(Байка)
— Набраўся недзе, як свіння,
Дый брэша, як сабака;
Вось некаму цябе суняць! —
Так прабірае Жонка Мужа,
Які напіўся дужа
І лаецца са смакам.
— Няпраўда,— кажа тут Свіння
Да п’яніцавай жонкі,—
Ані гарэлкі, ні віна,
Ні нават самагонкі
Не п’ю я зроду,
А толькі п’ю памыі й воду,
І за такую вось абразу
Я падцягнуць магла б адразу.
— І я пакрыўдзіўся на вас,—
Спусціўшы хвост і морду нізка,
Сказаў вясковы Лыска.—
Ці чулі ж вы калі хоць раз
Такую лаянку між нас
Адборную, густую?
Я пратэстую!
Што можам мы дабавіць з вамі?
Жывёлы ўсё сказалі самі.
1925