epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Аршын

(Байка)

Зайшоў я ў краму раз набраць на палітон.

Вядома, Крамнік: — Будзьце так ласкавы!

Вось вам сукно, вось вам бастон.

Тавар не вельмі што цікавы,

А Крамнік хваліць: — Добрае наўздзіў!

Пасля й цану ж загарадзіў!

Я сяк, я й і так, ды мусіў заплаціць нарэшце:

Другога выхаду няма,—

Не за гарамі ўжо зіма.

— Ну, мерайце,— кажу,— ды рэжце!

 

Куляецца аршын, маланкай ходзяць рукі —

Так спрытна шэльма мерае.

— Ах! добрае сукно! Мо возьмеце й на брукі?

Але яму не надта веру я,—

Бяру аршын і правяраю сам.

Дык што ж вы думалі? Ну й жулікі! Ну й чэрці!

Недахапіла ў мяне там

Ні больш, ні менш — тры чвэрці.

 

А Крамнік божыцца, клянецца:

— Няхай язык адсохне,— прысягае.

І жонка, і дачка, і цешча памагае,

Аж кулакамі б’юць у грудзі,

Даводзячы, што гэта мне здаецца

І што няма вярней, як іх аршын.

Аднак я доўга не марудзіў

І спрэчку зразу давяршыў,

Сказаўшы Крамніку: — З табой я цалкам згодзен:

Няма вярнейшага аршына,

Ды толькі ў тым бяды прычына,

Што сам ты — злодзей.

 

«Аршын» марксісцкі ёсць, і ён зусім нядрэнны,

Калі ўладае ім разумны ды сумленны;

Калі ж пачне хто іншы мераць,

Дазвольце мне тады не верыць.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 168
Крыніца: скан