epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Здарэнне

Паслухайце сапраўдную гісторыю з жыцця дзеда Івана, жыхара маленькай вёскі Падгор’е Мінскага раёна.

Калі чалавек знаходзіцца ў добрым падпітку, то яго мары адразу становяцца рэальнасцю. Так здарылася са мной, былым салдатам Вялікай Айчыннай, і маім шваграм Андрэем, маёрам пяхоты сучаснага войска. Заліўшы за каўнер болей меры спіртовых напояў, выйшлі мы з хаты, каб падыхаць свежым паветрам. Паціху сыпаліся гарэзлівыя сняжынкі. У Андрэя з’явілася жаданне прагуляцца па зімовым лесе. Я з радасцю падтрымаў прапанову сваяка, да таго ж ведаў усе тутэйшыя сцежкі-дарожкі не горш, чым вінтоўку — рускую і трохлінейку.

Шыбуем, азіраючыся па баках, каб раптоўна не заляцець у гурбу. За тыдзень завеі шмат снегу намялі. Гутарым пра гаспадарчыя клопаты. Пацягнуў чорт мяне за язык прыгадаць выпадак, калі восенню, на Пакровы, скралі з хлеўчука злодзеі карову, адзінае багацце сялянскай сям’і. Швагер і давай цікавіцца падрабязнасцямі, гатовы распачаць пошук крадуноў, каб іх качарга на тым свеце дагнала. Засумняваўся, як без стрэльбы ўзяць жывымі нягоднікаў, калі нас усяго толькі двое.

Афіцэр сучаснага войска супакойвае:

— Не хвалюйся, дзед, мы яшчэ паваюем!..

— Дзякуй за шчырыя словы, — адказваю.

А той зноў:

— Якой адзінкай камандаваў падчас вайны з немцамі?

З гонарам адказваю:

— У войску на пачатку вайны — аддзяленнем, у партызанах — ротай. А ты цяпер чым кіруеш?

— Палком.

— Вельмі выдатна.

Далей гамонім. Не даспадобы надвор’е, якое турбуе мае хваробы, але голас прарэзаўся, калі наперадзе, на палянцы, людзей угледзеў. Закрычаў, колькі хапіла моцы:

— Батальён! Першая рота — на правы фланг, другая — на левы, трэцяя — у тыл!

Андрэй дапамагае:

— Штурмавы ўзвод — у атаку! Разведгрупа! Праверце бліжэйшыя ваколіцы. Гарматы, мінамёты, кулямёты: простай наводкай — агонь!

Смелымі воклікамі напалохалі людзей, але, думаю, што і ўсе лясныя звяры ўцяклі туды, дзе ціш і спакой. Уражанне такое, быццам трапілі ў ваеннае ліхалецце на машыне часу. Неўзабаве апынуліся мы каля чыгуначнай станцыі Крыжоўка.

Чуем нешта знаёмае:

— Грамадзяне п’яніцы! Рукі ўгору, зброю на зямлю!

Прыцягнуўся «чорны воран». Бяруць пад рукі нас міліцыянты, кідаюць у арыштанцкае купэ. Прывезлі ў Заслаўскую кутузку. Месца выдзелілі ў каморы на дваіх. Павялі ахоўнікі на допыт да ўчастковага. У начальніка пытанняў да мяне з Андрэем столькі, колькі куранят у Дзяхноўцы на птушкафабрыцы. Цвярозымі сталі ўмомант, калі небяспека ў твар галодным зверам глянула. Ледзь паспявалі адказы прыдумляць.

— Дзе вашы жонкі, няўклюды?

— Дома засталіся.

— Чаму лямантавалі так, што я ў сваім кабінеце пачуў?

— Каляды адзначаем.

Раззлаваўся не на жарт слуга закона. На пратаколе прысуд накрэмзаў: «Паўмесячны адпачынак з шуфлем».

...Вычысцілі мы за гэты час усе гарадскія вуліцы ад снегу. І больш ужо на святы з чырвонымі тварамі ніколі не паказваемся.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 95-97
Крыніца: скан