epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Біблія людаеда

— Бог Вотан на небе,

Адольф — на зямлі,—

Вось мой закон і скрыжалі:

Бі, разбурай, душы і палі,

Каб падалі ніц і дрыжалі.

 

Той самы любімы з маіх салдат,

Хто гэты закон выпаўняе аддана,

Хто самы крывавы бязлітасны кат,

Таму і любоў і пашана.

 

Хто кроў чалавечую піць прывык,

Жанчынам вырэзвае грудзі,

Хто храбра дзяцей падымае на штык,

У царстве нябесным той будзе.

 

Я кроўю абшары зямныя залью,

І стануць рабамі народы,

І будуць угнойваць сабою зямлю

У славу арыйскай пароды.

 

Да ўлады я смела па трупах пайду,

Ступаючы кованым ботам,

І свет, як канцлагер, вакол абвяду

Калючым гартованым дротам.

 

Мы на гэта скажам гаду:

— Грозен рак, ды вочы ззаду!

 

1942


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 262-263
Крыніца: скан