epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Аб сатырычнай камедыі

Усім нам вядома марксісцкае палажэнне, што мастацкая літаратура з’яўляецца адлюстраваннем рэчаіснасці. Што датычыць прынцыпаў адлюстравання савецкай рэчаіснасці, дык нам партыя ясна сказала: пішыце праўду.

Здавалася б, справа ясная: пішы праўду і будзе ўсё ў парадку. Углядаючыся ў савецкую рэчаіснасць, пісьменнікі бачылі вялікія справы нашага народа, выдатных савецкіх людзей, цудоўныя з’явы нашага жыцця. Але побач з гэтым яны бачылі і дрэнных людзей, і адмоўныя з’явы. Усё гэта яны спрабавалі ў меру сваіх сіл адлюстраваць у мастацкіх творах. Але тут некаторыя мудрацы кінуліся іх ратаваць ад гэтай згубнай памылковасці. «Не,— крычалі яны,— праўда гэта не тое, што вы бачыце. Адна справа праўда ў рэчаіснасці і зусім іншая справа — у мастацтве. У мастацтве праўда абагульненая».

Што ў мастацтве праўда абагульненая,— з гэтым ніхто не збіраўся спрачацца. Аднак, выказаўшы гэту правільную думку, запазычаную ў класікаў марксізма-ленінізма, некаторыя тэарэтыкі пачалі развіваць яе далей і сапсавалі ўсю справу.

Абагульняць трэба не ўсё, указвалі яны, а толькі тыповае. А тыповым у нашым сацыялістычным грамадстве з’яўляецца толькі тое, што найбольш для яго характэрна, гэта значыць станоўчае. Што датычыць адмоўнага, дык яно з’яўляецца характэрным для ўсякага іншага грамадства, толькі не для нашага. Таму абагульняць адмоўнае — значыць узводзіць паклёп на нашу савецкую рэчаіснасць.

Гэтым сафізмам быў зведзены да самага нікчэмнага становішча і асуджаны на гібенне выкрывальны жанр у нашай літаратуры. Сатыры было адмоўлена ў праве абагульняць. Яна стала літаратурай прыватнай з’явы, адзінкавага факта, інакш кажучы, літаратурай трэцяга гатунку.

З падобных разважанняў нарадзілася, па сутнасці, і тэорыя бесканфліктнасці, якая нарабіла нямала шкоды ў нашай літаратуры. Як ні дзіўна, гэта тэорыя вельмі хутка знайшла сабе значную колькасць прыхільнікаў. Поспех яе тлумачыцца, відавочна, тым, што для многіх яна аказалася вельмі зручнай. Непатрабавальных да сябе драматургаў яна спакусіла тым, што вызваляла іх ад неабходнасці авалодваць майстэрствам. Сапраўды, калі няма канфлікту, дык няма неабходнасці клапаціцца аб кампазіцыі, аб сюжэце, аб сцэнічнасці дзеяння. Можна абмежавацца дыялогамі на ўзятую тэму, разбавіўшы іх пэўнай дозай увесяляльнага гумару, які не мае ніякіх адносін да сутнасці справы. Крытыкаў і некаторых іншых работнікаў літаратурнага і тэатральнага фронту яна задавальняла тым, што вызваляла іх ад трывог і апасенняў. Калі ў п’есах паказваецца толькі добрае і лепшае, дык нам баяцца няма чаго,— разважалі яны. Калі хто і перабярэ меру ў паказе добрага — бяда невялікая. За гэта нас не б’юць і з пасад не знімаюць. А вось паказ адмоўнага пагражае ўсялякімі нечаканасцямі. Так стварылася ў нашай літаратуры і тэатры бесканфліктнае «благополучне», якое задавальняла вынаходцаў і прыхільнікаў шкоднай тэорыі, але далёка не задавальняла савецкага чытача і гледача.

Партыйны друк выкрыў шкодную тэорыю бесканфліктнасці. Яе прыхільнікам было ўказана на тое, што савецкае грамадства развіваецца і рухаецца ўперад шляхам пераадолення супярэчнасцей, у якіх новае сутыкаецца са старым, аджыўшым і перамагае яго. З гэтага вынікала, што для нашага грамадства адмоўнае, аджыўшае з’яўляецца не выпадковасцю, а заканамернасцю, што адмоўнае, такім чынам, можа быць тыповым.

Пасля гэтага нашай крытыцы прыйшлося прызнаць за сатырай некаторыя правы. Ёй была аб’яўлена амністыя. Пачуліся нават галасы: дарогу сатыры!

І вось яна пляцецца па гэтай дарозе, хістаючыся на нетрывалых яшчэ нагах, а ёй ужо забягаюць наперарэз. Некаторых таварышаў узяў страх, як бы яна не стала бушаваць і не нарабіла бяды. А раптам яна наваліцца не на таго, на каго трэба! Пачалі шукаць сродак, які засцярог бы савецкае грамадства ад эксцэсаў з боку сатыры, сатырыка — ад непапраўных памылак, а крытыка — ад трывогі і апасенняў за іх абодвух. І такі сродак нібыта знойдзен. Такім сродкам з’яўляецца нібыта выратавальная формула, у якой дакладна ўказваюцца суадносіны станоўчага і адмоўнага і якой неабходна строга прытрымлівацца пры стварэнні, скажам, сатырычнай камедыі. Дастаткова палажыць указаную колькасць таго і другога, пабоўтаць — і патрэбны мастацкі твор з’явіцца сам сабою. Але на сцэне мы чамусьці часцей за ўсё бачым не хімічнае злучэнне, а механічную сумесь са станоўчага і адмоўнага, хоць прапорцыі як быццам захаваны. Закрадваецца падазрэнне, а ці няма якой-небудзь заганы ў самой выратавальнай формуле. Пры бліжэйшым разглядзе выяўляецца, што формула сапраўды заганная. Яна патрабуе, каб у сатырычнай камедыі станоўчае і адмоўнае знаходзілася ў такіх жа суадносінах, як гэта мае месца ў нашай рэчаіснасці.

Прычым разважанне ідзе прыкладна такім чынам. Наша літаратура з’яўляецца адлюстраваннем савецкай рэчаіснасці. Яна павінна адлюстроўваць гэту рэчаіснасць правільна па часці паказу станоўчага і адмоўнага, захоўваючы адпаведныя прапорцыі. Гэта датычыць кожнага літаратурнага твора, у тым ліку і сатырычнай камедыі. Калі ў жыцці мы маем, скажам, дзевяноста працэнтаў станоўчага і дзесяць працэнтаў адмоўнага, дык такая ж прапорцыя павінна быць захавана і ў сатырычнай камедыі.

Гэта правіла зрабілася ў некаторых крытыкаў амаль што меркай пры вызначэнні ідэйнай якасці сатырычнай камедыі. А між тым у гэтай формуле ёсць сур’ёзная памылка. Справа ў тым, што тэарэтыкі, якія вынайшлі яе, уяўляюць сабе нашу рэчаіснасць у выглядзе нейкай сумесі, у якой станоўчае і адмоўнае размеркаваны раўнамерна. Дзе б ні ўзялі пробу, усюды акажацца дзевяноста працэнтаў станоўчага і дзесяць працэнтаў адмоўнага. На самай жа справе станоўчае і адмоўнае ў нашай рэчаіснасці сустракаюцца ў розных камбінацыях і ў розных прапорцыях. Пры агульнай перавазе станоўчага нярэдка ўзнікаюць ачагі, у якіх канцэнтрацыя адмоўнага можа быць значна вышэйшай за сярэдняе арыфметычнае. Вось гэтыя ачагі адмоўнага і павінны ў першую чаргу цікавіць камедыёграфа, сюды і павінен быць накіраваны агонь сатыры.

В. В. Ярмілаў у сваёй працы «Некаторыя пытанні тэорыі савецкай драматургіі» многа ўвагі аддае сатырычнай камедыі. Ім выказана па гэтаму пытанню нямала цікавых і справядлівых думак, але што датычыць высвятлення, якія абставіны з’яўляюцца тыповымі для камедыйнага канфлікту, дык тут яго адказ не можа нас поўнасцю задаволіць. Тыповасць гэтых абставін тае. Ярмілаў бачыць у тым, што адмоўныя персанажы дзейнічаюць у неспрыяльным і варожым для іх грамадстве. Але гэта вельмі агульна, недакладна, неканкрэтна, а таму мала што дае для высвятлення пытання, якое нас цікавіць. Тут бярэцца наша рэчаіснасць наогул, а не тое канкрэтнае асяроддзе, у якім праяўляецца адмоўнае.

Тыповым для канфлікту, прыгоднага для сатырычнай камедыі, з’яўляецца, на мой погляд, наяўнасць ачага адмоўнага. Характэрным для яго з’яўляецца тое, што носьбіт зла трапляе ў адносна спрыяльнае для яго асяроддзе, у якім калі не ўсе, дык частка людзей з яго акружэння не знаходзяцца на належнай вышыні з пункту гледжання савецкіх патрабаванняў. Толькі ў такім асяроддзі варожы пачатак можа развіцца, выявіцца з дастатковай паўнатой і паказаць усе свае якасці. Крадзеж можа быць там, дзе савецкае дабро дрэнна ўлічваецца і ахоўваецца. Авантурыст можа з поспехам дзейнічаць там, дзе ён мае справу з разявакамі або нават проста з людзьмі, якія не валодаюць дастатковымі ведамі ў дадзенай галіне. Мне могуць пярэчыць, што разявакі — гэта таксама адмоўнае. Зразумела, але трэба адрозніваць адно адмоўнае ад другога і не валіць у адну кучу людзей суб’ектыўна сумленных, але не пазбаўленых тых ці іншых слабасцей і недахопаў, з людзьмі свядома варожымі савецкаму грамадству і яго маралі.

Такім чынам, ачаг адмоўнага ўключае ў сябе не аднаго носьбіта зла, а і спрыяльнае для яго акружэнне. Карыстаючыся мовай агратэхнікі, можна было б сказаць, што зло плодзіцца гнездавым спосабам. Выкрываючы ў сатырычнай камедыі галоўнага носьбіта зла, мы непазбежна будзем ускрываць і недахопы тых, можа, суб’ектыўна і сумленных савецкіх людзей, якія былі яго пасобнікамі.

Гэта адносна адмоўнага. Ну, а як жа быць са станоўчым? Як яно можа супрацьстаяць адмоўнаму і ці з’яўляецца гэта неабходным? Так, станоўчае ў сатырычнай камедыі абавязкова павінна прысутнічаць. Толькі разуменне станоўчага ў нас часта звужваецца: не бярэцца пад увагу тая акалічнасць, што ўжо само выкрыццё зла ёсць дабро, што адмаўленне адмоўнага з’яўляецца сцверджаннем станоўчага. Калі аўтар знаходзіцца на вышыні сваёй задачы, дык праз выкрыццё адмоўнага заўсёды будзе відаць той высокі ідэал, у імя якога гэта робіцца. Але гэтым справа не абмяжоўваецца. У драматычным творы наогул, у тым ліку і ў сатырычнай камедыі, звычайна сутыкаюцца дзве супрацьлеглыя сілы. Гэта з’яўляецца неабходнай умовай для таго, каб ідэя п’есы была раскрыта з найбольшай глыбінёй праз яркія пераканаўчыя вобразы. Адна з гэтых сіл звычайна з’яўляецца станоўчай. Аднак суадносіны іх спачатку такія, што станоўчы пачатак не можа перамагчы. Толькі ў працэсе барацьбы ён мабілізуе сілы, каб нанесці сакрушальны ўдар. Толькі пры такой умове канфлікт можа атрымаць сваё неабходнае развіццё і паслужыць асновай для сатырычнай камедыі.

А што было б у тым выпадку, калі б з самага пачатку мы ўзялі станоўчае і адмоўнае ў той прапорцыі, у якой яно знаходзіцца ў нашай рэчаіснасці наогул, г. зн. узялі б сярэдняе арыфметычнае? Тады на аднаго носьбіта зла прыпадала б, скажам, дзевяць прадстаўнікоў станоўчага, г. зн. дзевяць савецкіх грамадзян — прынцыповых, сумленных, разумных, пільных. Пры такой умове кожная спроба носьбіта зла развіць сваю шкодную дзейнасць была б неадкладна выкрыта і абясшкоджана. Канфлікт не атрымаў бы развіцця. Пасля завязкі неадкладна адбывалася б развязка, і ніякай бы камедыі не атрымалася. І вось самая, здавалася б, тыповая камбінацыя станоўчага і адмоўнага, адпаведная таму, што ёсць у цэлым у нашай рэчаіснасці, аказваецца непрыгоднай для сатырычнай камедыі, бо яна не дае магчымасці злому пачатку развіцца і выявіць свае шкодныя якасці. А раскрыццё якраз гэтых якасцей і з’яўляецца галоўнай задачай камедыёграфа-сатырыка. Адсюль вывад: нельга патрабаваць, каб у сатырычнай камедыі з самага пачатку станоўчае было супрацьстаўлена адмоўнаму, як магутная вырашальная сіла.

Іншы раз драматурга дакараюць за тое, што ў яго адмоўныя вобразы напісаны залішне ярка. Такі дакор гучыць даволі дзіўна. Нібы яркае адлюстраванне адмоўнага ідзе яму, г. зн. адмоўнаму, на карысць. Наадварот, чым ярчэй паказана адмоўнае, тым мацнейшы ўдар, нанесены яму. Калі ж адмоўныя вобразы атрымаліся бледнымі, значыць, зло не раскрыта да канца, значыць, драматург не выканаў свае асноўнай задачы, значыць, сатырычнай камедыі не атрымалася.

Наогул я лічу, што камедыёграфа трэба вызваліць ад дробязнай апекі і не навязваць яму наспех прыгатаваных рэцэптаў. Такія рэцэпты толькі скоўваюць яго ініцыятыву і часта падказваюць няправільнае рашэнне творчай задачы. На самай справе, што атрымліваецца? З аднаго боку, крытыка настойліва гаворыць аб тым, што ў нас павінны быць свае Гогалі і Шчадрыны, а з другога боку — яна мнагазначна ківае пальцам на камедыёграфа: ты, Гогаль, глядзі ў мяне — пішы, ды і меру ведай. Вось табе гатовы рэцэпт, якога ты павінен строга прытрымлівацца, каб самому не памыляцца і мяне не падводзіць. А рэцэпт на самай справе непрыгодны, бо ён складзены без уліку творчай практыкі, шляхам абстрактных разважанняў.

Падводзячы вынікі ўсяму сказанаму вышэй, я дазволю сабе ў сціслым выглядзе паўтарыць асноўныя палажэнні свайго выказвання.

Добрае і злое ў нашай рэчаіснасці размеркавана нераўнамерна. На фоне агульнага станоўчага ў асобных месцах узнікаюць ачагі адмоўнага.

Ачаг адмоўнага з’яўляецца тыповай умовай для развіцця канфлікту, прыгоднага для сатырычнай камедыі.

Характэрным для яго з’яўляецца тое, што асноўны носьбіт зла трапляе ў акружэнне людзей, якія аказваюцца не на належнай вышыні. Дзякуючы іх пасобніцтву або слепаце ён атрымлівае магчымасць развіць сваю шкодную дзейнасць.

Канфлікт, у якім з самага пачатку станоўчае значна пераважае над адмоўным, з’яўляецца непрыгодным для сатырычнай камедыі.

Станоўчае мабілізуе свае сілы ў працэсе барацьбы, каб пад канец яе нанесці сакрушальны ўдар супрацьлеглай старане.

Адмоўнае павінна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі камедыёграфа-сатырыка, як у цэнтры ўвагі хірурга знаходзіцца нарыў на здаровым целе чалавека.

Вось тыя думкі, якія ўзніклі ў выніку практычнай работы і разважанняў аб шляхах развіцця савецкай камедыі і якімі я хацеў падзяліцца з таварышамі па прафесіі.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан