epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

БІБЛІЯ

ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ
УСТУП
ШТО, ПАВОДЛЕ БІБЛІІ, БЫЛО ДА СТВАРЭННЯ СВЕТУ
СТВАРЭННЕ СВЕТУ
ПЕРШАЯ ПАРА І ПЕРШАЯ КАРА
КАІН I АВЕЛЬ
ПАТОП
ПЕРШЫ П’ЯНІЦА
ВАВІЛОНСКІ МЕТАД
АБРАМ ДЫ САРА — ЦІКАВАЯ ПАРА
ДРАМА Ў АБРАМА
ПРА САДОМСКАЕ БАЛОТА І «ПРАВЕДНІКА» ЛОТА
БІБЛЕЙСКІ ПІСАКА ПРА СЫНОЎ ІСАКА
ЯК ЯКАВУ ДЗЯДЗЯ СЛЯПУЮ ЎЛАДЗІЎ
ЯК ЗЯЦЬ ЦЕСЦЮ АДПЛАЦІЎ НАРЭШЦЕ
У РОЖКІ З БОГАМ
КРЫВАВАЕ ВЯСЕЛЛЕ
СЛОЎ З ПАРУ ПРА ІУДУ І ФАМАРУ
АБ ІОСІФЕ ПРЫГОЖЫМ — «АБРАННІКУ БОЖЫМ» І «ЗАСЛУЗЕ» ЯГОНАЙ — УТВАРЭННІ ПРЫГОНУ
БЫВАЙЦЕ ЗДАРОВЫ!


КНІГА БЫЦІЯ

 

(Вольны пераклад)

 

ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ

Кожнаму, хто будзе чытаць гэту кнігу, належыць ведаць, што «Біблію» пісаў не я. Некаторыя кажуць, што «Біблію» пісаў Майсей. Няхай сабе Майсей. Але мы добра ведаем, што «Біблія» пісалася рознымі аўтарамі ў розныя часы. Хто б там ні пісаў, толькі гэта мая кніга з'яўляецца перакладам «Кнігі Быція».

Так і напісана: «Вольны пераклад». Розніца з Майсеем у нас будзе, па-першае, у стылі, а па-другое, вось у чым: у час перакладу «Кнігі Быція» з Майсеевай мовы згубілася тая вопратка святасці, у якую прыбралі яе «духоўныя бацькі» розных вер, і асталіся голыя біблейскія «факты». Праўда, што голыя факты, як і голых людзей, не заўсёды і не кожнаму прыемна бачыць. Але ж няхай даруюць мне паважаныя чытачы,— я не вінават: бачыце, біблейская вопратка «святасці» так струхлела, так збуцвела, што досыць да яе толькі дакрануцца, як яна адразу спадае і паказвае ўсю «прыгажосць» таго, што пад ёю хаваецца. А «факты» біблейскія я стараўся захаваць у цэласці. Хто гэтаму не верыць, няхай наведаецца да самога Майсея.

Аўтар

 

УСТУП

Як былі яшчэ мы дзеткі,

Ўсе «Завет» вучылі «ветхі»,

Аб Адаме ды Абраме

Гаварылі часта з намі.

Казкі тыя ўсе дазвання

У «свяшчэнным» ёсць «пісанні»;

Яно «Бібліяй» завецца,

Па-яўрэйску яно — «Тора».

Там ні каплі праўды, здэцца,

А маны дык цэла мора,

Толькі, мусіць, вось за тое

Яно й лічыцца святое.

Хто ж пісаў у кнігу гэту

Аб стварэнні хоць бы свету?

Ні жывёлы ж, ні людзей

Не было тады нідзе.

Вам на гэта багасловы

Тут адкажуць слова ў слова

І адкажуць згодна ўсе,

Што пісаў яе Майсей.

Бог Майсею па сакрэту

Сам пра тое гаварыў

На Сінайскай на гары,

Ну, а гэты — ўсяму свету.

Напісаў Майсей тут многа

Пра тварэнне свайго бога

І пра продкаў, пра дзядоў,

Што тры тысячы гадоў

Там жылі раней яго,

І дайшоў аж да таго,

Што ён нават сваю смерць

Сам апісвае й хаўтуры,—

Вось даверлівым натурам

Гэта трэ на ўвазе мець.

Справа ў тым, што тых «майсеяў»

Шмат на свеце бог насеяў:

Дзе адзін нягладка хлусіць —

Там другі паправіў, мусіць.

Ну, ды нас не лыкам мераць,

Мы не думаем ім верыць;

Сцежка к праўдзе ў нас адна:

Мы павінны ўзяцца самі

Пакапацца ў тым «пісанні»,—

Дзе там праўда, дзе мана.

Тут на ўвазе маю я

Ўласна «Кнігу Быція».

 

ШТО, ПАВОДЛЕ БІБЛІІ, БЫЛО ДА СТВАРЭННЯ СВЕТУ

Тысяч сем гадоў з паловай

Будзе, як зямля ўся наша

Не зямля была, а каша,

Калатуша, адным словам:

Цемра, гразь, вада, паветра,

А ўсё разам — бездань, нетра.

Што ж рабіў там бог Элогім?

(Назвы бога былі дзве:

І Элогім і Ягве.)

Невядома тое многім,

Тайна гэта й для Майсея.

Прачытаў вось кнігі ўсе я,

Ну а звестак не знайду.

Толькі ёсць, што «божы дух»

Над вадою там насіўся,

Бог жа, мусі, ў калатушы

Той папоцемку мясіўся,

Сам угразшы аж па вушы.

(Ці не лепш бы богу й духу

Вандраваць было пасуху?)

Вёў так «працу» гэту ён

Не адзін гадоў мільён,

А, між іншым, гэты бог

«Усё ведаў, усё мог».

Як павінна б была звацца

Сёння ў нас такая праца?

Тут ад бога, проста скажам,

Вельмі пахне сабатажам.

Так і жыў ён горш за быдла,

Але ўрэшце ўсё ж абрыдла.

 

СТВАРЭННЕ СВЕТУ

Як тварыў наш свет Элогім,

Вы дагадвайцеся самі,

Бо ў «свяшчэнным» тым «пісанні»

Дык сам чорт паломіць ногі.

Тут вось «Біблія» гаворыць,

Што ўсё бог Элогім творыць,

А ў другой пасля главе,—

Што яго тварыў Ягве.

На адной глядзім старонцы —

Ясна сказана даволі:

Чалавека перш за сонца

Бог стварыў і за жывёлін,

А ў другім знаходзім месцы,

Што ён створаны нарэшце.

Але з вамі мы найболей

Тут зачэпім казкі тыя,

Што ў часы яшчэ старыя

Нам папы казалі ў школе.

Ну, дык вось цяпер аб гэтым,

Як наш свет зрабіўся светам...

Жыць у цемры без работы

Богу больш няма ахвоты,

І вось ён без лішніх слоў

Буркнуў: — «Хай будзе святло!»

Зразу дзень зрабіўся з ночы,

Бог працёр далонню вочы

(Навярнулася сляза).

— Добра! — потым ён сказаў.—

Вось дзівак! Чаму ж бы мне

Не зрабіць таго раней?

Але скуль святло бярэцца,

Бог і сам не ведаў, здэцца,

Бо пра сонца ды пра зоркі

Не было яшчэ гаворкі.

Прайшлі вечар, ноч і ранне,

Надышоў другі ўжо дзень,

Ну вось так усё дазвання,

Як і ў нас цяпер ідзе.

А назаўтра бог Элогім

Нездаволены быў многім...

Праўдзівей за ўсё, адным —

Тым абшарам вадзяным.

Бо вакол, як скінуць вокам,

Скрозь — і блізка, і далёка —

Больш нічога не відаць,

Толькі ўсё — вада й вада.

Бог падумаў: «Дрэнна справа —

Вечна боўтайся ды плавай,

На сухім ні стаць, ні сесці».

І рашыў за працу ўзяцца —

Асушэнне там правесці.

Закіпела ў яго праца

(Не рукамі — языком,—

Так тварыў ён век-вяком).

Вось сказаў Элогім слова —

Сцяна цвёрдая гатова.

І яна ўжо (зноў па слову)

Падзяліла напалову

Той бязмерны глыб вады —

Часць сюды, а часць туды.

А цяпер вам ведаць трэба,

Што было сцяною неба.

Нашы хлопцы піянеры

Дык не хочуць таму верыць,

Кажуць, цвёрдая сцяна —

Гэта выдумка адна.

Ды і мы ў сцяну не верым...

Дзень на трэці, нам вядома,

Бог сказаў: — Вось гэта дзела!

Ды ў дадатак «аграномам»:

З дапамогаю гаворкі

Ён зрабіў лагчыны, горкі,

Воду ўсю сабраў у моры,

Акіяны ды азёры;

Загадаў пасля зямлі,

Каб яна дала раслін.

І палезлі дрэвы, травы,

Кветкі з колерам яскравым —

Ўся зямля зазелянела.

Паглядзеўшы на траву,

Бог сказаў: — Вось гэта дзела!

А я столькі год жыву

Дзіваком на свеце божым

І не ведаў, што прыгожа.

Гэту скончыўшы гаворку,

Бог прылёг пасля на ўзгорку

І праспаў, як ноч вяліка

(На сухім, а не ў вадзе),

А за ноччу ж дзень ідзе.

Дзень чацвёрты быў па ліку.

Прахапіўся бог знянацку,—

Бачыць ён — паўдня, не ранне.

Што тут зробіш да змяркання?

І рашыў рабіць ён цацкі.

Зноў ён словамі гаворкі

Робіць сонца, месяц, зоркі,

Зорак болей як мага,

І аддаў пасля загад,

Каб найбольшае свяціла —

Сонца — толькі днём хадзіла,

Рэшта меншых — толькі ўночы.

(Так і ёсць, бо «бог так хоча».)

Я згаджуся разоў дзесяць,

Што патрэбны зоркі й месяц,

Бо без іх, мы проста скажам,

Ноч была б чарней, як сажа,

І, напэўна, я даўно сам

Быў бы ўжо з разбітым носам,

Ці нагу зламаць бы мог.

Толькі дзіва мне бясконца,

Вось на ліха гэта сонца

Утварыў, нарэшце, бог?

Бо было ж ужо святло

Ды, напэўна, і цяпло,

Бо іначай на зямлі

Дрэвы, травы б не раслі...

Вось настаў ужо дзень пяты,

А Элогім наш заўзяты

Яшчэ светам нездаволен

І пачаў тварыць жывёлін.

Ажылі марскія глыбы,

Закішэлі ракі, рыбы

Рознай формы й пекнаты,

І акулы, і кіты,

І агіды-кракадзілы

Перад богам захадзілі;

Жабы, яшчаркі і гады —

Ўсе жыццю без меры рады —

Паднялі страшэнны сык,

Выстаўляючы язык.

Бог падумаў: «Эх, дурны!

Ну, на чорта ж тут яны?

Хто стварыць мяне прымусіў

Гэту гадкую брыду?

Проста толку не знайду;

Я ж цяпер іх сам баюся —

І няйначай будзе трэба

Уцякаць ад іх на неба».

Хібу гэту каб паправіць,

Як тварца сябе праславіць,

Пасля змей, акул гарлатых

Бог стварыў яшчэ крылатых,

І чароды розных птушак

Па-над морам, па-над сушай,

Па-над лесам і балотам

Пранялі паветра лётам,

Хто высока, а хто нізка,

З крыкам, карканнем і піскам...

І на шосты нават дзень

Тая праца ў бога йдзе.

Ў гэты дзень наш бог Элогім

Натварыў чатырохногіх —

Коней, козаў ды кароў,

Ды шчэ розных там звяроў.

Як тварыў, якім начыннем —

Не знайшлі мы тлумачэння.

Нам яшчэ не ясна трошку —

Ці стварыў тады бог мошку,

Ці з’явілася сама?

У «пісанні» штось няма.

Натварыў так бог жывёлін

І ўжо надта быў здаволен,

Ды яшчэ вось працы нейкай

Аставалася крыха —

Трэба ж ім і пастуха!

Стаў тварыць ён чалавека.

Не падумайце благога

Наконт гэтага пра бога:

Ён набраў у жменю гліны

І дабавіў туды сліны;

Як размякла ўся яна,

Дык зляпіў ён балвана

«По подобию» свайму.

А пасля ўжо бог яму,

Не шкадуючы, пад нос

«Духу божага» паднёс.

(Так па-боскаму, здаецца,

Нашатырны спірт завецца.)

Той жа чхнуў і ўраз прачнуўся,

Перад богам апынуўся,

І адразу, паўшы ніцма,

Стаў ён славіць і маліцца.

Бог падняцца загадаў

І назваў яго — Адам.

Такім чынам, мы тут бачым,

Што Элогім быў, няйначай,

Саматужнік і няўмека,

Бо ён нават чалавека

Робіць пальцамі ды з гліны —

Спосаб надта прымітыўны!

Мы пабачым з вамі далей,

Што Адам ужо без бога

Спосаб той удасканаліў

І пачаў тварыць з нічога.

Бог пасля зрабіў парад,

Прапусціўшы ўсіх жывёлін,

Хоць Адам і быў не рад,

Бо яму бог загадаў,

Каб імя ён кожнай даў,—

А заолагам ніколі

Не прыйшлося яму быць,

Бо ён толькі нарадзіўся.

Але з богам што ж рабіць?

Ён і нехаця згадзіўся,

І язык хоць намазоліў,

Але ўсіх назваў жывёлін.

Праўда, што у бога мэта

Дык не толькі была гэта,

Як рабіў парад жывёлаў:

Бач, Адам жа быў жаніх,

Дык бог думаў,— прыйдзе ў голаў

Нежанатаму Адаму

Выбраць жонку паміж іх,

Паміж гэтых розных самак.

Ды Адам — дзяцюк прыгожы —

Не прыняў намёкаў божых.

Сумны ходзіць бог, як хмара,—

Дзе ж узяць Адаму пару?

Неўзабаве бачыць бог —

Спіць Адам без задніх ног:

Так знябыўся, небарака,

Называючы звяракаў.

Бог тут вушы натапырыў,

З-за халявы выняў нож

Ды к Адаму з ім «даёш!»

І няма чаго грашыць —

Мо мудрэй яшчэ Шапіры

Стаў Адама патрашыць

І, дастаўшы ўміг рабрыну,

Ён зрабіў з яе жанчыну.

А Адам храпе й нібыта,—

Ну, як быццам ён забіты.

Як прачнуўся — зірк улева,

Бачыць — там красуня Ева.

Бог сказаў яму: — Адам,

Я табе яе аддам,

Ты ж цалуй яе часцей —

Гэта косць з тваіх касцей:

Яна створана з рабрыны.

Адгуляўшы тут радзіны

Ды вяселле адным махам,

Маладыя з божым страхам

Сталі жыць ды пажываць.

Бог пайшоў адпачываць

І захроп на ўсю святліцу,

Нібы ён прадаў пшаніцу.

Свет стварыў, як пішуць, ён

Акуратна за шэсць дзён.

Скончыў працу бог жанчынай,

А назаўтра адпачынак:

Шабас быў якраз, субота,—

Грэх жа брацца за работу.

 

ПЕРШАЯ ПАРА І ПЕРШАЯ КАРА

Паміж Тыграм і Еўфратам

(Так мы ў «Бібліі» чытаем)

Насадзіў бог сад багаты

І назваў ён сад той раем.

Усялякіх там жывёлін

У тым садзе ёсць даволі,—

Шчыплюць траўку паміж дрэваў.

Бог прывёў Адама й Еву

Ў рай ды кажа:

— Вось вам, дзеці,

Тут садзецеся й жывеце,

Тут яды вам ёсць да чорта:

Вось антоны, вось апорты,

Вось і слуцкія вам бэры

Тут вісяць, нібы збаны...

Адным словам, тут без меры

Рознай ёсць садавіны:

Не лянуйся, не ляжы,—

Еш, хоць пуп расперажы.

Толькі вось чаго не ешце —

Ані яблычка, нізвання —

З дрэва «зла й дабра пазнання»,

Так і з «яблыні жыцця»,—

Бог сказаў людзям нарэшце,—

Калі ўкусіце — капут;

Рэшту ешце, што хаця.

Так сказаўшы, зараз тут

Бог пайшоў, а цётка Ева

(Вось цікавая была!)

Падышла як бач да дрэва,

Што — дабра пазнанне й зла.

На тым дрэве сядзеў змій,

А ў тым змію сядзеў д’ябал.

Ён да Евы:

— Слухай, баба,

Чаму яблык не ясі?

Ты не бойся, з’еш вазьмі

Ды Адаму занясі...

Што? Ад бога забарона?

Эх, варона ты, варона!

Вы дурней малых дзяцей:

Бог хітруе перад вамі,

Бо ён знае — як з'ясце

Хоць адзін вы яблык гэты,—

Самі станеце багамі,

Запануеце над светам.

Рві ды еш на мой адказ!

Паглядзі ты, які сорт,—

Куды к чорту твой апорт!

Ева тут за яблык — раз!

Есць сама, частуе мужа,—

Спадабаўся яблык дужа.

А тут зараз бог з-за куста

Як гукне: — Гоп-гоп! Адам!

Каб табе было там пуста!

Дзе ты дзеўся? Вось брыда!

Той, запхаўшы рот агрызкам,

У адказ: — Я тут, я блізка!

— Дык чаго ж забраўся ты

З цёткай Еваю ў кусты,

Вось я толькі тут дзіўлюся?

— Божа, я цябе баюся,

Чую, божа, я твой гнеў...

— Бо ты, мусіць, яблык еў

З забароненага дрэва?

— Еў, ды я не вінаваты:

Спакусіла мяне Ева,

Тая вось, што ты мне ўсватаў.

— Ах, дык гэта ты, зараза,

Усяе бяды прычына?! —

Наваліўся бог адразу

На змярцвелую жанчыну.

— Я таксама тут нявінна,—

Адказала ўміг жанчына.—

Мяне змій угаварыў,

А ты ж сам яго стварыў.

 

І па-мойму гэтаксама

Не ў чым тут вініць Адама,

Еву й змія, ўсіх траіх,

Бо сам бог тварыў жа іх.

Ён жа ведаў загадзя,

Хто і што рабіць з іх будзе.

Але строгі ён суддзя,

І людзей нявінных судзіць,

Я б сказаў, бесчалавечна:

Цяжкай катаргаю вечнай

Пакараў стары Адама;

Еву зноў жа гэтаксама:

Ён сказаў, што ўсе жанчыны

Будуць служкамі мужчыны,

І раджаць хоць будуць з болем,

Не адмовяцца ніколі.

Змія ён пракляў патом —

Вечна поўзаць жыватом,

Вечна землю толькі есці.

Скончыў бог той суд нарэшце,

Ды прагнаў людзей ён з раю

(Вось за яблык як карае!),

Зачыніў, замкнуў за імі.

Не зламалі ж каб замка,

Дык наняў вартаўніка:

Ён паставіў херувіма.

Той з мячом і ноч, і дзень

Рай пільнуе ад людзей.

Першым людзям злосць і гора

Ды ў дадатак яшчэ сорам,

Што абое галышы.

Чырванеючы суніцай,

Ева тут сказала: — Фэ!

Шый, Адам, ты галіфэ,

Ну, а я сабе спадніцу

Гэтаксама буду шыць;

Дзеля гэтай жа прычыны

Купім швейную машыну.

Скора так яны зрабілі —

Сорам сяк-так свой прыкрылі...

Вы не крыўдзіцеся, дзеткі,

Як хто вас часамі ўлетку

Запарве ў садавіне,

Ды лазою па спіне.

Бог за яблычак мажэ

Пакараць яшчэ цяжэй.

 

Ў гэтай казцы, я адзначу,

Простай логікі не бачу:

Ну калі ж, мае браткі,

Д’ябал створаны такі

Ды служака-херувім

З вогненным мячом сваім?

Якім чынам, хто іх творыць? —

Нам «пісанне» не гаворыць.

І яшчэ няясна трошкі

Тое нам, што бог жывёлы,

Ну, напрыклад, скажам, кошкі,

І не праклінаў ніколі,

Як і розных іншых самак,

Бо мы ж бачым, што яны

Не ядуць садавіны,

Але ў муках жа таксама

І яны раджаюць дзетак.

Як жа поп тлумачыць гэта?

 

КАІН I АВЕЛЬ

Як цяжарнаю хадзіла

Ева, мы сказаць не можам,

Толькі Каіна радзіла

І лічыла сынам божым

(Мусіць, з ёю бог Элогім

Настаўляў Адаму рогі).

Год прайшоў, мо болей года,—

Ева зноў ляжыць на лаве:

Прывяла жывёлавода,—

Нарадзіўся гэта Авель,

Сын Адамаў, чалавечы

(Добры быў пастух авечы).

Значыць, Авель-маладзец

Гадаваў гурты авец;

Каін-брат быў земляробам.

Раз яны зрабілі спробу

Адначасна ў адным месцы

Богу хабару прынесці

(Па-біблейскаму — ахвяру).

Авель тлустых тылкаў пару

Ды ў дадатак цёрла лою.

(Ласы быў той бог Элогім!)

Дар жа Каінаў не тлусты:

Ён прынёс гарбуз, капусты

Можа пяць ці шэсць галовак,

З дзесяць мо якіх марковак,

Быў, напэўна, кроп пахучы.

Ён усё зваліў у кучу.

Развялі агонь браты

Ды... разявілі раты:

Куча Авеля шугае,

Дым да неба проста мкнецца;

Не гарыць ніяк другая

Ды й гарэць не будзе, здэцца,—

Дым качаецца па полі.

Гэтым надта нездаволен

І абражан нават Каін —

Што за штука тут такая?

Дзьмухаў-дзьмухаў, поркаў-поркаў —

Не гарыць капуста й моркаў.

Аж змяніўся хлопец з твару:

Не прымае бог ахвяру,

Любіць Авеля ён болей!

Каін клікнуў брата ў поле

Ды даўбежкаю па лбе —

Вось як лепшым быць табе!

Ухадзіўся ды дадому

Ён ідзе, спусціўшы нос.

Бог тут Каіну дапрос

(Бач — яму не ўсё вядома!):

— Прызнавайся,— кажа,— кат!

Дзе ты быў і дзе твой брат?

— Чорт вас ведае дый з братам,—

Кажа Каін,— дзе ён знік:

Воўк мо з’еў — пры чым жа я там?

Што я брату — вартаўнік?

Бог тут болей зазлаваў

І да Каіна ён зноў:

— А чаму на пальцах кроў,

Ды ў крыві ўся булава?

Каін бачыць, што не жарты,

Што таіцца больш не варта,

Бо на вока ўсе улікі,—

Страх узяў яго вялікі.

Зараз богу ён у ногі:

— Ой, даруй мне, бог Элогім!

Не ўчыняй ты самасуду,

А я больш, дальбог, не буду!

Але бог не дараваў,—

Кару даў-такі забойцу:

Ён зрабіў яго вандроўцам,

Каб той вечна вандраваў;

Каб не меў ні на хвілінку

Ні спакою, ні прыпынку.

Толькі бачым мы праз год,

Што забойца ў зямлі Нод.

Ажаніўся там ён скора

І стараўся так, як мог:

Збудаваў вялізны горад

І назваў яго «Энох».

(Ну, а дзе ж за брата помста?)

Велізарнае патомства

Ён пусціў на свет пасля

(Трэба ж горад засяляць!).

Бацька з маткаю ад гора

Тут уцешыліся скора:

«Памаліўся» раз Адам,—

Зноў бог Еве сына даў,

І назвалі яго Сіфам.

Стала зноў лагодна, ціха.

 

Толькі дзівіць мяне гэта:

Скуль з’явілася кабета,

Што жаніўся з ёю Каін?

Дзе расла і хто такая?

Зноў жа — як мог Каін скора

Збудаваць адзін той горад?

І які ў ім чорт сядзеў —

Не было ж нідзе людзей.

 

ПАТОП

На лістках «свяшчэнных» кніг

Пра патоп ёсць казкі дзве:

То людзей тапіў Ягве,

То тапіў Элогім іх.

Але вось што пра патоп

Я дазнаўся, хоць не поп.

Людзі ўсе жылі па двое

(Што ж, жывым на ўме жывое —

Тут няма чаму дзівіцца).

Сталі множыцца, пладзіцца,

Насялілі землю густа,

І... пайшла між іх распуста.

Там раздураныя дзеўкі,

Што паходзілі ад Еўкі,

Заўжды з хлопцамі грашылі,

Ім чапляліся на шыі.

І грашылі (паміж намі)

Нават з «божымі сынамі».

— Ну і публіку стварыў я! —

Бог стаў каяцца, нарэшце: —

І малыя і старыя —

Хоць вазьмі ды ўсіх павесь ты.

Мне ўжо страшна надаела

З імі тут валынка ўся:

Баба клопату не мела,

Дык купіла парася!

І за што такая кара?

І нашто я ўсё цярплю?

Эх! нашлю я лепей хмару,

Ўсё жывое патаплю.

Вось ён зараз тут за шапку

Ды прыйшоў, ды кажа Ною:

— Заўжды ты на задніх лапках

Ходзіш, Ной, перада мною.

Самы праведны ты ў свеце,

Дык пакінуць на завод

Маю я цябе на мэце,

Ну, а рэшту — ўвесь народ

І жывёлін розных тышчы,

Праз сем дзён патопам знішчу.

Вось запомні добра гэта

Ды заві ў падмогу хлопцаў —

Сіма, Хама і Яфета —

І будуй скарэй сабе

Велізарны карабель:

Даўжынёю трыста локцяў,

Пяцьдзесят шырачыні,

Вышыні так локцяў трыццаць,

Каб у ім ты мог змясціцца,

І нявесткі, і сыны;

Ды нячыстай рознай твары

Па адной вазьмі ты пары,

А ўсіх чыстых па сем пар.

Ну, не чухайся, а жар!

Ной, вядома, не марудзіў,

І да тэрміну яшчэ

Увайшлі жывёлы й людзі

У збудованы каўчэг.

Праўда, можна тут дзівіцца,

Як з усіх канцоў зямлі

Хутка «твары» ўсе прыйшлі?

Як яны маглі змясціцца

Ў невялікім караблі?

Іх жа там было шмат тысяч?

Але Ною гора мала —

Раз начальства загадала,

Дык здыхай, але мясціся!

І харчы запас вялізны

(На паўгода так прыблізна)

Ной на ўсіх забраў з сабою.

Любата — жывецца Ною.

Хто ж астаўся, таму згуба:

Калі ліне дождж, як з луба,—

Сорак дзён так і начэй,

Нібы з рэшата, цячэ.

Разлілося ўсюды мора,

І лясы пакрыла, й горы,

Патапіла ўсё зямное,

Апрача, вядома, Ноя...

 

Хай жа ўжо грашылі людзі,

Мы спрачацца тут не будзем,

А за што ж вось пакаран

Воўк, асёл, пацук, баран,

Ці варона, ці каза?

Поп, напэўна б, тут сказаў,

Што была й жывёла грэшна,

Толькі гэта слухаць смешна,

Ды не несла ж кары рыба,

Менш яна грашыла хіба?..

 

Як праплаваў Ной паўгода,

Стала добрая пагода.

Як падзьмулі тут вятры,

Дык ваду ўсю дні за тры

Пазганялі яны ў мора,

А за гэтым ужо скора

На гары, на Арараце,

Затрымаўся той каўчэг.

«Мо стаіць там і яшчэ? —

Могуць часам запытаць.

Сам не быў ніколі я там,

Але нашы летуны

Дык не так даўно ляталі,

Асядлаўшы птушку з сталі

Над гарою Араратам...

Што ж там бачылі яны?

Дрэвы, камень, трохі снегу,

І ніякага каўчэга

Не знайшлі на Арараце...

Часу дарма Ной не траціў:

З карабля на землю выйшаў.

І, як «Біблія» тут піша,

Ён бязмерна быў здаволен

Ды прынёс ахвяру богу,—

Усіх чыстых па жывёле.

Навярнуў ён мяса стогам,

Падпаліў, і смачны дух

Казытаў у бога нюх,—

Аж губамі бог зацмакаў

(Ласы быў ён да прысмакаў).

Ной па гэтым з Ягавой

Утварылі дагавор,

Што ніколі ўжо людзей

Бог не знішчыць больш патопам:

Згіне Азія ў вадзе,

Астанецца хоць Еўропа.

— Запісаць бы гэта трэба,

Хоць вунь там на краі неба,—

Кажа бог.— Ды толькі дрэнна,

Што зусім я непісьменны:

Не хадзіў малым у школку,

Распісацца не магу,

Дык пастаўлю хоць дугу.

Вось і маем мы вясёлку.

 

ПЕРШЫ П’ЯНІЦА

Вам ужо вядома тое,

Што у праведніка Ноя

Было роўных тры сыны,

Ўсе жанатыя яны

І мужчыны ў самай сіле.

Хлопцы сеялі, касілі,

Як паспее жыта, жалі,

Адным словам — не ляжалі.

Сам жа Ной пасля патопу

Аб ядзе малы меў клопат:

Здаў усё ён на сыноў.

Насадзіўшы вінаград,

Ціснуў сам і піў віно

(Выпіць быў заўсёды рад).

Ён віно піў не кілішкам,

А часцей за ўсё вядзерцам:

Моцны быў і лбом і сэрцам,

Але ўсё ж хапіў раз лішку,

Што да рэшты розум страціў

І, сарваўшы ўсё дазвання,

Што было на ім, убранне,

Так уклаўся голы спаць ён.

А сынок малодшы, Хам,

Ці не выпіўшы быў сам,

Бо, пабачыўшы старога,

Ён падняў страшэнны рогат

(Хлопец, мусіць, быў вясёлы).

Пасмяяўся ўволю сам,

А пасля гукнуў братам:

— Гляньце, хлопцы, бацька голы!

— Быў дагэтуль ты дурніла,

А цяпер здурнеў зусім,—

Стаў тут лаяць Хама Сім.—

Адвярнуў бы ўбок хоць рыла,

Дык ён, шэльма, зубы скаліць!

Вось устане — не пахваліць,

Ён правучыць цябе, гада!

І яны з Яфетам задам

Падышлі да бацькі скора

І прыкрылі яму сорам.

Калі выйшаў вінны чад,

Ной устаў, судзіць пачаў.

І на сына Хама ён

Налажыў такі праклён:

— Хам зняважыў мяне, дзеці,

Дык вось будзе ён за гэта

Служкай Сіма і Яфета,

Покуль будзе жыў на свеце,

І патомкі нават Хама

Будуць служкамі таксама

Заўжды ў нашчадкаў Яфета

Покуль свет стаяцьме светам.

Пасля гэтага на свеце

Трыста год, да самай смерці,

Так бясклопатна жыў Ной,

Толькі гнаў ды піў віно,

Нібы мы цяпер вадзіцу;

Не было нідзе міліцый —

Не было каму забраць

Самагонны апарат.

 

Вось якою нас маною

Пра патопы ды пра Ноя

Частавалі служкі неба!

Ім давесці было трэба,

Што працоўны люд таксама

Ёсць патомкі таго Хама;

Што павінны зіму й лета,

Адным словам, круглы год,

Ліць яны крывавы пот

На паноў — «сыноў Яфета».

 

ВАВІЛОНСКІ МЕТАД

Быў адзін тады на свеце

Толькі горад Вавілон,

Больш ніякіх не было.

Людзі простыя, як дзеці,

У адным жылі там месцы,

І адна была ў іх мова,

А другой не зналі й слова.

Вось уздумалі нарэшце

Тыя людзі (гэта ж трэба!),

Каб дабрацца як да неба.

Намясілі кучу гліны

І давай рабіць цагліны,

З цэглы вежу будаваць.

Як дайшла да бога чутка,

Стала бога турбаваць,

На зямлю сышоў ён хутка

Паглядзець, што тут за трасца.

Няўжо людзям тым удасца

Аж дабрацца да яго?

Глянуў ён, дык — ого-го —

Задрыжалі ў бога лыткі,

Агарнуў старога жах:

Вежа тая ўвачавідкі

Так расце, як на дражджах.

Так заложна, так упарта

Працавалі ўсе дзядзькі.

Бог спужаўся не на жарты

І... змяшаў іх «языки».

Гвалт падняўся, як у сойме,

Кожны гердае па-свойму,

Кожны мае свае словы,

А народу ж колькі тысяч!

Вось калі там пачаліся

І замежныя ўсе мовы.

Доўга людзі балбаталі —

Згаварыцца не маглі;

Рассяляцца тады сталі

Па абшары ўсёй зямлі.

Пару слоў аб Вавілоне.

Там руіны ёсць і сёння,

Маюць тысячы гадоў,

А ад вежы ні слядоў,

Ні цаглінкі, ні кала —

Так яна там і была!

 

АБРАМ ДЫ САРА — ЦІКАВАЯ ПАРА

Кажуць, праайцец Абрам

Быў здаровы ды дзябёлы,

Шмат меў рознага дабра,

Коз ды іншае жывёлы,

З мясам быў і з малаком,

Жыў багатым кулаком.

Меў яшчэ ён жонку Сару.

Выглядала яна з твару

Сакавіта, маладжава,

Толькі дзетак не раджала.

Не тужыў Абрам спачатку,

Жыў сабе, не гараваў,

Прыбаўляў патроху статку

І са статкам вандраваў

Па абшарах Ханаана.

Але стала тут пагана:

Надышоў паморак, голад,

Пачала здыхаць жывёла.

Тут Абрам і «ах!» і «ох!» —

Вось яму з'явіўся бог

У той час, калі ён спаў,

Ды ўгаварваць яго стаў

— Слуг вазьмі, жывёлу, жонку,

Ды йдзі ў іншую старонку. {староя

Толькі далей за мяжу,

Куды я табе скажу.

Ты выконвай волю божу,

Дык я так цябе размножу,

Дзеля нашага знаёмства

Павялічу так патомства,—

Будзе ўнукаў, як пяску:

Ты ж — дзядок яшчэ ў саку.

(Хто што думае, то й сніцца —

Сніць так курыцу лісіца.)

А было ж ужо Абраму

Семдзесят пяць год тады.

Цётка Сара гэтаксама

Мела бабчыны гады —

Шэсцьдзесят было ёй з гакам,

А цвіла кабета макам.

Тут задумаўся Абрам:

— Трэба йсці, але куды б тут?

Не прыдумаю і сам...

Пойдзем, Сара, да Егіпта,

Знаць, на гэта воля божа.

Толькі вось чаго баюся:

Надта, Сара, ты прыгожа

Ды прывабная бабуся.

Схопяць там мяне, ўхаўтураць,

А цябе к сабе патураць.

Як падумаю, дык — страх.

Лепш кажы ты, што — сястра.

Не брыкайся, зноў жа, надта,

Як захоча хто багаты

Ды з табою... пагуляць.

Нам няма чаго губляць,

Калі б хто й... пацалаваў.

Бо мне гэта хоць не міла,

Але тут не ў гэтым сіла:

Бач, мая мне галава

Даражэй, ты ведай гэта,

Чым цнатлівасць у кабеты.

І Абрам тут не ўкляпаўся

У Егіпце ён папаўся:

Як з’явіўся туды ён,

Сару згрыбціў фараон.

За «сястру» Абраму выкуп

Фараон той даў вялікі —

Слуг, вярблюдаў і аслоў.

Апісаць не хопіць слоў,

Што за Сару той Абрам

Рознай рознасці набраў.

Фараон, аднак, дазнаўся,

Што з замужкаю звязаўся,

І тут раптам занямог.

— Пакараў мяне, знаць, бог!

Бяры жонку — й фур за браму! —

Ён загадвае Абраму.—

За агіднае штукарства

Выбірайся з майго царства!

А таму і не бяда:

Ўсё — нібы з гусі вада;

На Егіпет мог пляваць ён —

З ім і Сара, і багацце.

 

Сара стала ўжо старая,

А дзяцей жа ўсё няма;

Дый раджаць то не пара ёй,—

Добра ведае сама:

Пачало драхлець і цела,

А дзяцей усё ж хацела.

Яна й кажа раз: — Абрамка!

У мяне Агар служанка.

Калі хочаш, я аддам —

Ты вазьмі сабе яе,

Але дзеткі то мае.

— Добра,— кажа тут Абрам,

Калі ты дазволіш, Сара,

Да Агары йду я зараз.

(Бач, рабыня маладая

Лепш за жонку выглядала,

Дык спяшаўся як мага).

Зацяжарала Агар,

Зазлавала цётка Сара:

Ёй, вядома, крыўдна стала,

Церплівосці не хваціла —

Мужу сцэну закаціла:

— Ах ты, порхаўка старая!

Бог цябе хай пакарае,

Што змяняў сваю ты жонку

На рабыню, на служанку.

Я дала Агар да часу,

Але, бач, які ты ласы!..

— Дык ты ж, Сара,— гаспадыня,

А яна — твая рабыня:

Распраўляйся з ёй сама,

Хіба ж болей слуг няма?

Хопіць гэтага дабра,

А плаціць ёй аліментаў

Я не буду ні працэнта,—

Адказаў тады Абрам.

І служанка тая скора

Зажыла ад Сары гора:

Яе часта Сара біла,

А нарэшце прыпякла,

Што няшчасная рабыня

Аж не вынесла — ўцякла.

Але Сары дапамога

Падаспела тут ад бога,

І служанку ўраз анёл

У пустыні пераняў.

Жаху ён паддаў Агары

І вярнуў у рукі Сары.

А служанка ледзь хадзіла,

Скора й сына нарадзіла.

Сара з «праайцам» назвалі

Сына гэтага — Ізмаіл.

Калі хто з вас хоча ў лона

Праайца таго Абрама,

Дык не будзь, браток, варонай,

А рабі і ты таксама:

Зарабляючы чырвонцы,

Спекульні часом на жонцы,

Да служанкі ўважны будзь —

Сёе-тое прыдабудзь,

Пасля з дому вытурай,—

Пападзеш адразу ў рай.

 

ДРАМА Ў АБРАМА

Меў Абрам ужо са сто,

Дзевяноста было Сары,

І вы ведаеце што? —

У паважнай гэтай пары

Нарадзіўся сын Ісак.

Разважайце так і сяк,

Ці то дзіва, ці не дзіва,

Толькі Сара нарадзіла...

Але гэта ўбок адкінем,

А паглядзім, што з іх сынам.

Як падрос, тады ў Абрама

З ім чуць-чуць не выйшла драма.

Раз, вось так, як і раней,

Да Абрама прыйшоў бог

(Ну, вядома, толькі ў сне —

Ён іначай жа не мог)

Выпрабоўваць цвёрдасць веры.

(Недаверны быў без меры.)

Вось і кажа ён: — Абрам!

Ты ўжо ведаеш і сам

Мае звычаі і смак,

Што люблю я, грэшны, часам

Пажывіцца смачным мясам.

А ў цябе ёсць сын Ісак,

Ох і мяккі, ох і тлусты,

Вось такія мне да густу.

Дык ты просьбу маю ўваж —

На вячэру яго ўсмаж.

На гары на Марыя

З'ем сваю вячэру я.

Што звярзлося уначы,

Дык Абрам усё дазвання

За сапраўднасць палічыў.

Ён назаўтра ўстаў заране,

Дроў на спіну ўсклаў аслу

Ды, пазваўшы пару слуг,

Ды, набраўшы ў чэрап жару

(Ні запалак, ні красала

Яшчэ публіка не знала),

Ён павёў на смерць ахвяру.

Дзень ідзе, другі ідзе,

Не відаць гары нідзе.

Як прайшло аж тры пары,

Падышоў ён да гары.

Слуг з аслом тады пакінуў,

Нагрузіў дрывамі сына,

На гару павёў яго,

Нож нясе сам і агонь.

Там алтар зрабіў ён з дроў,

Палажыў на іх Ісака

(Плакаў, пэўна, небарака)

І... праліў бы зараз кроў,

Бо ўжо нават нож падняў,

Ды анёл яго суняў:

— Пачакай, Абрам, не рэж!

На душу ты грэх бярэш:

Бачыць бог і рад без меры,

Што такі ты цвёрды ў веры

(А раней дык знаць не мог!

Ну, які ж тады ён бог?).

Глянуў ёлупень стары,—

Недалёка ў гушчары

Бачыць ён — стаіць баран,

Зачапіўшыся рагамі,

Толькі дрыгае нагамі.

Прывалок яго Абрам

І, як «Біблія» нам кажа,

Замест сына богу ўсмажыў.

 

Вось і ў наш век дзе-нідзе

Ёсць на свеце дзікуны,

Што багам сваім яны

Ахвяроўваюць людзей.

Што ж, урэшце, тут выходзіць?

Дзе ж яны — маралі тыя,

Непарушныя святыя,

Аб якіх папы даводзяць?

І ці ёсць дзе той дурніца

Ці фанатык ды гарэза,

Каб, як сон дурны прысніцца,

Сына ўласнага зарэзаў?

 

ПРА САДОМСКАЕ БАЛОТА І «ПРАВЕДНІКА» ЛОТА

Многім, пэўна, невядома,

За што бог так пакараў

Бедных тубыльцаў Садома.

А ўжо ведаць бы пара!

Бог наслаў агню і серкі

Ды яшчэ якойсьці трасцы,

Бо жылі там недаверкі:

Грэх адзін здараўся часта:

Людзям гэтае старонкі

Не патрэбны былі жонкі.

Бог пра гэта нейк дазнаўся,

Але йсці ў Садом баяўся:

Што шукаць бяды на голаў,

Могуць часам абязвечыць.

І паслаў ён двух анёлаў,

Пракурораў ці мо следчых.

Добрая была пагода,

І да полудня ад ранку

Лот той «праведны», як лодар,

Грэўся, седзячы на ганку.

Вось ён глянуў — прэцца хтосьці.

Як зірнуў на незнаёмых,

Аж спужаўся — то ж анёлы!

Ён з паклонам кліча ў госці.

Лот напёк гасцям бліноў,

Добра выпілі, канечне.

(Проста дзіва, што анёл

Есць і п’е, як кожны грэшны!)

Лот паслаў усім пасцелі,

Толькі легчы спаць хацелі,

Аж тут раптам нейкі гоман...

Гэта тубыльцы Садома —

Хлопцы, жэўжыкі, мужчыны —

Патрабуюць адным чынам:

— Падавай сюды гасцей!

Мы іх добра пачастуем,

Каб хадзілі к нам часцей.

Лот, вядома, пратэстуе...

Нам дык смех, гасцям жа й Лоту,

Вельмі моташна было тут.

Што ж рабіць святым анёлам

З іх анёльскім станам кволым?

Лот іх выратаваць хоча,—

Ён дае садомцам дочак:

— Не хачу я безгалоўя,

Скарыстайце на здароўе!

Ахвярую лепш дзяцей,

А не мілых мне гасцей.

— Лезь ты з дочкамі ў балота,—

Кажуць тубыльцы на Лота.

— Забаўляйся з імі сам,

А хлапцоў давай ты нам!

Ды нахрапам пруцца ў дзверы.

Як прыперлі Лота к плоту —

Ні дыхнуць, ні пікнуць Лоту.

Вось анёлы бачаць тут —

Надта дрэнныя паперы,

Ды наслалі слепату

(Ці не лепш бы ім было

На людзей наслаць святло?).

Ад дзядзькоў уцёк тут Лот,

А яны таўкуцца ў плот

Лбамі, носам, чым папала,

Але што ж... пішы — прапала!

А назаўтра госці рана

(Мусіць, спалася пагана)

І сям’ю ўзялі, і Лота

Ды з Садома за вароты.

— Сыпце,— кажуць,— без аглядкі,—

Навядзе тут бог парадкі.

Як пусціўся Лот бягом!

Як пасыплецца агонь!

Як прарвецца ў небе дзірка!

Як пальецца з неба серка!

Так, як «Біблія» нам кажа,

Бог Садом да рэшты спляжыў,

А з ім разам і Гамору

(Гэта быў суседні горад).

Лот між тым ва ўсе лапаткі

Прэ, адно мільгаюць пяткі.

Але з Лотавай мадам

Хутка сталася бяда:

Ад бяды яна ўцякала,

Але збыт была цікава,

Як авечка ці каза:

Аглянулася назад

І так вокам толькі — луп!

Дык з яе зрабіўся слуп,

Не драўляны — саляны...

— Ці не еў ты беляны? —

Хімік, мабыць, запытае.

Бо нідзе, ніхто, ніколі

Не зрабіў з кабеты солі.

Ён таго, дзівак, не знае,

Што па «хіміі» па божай

Гэта лёгка стацца можа.

Ды няхай аб гэтым потым,

Пойдзем далей мы за Лотам...

Гэты «праведнік» стары

Нек змясціўся у гары

Каля горада Сігора.

Ён жыве і мала гора,

З ім жа пара яго дочак —

Замуж кожная з іх хоча.

— Мы дарэмна тут загінем

І насення не пакінем,—

Кажа большая дачка.

— Хіба вось што... Пачакай!..

Як ты мысліш наконт бацькі?

Ён дзядуля яшчэ хвацкі,

Мы дамо яму віна,

Потым пойдзе з нас адна...

Хай хоць я, мо, на пачатак.

Стала згода між дзяўчатак:

Як сказалі, так зрабілі —

Добра бацьку напаілі.

Ён да дочкі да свае,

Як да жонкі, прыстае.

Тая ж (добрая, знаць, цаца!)

І не думала спрачацца.

Неўзабаве цераз ночку

Так было й з другою дочкай.

А праз нейкі пэўны час

(Такі самы, як і ў нас)

Родзіць кожная дзяўчына

Лоту ўнука, сабе сына.

 

БІБЛЕЙСКІ ПІСАКА ПРА СЫНОЎ ІСАКА

Мы чыталі, што Абрам,

Каб не трапіўся баран,

Дык зарэзаў бы для бога

Сына ўласнага малога.

Далей з «Бібліі» пісака

Так гаворыць пра Ісака:

Яшчэ год пражыўшы з трыццаць,

Захацеў Ісак жаніцца,

І з калымам збыт багатым

Ён раба паслаў за свата

Да далёкіх сваякоў,—

Дзесьці нейкі жыў Лаван.

Раб жа той быў — галава!

Не страляў ён лелякоў

І прывёз сястру Лавана

Для Ісака — свайго пана.

Жонка ж гэтая — Рэвека —

Увішная, не няўмека,

Працаваць магла са смакам

І кахалася з Ісакам.

Ну, а вынік быў такі:

Два сыночкі-блізнюкі.

З іх Ісаў быў звераловам,

Гэта значыць — паляўнічы,

Ну, а Якаў... адным словам,

Жыў пры мамчынай спадніцы.

Бацька больш любіў Ісава,

Маці ж Якава таксама.

Дык вось неяк раз Ісаў

Цэлы дзень дарма гайсаў

(Не траплялася звярака),

І дадому ён галодны

Так вярнуўся, небарака.

Тут брацішка яго Якаў

Сёрбаў крупнічак халодны.

— Дай ты мне пасёрбаць крышку,—

Папрасіў Ісаў брацішку.

— А аддай жа першародства,—

Адказаў Ісаву Якаў.

(Ах, якое «благародства»!)

— Што мне ў ім,— сказаў Ісаў,—

Калі здохну скора сам...

І аддаў, і еў са смакам.

Прайшло чвэрць ці мо паўвека,

Стаў Ісак сляпым калекам.

Вось прамаці тут Рэвека

Стала думаць і кумекаць,

Як сляпога ашукаць

Дзеля сына-пестунка.

І прыдумала «прамаці»:

Быў, як воўк, Ісаў касматы;

Вось яна тут узяла

Ды зарэзала казла,

Скуру зараз жа злупіла,

Ёю Якава накрыла

(Ах, якое хараство!).

Бацька мацнуў, не пазнаў:

Ён падумаў, што Ісаў,

І зацвердзіў першынство

Так сваім благаславеннем.

Пасля гэтага здарэння,

Як прыйшоў Ісаў дадому,

Ды як стала ўсё вядома,

Што абуў яго так Якаў,

Дык са злосці аж заплакаў,

Думаў жуліка забіць,

Ды не мог яго злавіць:

Таго маці яшчэ рана

Адаслала да Лавана.

Калі прыйдзе хоць і родны

Да цябе твой брат галодны,

Дык заўсёды дзерці трэба

Восем скур за крошку хлеба.

Дзеля ўласнага прыбытку

Ты змяняй на шкуру світку,

У казла перарабіся,

У свінню або ў сабаку,

Ашукай калеку-бацьку,

А свайго усё ж дабіся,

І сумленне хай не мучыць,—

Так тут «Біблія» нас вучыць.

 

ЯК ЯКАВУ ДЗЯДЗЯ СЛЯПУЮ ЎЛАДЗІЎ

Ад Ісава так пёр Якаў,—

Не дагнаў бы і сабакам,

І прыбег аж да Лавана.

Тут было яго спаткана.

Пачалі яны вітацца,

Пра здароўе стаў пытацца

У пляменніка Лаван.

Ды не слухаў толькі Якаў,

Бо раскіс ды аж заплакаў,

Як Рахільку цалаваў.

(Знаць, нішто была Рахіль...

Эх, грахі нашы, грахі!

Не адзін той жулік Якаў

На грудзях Рахілі плакаў!)

Якаў стаў у дзядзькі жыць,

Дзядзьку парабкам служыць.

Служыць тыдзень, служыць два.

— Што ж,— пытаецца Лаван,—

Будзеш мне дарма служыць

Ці за плату? Ты кажы.

— За Рахільку я гатоў

Праслужыць аж сем гадоў,—

Адказаў тут дзядзьку Якаў.

Дзядзька бачыць, што калым

Не такі ужо малы.

Але ўсё ж Лаван зацмакаў,

Бо была дачка другая —

Лія, большая, сляпая,

Дык хацелася да смерці,

Каб як-небудзь тую ўперці.

Для Лавана, як мінутка,

Сем гадоў прабеглі хутка,

І ўжо трэба — вось бяда! —

Дочку Якаву аддаць.

Якаў жджэ ды не дажджэцца,

Падагнаў бы час, здаецца,

Каб скарэй даваў бог ночку,

А Лаван — Рахільку-дочку.

Вось і ночка, вось і дочка,

Вось і белая сарочка,

А надзета на каго,

Блазнюку не да таго...

А назаўтра ўстаў з «пахмелля»,

Пралупіўшы сяк-так бельмы,

Бачыць Якаў — побач Лія.

Тут жаніх наш як завые!

А Лаван адно смяецца:

— Табе ж нашы ўсе законы,

Мабыць, трошачкі знаёмы,

І заўсёды так вядзецца,

Што павінен выдаць татка

Дочку большую спачатку...

Паслужы яшчэ сем год,—

Кажа дзядзька-абармот.

І тады, клянуся я,

Будзе ўжо Рахіль твая.

Той, падзякаваўшы «татку»,

Зноў пачаў служыць спачатку.

Якаў выслужыў гады

І Рахільку ўзяў тады.

Што ні год сляпая Лія

Водзіць дзетачкі малыя,

А ў Рахількі справа слаба —

Як дзяўчына, ходзіць баба.

Тут на Якава віна,

Як напалася яна:

— Што з табой, Якуб, за трасца?

Аніяк табе не ўдасца!

Недарэчнасць, а не муж!

А вось з Ліяй ты чаму ж?

— І хацеў я, ды не мог,—

Кажа Якаў,— мусіць, бог

Нас карае за грахі.

А тут зноў яму Рахіль:

— Каб ты так ужо хацеў

Для мяне з табой дзяцей,

Дык служанку ўзяў бы Валу.

(Так заўсёды ў іх бывала:

Прыдабудзе муж рабе —

«Госпожа» бярэ сабе).

І выходзіць — рад не рад —

Папраўляйся, Якаў, брат!

Як дазналася пра гэта

Лія, плодная кабета,

Заўладала зайздрасць ёю

(Надта прагная была),—

І з служанкаю сваёю,

Зелфай, Якава звяла.

Лія, Рохля, Зелфа, Вала —

З імі ж клопату не мала,

Паспрабуй ім дагадзі ты.

Ён жа, хлопец цягавіты,

І не скардзіўся, бывала.

 

ЯК ЗЯЦЬ ЦЕСЦЮ АДПЛАЦІЎ НАРЭШЦЕ

Гэтак Якаў тузін цэлы

Пусціў хлопцаў на свет белы.

Напладзіўшы шмат дзяцей,

Аддзяліцца ён ад цесця

З цэлай плоймай захацеў

І сказаў аб тым нарэшце.

І ў цясця на тое — згода,

Ды вось толькі платы шкода!

Стаў пытацца ён, што зяць

За ўсю службу хоча ўзяць.

Якаў кажа: — Кінь ты, тата!

Ну, якая там зарплата!

Я прашу адно дазволу

Ўзяць стракатую жывёлу —

Рабых, лысых, беласпінных,

Табе ж чыстую пакіну.

Пагадзіўся з зяцем «тата»

Ды падзякаваў ён богу,

Бо авец і коз стракатых

У яго было нямнога.

Якаў — жулік і гарэза —

Тут такую штуку ўрэзаў:

Каб яму больш коз папала,

Нарабіў рабых ён палак

І, як гнаў да вадапою,

Палкі тыя браў з сабою,

Там іх клаў каля карыта.

Так ён краў, і шыта-крыта:

Самкі чорныя, як галкі,

Углядаліся на палкі —

Быў прыплод ад іх стракаты.

Так наш Якаў стаў багаты,

Багацей за цесця, мусіць.

Калі «Біблія» не хлусіць,

Дык там піша, што сам бог

Красці Якаву памог:

Якаў стаў таму багаты

І таму яму «вязло»,

Што да козачак казлоў

Падсылаў сам бог стракатых.

 

У РОЖКІ З БОГАМ

Абабраўшы спрытна цесця,

Якаў дзёру даў нарэшце,

І з жывёлай, і з рабамі,

І з сынамі, як дубамі,

Ён туды падходзіць стаў,

Дзе жыў брат яго Ісаў,

Ад якога ў сваю пору

Ён даваў таксама дзёру.

Якаў хітры, як лісіца,

Баязлівы чалавечак:

Калі ўведаў ён, што брат

Дуж рабамі і багат,

Дык паслаў яму гасцінца —

Коз, вярблюдаў і авечак.

Але й то шчэ невядома,

Як бы стрэлі яго дома,

Каб не сябра яго бог

Яму нехаця памог.

Ці стары мо быў упіўся,

Ці пад старасць звар’яцеў,

Бог адзін пра тое знае,

Толькі з Якавам схапіўся —

Барукацца захацеў.

Іх хавала цем начная.

Якаў быў здароў, як вол:

Як схапіў ён бога ўпол,

Да сябе прыціснуў шчыльна,

Закрахтаў аж «усясільны»:

Вось-вось-вось ён ляжа, здэцца,

Але пнецца — не здаецца.

Так вадзіліся яны

Цэлу ноч, як певуны.

Дзень на змену ночы йдзе;

Вось узыдзе сонца скора.

Бог зусім ужо ў бядзе:

Як убачаць, будзе сорам.

З усяе тут моцы боскай

Даў ён Якаву падножку

(Думаў вырабіцца бог),

Але Якаў, як бульдог,

Учапіўся мёртвай хваткай,—

Хоць баліць звіхнёны клуб,

Напінае болей пуп,—

Вось паложыць на лапаткі.

Бачыць бог, прыперла крута:

Барукацца больш — пакута,

Не хапае сілы божай,

Але й вырвацца не можа.

Стаў край неба залаціцца,

Небарак пачаў прасіцца:

— Братка, Якаўка, пусці!

Пашкадуй старой касці,

Падурэлі, ну і годзе,

Бачыш — ранне надыходзе.

Якаў кажа: — Не магу:

Пакалечыў ты нагу,

Дык цяпер за вызваленне

Дай хаця благаславенне.

Бог яго благаславіў

Быць здаровым ды багатым,

І тады спатканне з братам

Адбылося без крыві.

 

Вось падумайце аб тым,

Чаму Якаў той святы.

Мо таму, што меў рабоў,

Не рабіў сваім гарбом?

Мо таму, што быў багатым,

Абдурыўшы бацьку й брата,

Абакраўшы гладка цесця?

Мо таму яшчэ, нарэшце,

Ён святога ўздзеў вянок,

Што дзве пары меў жанок

І нёс добра абавязкі,

Як адказваў ім на ласкі?

 

КРЫВАВАЕ ВЯСЕЛЛЕ

Была ў Якава дачка,

Што пара б і замуж скора.

Панаваў там князь Емора.

Ён не думаў, не чакаў,

Як аднойчы яго сыну

Стрэць прыйшлося тую Дзіну.

І Сіхем (так звалі сына),

Калі глянуў на дзяўчыну,—

Пакахаў, і ён ёй люб.

Вось у іх фактычны шлюб

(Не ў царкве і не ў касцеле —

Шлюб узялі, дзе хацелі).

Той жа Якаў — бацька Дзіны,

Жулік спрытны і бывалы —

Рад быў, што знайшоў прычыну,

І падняў тут зараз гвалт,

Чаму згвалцілі дзяўчыну.

Хлопец той, сказаць-прызнацца,

І не думаў адракацца

Ад дзявочай пекнаты:

Бацьку шле ён у сваты.

Князь быў надта добрым сватам.

— Парадніцеся вы з намі! —

Просіць Якава з сынамі.

— Выкуп дам я вам багаты,

Толькі дайце вашу Дзіну

Вы за жонку майму сыну.

— Твой жа сын не абразаны,—

Князю хлопцы адказалі,—

І таму ён век-вяком

Нам не будзе сваяком.

Хай ён зробіць абразанне.

Тое ж самае павінны

Учыніць усе мужчыны

З усяго твайго ўладання.

Спахмурнелі князь і сын,

Толькі ж выхад быў адзін:

Ўсіх мужчын яны сабралі,

Хто быў рад, а хто не рад,

І ўчынілі той абрад,

А назаўтра ўсе стагналі.

(Дурні, кажучы між намі.)

Ну, а Якаў той з сынамі

Тут узнялі «храбра» меч

І давай галовы сеч:

Перабілі ўсіх мужчын,

І загінуў князь і сын.

Якаў тут пазаграбаў

І жывёлу, і рабоў,

І жанок, і ўсіх дзяцей,—

Стаў намнога багацей:

Меў рабоў мо колькі тысяч,

Але, помсты баючыся

За Сіхема і Емору,

Ён з награбленым даў дзёру.

 

СЛОЎ З ПАРУ ПРА ІУДУ І ФАМАРУ

Я пра праайца Іуду

Доўга тут пісаць не буду,

Скажу коратка зусім,

Што ён Якава быў сын,

Сын пры гэтым «лепшы самы»,

А ці так,— мяркуйце самі:

Гляньце з «Бібліі» цытаты,

Як Іуда быў жанаты,

Як любіў ён жонку шчыра

(Хананеянка была,

Трох сыночкаў прывяла),

Як жаніў ён сына Іра,

Падабраў яму пад пару

Ён яўрэечку Фамару.

Ір жанаты жыў нядоўга:

Не ўгадзіў ён нешта богу,

І паслаў яму бог кару,—

Удавой зрабіў Фамару.

Горка плакала яна,

Але быў яшчэ Анан —

Сын Іуды серадольшы,

Ён за Іра быў не горшы.

Каб Фамару абнасеніць,

Бацька з ёй Анана жэніць.

Той пярэчыць стаў Іуду:

— Адчапіся,— кажа,— тата

Ні за што я жыць не буду

З гэтай жонкай майго брата

Дый ні з якаю кабетай.

Ён такі і спраўдзіў гэта:

Праз увесь свой век кароткі

Ужываў другія сродкі.

Сумна, моташна ўдаве,

Ўсё мужчыны ў галаве,

Паглядае на іх ласа.

А Іуда гэтым часам

Сам раптоўна заўдавеў,

І яго скарала доля.

Вось пайшоў ён раз у поле,

А Фамара не драмала:

Твар накрыла пакрывалам

Ды пабегла ўперад хутка.

Села там яна ў варотах.

Свёкар думаў — прастытутка,

І ўзяла яго ахвота.

Да яе ён стаў падходзіць,

З ёю гутарку заводзіць,

Потым лезе цалавацца,

Потым... сталі таргавацца.

Прапануе ён казла.

Тая б плату і ўзяла,

Толькі просіць, каб спачатку

Ён што-небудзь даў задатку.

Ну, а ён — дзядуля палкі —

Даў папругу ёй і палку

Ды яшчэ сваю пячатку...

 

І пасля пайшоў паволі

Да жывёлы ён у поле.

Неўзабаве пасланец

Да яе з казлом ідзе.

Места ўсё з канца ў канец

Абышоў — няма нідзе.

Хто ні йдзе і хто ні едзе,

У знаёмых і суседзяў

Ён пытае:

— Ці не бачыў?

— Не, не бачылі.

— Што гэта?

Дзе ж падзелася кабета?

Чорт схапіў яе — няйначай.

Недзе, шэльма, папаўзла! —

І панёс назад казла.

А пасля праз пэўны час

І прыносяць неяк раз

Цёткі свёкру пра нявестку

Ды благую надта вестку,—

Што Фамара загрубела

Невядома з кім тайком,

Скора будзе з «байструком».

Свёкар стаў ад злосці белы,

Раззлаваўся і вяліць

На агні яе спаліць.

 

Вось агонь і дыму хмара,

Вось прыведзена й Фамара,

Ледзь яе ўжо не звязалі.

Тут Іуда рот разявіў,

Бо нявестка свёкру-татку

Тыц у нос яго пячатку:

— З чыіх,— кажа,— гэта рук,

Ад таго ў мяне байструк.

Так гарэзная нявестка

Асталася жыць сама,

Ды і свёкру-то някепска

Нарабіла сарама.

Вось я кончыў аб Іудзе,

А цяпер вы, калі ласка,

Паглядзіце самі, людзі,

Што нам скажа гэта казка,

Што тут ёсць у брудзе тым,

Каб лічылі мы святым?

 

АБ ІОСІФЕ ПРЫГОЖЫМ — «АБРАННІКУ БОЖЫМ» І «ЗАСЛУЗЕ» ЯГОНАЙ — УТВАРЭННІ ПРЫГОНУ

З вас чытаў, напэўна, кожын

Аб Іосіфе Прыгожым,

Што між Якава сыноў

Як разгадчык добры сноў

Вызначаўся з малых дзён;

Як пайшоў у поле ён

Раз братоў сваіх праведаць,

Пастухам панёс абедаць,

Калі ладным быў хлапцом;

Як егіпецкім купцом

Там браты яго прадалі,

І так далей, і так далей...

Як, праз тыдняў, можа, пару,

Царадворцу Патыфару

Ва ўслужэнне ён папаў,

Як і сам ледзь не прапаў.

У палац прыйшоў Іосіф,

Тут яно і пачалося:

Патыфарава жанчына

Спадабала ў ім мужчыну;

Што ні ступіць,— прыстае.

Але толькі на яе

Ані гляне подлы раб.

Ці баіцца, ці, мо, слаб?

Як хапіў жа бабу пал там,

Дык узяць рашыла гвалтам.

Раз прыйшоў ён у пакой,

Дык яна тут раптам: — Стой!

Зараз цоп яго за порткі.

А Іосіф — хлопец вёрткі:

Кінуў порткі ды пайшоў

Сам за дзверы галышом.

Як падыме ж баба крык!

Тут як бач яе мужык

Прыбягае — Патыфар:

— Што за крык? Ці не пажар?

Думаў я — цябе хто рэжа...

— Хацеў згвалціць мяне раб;

Ласы надта ён да баб,

Нават вось яго адзежа,—

Хлусіць баба тут яму.—

Пасадзі яго ў турму,

Каб забыўся пра спадніцу.

Той запёр яго ў цямніцу.

Неўзабаве Фараон

Незвычайны бачыць сон:

Быццам вылезлі з вады

Тлустых сем кароў, як бочкі,

А за імі сем худых

Тут жа, побач, недалёчка.

Мыкнуць тлустыя не ўспелі,

Як худыя іх паелі,

Самі зноў жа як драчы.

Тае ж самае начы

Такі ж выпадак вось самы

Бачыць ён і з каласамі.

Як прачнуўся Фараон,

Загадаў жрацам, вяльможам

Разгадаць, што значыць сон.

Дык няма — ніхто не можа.

Што было й разгадваць, здэцца,

Мала што каму звярзецца,

Але так пакінуць нельга,—

Па Іосіфа пабеглі.

Той прыйшоў і разгадаў

(Пішуць — бог яму так даў),

Кажа: — Тлустых сем кароў —

То ўраджайных сем гадоў,

А другія сем худых —

Неўраджайныя гады.

Вось, каб не галадаваць,

Трэ табе загатаваць

За ўраджай запасы збожжа.

Хто, па-твойму, гэта зможа? —

Фараона ён спытаў.

Доўга думаць той не стаў:

— Як не ты,— дык хто ж іначай

Тут зрабіць бы гэта мог?

Нам паслаў цябе сам бог,

Мы тут гэта добра бачым.

Памажы ж, прашу дабром,

Покуль голад той міне.

Над усімі ўладаром

Будзеш ты пасля мяне.

Так Іосіфа па шэрсці

Фараон пагладзіў — хваліць,

Пасля зняў з рукі ён персцень

І надзеў яму на палец,

Пасадзіў у калясніцу,

І рабы яго памчалі.

Кожны мусіў пасці ніцма,

Як Іосіфа страчалі.

А Іосіф рад старацца.

Закіпела ў яго праца:

Хлебаробам загадаў,

Нават смерцю пагражае,

Кожны з іх каб ураджаю

Частку пятую аддаў.

Застагнаў тады народ,

А Іосіф за сем год

Назбіраў нямеру хлеба

(Урадлівая там глеба).

Прыйшоў голад, і сяляне

Хлеб паелі ўвесь дазвання

І панеслі серабро

За сваё ж такі дабро,

Што награбіў з іх Іосіф.

А ў таго ні сарама,

Ані літасці няма,—

Ён дзярэ, з каго прыйшлося.

У людзей, пакуль быў голад,

Ён і грошы, і жывёлу,

І зямлю за хлеб забраў.

Ураджайны год нарэшце,

А ў сялян няма што есці —

Хоць лажыся памірай.

Што ж ім болей асталося?

Ні зярняці ў іх пшаніцы,

Ні кусочка ў іх зямліцы,—

Так абчысціў іх Іосіф,

Ну да ніткі, дагала,

І нарэшце — кабала.

Яны просяць Фараона

Ды Іосіфа з паклонам,

Каб кусок які зямлі

І насення ім далі.

Дык чаму ж,— Іосіф згодзен,

Просьбай ён не пагарджае,

Ды арэнду толькі ўводзіць:

Частку пятую ўраджаю,

Каб плацілі і яны,

І іх праўнукаў сыны,

Дабрачынцу Фараону.

Так пачатак ён прыгону

У Егіпце палажыў

І ў выгодзе сам пражыў,

А людзей давёў да торбы.

Але «Біблія» іначай

Пра Іосіфа тлумачыць,

Што ён мудры быў і добры

Ды яшчэ герой народны:

Ратаваў народ галодны.

 

БЫВАЙЦЕ ЗДАРОВЫ!

Ну, нарэшце, кончыў я

Гэту «Кнігу Быція»;

Не чапаю ўжо «Ісхода»,

Бо на глупства часу шкода:

Патрыярхі-дзікуны,

Бог такі ж, як і яны,

Цемра, варварства і бруд...

Выбачайце,— болей тут

Я не буду вас трымаць,

Бо не мог бы й сам трываць

У гнілым паветры дрэнным.

Да таго ж у свеце «божым»

Ёсць вялікія ўжо змены.

Мы іх тут падкрэсліць можам.

Вось, напрыклад, у мужчыны

Ужо ёсць усе рабрыны;

Неба «цвёрдае» нек разам

Стала ўсё празрыстым газам;

І без д’ябла наша «Ева»

Есць плады з любога дрэва.

У сучасных жа «Адамаў»

Перамены ёсць таксама:

Есці хлеб у поце твару

Мы не лічым больш за кару.

«Каін» з «Авелем» абодва —

Земляроб з жывёлаводам —

Зараз дружна йдуць у ногу,

Не нясуць ахвяру богу.

Той «каўчэг», што ў ім хаваўся

Ной, нібыта, ад патопу,

Супраць нашых бы здаваўся

Нібы лапаць-недатопак;

А вясёлку, знак той «божы»,

Зробіць нават вучань кожны.

«Хам» не той ужо сягоння:

Не пужаецца праклёнаў,

І за ўладу ён над светам

Барацьбу вядзе з «Яфетам».

Што да справы — «ў рожкі з богам» —

Пахваліцца мы тут можам:

Людзям ён зусім не трэба,—

Заўладалі самі небам.

Жонку Лота мы часамі

Ці не з’елі з селядцамі.

Што да «грэшнікаў Садома»,

Сям-там ёсць яны, вядома.

Грэшаць людзі, грэх той хваляць —

Чаму ж іх агонь не спаліць?

Пра Фамару ды Іуду

Гаварыць я лепш не буду,

Бо канфузіць не хачу

Паважаных «снахачоў».

Аб Іосіфе Прыгожым

Пару слоў сказаць мы можам,

Бо на нашай тут зямлі

«Прыгажэйшыя» былі;

Але хлеб чужы заразам

Потым вобмегам вылазіў.

У Егіпце ж селяніну

Трэ й цяпер плаціць даніну,

Бо брытанскі «фараон»

Там не лепшы за свайго.

Ну, чытач, бывай здароў!

Ад маны ад гэтай далей.

На астатак пажадаем

Калі-небудзь стрэцца зноў

Пры другіх падзеях, з’явах,

Больш жывых і больш цікавых.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 326-370
Крыніца: скан