epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Аб характары беларуса

Яшчэ ў мінулым стагоддзі, мабыць, з лёгкай рукі нейкага заезджага пана, аб беларусах пачала распаўсюджвацца хадзячая думка як аб народзе адпетым, кончаным. Ён нібы такі забіты ды цёмны, што ад яго ўжо няма чаго чакаць: яму нібы не ўласцівы ніякія парывы, ніякія грамадскія імкненні і ідэалы. Яго нацыянальнымі асаблівасцямі з’яўляюцца лапці на нагах, каўтун на галаве ды ціхая пакорлівасць у вачах.

А ці такі ж ужо сапраўды быў забіты ды пакорны беларускі народ? Пабояў, праўда, за сваю гісторыю перанёс ён нямала. Собіла яму, бачыце, пасяліцца на бойкім месцы, на скрыжаванні вялікіх дарог, на якіх заўсёды сноўдаліся ўсялякія заваёўнікі, сквапныя на чужое дабро, што не раз спрабавалі пажывіцца за кошт Маскоўскай дзяржавы. Ці то панам карцела пасадзіць у Крамлі польскага караля, ці то швед спяшаўся пад Палтаву на сваю пагібель, ці то пыхлівы Напалеон рухаў свае полчышчы на Маскву, каб пахаваць іх там разам са сваёй славай, заўсёды першаму беларусу пападала. І заўсёды ў такіх выпадках беларус трымаў руку Масквы. Хоць і пад царом-бацюхнам не соладка жылося людзям, але, калі вырашаўся лёс роднага па крыві і па веры рускага народа, беларус заўсёды аказваў яму брацкую дапамогу.

Так, між іншым, беларускі народ пачынаў праходзіць вялікую школу партызанскай барацьбы, вопыт якой яму потым вельмі спатрэбіўся. Але не заўсёды беларус дзейнічаў такім спосабам. У рашаючыя моманты ён выступаў са зброяй у руках адкрыта і біўся насмерць. Так было ў XVII стагоддзі, калі ўкраінскі народ пад правадырствам Багдана Хмяльніцкага змагаўся супраць польскіх паноў-прыгнятальнікаў. Беларускі народ таксама падняўся тады на барацьбу супраць ненавісных паноў. Па ўсёй Беларусі палалі тады панскія маёнткі, самі паны без памяці ўцякалі ў Варшаву ад «забітага і пакорнага» беларускага мужычка, і не адзін атрад каралеўскіх войск, пасланы ва фланг Багдану Хмяльніцкаму, быў разгромлены сярод палескіх балот беларускімі паўстанцамі.

Але заезджаму пану не было часу заглядваць у гісторыю беларускага народа, так жа, як і ў душу беларуса. Яму патрэбна была экзотыка — і ён шукаў беларуса абавязкова з каўтуном. Выкапаўшы такога, ён старанна апісваў ці замалёўваў яго знадворны выгляд, заводзячы, між іншым, гаворку аб грамадскіх ідэалах. Беларус жа хоць і з каўтуном, але не без розуму, бо ўжо не раз вучаны: памоўчвае сабе або аднекваецца. «Мялі сабе, пан. Пра ідэалы ты пяеш, але нешта вельмі да світкі прыглядаешся,— каб часам апошняй не садраў». А ў пана ўжо і думка гатова: і цёмны, і забіты, і ідэалаў ніякіх, і пра барацьбу зусім не думае.

Разумныя людзі і ў старыя часы не верылі гэтым байкам. Адзін з разумнейшых людзей мінулага стагоддзя М. А. Дабралюбаў пісаў у 1860 годзе: «Адносна беларускага селяніна справа даўно вырашана: забіты канчаткова, так што нават не здатны карыстацца чалавечымі здольнасцямі. Не ведаем, у якой ступені памылковая гэта думка, бо не вывучалі спецыяльна беларускага краю, але паверыць ёй, вядома, не можам. Цэлы край вось так узялі дый забілі,— ці не занадта! Гэта так жа, як італьянцаў забілі, расслабілі, пазбавілі любві да радзімы і свабоды. Гляньце вось цяпер на іх... Ва ўсякім разе пытанне аб характарыстыцы беларусаў павінна быць хутка высветлена працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы».

І беларусы сказалі — роўна праз тры гады. Размова на гэты раз вялася з царом-бацюхнам і была настолькі сур’ёзнай, што цар-бацюхна вымушан быў падмацоўваць яе гарматамі і казацкімі шаблямі, а галоўнага «прамоўцу» — кіраўніка і арганізатара сялянскага паўстання Кастуся Каліноўскага — ён іначай не мог уціхамірыць, як толькі здушыўшы горла вераўчанай пятлёй, што па высачайшаму загаду і выканаў вядомы Мураўёў.

Беларускія пісьменнікі таксама неўзабаве сказалі сваё слова. Спачатку Багушэвіч, а потым, з яшчэ большай паўнатой і яркасцю, Янка Купала і Якуб Колас на ўвесь рост намалявалі партрэт працоўнага беларуса і паказалі яго ўсяму свету. Знадворна гэты партрэт як быццам падобны на той, што намаляваў заезджы пан: і лапці, і світка, і змрочны фон, і ўсё ж гэта зусім іншы партрэт. Справа ў тым, што праз дзіравую світку нашы народныя паэты ўбачылі жывое чалавечае сэрца працоўнага беларуса, яго спрадвечную мару аб лепшай долі, яго гарачае жаданне і гатоўнасць скінуць з сябе падвойныя ланцугі сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Ён выносіць сваю крыўду на суд чалавецтва і ўвесь свет заклікае ў сведкі. Гэты вобраз дарэвалюцыйнага беларуса ва ўсю веліч устае перад намі з выдатнага верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?».

Праз вякі прыгнёту беларускі народ пранёс лепшыя якасці свае душы, усвядоміў усю несправядлівасць і крыўду, нанесеную яму прыгнятальнікамі, і адчуў у сабе волю і гатоўнасць да барацьбы за лепшую долю, за годнае чалавека існаванне.

У гэтых пачуццях умацоўвала яго брацкая салідарнасць з вялікім рускім народам, з якім яго звязвалі агульныя мэты і агульныя ланцугі. І калі разгарнуліся вялікія падзеі 1917 года, беларускі народ паказаў, што ён варты свайго старэйшага брата. Разам з ім, пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі, ён ішоў на штурм царскага самаўладства ў лютым, пры яго дапамозе ён выгнаў памешчыкаў і капіталістаў у кастрычніку і, вольна ўздыхнуўшы, пачаў будаваць новае жыццё, выявіўшы пры гэтым не абы-якія здольнасці. Менш чым праз паўтара года, дзякуючы ленінскай нацыянальнай палітыцы, ён упершыню за ўсю сваю гісторыю стварыў сваю дзяржаву — Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, трыццатую гадавіну якой сягоння ўрачыста святкуе.

У гады грамадзянскай вайны на долю беларускага народа выпалі такія цяжкія выпрабаванні, як нямецкая інтэрвенцыя ў 1918 годзе і белапольская акупацыя ў 1919— 1920 гадах. І тут у беларуса ўсё ярчэй і ярчэй выступалі рысы характару, у якіх яму было адмоўлена з лёгкай рукі заезджага пана,— высокая палітычная свядомасць, свабодалюбства і непахіснасць у барацьбе за сваю незалежнасць. На спробы інтэрвентаў заняволіць беларускі народ ён адказаў выпрабаваным спосабам — масавай партызанскай барацьбой, аказаўшы значную дапамогу Чырвонай Арміі, якая вызваляла беларускую савецкую зямлю ад чужаземных захопнікаў.

Стаўшы поўнаўладным гаспадаром свае зямлі, беларус выявіў новую якасць свайго характару, якая не магла раней праявіцца, калі ён гнуў спіну на памешчыка і фабрыканта,— незвычайны працоўны энтузіязм. Пад штодзённым кіраўніцтвам мудрай партыі бальшавікоў, пры дапамозе вялікага рускага народа і іншых брацкіх народаў Савецкага Саюза ён ператварыў сваю краіну з былой ускраіны царскай імперыі ў квітнеючую сацыялістычную рэспубліку. Ператвараючы аблічча свае краіны, мяняўся і сам чалавек, развіваліся лепшыя рысы характару нашага народа. Разам з тым працоўны чалавек паступова вызваляўся ад перажыткаў праклятага мінулага, ад усяго таго, што не адпавядала пачэснаму званню савецкага грамадзяніна. Яго больш не прыгнятаў заўсёдны клопат аб куску хлеба і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, не мучыла трывога за будучы лёс сваіх дзяцей, у голасе зніклі ноткі жальбы і крыўды, уласцівыя яму ў мінулым, як вынік шматвяковага сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. У суровым класавым змаганні ён разграміў рэшткі эксплуататарскіх класаў і сярод іх такіх заядлых ворагаў народа, як беларускія буржуазныя нацыяналісты, якія намагаліся прадаць народ зноў у няволю капіталу.

Высокае становішча грамадзяніна сацыялістычнай краіны, роўнага сярод роўных у шматмільённай савецкай сям’і, напоўніла сэрца беларуса гонарам за сябе і за сваю вялікую Радзіму. Новыя пачуцці працоўнага беларуса — радасць творчай працы і любоў да Савецкай Радзімы — яскрава адлюстравалі ў сваіх творах нашы народныя паэты, якія самі былі сведкамі сумнага мінулага нашага народа.

 

Ходзіць вецер па даліне,

Ходзіць, павявае

Ды пра радасць мне, дзяўчыне,

Песні напявае.

Выйду, гляну я на поле,

Гляну — усміхнуся:

Дзе ж такое ёсць раздолле

Для цябе, Гануся?

Дзе ж так вольна ў свеце жыці?

Ці ж не радасць гэта?

Як жа край свой не любіці,

Родны край Саветаў! —

 

гаворыць вуснамі Якуба Коласа маладая беларуская калгасніца.

Верш «Радасць», з якога ўзяты гэтыя радкі, напісан аўтарам у 1937 годзе. Тут вельмі дарэчы будзе ўспомніць і параўнаць, што за дваццаць дзевяць гадоў да гэтага вуснамі таго ж самага Якуба Коласа гаварыў сялянскі хлопец:

 

Я па свеце хадзіў,

Я — мужычы сынок,

Косці ўсюды занёс,

Я не маю дарог.

Я на землю праліў

Мая школа — шынок,

Многа слёз, многа слёз.

Маё жыцце — астрог.

 

Якая велізарная розніца ў светаадчуванні на карысць нашай савецкай моладзі!

У савецкага чалавека, выхаванага бальшавіцкай партыяй, развіліся выдатныя маральныя якасці, якія ставяць яго нязмерна вышэй за чалавека капіталістычнага свету. Самай каштоўнай з гэтых якасцей з’яўляецца беззаветная адданасць сваёй сацыялістычнай Радзіме. Савецкі чалавек глыбока ўсвядоміў, што яго асабістае шчасце немагчыма без шчасця Радзімы. Таму ён гатоў аддаць усе свае сілы для яе росквіту, магутнасці і славы, а ў час небяспекі гатоў абараняць яе да апошняй каплі крыві. Гэта пачуццё непарыўнага адзінства са сваёй Радзімай з’яўляецца выдатнай рысай характару беларуса савецкай эпохі. Яно з асаблівай сілай праявілася ў нашых людзях у дні Вялікай Айчыннай вайны. Гэта пачуццё шугала ў грудзях Гастэлы, калі ён, пагарджаючы смерцю, рынуўся са смяротным грузам на галовы ворагаў. Гэта пачуццё неадступна валодала Канстанцінам Заслонавым, калі ён, спалучыўшы гарачую нянавісць да ворага з халоднай разважлівасцю і дакладным разлікам падпольшчыка, арганізоўваў пад носам у ворага дыверсійныя групы і пускаў пад адхон нямецкія эшалоны. Гэтым высакародным пачуццем быў ахоплен увесь беларускі народ, які ўзняўся на ўсенародную вайну з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і пад кіраўніцтвам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі арганізаваў цэлыя партызанскія арміі агульнай колькасцю больш трохсот тысяч чалавек. Ужо хто-хто, а нямецка-фашысцкія вырадкі на сваёй скуры паспыталі выдатныя якасці беларускага характару.

Не менш яскрава праявіліся выдатныя якасці нашых людзей і ў мірнай творчай працы на калгасных палях, на будаўнічых пляцоўках, ля заводскіх і фабрычных станкоў. Людзі, якія ператварылі адвечныя непраходныя балоты ва ўраджайныя палі і вырасцілі на гэтых палях нябачаны дагэтуль ураджай — па сто восемдзесят і болей пудоў з гектара, як гэта зрабілі Героі Сацыялістычнай Працы тав. Калыска, Саўчык, Пайграй, Стыкут,— напэўна вызначаюцца не абы-якім характарам.

Цудоўны характар маюць і тыя людзі, якія пасля выгнання ворага з нашай зямлі засталі на месцы гарадоў руіны ды галавешкі і не апусцілі рук перад грандыёзнасцю разбурэнняў, а, закасаўшы рукавы, узяліся за цяжкую працу аднаўлення.

Сапраўднае захапленне выклікае характар людзей, якія ідуць уперадзе часу,— ударнікаў і рацыяналізатараў нашых фабрык і заводаў, што выканалі і перавыканалі гадавыя нормы ў некалькі разоў, як электразваршчык

Мінскага трактарнага завода таварыш Антонік, як токар Аршанскага дэпо Барыс Вялюгін, токар Мінскага аўтамабільнага завода таварыш Язвінскі, як дзесяткі і сотні іх сяброў у іншых галінах вытворчасці, для якіх праца стала справай гонару, справай славы, справай доблесці і геройства. Яны вось і ўвасабляюць у сабе лепшыя рысы беларускага савецкага характару. Што гэтыя рысы не з’яўляюцца выключна беларускімі, а ўласцівы перадавым людзям усіх савецкіх народаў, ад гэтага яны робяцца для нас яшчэ больш каштоўнымі.

Гонар і слава людзям, якія бадзёра, няспынна і няўхільна крочаць да вялікай мэты — да камунізма!

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан