epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Балет

Першы раз, як жыў на свеце,

Быў я ўчора на балеце,

Дык няхай яго з балетам!

Нежывога разбярэ там:

Як пакажа штукі ўсе,

Дык аж трасца затрасе.

Сеў я гэта й жду балета.

Тут як выскачыць кабета,

А на ёй дык (вось фасон!)

Не спадніца — парасон,

Ногі голыя і рукі

І — давай паказваць штукі:

Як павернецца бачком,

Як закруціцца ваўчком,—

Без касцей кабета, здэцца,

Як нагнецца ды мігнецца,

Ды пакажа сцегнякі,—

Аж вар'ююцца дзядзькі.

Цётка ж добрая не скупа:

Як заголіцца да пупа,

Як падыме йшчэ нагу,

Дык сказаць я не магу,

Што тут робіцца з дзядзькамі:

Плешчуць, ляскаюць рукамі,

Лямантуюць — «брава»! «біс»! —

Нібы іх кусае гіз.

А кабета — ножку вышай

І ў паветры кола піша

Так прынадна над партнёрам,

Аж... глядзець нек стала сорам.

Тут сусед мой — дзядзька гладкі —

Годзе ўжо даваць у ладкі,—

Ў захапленні выгнуў спіну

І, пусціўшы з рота сліну,

Небарака аж зароў,

Як бугай той да кароў.

Але тая маладзіцца,

Як стрыгунка-жарабіца,

Падбрыкнула ды бягом.

Ёй жа сыплюцца ўздагон

«Біс», і воплескі, і «брава»,—

Не на жарты ўсіх забрала.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 204
Крыніца: скан