epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Апанасава свядомасць

Я знаў Апанаса «марксіста».

Пад свой светапогляд адразу

Падвёў ён «марксісцкую базу»

І заўжды казаў урачыста,

Сустрэўшы мяне, той ягомасць:

— Быццё вызначае свядомасць.

 

Калі ж пры бутэльцы сам-насам

Пабудзеце вы з Апанасам,

То як дыялектык нядрэнны

Ён зробіць у формуле змены:

— Што ж, вып’ем за нашу знаёмасць,—

Піццё вызначае свядомасць.

 

А стрэнецца з думкаю з новай,

Што шчэ не прайшла цыркулярам,

Дык скажа з нахмураным тварам

Да аўтара іншаю мовай:

— Па храпе дастанеш, ягомасць,—

Біццё вызначае свядомасць.

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 224-225
Крыніца: скан