epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Аб некаторых пытаннях беларускай мовы

У гэтым артыкуле я хачу закрануць некаторыя пытанні беларускай мовы, якія хвалююць не толькі мяне, але і іншых пісьменнікаў. Перш за ўсё мы павінны ясна ўразумець сучасны стан нашай мовы і яе будучы лёс. Не можам мы абмінуць і такога пытання, як дачыненні беларускай мовы з іншымі мовамі. Нам неабходна таксама мець больш яснае ўяўленне аб тым, як фарміравалася і развівалася наша літаратурная мова, які яе цяперашні стан і ў якіх адносінах яна знаходзіцца да агульнанароднай беларускай мовы. Гэта дапаможа нам з большым поспехам ствараць нацыянальную па форме і сацыялістычную па зместу беларускую культуру. Гэта дапаможа пісьменніку вырашаць чыста прафесіянальныя пытанні, пытанні стылю, каларыту мовы, індывідуальнай мовы персанажаў; дапаможа вызначыць яго адносіны да дыялектызмаў, архаізмаў, наватвораў, запазычанняў. Мы павінны яшчэ раз паглядзець і на наш правапіс, каб высветліць, што ў ім сапраўды патрабуе ўдакладнення і ўдасканалення.

Перш за ўсё я хачу спыніцца на пытанні аб паходжанні беларускай мовы.

Калі мы звернемся да гісторыі беларускага народа, дык яна цалкам пацвярджае думку аб адзінстве паходжання ўсходнеславянскіх моў. Некалі продкі беларусаў разам з продкамі рускіх і ўкраінцаў жылі ў адной дзяржаве — Кіеўскай Русі. Яны складалі адзіную рускую народнасць з адзінай агульнанароднай мовай пры наяўнасці пэўных тэрытарыяльных дыялектаў. Аб гэтым сведчыць такі выдатны помнік старажытнай Русі, як «Слова аб палку Ігаравым». Як вядома, вучоныя нямала спрачаліся аб тым, якому народу належыць гэты помнік — рускім, украінцам ці беларусам. Кожны лічыў яго сваім. Гэта значыць, што граматычны лад і асноўны слоўнікавы фонд мовы, якой напісаны гэты твор, з’яўляецца родным для кожнай усходнеславянскай мовы. Іначай кажучы, твор быў напісаны не на якім-небудзь кіеўскім, тураўскім або полацкім дыялекце, а на агульнанароднай рускай мове, хоць пэўны дыялект і быў паложаны ў аснову гэтай мовы.

У далейшым Кіеўская Русь у сілу пэўных прычын распалася на паасобныя часткі. Палітычныя і эканамічныя сувязі паміж гэтымі часткамі парушыліся. Тэрыторыя сучаснай Беларусі трапіла ў склад Вялікага Літоўскага княства і была аддзелена дзяржаўнай мяжой ад усходніх рускіх зямель. У гэтых умовах складалася адзіная беларуская народнасць, фарміравалася адзіная агульнанародная беларуская мова. Перыяд гэты прыпадае ў асноўным на чатырнаццатае, пятнаццатае і шаснаццатае стагоддзі. Вучоныя лічаць зусім магчымым, што калі б старажытная Руская дзяржава не распалася, калі б яе насельніцтва і далей жыло разам, то замест сучасных трох моў — рускай, украінскай і беларускай — склалася б адна агульная для гэтых народаў нацыянальная мова.

Своеасаблівы стан беларускай мовы ў часы Вялікага Літоўскага княства характарызуецца тым, што яна стала афіцыйнай пісьмовай мовай. На ёй вялася дыпламатычная перапіска, пісаліся дзяржаўныя законы і грамадзянскія акты. Тлумачыцца гэта, відавочна, тым, што ў літоўцаў у той час яшчэ не было свае пісьменнасці. Зразумела, што беларуская мова, як афіцыйная пісьмовая, не магла праследавацца з боку літоўскіх князёў. Стварыліся пэўныя ўмовы для развіцця беларускай пісьменнасці. Вось гэту акалічнасць буржуазныя нацыяналісты ўзвялі ў абсалют і сталі называць літоўскі перыяд у гісторыі Беларусі залатым векам. Ідэалізуючы мінулае беларускага народа ў супрацьлегласць сучаснаму, яны свядома ігнаравалі тую акалічнасць, што простаму народу, прыгоннаму сялянству, цалкам непісьменнаму, жылося ад гэтага ніколькі не лягчэй.

Які з тагачасных тэрытарыяльных дыялектаў лёг у аснову агульнанароднай беларускай мовы, сказаць напэўна нельга. Гэта пытанне не даследавана. Аднак ёсць некаторыя падставы меркаваць, што гэту ролю адыграў адзін з мясцовых дыялектаў агульнарускай мовы, у якім маглі захавацца значныя элементы мовы былога племені дрыгавічоў, якое з незапомных часоў жыло на тэрыторыі сучаснай Беларусі, насяляючы цэнтральную прастору яе ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны.

Трэба думаць, што пісьмовая мова гэтага перыяду шмат у чым не супадала з жывой гаворкай. У пісьмовай мове захоўваліся традыцыі ранейшай агульнарускай пісьмовай мовы са значнай колькасцю элементаў стараславянскай мовы з яе непаўнагалоснымі формамі.

Элементы мясцовай жывой мовы пранікалі ў пісьмовую паступова, але што далей, то больш.

Становішча беларускай пісьменнасці рэзка пагоршылася пасля Люблінскай уніі, калі Вялікае Літоўскае княства ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай і польскія магнаты сталі ў ёй кіруючай сілай. Беларуская мова не магла больш заставацца афіцыйнай пісьмовай мовай — у палякаў была свая дзяржаўная мова. Зноў жа, у беларускай мове, як і ў праваслаўі, польскія магнаты бачылі вялікую небяспеку: мова і рэлігія беларускага народа былі яркім сведчаннем яго роднасці з рускім народам. Гэта мела вялікае значэнне асабліва таму, што ў гэты час вяліся войны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай за беларускія землі. Зразумела, што польскія магнаты ўсімі сіламі намагаліся акаталічыць і апалячыць беларускае насельніцтва, каб замацаваць гэтыя землі за сабой. Беларуская мова падвяргалася праследаванню і нарэшце была забаронена як мова афіцыйная нават у беларускіх землях. У 1697 годзе сеймам быў выдадзены закон, паводле якога дзелаводства ва ўсёй Рэчы Паспалітай павінна было весціся толькі на польскай мове. Гэтым рэпрэсіі не абмяжоўваліся. Яны былі настолькі моцнымі, што далейшае развіццё беларускай пісьменнасці было спынена на доўгі час. Так, гвалтоўным чынам, польскія магнаты намагаліся зрабіць беларускую мову беспісьменнай, а жывую мову, на якой гаварыў беларускі народ, яны зневажалі, называючы яе хамскай.

А тым часам беларускі народ гаварыў на сваёй роднай мове. Нягледзячы на ўсе праследаванні і зневажанні, мова гэта не толькі жыла, а і развівалася. На ёй ствараліся выдатныя казкі, легенды, песні, прыказкі. Перацярпеўшы стагоддзі прыгнёту і праследавання, яна захавала свой граматычны лад і асноўны слоўнікавы фонд і таму выжыла. Праўда, за гэты час у яе слоўнікавы састаў улілася пэўная колькасць польскіх слоў, але яны не парушылі самабытнасці беларускай мовы. Развіваючыся па законах свайго ўнутранага развіцця, яна падпарадкавала гэтым законам і іншамоўныя словы.

Беларуская літаратура пачала зноў фарміравацца ў XIX стагоддзі, ужо ў новых гістарычных умовах, пад дабратворным уплывам вялікай рускай літаратуры. Зразумела, што беларуская літаратурная мова пасля двухсотгадовага перапынку не магла цяпер быць працягам старой літаратурнай мовы XVII стагоддзя. Занадта шмат часу прайшло, і жывая мова беларускага народа, захаваўшы ў цэлым сваю аснову, усё-такі перацярпела значныя змены, асабліва ў слоўнікавым саставе. Для народа старая літаратурная мова была б мала зразумелай, тым больш і раней, як ужо было сказана, яна не зусім супадала з жывой. Таму зусім зразумела, што на новым этапе базай для развіцця літаратурнай мовы паслужыла не старая літаратурная мова, а жывая гаворка беларускага народа. І гэта тым больш натуральна, што пісьмовая беларуская мова развівалася цяпер пераважна як мова мастацкай і часткова публіцыстычнай літаратуры.

Гэта мова яшчэ не мела літаратурных норм, не мела пісанай граматыкі. Пры наяўнасці агульнанароднай беларускай мовы ў той час яшчэ значнымі былі мясцовыя дыялектныя адрозненні. Зразумела, што пры адсутнасці агульнапрынятых літаратурных норм дыялекты розных мясцовасцей выразна выявіліся ў першых мастацкіх творах XIX стагоддзя. «Энеіда навыварат», напрыклад, носіць на сабе выразныя адзнакі паўночна-ўсходняга дыялекту, у той час як мова Дуніна-Марцінкевіча належыць да паўднёва-заходняга (дакладней — да цэнтральнага) дыялекту з пэўнай колькасцю не ўласцівых агульнанароднай мове паланізмаў як у лексіцы, так і ў сінтаксісе. Значныя сляды гэтага дыялекту наглядаем мы і ў мове выдатнага паэта XIX стагоддзя Францішка Багушэвіча.

Хутка ў літаратуру прыйшлі такія волаты, як Янка Купала і Якуб Колас, якія ўзнялі беларускую літаратуру на небывалую вышыню. Яны прынеслі ў літаратуру багацце і хараство беларускай народнай мовы, якая пад іх пяром заззяла ўсімі сваімі колерамі. Абодва яны былі прадстаўнікамі цэнтральнай, мінскай гаворкі. Гэта гаворка таксама належыць да паўднёва-заходняга дыялекту, але яна знаходзіцца на мяжы з паўночна-ўсходнім дыялектам. Да гэтай жа моўнай стыхіі належыць і мова Змітрака Бядулі. Дзякуючы цэнтральнаму становішчу сярод іншых беларускіх гаворак гэта гаворка захавала ў сабе найбольш характэрныя асаблівасці беларускай мовы.

Пасля Кастрычніка, калі беларуская літаратура пачала бурна развівацца ў новых, савецкіх умовах, у яе ўлілося новае шматлікае папаўненне, асноўнае ядро якога складалі зноў-такі прадстаўнікі цэнтральнай гаворкі. Не трэба забываць яшчэ і пра тое, што ў першыя гады савецкай улады некаторыя ўсходнія вобласці і раёны не ўваходзілі ў склад Беларускай рэспублікі, а заходнія вобласці былі ўз’яднаны толькі ў 1939 годзе. Зразумела, што ў сілу ўсіх гэтых прычын цэнтральная гаворка са сваімі асаблівасцямі заняла ў літаратуры пануючае становішча і стала нормай беларускай літаратурнай мовы, праўда, ахвяраваўшы некаторымі вузка дыялектнымі асаблівасцямі.

Дарэвалюцыйная беларуская літаратурная мова мела значныя прабелы ў сваім развіцці: яна не мела развітай лексікі спецыяльнага прызначэння — палітычнай, юрыдычнай, адміністратыўна-канцылярскай тэрміналогіі. Тлумачыцца гэта тым, што беларускі народ не меў свае дзяржаўнасці. Беларусы не вялі дыпламатычнай перапіскі, не выдавалі законаў на беларускай мове, не вялі службовай перапіскі; не было і спецыяльнай навуковай тэрміналогіі, бо не было не толькі вышэйшых навучальных і навуковых устаноў, а нават пачатковых школ на беларускай мове; у жывой народнай мове была пэўная сельскагаспадарчая, тэхнічная і вытворчая тэрміналогія, паколькі людзі займаліся сельскай гаспадаркай, рамёствамі, працавалі на заводах і фабрыках. Але і гэта тэрміналогія, асабліва тэхнічная і вытворчая, слаба была прадстаўлена ў літаратурнай мове. Што да дзелавой мовы, дык яна таксама слаба развівалася, бо дакументы, напісаныя на беларускай мове, не мелі юрыдычнай сілы. Была ў народзе свая батанічная і заалагічная тэрміналогія, але і яна слаба была адлюстравана ў літаратуры, паколькі мастацкая літаратура не мела ў ёй вялікай патрэбы.

Вынікам таго, што беларуская літаратурная мова ўтварылася на аснове жывой беларускай мовы, не прадаўжала традыцый старой беларускай пісьменнасці, з’яўляецца і тая акалічнасць, што ў нашай мове няма стараславянізмаў, слоў царкоўнаславянскай мовы, у той час як у рускай літаратурнай мове, якая развівалася няспынна, захавалася пэўная пераемнасць, і ў ёй гэты пласт лексікі досыць значны: голова і глава, обнять і объять, огородить і оградить, сторож і стража, хоронить і хранить, молочный, але млечный (шлях), млекопитающее. Гэтыя стараславянізмы ўзбагачаюць рускую мову, даюць магчымасць перадаваць дадатковыя сэнсавыя адценні. Адсутнасць у нас гэтага пласта лексікі мы адчуваем асабліва востра, калі перакладаем з рускай мовы на беларускую. Часта мы не можам знайсці патрэбнага эквіваленту. Механічна перакласці тут нельга. Не скажаш жа — гаспадыня развалакала гасцей замест развлекала.

Вызвалены Кастрычніцкай рэвалюцыяй беларускі народ упершыню за ўсю гісторыю атрымаў сваю дзяржаўнасць, стаў раўнапраўным народам сярод іншых народаў вялікага Савецкага Саюза, атрымаў неабмежаваныя магчымасці для развіцця свае гаспадаркі, навукі, літаратуры, мастацтва. Перад беларускай мовай як ніколі паўсталі пачэсныя і разам з тым цяжкія задачы: абслугоўваць патрэбы новага ўсебакова развітага сацыялістычнага грамадства. Кожнай новай з’яве ў жыцці народа яна павінна была даць сваё вызначэнне і асэнсаванне, павінна была быць правадніком перадавых марксісцкіх ідэй у самыя гушчы народа.

Для ўсяго гэтага патрэбна было вялікае папаўненне слоўнікавага саставу беларускай мовы. І сапраўды, за гады савецкай улады ў беларускую літаратурную мову ўлілася вялікая колькасць новых слоў, прапарцыянальна значна большая, чым у рускую мову, якая і раней была ўсебакова развітай мовай. Якім жа чынам папаўняўся слоўнікавы састаў беларускай мовы? Невычарпальнай крыніцай узбагачэння з’явілася для нас мова вялікага рускага народа. Вялікая колькасць слоў, агульных для рускай і беларускай мовы, але па-новаму асэнсаваных або ўтвораных нанава ад адных і тых жа каранёў, была ўзята без ніякіх змен (ударнік, план, задача, перадавік, серадняк, кулак). Таксама без змен увайшло праз рускую мову шмат слоў іншамоўнага паходжання; сярод іх такія, як камунізм, сацыялізм, пралетарыят, рэвалюцыя, сталі агульнанародным здабыткам і ўвайшлі ў асноўны слоўнікавы фонд нашай мовы.

Многа слоў было ўтворана па ўзору рускіх на аснове карэннай беларускай лексікі — сацспаборніцтва, дасягненні, поспех, вытворчасць, саматужнік, аднаасобнік, грамадскі лад. Але пэўная частка слоў была механічна перакладзена з рускай мовы. Часамі гэта рабілася на скорую руку, пераклады выходзілі нязграбныя, малазразумелыя, нязручныя для вымаўлення, а то і недакладныя па сэнсу.

У пэўнай меры прылажылі тут сваю руку і беларускія буржуазныя нацыяналісты, якія лічылі, што яны адны маюць манапольнае права клапаціцца аб чыстаце беларускай мовы. А чыстату яны разумелі так, як падказвалі ім іх класавыя інтарэсы. Яны ставілі сабе мэту адарваць Савецкую Беларусь ад адзінай сацыялістычнай радзімы, таму намагаліся ўсялякім чынам адгарадзіць і беларускую мову ад рускай. Для абазначэння паняццяў, звязаных з рэвалюцыяй і сацыялістычным будаўніцтвам, яны бралі словы з архаічнай беларускай лексікі або выдумлялі недарэчныя словы, груба скажаючы значэнне рускіх слоў і абражаючы пачуцці савецкага чалавека. Пралетарый па-іхняму злыдзень, рэвалюцыя — пярэзрынь.

Многія агульныя словы для рускай і беларускай мовы яны намагаліся выжыць і замяніць іх няўдалымі наватворамі. Па іх слоўніках рыбак — гэта вудаль, тратуар — ходнік, працэнт — прыспор, перспектыва — відаль, ерэтык — гарэза, зачатие (пачатак цяжарнасці) — па-іхняму панос. Новыя словы яны часта ўтваралі не на базе асноўнага слоўнікавага фонду беларускай мовы, а на аснове іншамоўнай лексікі.

Увабраўшы ў сябе надзвычай вялікую колькасць новых слоў у адпаведнасці з патрэбамі сацыялістычнага будаўніцтва, беларуская мова значна ўзбагаціла свой слоўнікавы састаў. Паколькі граматычны лад беларускай мовы і яе асноўны слоўнікавы фонд засталіся пры гэтым нязменнымі, то ўся гэта маса новых слоў жыве і рухаецца па законах унутранага развіцця беларускай мовы, не мяняючы яе характару. Зразумела, што ў нашай літаратурнай мове не ўсё яшчэ падагнана, прыцёрта, адшліфавана. Як мы бачылі, у нашу мову трапіла і пэўная колькасць смецця з жаргону буржуазных нацыяналістаў і за кошт няўдалых наватвораў і перакладаў.

Што да смецця, занесенага буржуазнымі нацыяналістамі, то наша мова за апошнія гады ў значнай меры ачысцілася ад яго, аднак пэўная колькасць штучных слоў, якія не так кідаюцца ў вочы і якія нават у літаратуры больш-менш прыжыліся, яшчэ ёсць. Ёсць таксама нямала і няўдалых, механічных перакладаў тых ці іншых слоў. Іх мы ў сваёй практыцы павінны пазбягаць. Перш чым ужыць такое штучнае слова, мы заўсёды павінны звярнуцца да жывой народнай мовы, і яна нас выручыць. У першую чаргу трэба вярнуць правы грамадзянства тым словам, якія здаўна бытавалі як у рускай, так і ў беларускай мове, але былі жывасілам выдалены з літаратурнай мовы. Такіх слоў ёсць шмат. Часта яны адносяцца нават да асноўнага слоўнікавага фонду як рускай, так і беларускай мовы. Мы, напрыклад, пішам хуткі цягнік, а народ гаворыць скоры поезд. І гэта ніякі не русізм. Словы скоры, скора — жывуць у беларускай мове ад пачатку яе ўтварэння, і поезд таксама існуе ў мове вельмі даўно. Гэта слова ніколькі не пярэчыць законам беларускай мовы. У нас ёсць нямала аднакарэнных слоў: язда, пад'езд, з'езд, выезд, раз'езд, і г. д. А слова цягнік хоць і ўтворана ад нашага слова цягнуць, але асэнсаванне яго ідзе ад польскага поцёнг. Такіх слоў ёсць нямала. Такая ж гісторыя атрымалася і са словам апасацца, апасна, са словам загатаваць, якое скрозь замяняецца словам нарыхтаваць. Слова загатаваць — карэннае беларускае, а слова нарыхтаваць хоць і даўно ў беларускай мове, але яно ўтворана было ў свой час ад нямецкага слова richten — накіроўваць, выраўноўваць. Дык чаму ж гэтаму запазычанаму слову аддадзена перавага, а слова загатаваць пазбаўлена правоў грамадзянства? Я не кажу, што слова нарыхтаваць трэба выкінуць. Яно даўно запазычана, стала агульнавядомым і няхай сабе жыве, тым больш што паміж гэтымі двума словамі ёсць і сэнсавая розніца: слова нарыхтаваць больш адпавядае рускаму привести в готовность, снарядить.

Мы не прапануем выкідаць з нашай мовы іншамоўную лексіку. Тое, што прыйшло ў нашу мову натуральным шляхам, падпарадкавалася яе законам і стала агульнанародным здабыткам,— гэта наша. Выкідаць гэтыя словы — значыць растрачваць народнае дабро, абядняць мову. Мы толькі супраць тых штучных наватвораў або запазычанняў, якіх народ не прымае, бо ў народзе ёсць свае, родныя, даўно абжытыя словы для абазначэння тых жа паняццяў. Вось за аднаўленне гэтых слоў у літаратурнай мове мы і галасуем.

Наогул ніводная мова ізалявана не жыве, бо не жыве ізалявана народ, які ёю карыстаецца. Яна знаходзіцца ва ўзаемадачыненні з іншымі мовамі. У класавым грамадстве нярэдка мае месца і гвалтоўнае ўздзеянне адной мовы на другую. Кожная мова так ці іначай убірае ў сябе значную колькасць слоў з іншых моў, але яна ад гэтага не траціць свае самабытнасці, калі захоўваецца яе граматычны лад і асноўны слоўнікавы фонд. Так і беларуская мова ўвабрала ў сябе пэўную колькасць польскіх, нямецкіх і літоўскіх слоў, некаторую колькасць лацінскіх, французскіх і іншых чужаземных слоў. Я. Ф. Карскі прыводзіць значную колькасць такіх запазычаных слоў. А хто апрача спецыялістаў скажа, што словы — венцер, гірса, жвір, свіран, нават дзёгаць — не беларускія, а літоўскія, або словы — гуз, вапна, склеп, смажыць, трымаць — не беларускія, а польскія, як лічыць Карскі.

Больш вылучаюцца па свайму гучанню словы нямецкага паходжання, як гандаль, гвалт, грунт, дах, дрот, ланцуг, лейцы, рахунак, але і яны не адчуваюцца як чужыя, бо на працягу стагоддзяў жывуць у беларускай мове па яе законах і з’яўляюцца агульнанароднымі словамі.

Гэта стары пласт запазычанай лексікі. Самая большая колькасць іншамоўных слоў прыйшла і прыходзіць у беларускую мову праз рускую, асабліва ў сувязі з распрацоўкай тэрміналогіі.

Што да рускай мовы, дык яна для развіцця беларускай мовы і для беларускай культуры мае асаблівае, выключнае значэнне. Праз рускую мову прыйшло да нас святло вялікіх ідэй марксізма-ленінізма. Праз рускую мову мы далучаемся да вялікай культуры рускага народа — культуры Пушкіна, Талстога, Бялінскага, Чарнышэўскага, Горкага, Маякоўскага. Руская мова з’яўляецца невычарпальнай крыніцай абагачэння нашай беларускай мовы. І яшчэ асаблівае значэнне рускай мовы заключаецца ў тым, што яна ў нашай сацыялістычнай краіне з’яўляецца не толькі нацыянальнай мовай рускай нацыі, яна разам з тым з’яўляецца міжнацыянальнай мовай, мовай занальнай. Праз яе адбываецца абмен гаспадарчым і культурным вопытам усіх народаў Савецкага Саюза, і без яе ніводзін савецкі народ не можа абысціся. Пісьменнікі гэта вельмі добра ведаюць са свае ўласнай практыкі. Калі нам трэба перакласці творы, напрыклад, грузінскіх, армянскіх, эстонскіх, казахскіх ці іншых савецкіх пісьменнікаў, дык мы гэта робім пры дапамозе рускай мовы. Гэтак жа абменьваюцца вопытам дзяржаўныя дзеячы нашай рэспублікі, нашы гаспадарнікі, вучоныя, мастакі. Таму руская мова стала другой роднай мовай для ўсіх народаў Савецкага Саюза і тым больш для нас, бо яна прыходзіцца роднай нам і па паходжанню. Адгэтуль нашы асаблівыя любоўныя адносіны да рускай мовы. Адгэтуль і нашы задачы — знішчыць рэшткі тых штучных перагародак, якімі спрабавалі адгарадзіць беларускую мову ад рускай буржуазныя нацыяналісты.

Але ці азначае гэта, што наогул няма ніякага размежавання паміж беларускай і рускай мовай. Не. Беспрынцыповай, бязладнай мешаніны дапускаць тут ні ў якім разе нельга. Ад гэтай мешаніны нічога добрага не атрымалася б, атрымаўся б толькі жаргон, малазразумелы як для беларуса, так і для рускага. Беларуская мова склалася гістарычна, з’яўляецца мовай беларускай нацыі. Яна мае свой адменны граматычны лад, асноўны слоўнікавы фонд і слоўнікавы састаў. Што да слоўнікавага саставу, то мы і раней папаўнялі яго за кошт больш багатай і роднай нам рускай мовы, і далей таксама будзем гэта рабіць, але не без разбору. Перш за ўсё мы будзем глядзець, ці няма ў нашай мове адпаведнага па значэнню слова. Калі няма, паспрабуем утварыць яго па ўзору рускага на беларускай аснове. А калі і гэта не ўдасца, тады можам узяць рускае слова цалкам. Так мы вельмі часта робім, калі маем справу з навуковай, тэхнічнай і іншай тэрміналогіяй.

Што да граматычнага ладу, дык тут няма патрэбы ў якіх бы там ні было запазычаннях. Граматычны лад нашай мовы настолькі дасканалы, што дае магчымасць пабудаваць любую фразу, выказаць любую думку. Парушэнне граматычнага ладу — гэта парушэнне асновы асноў мовы, і ўсякая мешаніна граматычных форм апрача шкоды нічога не можа прынесці.

Былі ў нас некаторыя гора-мовазнаўцы, якія не маглі дачакацца, каб хутчэй загаварыць ім на сусветнай мове. Яны прапанавалі меры штучнага набліжэння беларускай мовы да рускай, у тым ліку і ў галіне граматыкі. Зразумела, што гэта не мае нічога агульнага з марксізмам. Такія гора-мовазнаўцы не разумеюць сутнасці нацыянальнай палітыкі партыі ў галіне культурнага будаўніцтва, якая накіравана на тое, каб даць магчымасць народам былой царскай Расіі развіць і ўзняць сваю культуру да ўзроўню перадавой культуры вялікага рускага народа. А культура кожнага савецкага народа можа паспяхова развівацца толькі на яго роднай мове. Адгэтуль і марксісцкая формула аб тым, што ў нас ствараецца культура нацыянальная па форме, сацыялістычная па зместу.

Такім чынам, усякае штучнае фарсіраванне сусветнай мовы, усякае ўшчамленне мовы таго ці іншага народа з’яўляецца шкодным для развіцця яго культуры і несумяшчальным з палітыкай партыі. Да агульначалавечай мовы народы прыйдуць праз росквіт нацыянальных культур і моў, праз узаемны абмен дасягненнямі і ўмацаванне дружбы, пасля таго, як паступова будзе зжыта ўсякае недавер’е паміж народамі — гэты перажытак капіталістычнага грамадства. А хіба штучныя мерапрыемствы для набліжэння да сусветнай мовы могуць спрыяць зжыванню гэтага недавер’я? Наадварот, яны б толькі спрыялі аднаўленню гэтага недавер’я, ажыўленню нацыяналістычных настрояў.

Адгэтуль вынікаюць і адносіны пісьменніка да мовы. Мова з’яўляецца вялікім здабыткам народа. На працягу многіх вякоў яна складалася, узбагачалася, шліфавалася. Без мовы нямысліма ніякая чалавечая дзейнасць. Зразумела, што з боку пісьменніка да гэтага народнага скарбу павінны быць самыя ўважлівыя і любоўныя адносіны. Не псаваць, не раскідаць гэтага народнага дабра, а па меры сіл памнажаць і ўдасканальваць. Пісьменнік не мае ніякіх падстаў заяўляць: гэта мая мова, што хачу, тое і раблю. Такой «маёй» мовы ў пісьменніка няма. Ёсць «мой» стыль, часамі яркі, самабытны, удалы, але ўдалым ён бывае толькі тады, калі не адрываецца ад агульнанароднай мовы, а ўмела выкарыстоўвае яе вялікае багацце.

Былі такія штукары, саманадзейныя людзі, якія спрабавалі стварыць сваю мову, адменную ад народнай, але гэта іх мова аказалася нікому не патрэбнай. Яна не магла абслужыць нават самога вынаходцу, бо калі ён ішоў па ганарар за свае творы, то павінен быў карыстацца агульнанароднай мовай. Са сваёй выдуманай мовай ён не здолеў бы атрымаць ні капейкі.

Былі і ў нашай беларускай літаратуры такія штукары, якія баяліся, хаця б ім не адстаць ад моды, кідаліся ў «заумь», у футурызм, у канструктывізм. Усё гэта былі людзі, якія не клапаціліся, каб тое, што яны пішуць, дайшло да народа. Яны пісалі для вузкага кола сваіх аднадумцаў, якія адны маглі разумець іх жаргон. Мы не будзем прыводзіць тут прыкладаў і варушыць таго, што адышло ў нябыт разам з носьбітамі гэтых з’яў. Здаровая народная плынь у беларускай літаратуры змыла ўвесь гэты накіп.

Мова пісьменніка — гэта не якая-небудзь асобная мова, адрозная ад народнай. Гэта тая ж самая народная мова, але літаратурна апрацаваная. Апрацоўка патрэбна, бо не ўсё тое, што гаворыцца, можа быць унесена ў літаратуру. На гэта не раз указваў Аляксей Максімавіч Горкі.

Пісьменнік павінен пісаць такою моваю, каб яна кранала чалавечую душу, уздзейнічала на яе. «Сапраўднае хараство мовы, што дзейнічае як сіла,— пісаў Горкі,— ствараецца дакладнасцю, яснасцю, гучнасцю слоў, якія афармляюць карціны, характары, ідэі кніг... Літаратар павінен зразумець, што ён не толькі піша пяром, але — малюе словамі... спрабуе паказаць людзей у няспынным руху, у дзеянні, у бясконцых сутыкненнях паміж сабой, у барацьбе класаў, груп, адзінак».

Вельмі правільна гаварыў аб мове на адным з пісьменніцкіх сходаў народны паэт Беларусі Якуб Колас.

«Тварэц мовы — народ,— гаварыў ён.— Задача ж пісьменніка — у фарміраванні, адборы лепшага, у прывядзенні мовы да літаратурных норм. Як бачым, задача не малая. Мы павінны мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую і выразную».

Прызнаючы заканамернасць наватвораў, ён казаў: «...трэба смялей ствараць новыя словы і ў патрэбных выпадках звяртацца да запазычання. Але мы маем вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі, літаратарамі, і з поспехам ужываецца ў народзе. Значыць, перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні свае памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі,— а можа, і знойдзецца якраз тое, што неабходна, што ўжо ўжывалася і чамусьці забыта. Пісьменнік, які не працуе над мовай, не клапоціцца аб папаўненні сваіх моўных запасаў, можа стаць перад небяспекай апынуцца за дзвярамі літаратуры».

І ўсе пісьменнікі згодны з тым, што мова мастацкага твора павінна быць прыгожай, яркай, народнай па свайму складу, зразумелай шырокім масам. Але на практыцы не заўсёды так выходзіць. Возьмем хоць бы пытанне аб чыстаце мовы. Пытанне важнае. Мы тут зноў спашлёмся на Аляксея Максімавіча Горкага, які гаварыў: «Барацьба за чыстату, за сэнсавую дакладнасць, за вастрыню мовы ёсць барацьба за прыладу культуры. Чым вастрэйшая гэта прылада, чым больш дакладна накіравана — тым больш яна пераможная».

Вельмі часта ў нас, гаворачы аб чыстаце мовы, клапоцяцца толькі аб тым, каб у беларускую мову не трапілі словы з іншых моў, у першую чаргу з рускай. Вядома, блытаць лексіку і ўводзіць рускае слова, калі ёсць для гэтага выпадку добрае беларускае, няма ніякай патрэбы, але дрэнна, што пры гэтым часамі забываюць пра іншыя элементы, якія псуюць мову,— архаізмы, правінцыялізмы, няўдалыя наватворы. А самае горшае тое, што пры гэтым амаль ніколі не звяртаюць увагі на граматычны лад мовы, ад якога ў першую чаргу залежыць яе нацыянальны характар. Чытаеш, бывае, той ці іншы твор — здаецца, ніводнага небеларускага слова няма,— відаць, што аўтар пастараўся ў гэтым сэнсе,— а сказ тым часам гучыць не па-беларуску. Атрымліваецца пераклад і то няўдалы, не творчы. У чым справа? Тут мы ўпіраемся ў пытанне, якой мовай чалавек думае. Мыслі чалавека, нават калі яны не выказваюцца, усё роўна набываюць канкрэтнае афармленне ў слове і фразе. А паколькі безнацыянальнай мовы няма, то зразумела, што чалавек мысліць пэўнай нацыянальнай мовай. І вось калі чалавек мысліць адной мовай, а піша другой, дык атрымліваецца прыблізна так: у галаве пісьменніка склалася, напрыклад, руская фраза: при виде этой картины я впал в уныние. Перакладаючы на хаду, ён піша «па-беларуску»: пры выглядзе гэтай карціны я ўпаў у смутак. А лепш было б сказаць проста: мне сумна стала, калі я гэта ўбачыў.

Яшчэ добра было б, каб пісьменнік думаў мовай, скажам, Горкага. Тады і з перакладу што-небудзь лепшае атрымалася б. Але часцей за ўсё такі пісьменнік, не адчуваючы ні адной, ні другой народнай мовы, думае мовай газетнай ці яшчэ горш — канцылярскай. І нічога дзіўнага, калі мы сустрэнем, напрыклад, такую фразу: «На зваротным шляху Галя сустрэла сваю сяброўку і паведаміла ёй, што ў прадажы маюцца булкі». Калі я прачытаю або пачую такую фразу, дык мне тых булак есці ўжо не хочацца.

Гэтыя канцылярызмы больш за ўсё псуюць нашу літаратурную мову, і ім трэба аб’явіць бязлітасную вайну. Больш за ўсё іх у публіцыстычных і крытычных артыкулах.

«Праблемы сацыяльнага неўпарадкавання грамадскіх бедстваў чалавецтва, выкліканых капіталістычным ладам, падмяняюцца ў літаратуры двудушным аплакваннем недасканаласці чалавечага роду і сцвярджэннем яго біялагічнай асуджанасці»,— чытаем мы ў «Полымі», № 11 за мінулы год у артыкуле А. Рашкоўскай.

Чытаеш такую фразу, усё роўна як мякіну жуеш,— ніяк праглынуць не можаш.

Ёсць падобныя перлы і ў нарысах, і ў раманах, нават у вершах.

«Дакладнае вока токара паслужыла каштоўнай дапамогай для канструктараў»,— піша Яфім Садоўскі ў нарысе «Станкабудаўнікі».

Відаць, некаторыя пісьменнікі вывучалі беларускую мову не ў народзе, а толькі па газетах і пратаколах. Нашы часопісы слаба змагаюцца за чыстату і хараство мовы. Асабліва гэта адносіцца да нашага тоўстага часопіса — «Полымя». Надрукавана, напрыклад, у мінулым годзе на яго старонках аповесць Хадкевіча «Рэха ў гарах». Таварыш Хадкевіч здольны пісьменнік, не першы год працуе ў літаратуры і напісаў нядрэнныя творы, але што да мовы, дык трэба проста сказаць, што яна псуе яго творы. Вельмі ж ужо шмат у ёй гэтых канцылярызмаў.

«А ў галаве Паўлы стаяў сапраўдны шум ад калавароту думак. Мазгі працавалі напружана; іх работа ішла ў двух кірунках. Яны штампавалі загадзя завучаныя словы, якімі яна адказвала Фуксу і разам з тым імкнулася хутчэй асэнсаваць становішча». Хіба гэтак можна перадаваць пачуцці жанчыны, якая трапіла ў бяду? Ды ў яе ж не галава, не сэрца, а нейкі механічны цэх, дзе «мазгі штампуюць загадзя завучаныя словы».

«Яна адчула, як кожная часцінка яе істоты напружылася, гатовая да ўсяго, што выпадзе на яе долю». На чыю долю: жанчыны ці часцінкі?

Часта словы ўжываюцца не ў сапраўдным іх значэнні: захінуўся ў куток, чацвёра жандармаў, упіўся рукамі ў абаранак руля, адштурхнуў газету.

Я думаю, што таварышу Хадкевічу для асобнага выдання варта было б перапісаць рэч нанава. Прычым трэба кожную фразу прачытаць і падумаць: а ці нельга сказаць тут прасцей,— не па-канцылярску, а больш па-народнаму. Ад гэтага твор шмат выйграе.

Ёсць нямала канцылярызмаў і ў іншых пісьменнікаў: шмат іх у Карпава, ёсць у Мележа, у Кулакоўскага. Алена Васілевіч і Уладзімір Карпаў злоўжываюць неўласцівымі беларускай мове дзеепрыметнікавымі формамі.

Трымаўшаеся за жыццё дрэва, плач прачнуўшагася малога сына, заіскрыўшыміся вачыма, трэск ламаемых галінак.

Канцылярызмам трэба аб’явіць самую жорсткую вайну, але на гэтым змаганне за чыстату і хараство мовы не канчаецца. У нас павінны быць выразныя і свядомыя адносіны да такіх рэчаў, як дыялектызмы, архаізмы, наватворы. Ці мае права пісьменнік уводзіць у мову дыялектызм? З’яўляецца агульнапрызнаным, што дыялекты не маюць перспектывы на тое, каб развіцца ў самастойную мову, калі ёсць агульнанародная мова. Яны трацяць сваю самабытнасць, уліваюцца ў агульнанародную мову і знікаюць у ёй. А калі яны ўліваюцца, то зразумела, што некаторая частка слоў пераходзіць у агульнанародную мову, узбагачаючы яе слоўнікавы састаў. Ясна, што пісьменніку няма ніякага сэнсу падтрымліваць тое, што павінна знікнуць, і культываваць дыялект як такі. Але ў асобных выпадках, калі слова пашырана на значнай тэрыторыі, калі яго не хапае ў літаратурнай мове для абазначэння пэўнага паняцця або таго ці іншага адцення, можна ўзяць адпаведнае мясцовае слова і пусціць яго ў літаратурны ўжытак. Наша мова ў параўнанні з рускай яшчэ беднавата адценнямі, і калі такое слова дасць новую фарбу, новае сэнсавае адценне, дык яму можна даць пуцёўку ў жыццё. Але зусім няма патрэбы ўводзіць дыялектызм, калі ёсць адпаведныя агульнанародныя словы. Няма патрэбы пісаць, напрыклад, махнытка, калі ёсць галавешка. У некаторых мясцовасцях на Палессі пеўняў называюць кабанамі, дык не будзем жа мы пісаць кабаны пяюць, хоць там іменна так і гавораць.

Такія ж у прынцыпе павінны быць у нас адносіны і да архаізмаў. У працэсе развіцця мовы ў яе ўліваецца пэўная колькасць новых слоў і параўнаўча меншая частка за той жа самы час выпадае, паступова адмірае. Гэта і ёсць архаізмы. І паколькі яны самім ходам развіцця мовы асуджаны на знікненне, дык няма чаго пісьменніку ўпырскваць ім камфару. Але калі мы пішам твор на гістарычную тэму, дык мы без архаізмаў абысціся не здолеем, бо нам прыйдзецца апісваць рэчы і з’явы, якія адышлі ў нябыт, але якія маюць свае назвы. Ёсць і іншыя архаізмы, якія з’яўляюцца вынікам таго, што рэч або з’ява страціла сваю ранейшую назву і набыла новую. Часта гэта словы іншамоўнага паходжання, якія народ замяніў сваімі, роднымі. На нашых вачах зніклі з ужытку такія словы, як рыдыкюль, цёнгле, пардон, мерсі, стырно. Аджываюць свой век і такія беларускія словы, як андарак, камора, калітка (у сэнсе кашалёк), аловак выцясняецца карандашом, ліст — пісьмом, гарнітур — касцюмам і г. д. Вядома, робіцца гэта павольна, на працягу, часамі, доўгіх гадоў. Таму і спрэчкі бываюць: аднаму здаецца, што слова памерла ўжо, а другі лічыць, што яно яшчэ жыве і мае шансы на перамогу над словам-сапернікам. Бывае часам, што старыя словы ажываюць у новай якасці і выжываюць з мовы новыя словы. У рускай мове даўно вядома такое слова, як самалёт (кавёр-самалёт). З’явілася слова аэраплан і пачало ўжывацца. Здавалася, што самалёт так і застанецца толькі ў казцы. А гэта слова раптам ажыло і вельмі ўдала змяніла іншамоўнае слова аэраплан. Слова самакат — таксама з даўніх часоў было ў рускай мове (сані-самакаты), але яму не так пашанцавала, яно не змагло замяніць слова аўтамабіль.

Што да новых слоў, дык становішча іх у мове зусім іншае, чым становішча архаізмаў і дыялектызмаў. Большая частка новых слоў прыйшла ў нашу мову з рэвалюцыяй, з практыкай сацыялістычнага будаўніцтва. Такія словы, як партыя, рэвалюцыя, камунізм, сацыялізм, ленінізм, сельсавет, пяцігодка, калгас, стаханавец, сацспаборніцтва і шмат якія іншыя, сталі словамі агульнанароднымі, моцна ўвайшлі ў нашу мову. За гады савецкай улады, як было сказана вышэй, слоўнікавы састаў нашай мовы папоўніўся вялікай колькасцю новых слоў. Гэта наша багацце. Але не дзіва, што сярод тысяч новых слоў знойдуцца дзесяткі няўдалых, выдуманых наспех, утвораных наперакор законам беларускай мовы. Гэтыя словы-неданоскі таксама псуюць мову. Трэба шукаць на іх месца слоў у народнай гаворцы, а калі ўтвараць новыя словы, дык на аснове агульнавядомых народных слоў.

Іншамоўныя словы ў нас не з’яўляюцца праблемай, бо цяпер яны прыходзяць да нас амаль выключна праз рускую мову, такім чынам у значнай меры апрабаванымі. Але ў мастацкую літаратуру іх трэба ўводзіць як мага менш. Уладзімір Ільіч Ленін, клапоцячыся аб чыстаце рускай мовы, пісаў: «Рускую мову мы псуём. Замежныя словы ўжываем без патрэбы. Ужываем іх няправільна. Навошта гаварыць дефекты, калі можна сказаць недочеты, або недостатки, або пробелы?.. Калі таму, хто нядаўна навучыўся чытаць, даравальна ўжываць, як навіну, замежныя словы, то літаратарам дараваць гэтага нельга. Ці не пара нам аб’явіць вайну ўжыванню замежных слоў без патрэбы?»

Гэтымі ўказаннямі Уладзіміра Ільіча мы павінны кіравацца ў сваёй практычнай працы. Калі ў нас ёсць магчымасць замяніць іншамоўнае слова сваім, родным, агульнавядомым, дык мы павінны гэта зрабіць.

Варта спыніцца тут на некаторых дробных, але вельмі прыкрых з’явах у нашай моўнай практыцы. Мы маем на ўвазе ляпсусы, якія трапілі ў мову праз нечую непісьменнасць і маюць тэндэнцыю замацавацца ў ёй. Часта пішуць і па радыё гавораць дзякуем вас, у той час, як пабеларуску спрадвеку гаварылася дзякуем вам. Дзеяслоў дзякаваць патрабуе давальнага склону, і гэта ведае кожная вясковая бабуля, а некаторыя пісьменнікі гэтага не ведаюць. Вельмі прыкра слухаць, калі гавораць беларусы, таварышы, у той час, калі трэба гаварыць беларусы, таварышы. Гавораць здарылася замест здарылася, спадабаецца замест падабаецца. Гавораць апрануць кашулю, апрануць штаны. Вельмі часта няправільна ўжываюць вышэйшую ступень прыметніка: або на польскі лад, напрыклад, другая частка большая ад першай, або на рускі лад: другая частка больш першай, а па-беларуску трэба сказаць: другая частка большая за першую. Такую няправільнасць дапускае і тав. Мележ, калі піша: «Ён меў за плячамі вялікі жыццёвы вопыт, многа больш, чым, напрыклад, камбрыг Ермакоў». Часта блытаюць спражэнні дзеясловаў і пішуць носюць, косюць замест — носяць, косяць. Зусім дарэмна выжываюць з літаратуры слова палажыць і ўжываюць толькі слова пакласці, а між тым паміж гэтымі двума словамі ёсць пэўная сэнсавая розніца. Палажыць можна адзін прадмет або некалькі прадметаў у адзін прыём, а пакласці — многа прадметаў, кладучы па адным або часткамі. Такім чынам, яблыкі на стол я магу палажыць, скажам, разам з мяшком і пакласці, выкладаючы па адным, па два.

У каго ж трэба вучыцца законам і хараству беларускай мовы, дзе шукаць тыя скарбы і тыя фарбы, якія патрэбны пісьменніку для стварэння паўнакроўных вобразаў? Услед за Якубам Коласам коратка адкажам — у народа. Той, хто не чуў народнай гаворкі з усім багаццем яе лексікі і фразеалогіі, хто абыякава ставіцца да гэтай найбагацейшай крыніцы, той не зможа ствараць яркіх, паўнакроўных твораў. Узорам таго, як трэба карыстацца гэтым найбагацейшым скарбам, як трэба працаваць над народнай мовай, каб яна заззяла ўсімі колерамі, з’яўляюцца нашы народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас. У іх трэба вучыцца, як выкарыстаць слова ў сапраўдным яго значэнні, як будаваць фразу, каб яна гучала па-беларуску, была простай, зразумелай і несла ў сабе вялікую думку і пачуццё. Канстанціну Міхайлавічу спрабавалі закідаць часамі, што ў яго ёсць русізмы. Праўда, трапляюцца часамі ў яго русізмы, асабліва ў ранейшых творах. Але ніхто не скажа, што мова Якуба Коласа ад гэтага робіцца не беларускай. Справа ў тым, што запазычаныя словы падпарадкуюцца ў яго ўсім законам беларускай граматыкі і таму не адчуваюцца як іншародныя. Мова Якуба Коласа — гэта сапраўды народная мова, апрацаваная вялікім мастаком.

У творах Янкі Купалы, асабліва на першым этапе яго творчасці, сустракаецца некаторая колькасць паланізмаў. Але як толькі паэт пераканаўся, што яны не пашыраны ў беларускай мове, ён, клапоцячыся аб чыстаце мовы, замяніў іх у далейшых выданнях агульнавядомымі беларускімі словамі. У выніку гэтага адсеяліся такія словы, як нэндза, твар, шыдэрскі, ружніца, вальчыць, зэмста, ксёнжка, захэнцаць і інш.

Вельмі харошая мова ў Кузьмы Чорнага. Праўда, сустракаюцца ў яго часамі вузкія дыялектызмы, як кагадзе, нябога (у сэнсе — пляменніца) і інш., але іх нямнога, і пісьменнік ужываў іх не для любавання. Гэта былі словы, з якімі ён зжыўся змалку, і для яго яны былі зусім натуральнымі. Мы вельмі ж раілі нашым маладым празаікам, асабліва тым, хто мае нахіл да канцылярызмаў, пабольш чытаць Кузьму Чорнага.

Ёсць у нас яшчэ нямала пісьменнікаў, у якіх харошая, багатая па лексіцы і народная па свайму складу мова. Тут мы можам назваць Глебку, Куляшова, Танка, Броўку, Панчанку, Лужаніна, Брыля, Вялюгіна. Ёсць у кожнага з іх свае недахопы, тыя ці іншыя адхіленні ад літаратурнай мовы, але гэта адхіленні выпадковыя, і іх не так многа. Багатая, але ўжо з вялікай колькасцю адхіленняў ад нормы мова Міхася Лынькова. Гэты пералік можна было б і яшчэ прадоўжыць. На жаль, мы тут не маем магчымасці займацца аналізам мовы паасобных пісьменнікаў.

У заключэнне я хачу спыніцца на пытанні аб правапісе. Ён у нас ужо разы два падпраўляўся, і вось зноў другі год мы гаворым аб неабходнасці яго ўдакладнення, але не маем канкрэтных вынікаў. Гэта значыць, што недахопы ў правапісе сапраўды-такі ёсць, але іх не так лёгка выправіць. Асноўны недахоп заключаецца ў тым, што наш правапіс не дае правіл для ўсіх слоў, незалежна ад іх паходжання, і гэтым парушае самыя прынцыпы граматыкі. Як вядома, граматыка дае правілы аб змене слоў, маючы на ўвазе не канкрэтныя словы, а наогул словы без якой-небудзь канкрэтнасці. А наш правапіс патрабуе, каб мы да кожнага слова падыходзілі канкрэтна і ўстанаўлівалі: беларускае гэта слова ці не. Калі беларускі Аляксандр, дык трэба пісаць праз я, а не беларускі — праз е. А гэта часта і ўстанавіць немагчыма. Ну, добра, мы ведаем, што Александр Македонскі — не беларус, і тут памылкі не зробім. А калі ён не македонскі, а віцебскі або гомельскі? Тут хоць ты едзь у Віцебск ці ў Гомель ды ў пашпарт глядзі, якой ён нацыянальнасці. Тое ж самае з геаграфічнымі назвамі.

У нас іншамоўныя словы не цалкам падпарадкуюцца законам беларускай мовы,— для іх створаны асобныя законы. Гэта ўносіць вялікую блытаніну ў напісанне. Для ўсіх слоў, незалежна ад іх паходжання, павінен існаваць адзін прынцып напісання. Усе запазычаныя словы павінны падпарадкавацца законам беларускай мовы. Праўда, сам прынцып нашага правапісу — у аснове сваёй фанетычны — мае той недахоп, што ў ім на першы план ставіцца фанетыка, а марфалогія — гэты важнейшы элемент мовы — адціснута на задні план. Прычым узаконена ў правапісе нават фанетычная рыса, якая не пашырана на ўсёй тэрыторыі БССР і не ярка выражана,— яканне. А яно якраз і з’яўляецца найбольшай перашкодай для выпрацоўкі адзінага правапісу.

Такім чынам, у нас шмат ёсць моўных пытанняў, дастаткова не асветленых і не вырашаных. Нашы мовазнаўцы павінны працаваць над іх вырашэннем, а нашы пісьменнікі павінны прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць мастацкае слова больш дасканалым, яркім і даходчывым, каб яно спрыяла глыбейшаму раскрыццю думак і пачуццяў савецкага чалавека.

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан