epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Аднае раніцы

Устаў гэта я аднае раніцы яшчэ нацямочку. І патрэбы вялікай не было ўставаць так рана, але прывычка ўжо. Накінуўшы на плечы кажух, я выйшаў на вуліцу глянуць, якое надвор’е. У мяне на Паплаўцы коп са дзве атавы было накошана, дык мне рупіла, каб як прыбраць. Раніца здаровая — мароз на стрэхах і зямля аж пабялела. У ногі так і пячэ. Я гэта завярнуўся ўжо — хацеў у хату йсці, адно ж бачу — на гародзе з-за хлява нейкі дым ідзе. «Што за ліха,— думаю сабе,— каму там прыспела агонь класці? Яшчэ хлеў запаліць».

Выходжу, гляджу, адно ж гэта Рыгор, сусед мой. Ён свінню смаліць, а жонка яму памагае: вады цёплай прынесла, мыць збіраецца.

Я падышоў:

— Дзень добры.

— Дзень добры.

Гляджу — свінчо невялікае дый худаватае: так пуда на паўтраця, можа.

— Што гэта ты, кажу, надумаў? Яшчэ толькі спасаўка, каляды далёка, а ты ўжо кілбас захацеў.

— А дай ты, кажа, рады, чалавеча. Бяда і ў спасаўку наўчыць кілбасы есці.

— Ці гэта ж бяда? Гэта ж дурата, а не бяда. Гэта ж трэба такому дурному быць, каб сваю свінню забіць? Ах, каб табе грудзі ўзбіла! — пачала яго лаяць жонка.— Гэта ж адну свінку на племя пусцілі, дык ён і тую з’еў, каб яго чэрві.

— Вось лаецца дурная баба, а й сама ж таксама вінавата: нашто было так рана свіней з хлява выпускаць?.. Лайся — не лайся, то ўсё роўна ўжо не вернецца, не аджыве. Вазьмі вось лепш нож ды паскрабі троха каля лапаткі! — загадаў Рыгор жонцы і пачаў мне расказваць, як усё здарылася: — Гэта ж я скасіў гарох на Палосках. Нямнога там яго й было — ганачкі, але такі ж удалы гарох! Стручны, белы, чысты — ніводнага стручка чарвівага. Вось я яго скасіў дый сыраваты прыбраў: не было калі сушыць на полі — пад жыта трэба было араць. У чацвярціну яго нельга было класці, дык я ўзяў дый злажыў ля гумна пад страхою — няхай, думаю, дасыхае. Дык ого! Дзе ж вы бачылі! Як унадзіліся свінні, дык рады няма. Я й платы кругом прыгумення настроіў, і засоўкі таксама, а ўсё роўна лезуць, нячыстая сіла. І такія ж хітрыя, каб на іх здыхата: йдуць раненька, нацямочку, як яшчэ на прыгуменні нікога няма, а ўдзень і не паткнуцца. Калі ідзеш рана, дык яны яшчэ здалёк счуюць. Тады цераз засаўкі — гольц-гольц, як сабакі, і — пайшлі. А найбольш усё Янкі Гваздовага свіння, каб яна здохла. Я раз і заняў яе быў ды прыгнаў на двор да яго, кажу: не пускай свінні, а то за гарох заплаціш, а не — на суд падам. Дык дзе там — і слухаць не хоча. «Мая, кажа, свіння цераз высокі парог не пералезе, а не то каб цераз засаўкі пераскочыць. Ты гэта лжэш, кажа. Зноў жа, кажа, мае свінні сумленныя — чужога гароху есці не будуць. Яны не то што якія-небудзь людзі, што займаюць чужую жывёлу на вуліцы ды яшчэ хочуць, каб ім заплацілі за гэта». Гэта ён, каб мяне ўкалоць. Злосць мяне ўзяла, аж чуць біцца не кінуўся. Палаяліся мы з ім на чым свет стаіць. Вось я й надумаўся: пачакай жа, думаю сабе, я ж табе пакажу, умее твая свіння цераз засаўкі скакаць ці не. Устаў гэта я сягоння яшчэ цёмненька, узяў добры дручок ды пайшоў на прыгуменне. Разгарадзіў гэта я верхнюю засаўку, каб лягчэй было свінні пераскочыць (а то, думаю, як не пераскочыць, дык дарэмная ўся работа будзе), а сам сеў за вуглом ля гароху. Пачакаўшы троха, чую — бразнула засаўкамі. Тут я нарыхтаваўся. Зараз свіння з-за вугла — тыц, а я па лычы — трэсь! Яна — вобземлю ды ў піск. А я — яшчэ раз між вушэй, каб не пішчала. Праўда, што яна больш і не дрыгнула. Вось, думаю, няхай ідзе цяпер пацалуе сваю сумленную свінню. Тым часам ужо развіднівацца пачало. Калі я прыгледжуся, дык свіння не чорная, а рабая. Я ніжэй нагнуўся — ах, каб цябе воўк! Дык гэта ж мая свіння! Пакляў я трохі Янку, патупаў каля свінні дый павалок смаліць.

Так скончыў Рыгор, а жонка зноў пачала яго лаяць ды клясці.

Я стаю каля іх, памагаю ім бедаваць, а сам думаю. «Няхай ты, думаю, на ражон узбіся — добра, што ты сваю свінню забіў, а не маю». Бо трэба-такі праўду сказаць, што й мая свіння любіла паласавацца Рыгоравым гарохам.

Я трохі яшчэ пастаяў ды пайшоў у хату, бо хоць і каля агню стоячы, а ногі мае парабіліся чырвоныя, як буракі.

1926




Беларуская Палічка: http://knihi.com