epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Балада пра Яўтуха

Быў хлопчык як хлопчык —

Гуляў сабе, рос,

Не думаў да часу

Пра будучы лёс,

Меў шмат закадычных

Адданых сяброў,

Гусей з імі пасвіў

І нават кароў,

І розум ён чэрпаў

З адных з імі кніг,

Але Яўтушок быў

Спрытнейшы за іх:

Умеў нацянькі ён

Да мэты ісці —

Пачаў вызначацца,

Пачаў ён расці.

Начальнікам хутка

Зрабіўся Яўтух,

І дружбы хлапечай

Агеньчык патух.

Сябры працавалі,

А ён усё рос,

І стаў задзірацца

Ўгару яго нос:

Ад велічы ўласнай

Праз год ці праз два

Аж стала кружыцца

Ў яго галава.

Не бачыў зямлі ён,

Не бачыў людзей,

Як быццам сурочыў

Яго ліхадзей.

І помы, і намы

Яму па чарзе

Дакладвалі, што там

Такое ўнізе.

На подпірках так ён

Хадзіў па зямлі,

На ёй жа ухабы

І ямы былі.

Аднойчы няўдалы

Някемлівы нам

Не ўспеў папярэдзіць

Ад здрадніцкіх ям,

І плюхнуўся ў яму

Знянацку Яўтух...

І гэта вялікі,

Вялікі быў плюх.

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 282-283
Крыніца: скан