба, дзе мілаваліся яны. Накінуўся Рамуальд на Панцялея, але юнак не разгубіўся, выхапіў панскую шаблю, якой і параніў яе ўладара. Два тыдні хварэў Штыкоўскі, збіраўся пакараць хлопца, але не на жарт перапужаўся: гэтак можна пазбавіцца стайні й гумна, што раптам згараць уначы. Аняго ж — прычапіся да сына казацкага старшыны, зусім застацца лёгка без маёнтка. Таму Д’яблава Рука захаваў недавер да закаханых, імкнучыся пры нагодзе адпомсціць ім.

А вось жаданне помсты ў нашай гераіні ўзнікла тады, калі яе бацька расказаў, што дзед стаў рэкрутам за нявыплату чыншу Альфрэду Штыкоўскаму. Выходзіла, што пляменнік пераплюнуў дзядзьку па жорсткасці.

Штыкоўскаму не даспадобы цішыня Насцёны, і ён, нервуючыся, прагугнявіў просьбу. Затым выняў з ножнаў палаш і, кладучы зброю пры левай руцэ, паказаў крамневы пісталет, што зноў заняў месца ў кішэні.

Адчуўшы дзявочае здзіўленне, пан залямантаваў, нібы певень прад куркамі:

— Не хочаш па-харошаму, добраахвотна, то пасядзіш тыдзень у цямніцы, пакуль розуму набярэшся, а там — выйдзеш маёй жонкай. Выбар, Насця, у цябе ёсць: жыццё пад дахам з заможным чалавекам ці пакаранне перад хлопамі.

Насцёна ўсміхнулася з планаў Рамуальда і выказала абурэнне:

— Калі ты вядомы, што той пень сасновы, шукай сабе выбранніцу з магнацкай дарогі, няхай жа гарыць гарам дурня абяцаная воля, дзе бізун палюе за словам.

Не чакаючы нічога кепскага, Штыкоўскі заўважыў, што хутка застанецца з носам, калі працягне тачыць лясы з гэтай дзяўчынай. І ён паклікаў аканома:

— Дзе швэндаецца Бахус? Хай збан з віном абдыме, калі выканае волю сябрука!

Не паспела праляцець канарэйкай хвіліна, як прыплёўся, ледзь трымаючыся на нагах, галоўны панскі кат.

Варта падрабязней спыніцца на апісанні Качаргі. За пяцьдзесят з гакам гадоў Бахус служыў дзесятку багацеяў ды дзербануць любіў. Чаго ж адмаўляцца, калі за пітво не трэба плаціць са сваёй кішэні. У свеце, дзе з пашанай ставяцца да шабельнага ляза і адчайнай сілы, для яго не існаваў жах ні ў баталіях, ні ў здзеках над жыхарамі вёсак і мястэчак.

Аканом, прыкладваючы два пальцы да капелюша, спрычыніў:

— Ваша Высокасць, хто турбуе спакой нашчадка дзядзькі Альфрэда?

Рамуальд збянтэжана закрычаў:

— Насцю — у астрог, каб неба ў краты здалося.

Бахус зарагатаў на п’яную галаву:

— Няма лягчэй справы, чым гэтая, пане Рамуальд.

Штыкоўскі падштурхнуў служку, які пацягнуў у халодны пакой турмы дачку Янкі Кандрацюка. Качаргу акружылі чатыры гайдукі паўколам, аберагаючы, напэўна, яго ад справядлівага мужыцкага гневу.

 

Застаўшыся сам-насам, Штыкоўскі сур’ёзна задумаўся. Чорныя думкі насоўваліся тупой дзідай, не даючы ні кроплі розуму, каб не пачаць лаяцца, на чым свет трымаецца:

«Глядзі ж, уцячы хоча ад кавалера Рамуальда. Які ж я пан, калі дазволю так абражаць сямейную дынастыю. Мужыкі спяць у шапку наконт палявання, а там пазнаёмяць з асінай ці сасной за старыя грахі. Няхай ведаюць, што бязлітаснасць — мая зброя».

 

2. Сустрэча ў школе

Пакінем Д’яблаву Руку ў роздуме над асабістым лёсам і малазразумелай будучыняй, і паляцім на дыване-самалёце ў Вілейскую брацкую школу на ўрок чыстапісання да настаўніка Панцялея Сымона.

Да дваццацічатырохгадовага хлопца заўсёды хадзілі з крыўдамі, скаргамі й няўдачамі. Гэта быў высокі плячысты малады чалавек, з добрымі чорнымі вачыма, з чулым сэрцам, якое бадзёрыла вучняў, радавала мужыкоў. Вясёлы голас Панцялея знаходзіў падтрымку падчас Калядаў, Троіцы і ў Вялікдзень, дзе ён спяваў і граў на гармоніку. Залацістыя валасы віліся кудзерамі, прычосваліся ў любое надвор’е. Рукі хлопца ў мазалях ад фізічнай працы: ад касы, што летняй раніцай просіцца на пакос, ад сякеры, што рубіць галлё не горш, чым у панскіх палясоўшчыкаў, ад паслухмянага яму плуга. Настаўніка ўхвалялі жыхары Гліннага як стралка, які з аднаго стрэлу пацэльна трапляў са стрэльбы ў мішэнь. А ў барацьбе і фехтаванні хлопец заўсёды трымаў марку перад прыслугачамі багатых людзей. У вольны ад працы й заняткаў час Панцялея цікавілі кнігі, якіх тады было мала, але тое-сёе ўдавалася прачытаць.

Архіп Сымон — чалавек служылы. З 1649 па 1657 гады з Палівадой, Галотам палохаў паноў, магнатаў, войтаў і цівуноў на лініі Бабруйск—Койданава—Заслаўе, падпальваючы маёнткі, фальваркі, замкі, палацы, наводзячы сапраўдны жах на іх гаспадароў. За смеласць і рашучасць, мужнасць і прадбачнасць абралі сяляне Архіпа казацкім старшыной. Вельмі хацелася старому, каб сыны выйшлі ў свет адукаванымі; веды ж на спіне цягаць не трэба, а жыццё сумнае: сёння — на кані, а заўтра цыгане вернага памочніка могуць сцягнуць.

Панцялей пасля брацкай школы паступіў вучыцца ў Віленскі калегіюм. Хлопцу сталі яшчэ больш давяраць, калі ён закончыў установу вальналюбства. На той віхурны час падобных поспехаў дасягаў не кожны.

Малодшы брат настаўніка наўздзіў патрапіў ісці бацькавымі сцежкамі. Як і Панцялей, атрымаў курс школьных навук, потым служыў у казацкай сотні й дапамагаў старому, беручыся за гуж, у нялёгкай справе. Радаваўся Архіп, пазіраючы на здольнасці сыноў: старэйшага ў рабоце з дзеткамі, малодшага — на ратным полі.

Сям’я Сымонаў жыла ў вёсцы Гліннае паблізу ад выгану, дзе праходзіў шлях з Вілейкі на Ашмяны.

Працуючы ў школе, настаўнік паважліва ставіўся да сваіх выхаванцаў, адначасова будучы справядлівым і патрабавальным. Што ж гаварыць, калі войска без дысцыпліны разбяжыцца, куды бура прынясе, то школьнікі й падаўна апярэдзяць салдат у даволі арыгінальных учынках і дзеяннях.

Выказвала падзяку Панцялею і Насця, бо хлопец навучыў яе чытанню і пісьму. З дзіцячых гадоў працягвалася сяброўства, моцнае і ласкавае пачуццё ўзаемнасці. Маладыя марылі аб вяселлі, што мусіла адбыцца дзесьці ў сярэдзіне кастрычніка 1659 года, на Пакровы.

Некалькі месяцаў заставалася да гэтага цудоўнага свята.

...Паказваючы на дошцы элементы правапісу беларускіх літар, Панцялей хадзіў па класным пакоі, час ад часу правяраючы работы малых выхаванцаў.

Загрукаталі жалобна дзверы. «Хто ж мог да мяне завітаць?» Такія думкі закранулі сэрца настаўніка.

— Перапісвайце словы з дошкі, я хутка прыйду, — сказаў ён вучням.

У калідоры Панцялей прыкмеціў Янку, які, трымаючы ў руцэ брыль, з адчаем сардэчным распавёў:

— Бяда звалілася на мае плечы, Панцялейка. Наляцеў Бахус-Качарга, аканом Штыкоўскага, на нашу сямейку са злыднямі-ваўкалакамі ды скраў... — у старога раптоўна паліліся горкія слёзы, — Насцю. Пакуль я за стрэльбу схапіўся, бандытаў і след прастыў... Ратуй, браток, сваю каханую ад ганьбы... Шкада, што ты калісьці не зарубіў гэтага прайдзісвета, цяпер бы ажаніўся з Насцёнай і жыў спакойна.

— Дзядзька Янук, дапамагу я табе, а пана Штыкоўскага не пужайся. Разам з маім бацькам збірай мужыкоў глінскіх у лесе. Закарцела Д’яблавай Руцэ на ражон цягнуцца, але мы зробім хітрэй за багацея.

— Няхай здароўе і сіла не пакінуць спагадлівага сына Архіпа. Петрусю скажыце, што без яго немагчыма вастрыць зброю на Штыкоўскага, — працягваў старэйшы з Кандрацюкоў.

— Да сустрэчы, дзядзька Янка, дабярэмся да нягодніка, які ласы да чужых дзяўчат. Пазыку трэба вяртаць пану ды такую, каб на ўсё жыццё запомніў.

Настаўнік развітаўся з мужным праўдашукальнікам, зайшоў у клас, дзе яго вучні выпісвалі словы, асвятляючы дзіцячымі ўсмешкамі спакой.

 

Янка Кандрацюк шыбаваў у бок Гліннага, каб паказаць неўзабаве Штыкоўскаму, колькі каштуе фунт ліха для гонару панскага. Сапраўды, цярпенне можа мець канец, калі багата нягод неспадзявана сустракаюцца на шляху да волі. Зведаўшы шмат пакутаў, Янка разумеў складанае становішча, у якім апынуўся. Панцялею ён верыў: калі малады настаўнік абяцае камусьці з сялян, то ўсё тое ж і зробіць. За сумленне і добразычлівасць яго ўхвалялі жыхары Гліннага.

Загучалі званы мелодыяй адпачынку, падобныя на музыку-салаўя. Панцялей звярнуўся да школьнікаў:

— Дзеці, вы свабодныя, заняткаў сёння не будзе. Прывітанне бацькам да свята ўраджаю.

Вучні хуценька пакінулі класны пакой.

Малады чалавек задумаўся, якім чынам можна падбадзёрыць Насцю. Вестачку трэба даць абавязкова. Ён ведаў, што варта запранаваць турэмшчыку кварту гарэліцы й пару дукатаў, ліст дойдзе да адрасата. Але рызыка тут ёсць: раптам які-небудзь адукаваны вартаўнік прачытае пісьмо, тады астрог будзе чакаць аўтара.

А калі не звяртацца да змрочных ахоўнікаў і паспрабаваць іншыя варыянты ліставання ў цямніцу, напрыклад, праз святароў? Панцялей дадзеныя акалічнасці трывала ведаў, неаднойчы выратоўваў сяброў ад бяды.

І ён сеў за стол, наблізіў чарнільніцу, узяў гусінае пяро і напісаў на аркушы паперы наступныя радкі:

«Дзень добры, мая каханая!

Вятры няўдач дыхаюць супроць нашых мрояў і імкненняў чысціні, збіраючыся зруйнаваць справядлівасць кахання. Выратую цябе з палону халадоў і цемры жахаў. Не бойся гіцаляў і іх памагатых. Чэрцям не дазволена псаваць настрой.

Твой Панцялей, 1659 год, жнівень, 27 дзень.

Р.S. Ліст знішчы».

Пакідаючы двор вучэбнай установы, ля брамы Панцялей убачыў айца Ігнація. Святар здзівіў хлопца сваёй прапановай:

— Мой сын, нас запрасіў пан Штыкоўскі на вяселле ў свой родавы замак. Пойдзем туды, але Гасподзь і я хочам, каб ты пакляўся на крыжы, што выб’еш з каляіны памочніка Сатаны.

— Святы айцец, лоб ваўкалака даўно па гузаку сохне. Чым жа вас пакрыўдзіў гэты антыхрыст?

— Рабаўніцтвам у выглядзе падаткаў. Наклаў на царкву столькі падаткаў — з паветра дукаты робіць. А як табе Штыкоўскі дарогу перабег?

— Любую сцягнуў... Цяпер вяселле наладжвае.

— Што рабіць думаеш?

— Насцю вызваляць. Хоць цяжка, але адступаць няма куды.

— Ці не трапім у пастку да звера, Панцялей?

— А калі ён да нас у клетку патрапіць, айцец Ігнацій?

— І такое можа быць. Паслухай жа мяне, старога: мечам размахвае Д’яблава Рука перад табой і Насцяй Кандрацюк. Пан не здаўмее, што ён трэці лішні, таму праўдамі й няпраўдамі дабіваецца свайго. Хлуснёй хваліцца перад жанчынамі й дзяўчатамі. Наступствы нянавісці тырана непрадказальныя.

— Айцец Ігнацій, пры сутычцы з Рамуальдам на чый бок вы станеце?

— Панцялей, у цябе з Настассяй адбыліся заручыны. Таму памятаеш мае абяцанні, шаноўны настаўнік?

— Вы казалі, што вяселле адбудзецца на славу нам і бацькам. Толькі ставіць палкі ў колы Штыкоўскі, ён чалавек неўраўнаважаны. Бойка — для яго дробязі. Шкада, не падрыхтуем стрэльбы на дурня з аркебузай.

— Не хвалюйся, значным справам свой час. Значыць, з Боскай воляй адолеем Д’яблаву Руку!

Малады чалавек выняў з плашча ліст, гаворачы святару:

— Перадайце Настассі падарунак, яна чакае вестачку ад мяне. Вы часта бываеце ў замку Рамуальда.

Настаўніка заінтрыгавала адносная лёгкасць у вырашэнні задачы са шматлікімі невядомымі. Здавалася, пытанням і адказам не хопіць яснага дня.

— Тваю просьбу выканаю, нягледзячы на пагрозлівыя выклікі ваяк Бахуса Качаргі. Пра асцярожнасць не забыў, шаноўны сябра?

— Пра гэта памятаю.

— Да сустрэчы на вяселлі.

— Навошта спяшыць, яшчэ збяромся ў Глінскім лесе. А потым — у замку.

— Ці не пойдуць чуткі сярод панскіх стражнікаў, што айцец Ігнацій спачувае бедакам?

— Няхай па іх Пярун ударыць, калі так падумаюць. А веру на багацце Штыкоўскага не жадаю, не хачу мяняць.

— У лесе будуць дазоры з вясковых хлопцаў і мужыкоў, таму рабіце ўсё, што загадаюць, каб без прыгодаў дабрацца да прызначанага месца.

— Добра. Малюся за вас, маладых.

Сяброўства цэніцца сумленнымі людзьмі вышэй за бляск золата і выпрабоўваецца праз жыццёвыя поспехі й няўдачы. Абставіны складваліся на карысць мужных людзей: пры падтрымцы святара варта рызыкаваць, а Янка апраўдае давер — Панцялей у гэтым не сумняваўся. Да таго ж шэсць дзён у запасе.

Настаўнік і святар развіталіся. Кожны з іх папраставаў сваім шляхам, мяркуючы ў хуткім часе сустрэцца...

 

3. Сонейку цесна за хмарамі

Сцежкі, гасцінцы, шляхі. Колькі іх раскінулася па родным краі, немагчыма пералічыць. Кожная дарожка можа вам распавесці пра змаганне беларусаў за свабоду, дзе пралілася кроў мужных людзей, дзе панам няўтульна адчуваецца, дзе цівуны баяцца бываць без моцнай варты, дзе стражнікі ходзяць, азіраючыся на ледзь чутны шолах дрэў ці кустоў.

Па адной з такіх сцежак ідзе з Вілейкі ў Гліннае каржакаваты, падобны на волата, мужык. Чорныя кучары выглядаюць з-пад саламянага брыля, на плячах — даматканая світка з чорна-чырвоным арнаментам, калашыны нагавіцаў здзіўляюць сваёй бялюткай чысцінёй, на нагах — сплеценыя з лыка лапці. Як вы здагадаліся, гэта Янка Кандрацюк вяртаецца ад настаўніка, каб параіцца з Архіпам, якім чынам зрабіць панскім прыслугачам неба ў фіялетавых хмарах.

Неўзабаве чуецца трэск галля, потым куванне зязюлі. Селянін раптам спыняецца. Хтосьці яго кліча:

— Гэй, дружа, куды спяшаешся?

— А ты кім будзеш, мілы чалавек? — спытаў Янка.

— Твой сусед, які марыць пажаніць свайго сына з пекнай Настай!

— Архіп, здарова! Вось не думаў убачыць цябе ў гушчары лесу. Чаму туляешся, што той бадзяга?

— Зайцоў страляю, не пакідаць гэтае дабро толькі Штыкоўскаму ды Качарзе.

— Твая праўда, казак. Ці хочаш Бахусу звярнуць шыю ў Глінскай глушэчы?

— Ведаеш, з ім у мяне даўнія рахункі. Пакраў нягоднік, ліха яго матары, вясной у мяне парсючкоў, а сядзець ды глядзець на прайдзісвета прыкра. Таму я тут. І не адзін. Прадчуваў, што ў цябе, Іване, няшчасце здарылася. Нездарма ў Вілейку хадзіў. Раскажы мне, і я знайду нядобразычліўцаў там, дзе яны не чакаюць.

Янка коратка пераказаў гісторыю, дапоўніў аповед пра сустрэчу з Панцялеем. Па меры таго, як Архіп азнаёміўся з суседавай бядой, казацкі старшына зразумеў, што ніякага спачування панам і аканомам не прадбачыцца. А дапамагчы Янку не адмовіўся. Таму Архіп суцешыў сябра:

— Зараз вяртайся дадому, супакой жонку і дзетак, да мяне прыйдзеш заўтра з раніцы. Спадзяюся, што да нас далучыцца айцец Ігнацій і шмат мужных хлопцаў, якім надта надакучыла цярпець выбрыкі пана і яго хеўры.

 

У той самы час, калі Янка з Архіпам абмяркоўвалі ў лесе беды, з якімі сустрэліся, у Вілейцы, каля ўваходу ў царкву ўсіх Пакутнікаў, Панцялей убачыў свайго сябра, скрыпача Лявона Дзежку. Нямала здзівіліся маладыя людзі, настаўнік і музыкант, такому непрадбачнаму выпадку. Пажартаваць любіў Лявон, таму пацікавіўся ў Панцялея:

— Няўжо грахі адмольваць з’явіўся, святы чалавек?

— А як жа жыць, калі грахоў поўная фурманка? — пытаннем на пытанне адказаў хлопец.

Адвёўшы Панцялея на дарогу, скрыпач пачаў гаварыць упаўголаса тое, што яго турбавала:

— Учора вечарам завітаў у мой дом пан Штыкоўкі з аховай, загадаў, каб праз дзён пяць граў на адным вяселлі ў замку. Калі ж сумленне пачало ўзнікаць, то гэты лайдак паабяцаў выбіраць паміж тытулам прыдворнага музыкі альбо смерцю на палі. Жонка адразу ў слёзы, і я згадзіўся дзеля яе жыцця, хоць служыць ахламону няма ахвоты. Паміраць можна з музыкай. Праўда, не ўцямлю, навошта мне панскі хамут, калі без яго жыў добра: граў на скрыпцы ў мястэчках і вёсках, спяваў у царкоўным хоры, таму захацелася параіцца з табой наконт сумнай будучыні.

— Перад тым, як забаўляць пана, наладжвай скрыпачку на лясныя гукі птушак, карысна стане... Лявон, без цябе нашы задумы не здзейсняцца.

— Ясна, Панцялей. Толькі якую ролю наканавана сыграць мне?

— Раскажу пры сустрэчы ў мясцінах побач з Глінным.

— Зразумеў... Не след шпегам Качаргі працу даваць.

Праз некаторы час сябры апынуліся на кірмашы, а потым разышліся хто куды...

 

Прадчуваў Штыкоўскі, што ўласнае глупства дорага каштуе, ды бед новых пазбавіцца наўрад ці лёгка. Хвалявацца была прычына: накіруе ён сваіх лёкаяў за падаткамі ў Гліннае і суседнія Калачы, ды ягоныя паплечнікі вяртаюцца ў замак ледзь жывыя... без зброі й коней. На роспыты пана адказваюць тое самае: паехалі з горада па гасцінцу, збочылі на лясную сцежку, а што было далей, не памятаюць. Нехта невядомы скідваў іх з коней. Пакуль гора-ваякі ачуняюць, азірнуцца навокал, а іх шаблі й кінжалы, пікі й стрэльбы быццам вяпрук з’еў...

Такія навіны не радавалі Рамуальда. Як жа — яго смелая армія наймітаў церпіць паразы ў сутычках, зусім не падобныя на ваенныя бітвы. Неаднойчы ён чухаў патыліцу, разважаючы, з кім у апошні час пасварыўся ці каго ў нечым пакрыўдзіў. Вясёлага мала: калі так і далей пойдзе, то прыйдзецца новае войска набіраць. Ахвотнікаў ісці да яго на службу, што горкай рэдзькай пачаставацца.

Згубіў пан спакой, сон. Хвалюецца, лае лёс апошнімі словамі. Памылкі за імгненне не выправіш. Колькі тысяч дукатаў патрабуецца, каб паказаць свой ваярскі гонар перад славутымі магнатамі Рэчы Паспалітай. Ягоныя планы парушалі й парушаюць сяляне, змарнаваныя невыносным жыццём і цяжарам даніны. Штыкоўскі прытрымліваўся аднаго прынцыпу: палоннікаў з астрога не выпускаць, вяселле згуляе ў любым выпадку.

Ды не след заракацца раней часу фанабэрыстаму пану, бо каб сканаць не прыйшлося ад людской злосці-нянавісці.

...Цямнела. Набліжаўся вечар. На палянцы, атуленай з усіх бакоў хвоямі, чырвонымі языкамі гаманіла вогнішча. Тут сабраліся Панцялей, Пятрусь, Архіп. Праз колькі хвілін прыехалі Дзежка, айцец Ігнацій, Кандрацюк...

Перад прысутнымі з палымянай прамовай пачаў рэй настаўнік:

— Мае верныя сябры, нас аб’яднала агульная для ўсіх і кожнага паасобку бяда: пан Штыкоўскі, першы ў акрузе рабаўнік, гвалтам забраў у замак Настулю, дачку Янкі. Хачу пачуць парады ад вас, браткі-казакі. Ці згодзімся з вяселлем Рамуальда, ці пакажам, чым вартыя вілейскія, глінскія і калачоўскія мужыкі?

Пасля слоў Панцялея на нейкую хвілю ўсталявалася цішыня. Барацьбіты абдумвалі, як трапна выказаць уласны гнеў.

— Паганцам-нехрысцям — невылечная хвароба і агонь у шыкоўныя харомы, а не глінскіх дзяўчат! — з насмешкай прагучаў голас Янкі.

— Лепш загінуць, чым прызнаць гулянку прайдзісвета! — пагрозліва выказаўся Архіп.

— Царква не дасць згоду, інакш святар згубіць прыхаджан і вернікаў, а Боская кара дакранецца да ўсіх, хто спрычыніўся да ўхвалення граху, — сказаў сваё слова айцец Ігнацій.

— Узяць у Д’яблавай Рукі грошыкі... і Насцю, калі завітаем у госцікі! — з посміхам скаламбурыў Лявон.

— Паколькі я са старэйшым сынам Архіпа і музыкам Лявонам будзем у замку па запрашэнні, дык нам няма чаго хавацца... — І далей айцец Ігнацій гаварыў, што ад аблогі карысці столькі, колькі ад казла малака.— Самі згадаецеся: высокія муры ўяўляюць крэпасць каменнай гарой, таму згуляем з Рамуальдам у хованкі. Атаманы, знаходзьце пазіцыі —і ні гуку ў вёсцы, ні ў ваколіцах...

І тут падняўся з месца Архіп. У мужнай постаці казацкага старшыны паўстанцы прыкмецілі чалавека надзейнага, сціплага, вопытнага камандзіра і выбітнага стралка з усіх відаў тагачаснай зброі. Яго прамова, рашучая і павольная, натхніла людзей гонару на смелыя ўчынкі, што адгукнуцца градам цяжкасцяў для навакольных багацеяў:

— Нашы паплечнікі, жартуючы са Штыкоўскім, на свяце вызваляюць Насцю, сялянскі атрад на чале з Янкам рушыць у крэпасць праз паўднёвую браму. Усе будуць у форме стражнікаў пана Кабыльскага. Як толькі будуць звязаны ваякі Бахуса Качаргі, трэба тут жа адчыніць мост з усходняй сцяны. Праз адкрыты ўваход казацкая сотня з Петрусём уступіць у бітву з харугвамі гасцей. Пасля штурму я з часткай вояў бярэм паўночны пад’езд, дзе найбольш умацаваная абарона. Вызваляем вязняў з панскага астрога, згуртоўваем сілы — казацкія, вясковыя, пад прыкрыццем руінаў збочым на прасторы свабоды. Паміж глінскім лесам і ўскрайкам Язэпавай багны ёсць сцяжынка, што вядзе ў такі гушчар, дзе схавацца могуць некалькі нашых аддзелаў... Туды ніякі чорт не сунецца. А ў ваколіцах Гліннага— мы гаспадары. Нас абяцалі падтрымаць мужыкі з Калачоў і асобныя вілейскія месцічы, якім надакучыў хамут Штыкоўскага і астатняга панства. Хлопцы, за справу!

— Бацька, які ўмоўны знак для наступу атрымае Янка?

— Матыў песенькі «Лятуць гусі з-пад Беларусі».

— Наладжвай скрыпачку, Лявоне, няхай рытм праўды сабʼе з панталыку Рамуальда Штыкоўскага. Не заўсёды кату сырніца, а пану — новыя боты.

План паўстання засведчылі героі, дапоўніўшы дэталі варыянтамі на выпадак няўдач. Зразумела, усе шчырыя думкі запомнілі, не давяраючы паперы.

...Няма сумнення ў тым, што ў казематы няволі прыходзяць пісьмы ад людзей, якім асабліва давяраеш. Так здарылася з Насцяй Кандрацюк. Атрымаўшы ліст ад каханага, да яе вярнулася вера ў вызваленне з халоднай каморы, надзея на вяселле з Панцялеем, малатурботнае жыццё з любым, імкненні да выратавання ад нахабніка блакітных крывей. Дзяўчына марыла, каб пашанцавала бацьку ўбачыць непаўторны вясельны абрад, каб браты й сёстры змаглі патанчыць на свяце, каб маці не баялася за яе лёс. Што тычыцца зносін са Штыкоўскім, то Насця ўзненавідзела пана так, нібы бура вогненная ахапіла карабель пакутаў. Яна адчувала, што аднавяскоўцы пачастуюць ашуканца на банкеце, чамусьці названым вяселлем. Дзякуючы падтрымцы айца Ігнація і Бога, яна ведала, як паводзіць сябе на гульбе пана.

Усмешка натхнення заярчэла на тварыку чараўніцы, калі святар распавёў, што сярод гасцей будзе яе сябар, вілейскі настаўнік Панцялей Сымон. Насця тады шчыра сказала:

— Сонейку цесна за хмарамі.

 

4. На паляўнічага і звер бяжыць

Мінула колькі дзён пасля дамовы сялян і казакоў наконт справядлівага супраціўлення ў Вілейскай акрузе. Сёння адбудзецца шлюбнае свята Рамуальда Штыкоўскага і Настассі Кандрацюк.

Госці, якія час ад часу прыязджалі, размяшчаліся ва ўтульных пакоях, залах замка. Шмат варты прывезлі паны, баючыся казацкіх загонаў Міхненкі, Бутрыма, атрадаў шышоў і яшчэ невядома каго. Таму крэпасць Рамуальда ахоўвалася, нібы каралеўская рэзідэнцыя ў мірны час. У кожнай байніцы сядзелі лёкаі з мушкетамі, ля цытадэлі, дзе варушыліся артылерысты, прыцягнута і замацавана было сем марцір. З заходняй сцяны пагрозліва выглядвала зграя чорных гакаўніц, паказваючы сваю непрыступную веліч. Апрача існуючай ужо зброі недаверліва касіліся тры гарматы...

Памыляўся пан з памагатымі ды амаль і ўсе госці, што гульба працягнецца на тыдзень, што яго незлічонае багацце пераканае дзяўчыну хутчэй спяшацца замуж, што вяселле прагрыміць на ўсю Рэч Паспалітую. Нягледзячы на поўную таямніцу і не меншую асцярогу, Рамуальд не думаў, што яму нехта перасячэ сцяжынку. Штыкоўскаму здавалася: Насця належыць толькі яму, а для канкурэнтаў дастаткова свінцовага падарунка ці вострага палаша.

Няхай пан ледзь разбіраў лаціну, не складаў лістоў, аднак зброю выкарыстоўваў у зручны час. У магнацкім свеце Штыкоўскі праславіў сваё прозвішча дуэлямі, сваркамі, звадамі, бойкамі, што ўзнікалі без патрэбных на тое прычын. Нашчадкі соцень знявечаных, закатаваных, забітых верылі, што спланаваныя і рашучыя дзеянні адвучаць Дʼяблаву Руку ад благіх учынкаў. Аднак мы не будзем забягаць наперад наступным падзеям.

У зале, аздобленай сямейнымі гербамі, партрэтамі Штыкоўскіх, зброяй, сабраліся госці, запрошаныя гаспадаром. Панскія служкі дапамагалі ім заняць адпаведныя месцы за сталамі. Ля камінаў мітусіліся лёкаі, падкідваючы сухое галлё ў агонь, каб ніхто, крый Божа, не захварэў і не змёрз.

У кутку, каля партрэтнай галерэі пана, гучаў аркестр, які Рамуальд выпісаў ажно з Лівоніі, палічыўшы за небяспеку наймаць мясцовых майстроў ліры. Каб не ганарыцца багаццем, ён хацеў паслухаць мелодыі Лявона Дзежкі, якому імкнуўся даверыць тытул прыдворнага музыкі, калі апошні ўдала выканае жаданні маладых на вяселлі.

Трэба сказаць, што Лявон, старэйшы сябар Панцялея, зведаў у жыцці й добрага, і кепскага. Ужо з дзесяці гадоў Дзежка граў на скрыпачцы так, што яму не было роўных у акрузе. У дванаццаць трапіў пад гарачую руку пана Кабыльскага, ад якога праз год паспяхова ўцёк. Потым — вучоба ў Кракаўскай кансерваторыі, дзе Лявон хаваў сялянскае паходжанне, каб назапасіць грунтоўныя веды па музыцы — царыцы прыгожага мастацтва. Вярнуўся ў родныя мясціны, пайшоў гітарыстам у тэатр шляхціца Залятовіча, гаспадар якога не адрозніваўся ні літасцю, ні кемлівасцю. У 1657 годзе ажаніўся з дачкой цесляра Марыляй Гойшак, перабраўся ў Вілейку, там яго прыняў у царкоўны хор айцец Ігнацій. За дваццаць сем гадоў віхурнага жыцця Лявону ўпершыню ўсміхнулася прафесійнае шчасце.

Загадаў Рамуальд, каб Насці прывезлі шыкоўны шлюбны строй з Варшавы, ад мясцовых майстроў. Дзяўчына ў белай сукенцы прыгадвала прынцэсу, што выходзіць замуж не па сваёй добрай волі й згодзе.

Па правы бок ад Штыкоўскага і Насці сядзелі магнаты, шляхціцы, паны ды іншыя знакамітасці з багатых, а па левы — святар, настаўнік і музыкант, вышэйшыя чыны войска магнатэрыі й панства. Настаў момант, які вырашыць далейшы лёс герояў.

Дʼяблава Рука запрасіў да сябе айца Ігнація, прашаптаўшы:

— Пачынай вянчанне!

Падыходзячы да іконы з выявай Марыі-Магдалены, святар паклікаў Настассю. Яго ўпэўнены голас чуўся ў далёкіх кутках залы:

— Сёння Бог з’яднае маладых, якія абралі цярністы вянок сумеснага жыцця на доўгія і шчаслівыя гады. Хрыстос звяртаецца да Вас, ці гатовы прызнаць адно аднаго і абмяняцца шлюбнымі пярсцёнкамі, каб зрабіць дзень вяселля неўміручым святам новай сям’і?

Штыкоўкі, выконваючы абрад, удумліва прамовіў:

— Так, айцец Ігнацій, стаміўся ад бясконцай адзіноты, а жыццё — палёт матылька.

Святар спакойна працягваў:

— Ад шчырага сэрца бярэш у жонкі рабу Боскую Настассю або з распусты?

Мроілася Рамуальду Штыкоўскаму, што святу канец. Ён з дрыжыкамі на сэрцы супраціўляўся царкве і патрыярхальным звычаям, кідаючы стрэлы атручаныя на нябачных ворагаў, думна прыгаворваючы:

«Святоша! Чорт у сутане з залатым крыжом на грудзях. Вось хто мне перашкаджае. Адгуляю вяселле, за цябе вазьмуся, вядзьмак!»

І на яве, і ў марах пан шукаў прычыну, магчыма, не адну, каб весці гутарку з айцом Ігнаціем на шпагах ці пісталетах. Як жа ўтаймаваць чалавека, у якога багаты прыход на Вілейшчыне, які рупіцца пра жабракоў, нямоглых і бедакоў, забяспечваючы іх зернем і насеннем ва няўродлівыя гады. Самаўпэўненасці Штыкоўскі надаваў моц, каб запалохаць словам ці дзеяннем слабейшых за яго. Да больш уплывовых асобаў чапляцца ён не жадаў: гузакі на роўным месцы атрымаць лёгка, потым ад сораму нікуды не збяжыш.

Айцец Ігнацій павярнуўся да красуні й спытаў:

— Ці гатова раба Боская Настасся прызнаць навекі мужам раба Боскага Рамуальда?

Дзяўчына, на нейкае імгненне сустрэўшыся позіркам з Панцялеем, прашчабятала:

— Пры ўмове, якую пан Штыкоўскі павінен прыняць, калі ён разумны чалавек.

«Што ж скажа мілая сяброўка?» — захваляваўся малады настаўнік.

Заінтрыгаваў паноў, магнатаў і самога ўладара замка рэзкі, кручыністы паварот на вяселлі. Дзе ж такое было, каб абранніца капрызнічала ў такі адказны момант? Прыгадаем: Настассі выпала роля адцягнуць пільнасць і ўвагу Штыкоўскага, каб той не змог выклікаць бяду ў апошнія хвіліны. Прадбачлівасць паражэнняў не прыносіць.

Не марыў пан пра паласу непрыемнасцяў у час расставання з адзіноцтвам. Быццам праглядзеў вынікі на сто вёрстаў наперад, але прыпыніўся яго спрыт на хвалістай дарозе кахання. Цярпі, Д’яблава Рука, выкрутасы Насці, каб табе ліха ў чуб уплялося!

— Мая нявеста, рабі ўсё, што пажадаеш! — згадзіўся Рамуальд.

Дзяўчына ў дзівосным росквіце маладосці, непаўторна прыгожая станам, лёгка махнуўшы ручкай, анёльскім галаском шчыра праспявала:

— Зайграй, Лявоне, роднай зямлі продкаў сумленных песеньку, каб пачулі лясы, рачулкі вясёлыя, азёры ласкавыя, гаспадары пушчаў і дубраў, гаёў і бароў!

З неверагоднай дабрынёй палілася таемна-пяшчотная музыка жалейкі, вабячы радасцю жыцця наваколле, асалодай велічы — прыроду, неўміручыя надзеі на лепшае. Гукі, нібы струны ўпэўненасці, захаплялі сэрцы багацеяў і беднякоў, графаў і князёў.

Рамуальд стаміўся ад яскравых гукаў вясельнай песні, чакаючы канца варажбы Насцёны. Цяпер пахвалёны жаніх дапяў, што разам з войскам і зброяй не да перамогаў ні ў асабістым жыцці, ні на ратным полі.

Прысеўшы на лаву, стаў шукаць выйсця з забаўнага становішча: жаніцьбу задумаў ён; колькі хвілін — і ўжо муж Насці Кандрацюк, толькі здарыцца інакш, калі дзяўчына раптам назаве больш надзейнага — Панцялея ці Петруся, чым лясун не жартуе. Мабыць, Д’яблаву Руку заблыталі ў трох елках, каб не будаваў шкляныя замкі наконт вяселля, калі захочацца выбрыкі ў сілу пусціць, а шляхі адрэзаны.

Нібы гром у сонечны дзень, загрымела напружана гармата, спакой замкавых сцен абудзіла страляніна.

Рамуальд Штыкоўскі не ўцяміў адразу, чаму каменне з нябёсаў сыплецца. Але свядомасць хутка вярнулася, калі святар ўпаўголаса гаварыў пра небяспеку. Ён заўважыў: прапусціш хвіліну — не вернеш гадзіну, знікне з туманам шчасце маладых, таму спакойна прачытаў малітву:

— Дачка мая, няхай Бог дапаможа выбраць табе пачэснага мужа, каб любы абараніў каханне ад ганьбы, сораму і разлук.

Вясковая багіня пасля слоў святара вырашыла дзейнічаць хутка, каб Штыкоўскаму мала не здалося. Яна паклікала Панцялея і вымавіла:

— Вось мой каханы!.. Цяпер айцец Ігнацій асвеціць наша вяселле, якое згуляем у Глінным.

Пан закрычаў у роспачы:

— Здрада! Мяне смяротна пакрыўдзілі. Я выклікаю Панцялея на двубой, даказаць праўду пра нявесту рыцарскімі ўчынкамі.

Айцец Ігнацій заступіўся за настаўніка:

— Панцялей абраў у жонкі Настассю, маладыя кахаюць адно аднаго, то Хрыстос прызнае новую сям’ю. Калі хлопца разлучаць з дзяўчынай, то замак разбяруць да апошняга каменя, апошняй цагліны.

Штыкоўскі ў адчаі загадаў Качарзе прынесці палаш, каб забіць маладога чалавека, якога ўяўляў большым ашуканцам, чым сам. Ён збянтэжыўся, пачуўшы навіну пана Кабыльскага:

— Халопы занялі замак, мілы гаспадар. Апошняя вежа ледзь трывае, але з часам вывесіць белы сцяг!

— Няўжо? Дзе вартаўнікі?!. Куды падзеліся артылерысты?!. — голасам, падобным на скрып калодзежнага жураўля, праскуголіў пан.

З палашом панёсся ён на айца Ігнація. Хоць святар рахманы чалавек, аднак фехтавання законы засвоіў не горш за Боскія. Не адступіў ён з кінжалам у руцэ, адначасова змагаючыся з двума лёкаямі. Абараняў яго Лявон, які, паклаўшы ля іконы скрыпачку, так «зайграў» лязом алебарды, што стражнікі кінуліся наўцёкі.

Сустрэліся і госці з бояззю. Таму знакамітыя багацеі шпарка рабілі лататы, каб захаваць жыццё, зусім не імкнучыся навекі застацца на панскім вяселлі, якое варта параўнаць з вядзьмарскімі атрутамі.

Панцялей з Насцяй паказалі, як здольны дзеці сялян абараніць волю, калі навала лютасці цмокам прыпаўзае на землі жыхароў Рэчы Паспалітай. Ляцелі талеркі з ежай на графаў, князёў, не раз піка юнака пужала ваяк Бахуса Качаргі, якія, не вытрымліваючы атак, адыходзілі далей ад грахоў.

На галерэях, лесвіцах, каля ўваходаў на паверхі, працягвалася змаганне. Часам праціўнікі спынялі страляніну і пераходзілі ўрукапашную. Тады звінелі лёзы шабель, палашоў, кінжалаў, мячэй —усяго, што завастрылі кавалі перад боем. Ды пацярпела надта мала казакоў, навучаных горкім вопытам бітваў у ракавыя 1648-1651 гады, чым хаўруснікаў Штыкоўскага. Услед за фартэцыяй пана мужыкі пусцілі чырвонага пеўня ў шэрагу палацаў суседніх заможных рабаўнікоў.

Вечарам 4 верасня 1659 года малады настаўнік і яго сяброўка пад вартай больш за паўсотні стрэльбаў Петруся прыехалі ў Гліннае. Для іх пачыналася новае жыццё.

 

Праз колькі дзён над руінамі былога замка ганарыстага пана, нашчадка багатай шляхты, залунаў бел-чырвона-белы сцяг, а на фасадзе была прымацавана «Пагоня», з якой хадзілі на бітву яшчэ ў часы Грунвальда.

 

5. Эпілог

Наступіў 1660 год. Вілейшчына загойвала раны леташніх хваляванняў. Мужыкі ўцякалі ад пакутаў на Хорціцу, у запарожскія стэпы. Тых, хто застаўся ў родных мясцінах, чакалі астрогі й вязніцы, рэкрутчына і жорсткія падаткі.

Напрыканцы аповесці хочацца згадаць пра далейшы лёс нашых герояў.

Бахус Качарга загінуў падчас баталіі ў замку Штыкоўскага.

Цяжка паранены Янка Кандрацюк неўзабаве памёр і быў пахаваны на мясцовым кладзішчы..

Архіп Сымон даслужыўся да атамана, пасля чаго вярнуўся ў вёску, дзе пабраўся з маці Настассі, замяніўшы бацьку сям’і Кандрацюкоў.

Лявон Дзежка, жывучы ў Вілейцы, стаў вядомым лірнікам, набыў славу музыкі й спевака царкоўнага хора.

Айцец Ігнацій, заступнік беднякоў, пасля ранення ачуняў, застаўся ў горадзе і па-ранейшаму дапамагаў беднякам і цёплым словам, і матэрыяльна. Пасля яго смерці ў гонар мужнага чалавека жыхары Гліннага пабудавалі капліцу, назваўшы яе Ігнацьеўскай.

Пятрусь, пазбегнуўшы пакарання за мужыцкі бунт, паспяхова ўцёк да сваякоў-рамеснікаў у Нясвіж.

Пан Рамуальд Штыкоўскі яшчэ з паўгода цягнуў з сялянаў чынш, пакуль яго не забіў на дуэлі пан Кабыльскі: не падзялілі выйграныя грошы ў Свірскай карчме.

Настасся Кандрацюк выйшла замуж за Панцялея Сымона, і яны пражылі да сівых валасоў разам. Муж, атрымаўшы ступень прафесара вольных навук, чытаў лекцыі ў Віленскім калегіюме па старажытна-беларускай мове, лаціне і літаратуры антычных часоў.

Усё добра, што мае лагодны канец.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 5-30
Крыніца: скан