epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Асёл Ісуса Хрыста

(Байка)

Калі ўязджаў Ісус Хрыстос

У Іерусалім,

Асёл яго на спіне вёз,

Натоўп ішоў за ім.

Крычаў «асанна» у хвалу

Збавіцелю свайму,

І ў галаву прыйшло Аслу,

Што гэта ўсё — яму.

«І шлях, усыпаны лісцём,—

Ён думаў,— гэта мне».

Ступаў, здаволены жыццём,

Па мяккім дыване.

Пакуль на ім Ісус Хрыстос

Па свеце вандраваў,

Заўсёды быў Аслу авёс

І свежая трава.

Калі ж айцец сваё дзіця

Узяў «на небеса»,

Не стала больш Аслу жыцця —

Ні славы, ні аўса.

Ў пашане быў і на віду,

А вось вам эпілог:

Асёл вазіў цяпер ваду,

Жаваў чартапалох.

І сумна ён махаў хвастом,

І думаў сумна ў такт:

«Калі я працаваў з Хрыстом,

Усё было не так».

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 287-288
Крыніца: скан