epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ад маленства да сталасці

Аўтабіяграфія

Нарадзіўся я яшчэ ў мінулым стагоддзі — 22 лютага (5 сакавіка) 1896 года ў вёсцы Нізок Уздзенскай воласці Мінскай губерні Ігуменскага павета. У сям’і майго бацькі, Кандрата Міхайлавіча Атраховіча, гэта была выдатная падзея: нарадзіўся наследнік. Спадчына, праўда, была не такая ўжо вялікая. Яна складалася з шасці дзесяцін прыдатнай і непрыдатнай зямлі ды таго не бог ведае якога набытку, што на гэтай зямлі можна было нажыць. Але бацьку не даваў спакою клопат — каму застанецца гэты нажыты цяжкай працай набытак. З васьмярых братоў і сясцёр, што нарадзіліся раней за мяне, у жывых засталіся дзве сястры. Адна з іх хутка памерла. Каб застрахаваць мяне ад такога ж лёсу, бабулькі параілі даць мне імя майго бацькі. Так і стаў я на ўсё жыццё Кандратам Кандратавічам. Як бы ўзрадаваліся бабулькі на тым свеце, калі б даведаліся, што я пражыў на свеце ўжо больш за шэсцьдзесят гадоў! І, вядома, палічылі б страшэннай няўдзячнасцю мае сатырычныя вершы пра ўсялякія забабоны.

Такім чынам, самае важнае для мяне адбылося — я з’явіўся на свет. Далей усё пайшло сваім парадкам: насілі мяне ў калысцы на поле, пасля я сам хадзіў, ухапіўшыся за матчын падол, а ў калысцы насілі другога, потым пасвіў свіней, потым кароў.

У чатырнаццаць гадоў пайшоў за плугам і за касой. У сялянскай гаспадарцы заўсёды было шмат работы — цяжкай і лягчэйшай — і асноўным работнікам заўсёды патрэбны былі памочнікі. Прыходзілася і цяжка часамі, але я з удзячнасцю ўспамінаю сваіх бацькоў, якія навучылі мяне працаваць яшчэ ў маладым узросце, навучылі цаніць працу і паважаць людзей з мазольнымі рукамі. Урэшце, у іх не было загадзя выпрацаванай праграмы працоўнага выхавання. Гэта рабілася само сабою, у сілу неабходнасці.

У сем гадоў я пачаў вучыцца ў царкоўнапрыходскай школе і за чатыры гады паспяхова яе скончыў. Бацька вырашыў, што гэтай прамудрасці аж занадта для таго, каб кіраваць гаспадаркай, у якой і да ста няма чаго лічыць. Але лёс распарадзіўся іначай. У сям’і здарылася вялікае гора — памерла мая маці. Старэйшая сястра збіралася выходзіць замуж. Бацька разважыў, што без гаспадыні ніяк нельга, і ажаніўся другі раз.

Каб не было лішняй калатні ў сям’і, а галоўнае, каб захаваць у цэласці гаспадарку, якая прызначалася цяпер для новай сям’і, ён вырашыў мяне «вывесці ў людзі». І вось, пасля гадавога перапынку, я зноў пайшоў у школу. На гэты раз у апошні клас (тады называлася аддзяленне) народнага вучылішча ў мястэчку Узда. У наступным годзе я паступіў у другі клас чатырохкласнага гарадскога вучылішча ў мястэчку Стоўбцы Мінскай губерні. Вучыўся я нядрэнна, але гэтым і абмяжоўваўся мой культурны рост. Чытаць не было чаго, бібліятэка была вельмі бедная. Па гэтай прычыне я праз два гады перавёўся ў такое ж самае вучылішча ў мястэчка Койданава (цяпер Дзяржынск). Там вучыўся мой аднавясковец і сябар П. П. Герасімовіч, які спакусіў мяне расказамі аб прачытаных кнігах. На працягу навучальнага года разы два-тры прыязджаў да мяне бацька, прывозіў мяшок бульбы, кілаграмы два круп і крыху сала — з такім разлікам, каб хапіла да наступнага яго прыезду. На апетыт я не скардзіўся, і аднастайнае меню не вельмі мне надакучала. Толькі потым, калі ў мяне пачалі псавацца зубы, я скеміў, што яно было занадта аднастайным.

Да гэтага часу адносіцца і мая першая проба пяра. Помніцца, што з-пад гэтага неспрактыкаванага пяра, відаць, пад уплывам прачытаных твораў Лермантава, з’явіліся на свет лірычныя вершы з налётам «сусветнай тугі». Так, мне здавалася, павінна была выглядаць сапраўдная паэзія. Побач з гэтым, для хатняга ўжытку, я папісваў і эпіграмы на сваіх знаёмых. Заахвочаны добрай думкай выкладчыка літаратуры аб маіх літаратурных здольнасцях, я рызыкнуў паслаць адзін з твораў «высокага класа» ў часопіс, калі не памыляюся, «Жизнь для всех». Хутка я атрымаў адказ, што мой верш не можа быць надрукаваны, бо ён не мае дастатковай мастацкай каштоўнасці.

Вырашыўшы, што мае літаратурныя практыкаванні — марная справа, я пасля гэтага не браўся за пяро цэлых восем гадоў.

Гарадское вучылішча я скончыў у 1913 годзе. Бацька заявіў, што на гэтым яго клопаты аба мне скончыліся і што мне пара ісці на свой хлеб. Ён ужо і так вымушан быў прадаць карову, каб заплаціць за маю адукацыю і справіць мне гарадскі касцюм. Але «свой хлеб» не так лёгка было здабыць. Гарадское вучылішча ніякай спецыяльнасці не давала. Лета я працаваў на гаспадарцы, а восенню, пазычыўшы ў суседа тры рублі, паехаў у Мінск здаваць экзамен на званне народнага настаўніка. На экзамене я ледзь не праваліўся, бо мне прыйшлося рашаць геаметрычную задачу на правіла, якога ў праграме гарадскога вучылішча не было. Усё ж я вярнуўся дадому з пасведчаннем у кішэні. Але быў ужо кастрычнік месяц, і месца настаўніка я ў тым годзе не атрымаў.

Зімой я ездзіў з бацькам у заработкі, а вясной, пакуль тое месца, пайшоў працаваць на цагельню. Асноўным маім абавязкам было закідваць у мясілку размокшую гліну. За лета я нажыў ладныя мазалі, якія сваёй цвёрдасцю маглі паспрачацца з конскім капытом, і сорак рублёў грошай.

Гэта быў першы «свой хлеб». З такой сумай у кішэні я адчуў сябе зусім незалежным чалавекам.

Тым часам і назначэнне прыспела — у земскае народнае вучылішча ў вёску Мнішана Пяршайскай воласці Мінскага павета. Але нядоўга мне прыйшлося сеяць «разумное, доброе». Ужо з усёй сілай лютавала імперыялістычная вайна, і ў жніўні 1915 года мяне папрасілі пастаяць «за веру, цара і айчыну». К гэтаму часу рады кадравых афіцэраў ужо значна парадзелі, і начальства вырашыла, што я з’яўляюся зусім прыдатнай фігурай для таго, каб заткнуць адну з дзірак у афіцэрскім складзе. Пасля першапачатковай апрацоўкі ў палкавой вучэбнай камандзе, дзе старанныя служакі унтэр-афіцэры знялі з мяне першы слой вясковай шурпатасці, я быў накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Выявілася, што і мая невялікая адукацыя нешта значыла. Яна давала права на паступленне ў школу прапаршчыкаў. Праз тры месяцы я быў гатоў. Аб гэтым сведчылі не столькі мае вайсковыя веды, колькі новае афіцэрскае абмундзіраванне, рэвальвер у кабуры і шашка пры баку, якая з непрывычкі замінала мне хадзіць.

Вясну і лета 1916 года я праслужыў у 38-м запасным батальёне ў горадзе Асташкаве. У якасці ўзводнага афіцэра я выходзіў на заняткі са старымі апалчэнцамі, якіх рыхтавалі для пасылкі на фронт. Некаторыя з іх былі разы ў два старэйшыя за мяне, і мне спачатку было няёмка, калі прыходзілася камандаваць: «В цепь! Ложись! Встать! Бегом!» — і да т. п. Урэшце, гэта часцей і лепш за мяне рабілі ўсё тыя ж служакі унтэр-афіцэры.

У вольны час я шмат чытаў, карыстаючыся тым, што ў горадзе была нядрэнная бібліятэка. Гэтаму спрыяла і маё знаёмства з асташкаўскімі гімназісткамі, якія часта дзяліліся са мной сваімі ўражаннямі ад прачытаных кніг.

З асаблівым пачуццём я ўспамінаю сясцёр Абакшыных. Гэтыя мілыя дзяўчаты, з якіх дзве ўжо настаўнічалі, былі дочкамі няўдачлівага заняпалага купца, чалавека грубага і непісьменнага. Ён рабіў уражанне чалавека, зусім разгубленага ад таго, што на яго галаву звалілася «няшчасце» ў выглядзе пяці дачок, кожнай з якіх трэба было прыдбаць пасаг. Але самі дочкі ставіліся да гэтага гумарыстычна, цалкам спадзеючыся на атрыманую адукацыю і яшчэ ўпотай, бадай, на сваю прыгажосць, бо некаторыя з іх былі сапраўды прыгожыя. З цёплым пачуццём і з засмучэннем я ўспамінаю і гарачыя спрэчкі аб прачытаных кнігах, і ціхія задушэўныя гутаркі. З засмучэннем таму, што некаторых з тых, хто быў мне асабліва дарагі, ужо няма на свеце.

У кастрычніку 1916 года я з маршавай ротай быў адпраўлены на фронт і апынуўся ў Румыніі, у 494-м Вярэйскім стралковым палку, у той момант, калі нашы патрапаныя часці пад націскам праціўніка адыходзілі з Дабруджы.

Там я ўпершыню атрымаў баявое хрышчэнне, не раз бываў у сур’ёзных пераплётах, зусім не ведаючы, што гэта толькі кветачкі і што наперадзе яшчэ не адна вайна і не адзін пераплёт.

Звяржэнне самадзяржаўя для далёкага Румынскага фронту было нечаканай і тым больш хвалюючай падзеяй. Салдаты і большасць афіцэраў, асабліва афіцэраў ваеннага часу, узрадаваліся, чакаючы блізкага канца абрыдлай вайны. Але ішлі тыдні і месяцы, а канца вайны ніхто не аб’яўляў. Наадварот, хадзілі ўпартыя чуткі аб тым, што рыхтуецца новае генеральнае наступленне. Аднак прымусіць салдат ісці ў наступленне ўжо ніякая сіла не магла. Лозунг «Далоў вайну!» быў самы папулярны сярод салдат. Усё выразней выступалі на першы план палітычныя пытанні, якія горача абмяркоўваліся ў акопах і на шматлікіх мітынгах. Усё больш рэзка выяўляліся класавыя супярэчнасці ў арміі. Шматлікія выпадкі непадпарадкавання начальству гаварылі аб тым, што ранейшая палачная дысцыпліна больш не дзейнічае.

Без дастатковай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў сталіцы і іншых цэнтрах краіны, цяжка было арыентавацца ў палітычных падзеях. Не было ў мяне і такога блізкага чалавека, які мог бы ўсё растлумачыць. Аднак адчувалася, што такое няпэўнае становішча доўга не можа існаваць, што нехта недзе павінен зрабіць рашучы крок. Настроі салдат былі мне блізкія і зразумелыя. Гэта ж у пераважнай большасці былі тыя самыя сяляне ў шынялях, з якімі мяне звязвала кроўнае сваяцтва і агульныя класавыя інтарэсы. З салдатамі свае роты ў мяне былі добрыя адносіны. Помню нават, што я быў выбран імі ў нейкі камітэт, але ў які іменна, не помню.

Тым часам наш полк, значна патрапаны ў зімніх баях, быў адведзены ў тыл, і лета прайшло ў чаканні далейшых падзей. Восенню я захварэў брушным тыфам.

Вярнуўся я ў полк ужо пры савецкай уладзе. Старой царскай арміі і маёй службе ў ёй прыйшоў канец. Хутка выйшаў загад галоўнакамандуючага Крыленкі аб дэмабілізацыі з арміі настаўнікаў, якія павінны былі вярнуцца да свае працы. Гэта было якраз тое, аб чым я марыў. Зняўшы афіцэрскія пагоны (да таго часу я ўжо быў паручнікам, бо за кожныя тры месяцы прабывання на фронце ў старой арміі прыбаўляўся новы афіцэрскі чын), я стаў прабірацца дадому і праз паўтара месяца, у лютым 1918 года, быў ужо ў родным Нізку.

Апынуўшыся на роднай бацькаўскай зямлі, якая тады здавалася мне самым надзейным прыстанішчам, я адчуў сябе больш упэўнена. Аднак немцы дагналі мяне і тут.

Праз некалькі дзён імі была акупіравана Беларусь па Днепр. Вясну і лета я працаваў на гаспадарцы разам з бацькам. Толькі пасля выгнання акупантаў, у лістападзе 1918 года, зноў змог вярнуцца ў школу. На гэты раз настаўнічаў у пачатковай школе ў вёсцы Каменка Уздзенскай воласці. Тут давялося перажыць і другую акупацыю — белапольскую. У ліпені 1920 года белапалякі былі выгнаны, а ў жніўні я як камандзір запасу быў ужо зноў у арміі, на гэты раз у Чырвонай. Служыў у якасці камандзіра ўзвода ў 16-м запасным палку, у 28-м стралковым, на паліткурсах 10-й брыгады па падрыхтоўцы малодшага камсаставу і даўжэй за ўсё ў школе па падрыхтоўцы малодшага камсаставу 4-й дывізіі.

У гэты час у мяне ўжо былі жонка і сын. Ажаніўся я ў 1919 годзе з дзяўчынай з свае вёскі Аленай Канстанцінаўнай Махнач, з якой пражыў у добрай згодзе ўжо сорак тры гады і маю намер працягваць далей.

Ратуючыся ад праследавання свекрыві, жонка прыехала з малым сынам да мяне ў Мінск, дзе знаходзілася школа, у якой я служыў. Жылі мы ў вельмі цяжкіх умовах. У нас быў пакой у нейкім паўжылым памяшканні, у якім і намёку не было на якую-небудзь мэблю. Сядзелі мы на сасновых калодках, спалі на падлозе, а дзіцяці замест калыскі служыла збітая з грубых дошак скрынка. За драўлянымі перагародкамі заўсёды скрэбліся і грызліся пацукі. Ноччу яны выходзілі з сваіх сховішчаў, знішчалі ўсё, што знаходзілі прыдатнага для яды, завалаквалі ў свае норы дзіцячыя шапачкі і нават пялёнкі: Адзінай уцехай для нас была прыказка, што з мілым і ў шалашы рай. Затое сапраўдным раем здаўся нам пакой, які праз некаторы час атрымалі мы ў папоўскім доме.

У гэты перыяд адбылася падзея, якая вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях: пасля васьмігадовага перапынку я зноў узяўся за пяро. На гэты раз я не ставіў сабе задачы пісаць высокамастацкія творы. Мною валодала не «сусветная туга», а простае жаданне ўмяшацца у жыцце і сёе-тое ў ім паправіць. Пачаў я з простай газетнай карэспандэнцыі. Напісаў некалькі фельетонаў на бытавыя і палітычныя тэмы. Пісаў на рускай мове. Некаторыя з гэтых фельетонаў былі надрукаваны ў газеце «Красноармейская правда». У рэдакцыю гэтай газеты я паслаў сшытак сваіх вершаў, і праз некаторы час у газеце быў змешчан спрыяльны артыкул пад назвай «Паэт-камандзір».

Такая ўвага мяне нават крыху здзівіла, але галавы не закружыла. Я не думаў стаць калі-небудзь сапраўдным пісьменнікам.

Пераехаўшы ў Мінск (гэта было ў 1922 годзе), я ўпершыню ўбачыў наклееную на сцяну беларускую газету «Савецкая Беларусь». У ёй надрукаваны падпісаны ініцыяламі сатырычны верш. Прачытаўшы яго, я падумаў, што і сам, бадай, змог бы напісаць такі. Падумаў і паспрабаваў. Па-беларуску я, праўда, да гэтага часу не пісаў, але жывую беларускую мову ведаў добра. Праз ноч верш (фельетон на злабадзённую палітычную тэму) быў гатоў.

Раніцай я занёс яго ў рэдакцыю і, здаўшы супрацоўніку, хуценька пайшоў, баючыся, каб не пачалі чытаць пры мне. Назаўтра з заміраннем сэрца я падыходзіў да таго рога вуліцы, дзе на сцяне звычайна наклейвалася газета «Савецкая Беларусь». І як жа я рад быў, калі ўбачыў свой твор надрукаваным без ніякіх паправак! З таго часу мае сатырычныя вершы часта з’яўляліся на старонках «Савецкай Беларусі».

Разам з гэтым расла і мая папулярнасць паэта-сатырыка.

У Мінску я стаў паступова далучацца да літаратурнага жыцця, пазнаёміўся з некаторымі маладымі беларускімі пісьменнікамі. З асалодай чытаў творы і тады ўжо слаўных беларускіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Раней у мяне не было такой магчымасці. Знаёмства з беларускімі класікамі канчаткова пераканала мяне, што добрыя творы можна пісаць і на беларускай мове. А ёю я валодаў лепш, чым рускай.

Тым часам скончылася мая служба ў Чырвонай Арміі. У кастрычніку 1923 года я дэмабілізаваўся і разам з жонкай і сынам паехаў у Нізок да бацькі, не маючы яшчэ пэўных намераў адносна далейшага. Па праўдзе кажучы, мне страшнавата было адрывацца ад зямлі. На літаратурны заработак я разлічваць не мог. (За ўсе мае вершы пры ад’ездзе з Мінска мне выплацілі акордам — трыццаць рублёў.) Зарплата настаўніка — дваццаць тры рублі ў месяц — таксама здавалася мне недастатковай, каб пражыць з сям’ёй. І я вырашыў застацца на гаспадарцы.

Трыццаць рублёў ганарару аддаў на пакупку лесу і стаў з бацькам сеч і вывозіць яго, каб пабудаваць новую хату. Але вельмі хутка прыйшлося пераканацца, што ў бацькоўскім доме я цяпер лішні. У бацькі была новая сям’я. Другая яго жонка — слабая і хваравітая — памерла, пакінуўшы дзяўчынку. Бацька ажаніўся трэці раз і ўзяў сяброўку жыцця, якая не магла паскардзіцца на сваё здароўе. Ранейшы бацькаў намер — пакінуць гаспадарку для малодшых дзяцей — застаўся ў сіле, і новая мачаха з усёй рашучасцю пачала яго ажыццяўляць, карыстаючыся для гэтага кожным зручным і нязручным выпадкам.

Восенню 1924 года я пакінуў бацькаўскі дом і пераехаў з сям’ёй у суседнюю вёску Астравок, куды мяне назначылі настаўнікам.

Тым часам успомнілі пра мяне ў Мінску, дзе ўжо існавала пісьменніцкая арганізацыя «Маладняк». Не бачачы больш на старонках газеты маіх вершаў і баючыся, каб я зусім не заглух у вёсцы, сябры пачалі клікаць мяне ў Мінск, абяцаючы падшукаць прыдатную работу.

Пасля доўгага роздуму я ў маі 1925 года пераехаў у Мінск і стаў працаваць інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Працуючы на гэтай пасадзе, я часта выязджаў у мясцовыя краязнаўчыя арганізацыі. Гэта спрыяла больш грунтоўнаму азнаямленню з прыродай розных куткоў Беларусі, бытам насельніцтва, выдатнымі асаблівасцямі беларускіх гарадоў.

Разам з тым я стаў больш пісаць, і мае вершы часцей, чым дагэтуль, пачалі з’яўляцца на старонках беларускіх газет. Між іншым, у гэты перыяд я стаў авалодваць новым для мяне літаратурным жанрам — байкай.

Паступова я ўсё больш уцягваўся ў літаратурнае жыццё, прыслухоўваўся і прыглядаўся да таго, што адбывалася ў пісьменніцкім асяроддзі.

У беларускую літаратуру прыйшло маладое паслярэвалюцыйнае пакаленне. Арганізацыя «Маладняк» налічвала каля пяцісот чалавек. У пераважнай большасці гэта былі не стваральнікі літаратуры, але гарачыя яе прыхільнікі і нястомныя папулярызатары. Былі, вядома, і па-сапраўднаму таленавітыя людзі, якія ў далейшым унеслі значны ўклад у развіццё беларускай савецкай літаратуры. У працэсе гэтага не толькі літаратурнага, але і агульнакультурнага ўздыму не абышлося і без «бурапены», як некаторыя іранічна называлі тады крыклівыя дэкларацыі, пагоню за знешнім эфектам і ўсялякія фармалістычныя выкрутасы. Нялёгка мне, навічку, ва ўсім гэтым было разабрацца, але здаровая сялянская развага часта дапамагала адрозніваць важкае зерне ад мякіны і пустазелля.

У 1926 годзе, калі мне было ўжо трыццаць гадоў, я паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт. Гэта дало магчымасць запоўніць вялікі прабел у маёй адукацыі.

Праз некаторы час я быў ужо не толькі слухачом і сведкам гарачых спрэчак у сценах універсітэта, але і сам прымаў у іх актыўны ўдзел. А спрэчкі ўсё разгараліся. Яны прывялі ўжо ў 1926 годзе да расколу «Маладняка» і выхаду з яго складу групы пісьменнікаў, якія аб’ядналіся ў літаратурнай арганізацыі «Узвышша». У ліку іх быў і я.

Я не магу тут падрабязна спыняцца на ідэйных пазіцыях кожнай з гэтых арганізацый, на іх творчых прынцыпах. Гісторыкі беларускай літаратуры зробяць гэта лепш за мяне. Што да прычын, якія падштурхнулі мяне выйсці з «Маладняка», то асноўным было тое, што такая масавая арганізацыя, як мне здавалася, не стварала ўмоў для сур’ёзнай творчай працы, што пагоня за колькасцю членаў прыводзіла да зніжэння запатрабаванняў, якія прад’яўляліся членам арганізацыі. Не падабаліся мне і багемскія настроі, якія мелі месца сярод маладнякоўцаў.

Аднак не знайшоў я задавальнення і ў арганізацыі «Узвышша». У ёй было шмат таленавітых паэтаў і пісьменнікаў, сярод іх Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Пятро Глебка, Уладзімір Дубоўка, Максім Лужанін, але атмасфера ва «Узвышшы» не спрыяла творчаму росту. Давалі сябе адчуваць налёт фальшывага акадэмізму, што мне асабліва не спадабалася, адарванасць ад масавага культурнага руху, ад надзённых задач сацыялістычнага будаўніцтва.

Хутка выявілася, што гучнымі фразамі аб стварэнні высокамастацкіх твораў некаторыя члены «Узвышша» наўмысля прыкрывалі адыход ад рэчаіснасці. Нацыяналістычныя тэндэнцыі, якія праяўляліся і ў творчасці некаторых членаў «Маладняка», ва «Узвышшы» праявіліся яшчэ больш выразна. Ідэйныя скажэнні і памылкі «Узвышша» былі жорстка раскрытыкаваны грамадскасцю і ў першую чаргу членамі існаваўшага ўжо ў той час БелАППа. Пры гэтым не абышлося і без вульгарызацыі ў ацэнцы творчасці паасобных пісьменнікаў з «Узвышша», але ў цэлым крытыка пайшла на карысць. Яна памагла большасці членаў «Узвышша» ўсвядоміць свой творчы шлях і шукаць выхаду з фальшывага становішча, у якім яны апынуліся. У выніку вострых рознагалоссяў з «Узвышша» была выключана група членаў, якая асабліва ўпарта абараняла старыя пазіцыі, а ў 1931 годзе «Узвышша» аб’явіла аб самаліквідацыі.

У выніку пастановы ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» і стварэння адзінага Саюза савецкіх пісьменнікаў была знойдзена новая арганізацыйная форма, якая спрыяла кансалідацыі і творчаму росквіту ўсіх пісьменнікаў, што стаялі на платформе савецкай улады.

Адчуваць сябе не «папутнікам», а паўнапраўным членам пісьменніцкай сям’і было для мяне вялікім маральным задавальненнем.

У 1930 годзе я скончыў універсітэт (літаратурнае аддзяленне педфака) і вырашыў далей жыць літаратурнай працай.

На працягу чатырох год, з 1932 па 1936-ты, я працаваў загадчыкам аддзела ў рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі».

Паступова я звыкся з думкай, што пісьменніцкая праца будзе асноўнай у маім жыцці. К часу стварэння Саюза савецкіх пісьменнікаў ужо было выдадзена некалькі зборнікаў маіх сатырычных вершаў і баек, напісана першая (і адзіная) кніга рамана «Мядзведзічы» і першая мая п’еса «Канец дружбы», пастаўленая тэатрам імя Янкі Купалы. Пасля пастаноўкі гэтай п’есы я грунтоўна «заграз» у драматургіі на шкоду іншым жанрам. Драматургія патрабуе шмат напружанай працы і нерваў. Часта цяжэй за ўсё драматургіі прыходзіцца тады, калі п’еса ўжо напісана. Тым не менш жанр гэты мае асаблівыя прывабныя ўласцівасці і моцна трымае пісьменніка ў палоне, так што нават пасля цяжкіх расчараванняў з ім нялёгка расстацца.

У 1937 годзе мною была напісана другая п’еса — «Партызаны», прысвечаная партызанскай барацьбе беларускага народа з белапольскімі акупантамі. Яна была пастаўлена тэатрам імя Янкі Купалы і некаторымі іншымі тэатрамі.

Самы вялікі поспех выпаў на долю трэцяй п’есы — сатырычнай камедыі «Хто смяецца апошнім», напісанай у 1939 годзе. За яе ў 1941 годзе мне была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

У 1939 годзе я быў прызваны ў армію і ў якасці камандзіра стралковай роты прымаў удзел у паходзе за вызваленне Заходняй Беларусі, а потым у вайне з Фінляндыяй. На лініі Манергейма, у надзвычайна суровых умовах зімы 1939/40 года, я ўпершыню пазнаёміўся з такімі навінкамі сучаснай вайны, як доты, з якіх гэта праславутая лінія і складалася.

У красавіку 1940 года я быў выбраны ў члены-карэспандэнты Акадэміі навук Беларускай ССР, і гэта накладвала на мяне абавязак прымаць больш актыўны ўдзел у рабоце Акадэміі. Да гэтага часу я прымаў толькі некаторы ўдзел у рэдагаванні руска-беларускага слоўніка, які з-за вайны і не ўбачыў свету.

У чэрвені таго ж года ў Маскве адбылася дэкада беларускага мастацтва і літаратуры, у час якой тэатр Янкі Купалы паказаў дзве мае п’есы — «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім». Шмат удзельнікаў дэкады было адзначана ўрадавымі ўзнагародамі. І я атрымаў першую сваю высокую ўзнагароду — Ордэн Леніна.

Праз год мне зноў прыйшлося апрануць шынель, каб удзельнічаць у чацвёртай «маёй» вайне, якая прынесла незлічоныя беды маёй роднай Беларусі і ўсёй Савецкай краіне.

У першы ж дзень вайны я знаходзіўся ўжо ў часці, да якой быў прыпісаны — на гэты раз у рэдакцыі франтавой газеты «Красноармейская правда». Мне давялося быць сведкам варварскай бамбардзіроўкі Мінска фашысцкімі вырадкамі, у выніку якой быў разбураны і дом, у якім я жыў. 25 чэрвеня з болем у сэрцы я пакінуў ахоплены полымем родны горад, не ведаючы нічога пра лёс сям’і, якая знаходзілася ў шасцідзесяці кіламетрах ад Мінска, з трывогай думаючы аб старшым сыне Барысе, які быў у арміі і к пачатку вайны знаходзіўся на савецка-польскай граніцы. Месяцы праз тры я даведаўся, што мая сям’я з некалькімі іншымі сем’ямі пісьменнікаў на выпадковай грузавой машыне паехала на Усход. Пасля кароткага прабывання ў Новых Бурасах Саратаўскай вобласці яна выехала ў Уральск, дзе ў той час знаходзіўся беларускі тэатр імя Якуба Коласа.

Разам са звесткай пра сям’ю прыйшла і сумная вестка аб смерці выдатнага беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі, які памёр у цяплушцы па дарозе ў Уральск.

У рэдакцыі «Красноармейской правды» я быў усяго некалькі дзён. Па рашэнню Палітупраўлення арміі пачала выдавацца франтавая газета «За Савецкую Беларусь», адказным рэдактарам якой быў Міхась Лынькоў, а супрацоўнікамі — многія беларускія пісьменнікі і паэты. Апрача Лынькова і мяне, тут былі І. Гурскі, П. Глебка, П. Панчанка, А. Стаховіч, В. Барысенка. Пазней да нас далучыліся П. Броўка, М. Танк, А. Кучар. Газета гэта прызначалася для беларускага насельніцтва і закідвалася ў нямецкі тыл на самалётах.

У снежні 1941 года я быў прыняты ў рады ВКП(б).

У канцы 1941 года ўся наша група была адклікана ў Маскву. Некаторы час мы яшчэ выпускалі газету «За Савецкую Беларусь», а ў канцы 1942 года я з некаторымі іншымі таварышамі быў дэмабілізаваны і знаходзіўся ў распараджэнні ЦК КП(б)Б. У гэты час наша сям’я панесла вялікую страту: пад Сталінградам загінуў сын Барыс. Уцехай у гэтым цяжкім горы было толькі тое, што сын мой аддаў жыццё за святую справу вызвалення ад фашысцкай няволі.

Пасля разгрому немцаў пад Сталінградам у хуткай і канчатковай перамозе над ворагам ніхто не сумняваўся. У мяне і маіх таварышаў з кожным днём расла і мацнела надзея на тое, што мы хутка вернемся ў родную Беларусь. Ужо зімой 1943 года надзея гэта стала рэальнасцю, калі разам з іншымі таварышамі я пабываў у вызваленым Гомелі.

З сакавіка 1943 года і да канца вайны я быў адказным рэдактарам сатырычнага выдання — газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая да вызвалення Беларусі таксама закідвалася ў нямецкі тыл на самалётах. Вясной 1944 года рэдакцыя пераехала ў Гомель, а 7 ліпеня я ўжо быў у толькі што вызваленым Мінску. Відовішча было жахлівае. Цяжка было тады ўявіць, колькі сіл і часу спатрэбіцца працоўным Беларусі, каб узняць з руін сваю сталіцу і многія іншыя гарады і сёлы рэспублікі. Але творчы дух народа не памёр, як не была зломлена яго воля да барацьбы з нямецкімі захопнікамі. Аднаўленне пачалося з першага ж дня пасля вызвалення, і сёння перад маімі вачамі новы Мінск — прыгожы, узняты з папялішча намаганнямі савецкіх людзей.

У час вайны я зноў вярнуўся да сатырычнага жанру. Сатырычныя вершы, фельетоны, памфлеты, эпіграмы, подпісы пад карыкатурамі — вось тая зброя, якою я па меры маіх сіл наносіў удары ворагу.

Пасля сканчэння вайны пачаў выходзіць сатырычны часопіс «Вожык», адказным рэдактарам якога я быў на працягу двух год. Адначасова я прымаў удзел у працы Акадэміі навук, якая, вярнуўшыся з эвакуацыі, пачала разгортваць сваю дзейнасць. З 1947 года загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце літаратуры і мовы. У 1950 годзе быў выбран у правадзейныя члены Акадэміі навук БССР, што накладала на мяне яшчэ большыя абавязкі. Пасля стварэння ў 1952 годзе Інстытута мовазнаўства быў яго дырэктарам на працягу чатырох год. У 1956 годзе быў выбраны віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Апрача навукова-даследчай, прыйшлося шмат часу ўдзяліць арганізацыйнай і адміністрацыйнай працы.

Пад маёй рэдакцыяй выйшла некалькі прац у галіне мовазнаўства, у тым ліку «Беларуска-рускі слоўнік», які змяшчае больш за 90 тысяч слоў.

За ваенны і пасляваенны час мною напісана некалькі п’ес. За адну з іх «Пяюць жаваранкі» мне ў 1951 годзе другі раз прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. Я з’яўляюся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і членам Мінскага абкома КПБ.

У сувязі з шасцідзесяцігоддзем мне ў 1956 годзе прысвоена званне народнага пісьменніка БССР.

Я зрабіў яшчэ мала, каб апраўдаць высокае давер’е партыі і народа, а часу, мяркуючы па гадах, засталося не так многа. Але спадзяюся яшчэ папрацаваць.

1958—1962


1958-1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан