epub
 
падключыць
слоўнікі

Юсуф Шамансур

Вяселле

 

О, барабана баляванне з гаканнем!

Калі ўсё ў доме ходзіць хадуном,

Калі застоллем гулкім поўны дом,

Дымяцца стравы з вострымі прысмакамі!

Грымі ж ты уладарна, барабан.

Вось бачу, як нявеста-краска ў лузе —

Плыве, плыве так хораша па крузе,

І дзівіцца жаніх — ад шчасця п’ян.

Мы рукі ўгору ўзносім, быццам пікі,

І воплескамі славім прыгажосць.

Ад танца захмялелы кожны госць,

Хоць некранутыя стаяць напіткі.

Адзіны госць не адбівае такт

І юную царэўну не вітае,

Што ў плацці белым, быццам чайка

тая.

Ён радасны, ды штосьці тут не так...

Ён без рукі! Так, гэта я прыкмеціў!

Хіба папляскаеш рукой адной?

Гараць медалі. Сам ён з сівізной.

Пусты рукаў кранае мякка вецер.

О, як бы запляскаў ён бурна!

О, як бы рукі лебедзем пусціў!..

Ён рваць масты варожыя хадзіў

І поўз да смертаноснай амбразуры.

Ён знаў, за што хадзіў ў пякельны бой.

Абараніў ён шчасце.

Дык святкуйце!

І плёскатам далоняў салютуйце!

Ён вашы рукі замяніў адной.

О, барабана баляванне дзіўнае!

І я ужо на месцы не стаю.

— Давай, давай! — б’е ў такт ён па сталу

Сваёй рукой натруджанай, адзінаю.


1966

Пераклад: Сымон Блатун
Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 231
Крыніца: скан