epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Апошняя пасылка

Курт заўсёды быў непаваротлівы і някемлівы. Берта заўважыла гэта даўно, як толькі выйшла за яго замуж. Пяць год прасядзеў ён на адным месцы ў канторы Шмульгагена, і хоць бы табе якое павышэнне па службе. Яго падначаленыя сталі за гэты час яго начальнікамі, а ён — ні з месца. І ў фашысцкую партыю ўступіў Курт неяк бокам, нібы яго незнарок туды ўвапхнулі. Так ён і быў папіхачом у больш спрытных. Калі непрыемнае партыйнае даручэнне якое — разграміць кватэру, цяпнуць з-за вугла па галаве каму,— дык Курта пасылаюць, а калі хапнуць што, дык Курту дулю ў нос. Думалася: можа, яму сумленне не дазваляе хапаць, закон не вяліць. Курт заўсёды быў узорным выканаўцам закону.

Нарэшце пачалася вайна. Берта думала: цяпер-то ўжо Курт разгорнецца як мае быць. Бо ў вайне які ж закон — бі і хапай. Гэта закон фюрэра. За гэта не караюць, а яшчэ крыжы даюць. Чым больш ты людзей забіў і дабра нахапаў, тым большы ты герой, тым больш зрабіў на карысць «вялікай Германіі». Тут ужо хочаш — крадзь, хочаш — у адкрытую бяры, хочаш — з жывога вопратку здзірай, хочаш — забі, каб не трапятаўся, і тады спакойна вазьмі, што табе падабаецца. Дык жа не: і тут Курт аказаўся расцяпай. Пакуль ён збярэцца курыцу арганізаваць, дык другія ўжо ядуць яе, пакуль Курт нагледзіць жаночае паліто з каракулевым каўняром, дык другія ўжо ўпакуюць гэта паліто і здадуць на палявую пошту. І заўсёды так здараецца: калі другія хапаюць, дык Курт тады ў акопе мерзне або на варце стаіць ля склада боепрыпасаў. Прыслаў раз туфлі мадэльныя, стальнога колеру, дык яны Берце хіба на нос, ды і то цеснаваты. За вайну Курт, мусіць, ужо забыўся, што яго жонка родам з Баварыі і што ў яе ножка — дай божа кожнаму штурмавіку. Плацце прыслаў шарсцяное, дык зноў жа — разарванае на плячах. Відаць, гэта руская супраціўлялася. Прыйшлося зашываць. Кроў адмылася, а шво не схаваеш: на самым відным месцы. Зразу відаць, што не новае плацце. Але ж пара і Курту спрыту набрацца. Можа, на гэты раз што-небудзь і добрае арганізаваў.

Берта ўзяла са стала сінюю паперку, якую ёй прынёс паштальён, палажыла ў сумачку і пайшла на пошту.

Узяўшы з рук чыноўніка пасылку, Берта была крыху расчаравана: скрыначка была хоць і не малая, але і не вельмі вялікая, не такая, якую хацела б трымаць у руках Берта... «Дарма, затое, напэўна, нешта каштоўнае»,— суцяшала яна сябе, ідучы дадому. «Што тут такое?» — старалася яна ўгадаць. «Шэрсць, шоўк, чарнабурая лісіца? Калі шоўк, дык у такую скрыначку шмат можна ўпакаваць».

Ёй нецярпелася хутчэй распакаваць пасылку. Яна спяшалася дадому, не заўважаючы знаёмых жанчын, якія ёй кланяліся, зайздросна паглядаючы на абшытую мешкавінай скрыначку.

Прыйшоўшы дадому, Берта, не распранаючыся, узяла кухонны нож і акуратна распарола мешкавіну. Потым зашчаміла нож пад верхнюю фанерку і асцярожна павярнула яго. Прыбітая маленькімі цвічкамі фанерка лёгка падалася, і Берта ўбачыла тое, што было ў пасылцы: у скрыначцы ляжалі акуратна зложаныя салдацкія штаны. Берта аслупянела ад нечаканасці і здзіўлення. Калі аслупяненне прайшло, яна ўзяла штаны і, падышоўшы бліжэй да акна, агледзела іх. Штаны былі новыя, зусім мала ношаныя, але што азначае гэта пасылка? Гэты ёлап, мусіць, зусім ужо з глузду з’ехаў.

Берта пачала шукаць у кішэнях і ў адной з іх знайшла паперку. Там было напісана:

«Мілая Берта! Пасылаю табе свае новыя штаны. Я хадзіў у старых, падраных, а гэтых шкадаваў. Але мне яны больш не патрэбны, я буду хадзіць у трусах».— «Такою парою ў трусах! — здзівілася Берта.— Здаецца, у Расіі не такі клімат. А можа, яго ў Крым паслалі, на курорт». Далей яна прачытала: «Справа ў тым, мая дарагая, што наша рота была паслана на барацьбу з беларускімі партызанамі. Мы павінны былі спаліць адну вёску і пакараць яе жыхароў за дапамогу партызанам. Я думаў, што нарэшце трапіў туды, куды трэба, і мне ўдасца арганізаваць што-небудзь каштоўнае для цябе. Але па дарозе на нас напалі партызаны, пачалі страляць з кулямётаў і кідаць гранаты. Многа нашых было забіта, а мне гранатай адарвала абедзве нагі. Я цяпер ляжу ў шпіталі і калі папраўлюся, дык такія доўгія штаны мне будуць непатрэбны. Хопіць мне і трусоў, а гэтыя табе ў гаспадарцы спатрэбяцца. Скарыстай іх, як сама знаеш».

Прачытаўшы такое пасланне, Берта са злосцю кінула Куртавы штаны ў куток і сама кінулася тварам на падушку.

 

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том 4. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, раман.— Мн., «Маст. літ.», 1975. - с. 77-79
Крыніца: скан