epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Бацька і сын

Пачуў раз нейк шаноўны тата,

Што сын кагось з апошніх лае слоў,

І тату прыліла адразу к твару кроў,—

Ён да дзяцей заўсёды строгі надта:

Злавіў ды сырамятным паскам

Давай па чым папала ляскаць:

— Ах ты, паршывае шчаня!

Ах, трасца тваёй мацеры!

Дзе гэта ты, нягоднік, пераняў?

І хто наўчыў цябе такія пацеры?

Вось гэта ж тут вазьмі

Дый засячы цябе, паскуду!

А той, заліўшыся слязьмі,

Прасіўся: «Татачка, не буду!

Што гэта брыдка — я не ведаў,

А за табой плявузгаў следам,

Бо словы ад цябе я чуў...»

І горш яшчэ зайшоўся ён з плачу.

 

Ох, таты нашы, таты!

У сто разоў вы болей вінаваты

У тым, часамі, за дзяцей,

За што, караючы, б’яце.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 170
Крыніца: скан