epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ад пачосткі ныюць косткі

Да вызвалення Беларусі ад белапалякаў

 

Адышлі бальшавікі,

А прыйшлі «кенаркі»,—

Затрашчалі тут бакі,

Затрашчалі й каркі.

 

Вось падкраўся партызан,

Стаў за кустам ціха:

Сцеражыся цяпер, пан,—

Будзе табе ліха.

 

«Бэндзьце здровы, кумпякі,

Довідзэння, млеко,

Бо, пся крэў, бальшавікі

Бардзо недалеко».

 

Папужаліся паны,

Заблішчалі пяткі,

Паскідалі жупаны,

Пагублялі «гаткі».

 

У «ожэлка» вырван хвост,

Крыллі ўсе абвіслі,

І, спусціўшы ў землю нос,

Ён паплёўся к Вісле.

 

Яшчэ ныюць у паноў

Косці ад пачосткі,

А над намі ззяе зноў

Зорка-пяціхвостка.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 89-90
Крыніца: скан