epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Беларуская савецкая драматургія за 1947 год

Калі мы паглядзім, што адбылося ў беларускай савецкай драматургіі за 1947 год, дык павінны будзем адзначыць некаторыя новыя прыемныя для нас з’явы. Перш за ўсё нас радуе тое, што конкурс на лепшую п’есу прыцягнуў у драматургію новыя маладыя кадры. Досыць сказаць, што на конкурс паступіла 71 п’еса. Зразумела, што не ўсе гэтыя п’есы заслугоўваюць увагі як драматургічныя і наогул мастацкія творы. Аднак жа журы конкурсу мела магчымасць адзначыць 15 п’ес прэміямі і заахвочвальнымі ўзнагародамі, прычым заслугоўвае асаблівай увагі тое, што ўсе аўтары гэтых п’ес, апрача дзвюх, прыйшлі ў драматургію ўпершыню. Трэцяя рэспубліканская прэмія прысуджана Цімоху Крысько за п’есу «На вялікай дарозе» (цяпер яна называецца «Прамень будучыні»), Вячаславу Палескаму за п’есу «Песні нашых сэрцаў» і нябожчыку Юрыю Рудзько за п’есу «Дарагі госць».

Многія таварышы атрымалі заахвочвальныя ўзнагароды.

Калі мы прылічым сюды яшчэ Аркадзія Маўзона, які незадоўга перад тым напісаў добрую п’есу «Канстанцін Заслонаў», і Леаніда Рахленку, які пасля ўжо конкурсу напісаў п’есу «Сям’я Волжыных», дык мы ўбачым, што ў драматургію працярэблівае сабе шлях досыць значны атрад новага папаўнення.

Адзначаючы такое радаснае для нас з’явішча, як прыліў свежых сіл у нашу драматургію, мы адначасова не можам прайсці міма аднаго досыць сумнага факта, які заключаецца ў тым, што нашы старэйшыя драматургі, за рэдкім выключэннем, не напісалі новых п’ес. Не напісаў новай п’есы В. Вольскі. А. Кучар, які абяцаў напісаць аж дзве п’есы, не напісаў, праўдзівей, не скончыў ні адной. Не напісаў п’есы драматург Я. Рамановіч; не далі новай п’есы ў 1947 годзе К. Крапіва і П. Глебка. Праўда, наколькі мне вядома, большасць з названых мной драматургаў працавала ў мінулым годзе над новымі п’есамі, але яны занадта доўга топчуцца на месцы перад тым, як зрабіць новы творчы крок.

Чым жа з’яўляецца драматургічная прадукцыя 1947 года паводле яе ідэйных і мастацкіх якасцей? Я не змагу спыніцца на кожнай п’есе, якія тут называў, перш за ўсё таму, што толькі адна з гэтых п’ес пастаўлена і толькі адна надрукавана. Пераважная большасць іх знаходзіцца ў працэсе дапрацоўкі.

Перш за ўсё мы павінны вітаць рашучы паварот нашых драматургаў у бок савецкай тэматыкі. Амаль усе памянёныя тут п’есы — гэта п’есы аб савецкіх людзях. Значная частка іх прысвечана героям Вялікай Айчыннай вайны: савецкім воінам і народным мсціўцам — партызанам. Некалькі п’ес напісана на тэму аб калгасным жыцці. Ёсць таксама п’есы, прысвечаныя аднаўленню разбураных гарадоў і ўкараненню ў будаўніцтва новых стаханаўскіх метадаў працы. Такая важнейшая тэма, як устанаўленне савецкай улады на Беларусі, таксама не забыта нашымі драматургамі. Ідэйная накіраванасць усіх гэтых п’ес сведчыць аб тым, што аўтары іх правільна разумеюць задачы, пастаўленыя партыяй перад савецкай драматургіяй. Усе драматургі, па меры сваіх сіл і здольнасцей, імкнуцца паказаць лепшыя якасці савецкага чалавека — воіна, калгасніка, рабочага, інтэлігента. Гэта мы павінны ацаніць, як бясспрэчны ідэйны рост нашай драматургіі. Аднак добрыя намеры і імкненні аўтараў не заўсёды ператварыліся ў паўнакроўныя мастацкія вобразы. Нават лепшыя з напісаных п’ес атрымалі на конкурсе толькі трэція рэспубліканскія прэміі. Гэта значыць, што і яны з’яўляюцца творамі яшчэ недасканалымі. Няўменне стварыць паўнакроўныя мастацкія вобразы, няўменне паставіць свайго героя ў такія абставіны, пры якіх ён з найбольшай паўнатой раскрыў бы свае душэўныя якасці, з’яўляецца асноўнай бядой многіх нашых драматургаў. Таму мы і наглядаем часта такую з’яву, што па сцэне ходзяць не жывыя савецкія людзі, а добрыя намеры аўтара, яго блакітныя ідэалы, надзеленыя здольнасцю выказваць правільныя думкі, запазычаныя з газет, але пазбаўленыя душы і цела, усіх тых якасцей, якія ўласцівы жывому чалавеку.

П’есай, у якой, можа, найбольш ярка выступаюць моцныя і слабыя бакі нашай драматургіі 1947 года, на маю думку, з’яўляецца п’еса Вячаслава Палескага з некалькі прэтэнцыёзнай назвай «Песні нашых сэрцаў».

У п’есе ідзе змаганне за аднаўленне аднаго з беларускіх гарадоў, разбураных нямецка-фашысцкімі варварамі. Малады драматург урываецца ў самую гушчу жыцця і імкнецца паказаць, што адбываецца вакол нас. Яго цікавяць не столькі знадворныя падзеі, якія праходзяць на нашых вачах і зусім нам зразумелы, колькі рухаючыя сілы гэтых падзей — нашы лепшыя савецкія людзі. Аўтар правільна намацвае той водападзел, які праходзіць паміж перадавымі і адсталымі людзьмі нашага грамадства. З аднаго боку стаяць людзі, якія правільна разумеюць інтарэсы савецкай дзяржавы і свае ўласныя. З другога боку стаяць людзі адсталыя, якія знаходзяцца яшчэ ў палоне старой буржуазнай маралі, дбаюць перш за ўсё аб саміх сабе, а інтарэсы дзяржавы ставяць на другое месца. Такім чынам, аўтар правільна расставіў сілы для драматургічнай дзеі. П’еса добра і цікава задумана, у аснову яе паложана пэўная ідэя. Носьбітамі і выказнікамі яе з’яўляюцца перадавыя савецкія людзі, якія даводзяць правільнасць сваіх пераконанняў на такой важнай і актуальнай справе, як адбудова горада. У супрацьлеглым лагеры выкрываюцца носьбіты старой буржуазнай маралі, іх антыдзяржаўныя тэндэнцыі, перажыткі капіталізма ў свядомасці людзей. Пры такой расстаноўцы сіл можна было б чакаць цікавага і напружанага развіцця драматургічнай дзеі, у якой людзі раскрываюць свае душэўныя якасці. І, аднак жа, такой напружанай драматургічнай дзеі ў п’есе няма. Бо хоць сілы супрацьлеглых лагераў расстаўлены правільна і знаходзяцца на належных пазіцыях, але яны вельмі няроўныя. І па свайму становішчу, і па сваіх маральных якасцях Чарнуха з’яўляецца вельмі нязначным праціўнікам у параўнанні з магутным фронтам на чале з Сокалавым. Такім чынам, атрымалася сутычка веласіпеда з паравозам, бой пеўня з арлом. Чарнуха занадта хутка аказваецца пераможаным. Пачынаючы з паловы п’есы, дзеянне спадае. У апошнім акце дзеючым асобам ужо няма чаго дзеяць і яны займаюцца пабочнымі гаворкамі і пабочнымі справамі, якія не маюць ніякага дачынення да асноўнага канфлікту.

Толькі ў напружаным дзеянні дзеючыя асобы поўнасцю могуць раскрыць свае душэўныя якасці. Найбольш аўтару ўдаліся тыя вобразы, якія непасрэдна сутыкаюцца паміж сабой у ходзе змагання і з’яўляюцца актыўнымі яго ўдзельнікамі. Такімі вобразамі з’яўляюцца Чарнуха, яго жонка Клава, стаханавец Корж, у значнай меры інжынер Каласкоў, у некаторай ступені — сакратар гаркома Сокалаў. Чым далей знаходзяцца дзеючыя асобы ад эпіцэнтра асноўнага канфлікту, тым цьмяней яны выглядаюць. Невыразнымі ценямі праходзяць у п’есе старшыня райвыканкома Радзін — бледная копія Сокалава, доктар Чайка, Ірына і ўсе іншыя, якім у п’есе няма чаго рабіць.

Цікавым у гэтых адносінах з’яўляецца вобраз сакратара гаркома Сокалава. Для яго Чарнуха, як я ўжо казаў, з’яўляецца вельмі нязначным праціўнікам, каб Сокалаў у змаганні з ім мог напружыць усе свае сілы. Лішку сваіх сіл і часу, якія яму дадзены ў п’есе, ён траціць на безліч іншых дробных спраў, якія не даюць яму магчымасці раскрыць перад намі ўсе багацці свае душы. Аўтар не знайшоў для Сокалава такой справы, якая захапіла б яго цалкам, патрабавала б напружання ўсіх яго душэўных сіл.

Спроба аўтара ажывіць і ўзбагаціць вобраз Сокалава праз яго каханне з Ірынай яўна не ўдалася.

У п’есе ёсць і іншыя істотныя недахопы. Перш за ўсё яна занадта разбухла за кошт непатрэбнага слоўнага матэрыялу.

Такім чынам, пры ўсёй сваёй актуальнасці і пры многіх станоўчых якасцях, п’еса аказалася пакуль што непрыдатнай для пастаноўкі на сцэне. Аб гэтых недахопах мы ў свой час гаварылі пры абмеркаванні п’есы на секцыі драматургаў. Аўтар згадзіўся амаль з усімі заўвагамі таварышаў. Але пры абмеркаванні прысутнічаў крытык, які не згадзіўся з усімі, хто выступаў на сходзе, і нават з самім аўтарам. Праз некалькі дзён у газеце «Літаратура і мастацтва» з’явілася яго пахвальная рэцэнзія. Я маю на ўвазе рэцэнзію таварыша Я. Герцовіча пад назвай «Пра нашых сучаснікаў», у якой ён, на маю думку, яўна перахваліў п’есу, перабольшыў яе станоўчыя якасці і амаль нічога не сказаў аб недахопах. Рэцэнзента, у прыватнасці, цалкам задавальняе вобраз сакратара гаркома Сокалава. Таварыш Герцовіч лічыць, што гэта — паўнакроўны і шматгранны вобраз бальшавіка, партыйнага работніка. Мы таксама верым, што Сокалаў добры бальшавік і чалавек з многімі добрымі якасцямі. Але мы верым толькі аўтару на слова, бо гэтыя якасці поўнасцю не раскрыты. Таму правільна намечаны вобраз атрымаўся не досыць яркім, а ў адносінах яго асабістага жыцця — і зусім бледным.

Рэцэнзент заспакойвае і дэмабілізуе аўтара якраз у той момант, калі ён сабраўся сур’ёзна сесці за дапрацоўку п’есы.

Нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, я лічу, што п’еса В. Палескага заслугоўвае таго, каб над ёю працаваць далей.

Дзве іншыя п’есы, якія атрымалі на конкурсе трэцюю рэспубліканскую прэмію, прысвечаны калгаснаму жыццю. Гэта — п’еса нябожчыка Юрыя Рудзько «Дарагі госць» і п’еса Цімоха Крысько «Прамень будучыні».

Абодва драматургі спрабуюць на іншым матэрыяле вырашаць тую ж самую тэму, што і В. Палескі. П’есы расказваюць аб перадавых савецкіх людзях, якія разумеюць інтарэсы савецкай дзяржавы і мабілізуюць масы на барацьбу за ўздым вытворчасці, з аднаго боку, і аб людзях адсталых — з другога, якія з’яўляюцца перашкодай пераможнаму поступу наперад і таму павінны або саступіць з дарогі, або далучыцца да людзей перадавых. І ў адной і ў другой п’есе, апрача тэмы, ёсць шмат агульнага і ў спробах яе вырашэння. І ў адным і ў другім выпадку дзея адбываецца ў калгасе, у якім шмат непаладкаў, бо старшынёй яго з’яўляецца чалавек, які ставіць свае асабістыя інтарэсы або свой уласны гонар вышэй грамадскіх інтарэсаў. Але прыязджае ў калгас дэмабілізаваны камандзір Савецкай Арміі (у абодвух выпадках гэта брат старога старшыні калгаса) і, нягледзячы на сваяцкія пачуцці, рашуча выступае супраць свайго брата — няўдалага старшыні, згуртоўвае вакол сябе калгасны актыў і ўзнімае ўсіх калгаснікаў на перамаганне цяжкасцей і непаладкаў. Пасаромлены няўдалы старшыня ўсведамляе свае памылкі і, нарэшце, сам актыўна ўключаецца ў працу пад новым кіраўніцтвам. У выніку калгас выходзіць з прарыву, становіцца перадавым і дамагаецца рэкорднага ўраджаю. Паралельна з гэтым у калгасе насаджваецца вялікі сад і будуецца электрастанцыя, таму ў канцы, калі новы старшыня жэніцца з калгасным аграномам ці настаўніцай, вяселле можна гуляць у маладым калгасным садзе і пры электрычным асвятленні. Па такому ўзору, з невялікімі адхіленнямі, напісана пераважная большасць п’ес на калгасную тэму, у тым ліку і п’еса Ільі Гурскага «Хлеб», якую мы абмяркоўвалі на секцыі.

Зусім правільна, што перадавыя савецкія людзі змагаюцца ў калгасе з адсталымі элементамі. Зусім правільна, што гэтыя перадавыя людзі ўзначальваюць масы калгаснага сялянства і дасягаюць вялікіх поспехаў. Адсталым элементам нічога іншага не застаецца, як далучыцца да агульнага руху наперад. Правільна драматургі бачаць і будучыню калгасаў — з высокімі ўраджаямі, маладымі садамі, электрастанцыямі. І супраць вяселляў таксама нічога нельга сказаць. Але ўсё гэта робіцца і будзе рабіцца не абавязкова па аднаму шаблону. У самай гэтай схеме, улюбёнай драматургамі, ёсць пэўныя заганы. Вырашальнікам лёсу калгаса з’яўляецца тут звычайна адзін чалавек — новы старшыня, якога прысылаюць зверху, а ролі сапраўднага гаспадара калектыўнай гаспадаркі — саміх калгаснікаў — амаль што не відаць; партыйнае кіраўніцтва ажыццяўляецца шляхам прыезду ў калгас сакратара райкома партыі, а што робяць мясцовыя камуністы і ці ёсць яны наогул у калгасе, нам таксама часта невядома. Чаму ж гэта схема так упарта пераходзіць з аднае п’есы ў другую? Памойму, гэта ад недакладнага ўяўлення аўтараў аб тых працэсах, якія сёння адбываюцца ў калгасах. Аўтары мала наглядаюць гэтыя працэсы сваімі вачамі, а больш даведваюцца аб іх з газет ды па тых чутках, якія да іх даходзяць.

Аднак пры наяўнасці пэўнага шаблону кожная з гэтых п’ес мае і свае індывідуальныя асаблівасці. У п’есе «Дарагі госць», якая па свайму жанру набліжаецца да камедыі, у першым акце цікава завязваецца сюжэтны вузел, намячаецца востры канфлікт паміж братамі як па грамадскай, так і па асабістай лініі, намячаецца рад цікавых вобразаў.

У п’есе «Прамень будучыні» Цімоха Крысько нас вабяць яе добрыя літаратурныя якасці, вобразная, сакавітая, трапная мова, цёплае пачуццё да савецкіх людзей, якім сагрэты ўвесь гэты твор, высакароднасць думак і ўчынкаў герояў. Нам прыемна пазнаёміцца з такімі перадавымі савецкімі людзьмі, як намеснік дырэктара МТС Андрэй Саковіч, яго маці, настаўніца Вольга Рыгораўна, стары настаўнік Кузьма Кузьміч, калгасніца Домна Кракос і яе дачка Алена. На жаль, не ўсе гэтыя вобразы атрымалі належнае развіццё. Аўтар не знайшоў для іх у п’есе канкрэтнай справы, за якую б яны энергічна змагаліся, ад вырашэння якой залежаў бы лёс калгаса і іх саміх. Мы пазнаём іх не столькі ў дзеянні, колькі ў выказваннях сваіх думак і пачуццяў і ў характарыстыках іншых дзеючых асоб. Канфлікт, які намячаецца ў пачатку п’есы паміж Андрэем Саковічам і яго братам старшынёй калгаса Мікалаем, не развіваецца на поўную моц, ды і не можа развівацца. Прычына для такога канфлікту вельмі нязначная. Яна заключаецца ў тым, што старшыня калгаса Мікола Саковіч, у нядаўнім мінулым лейтэнант Савецкай Арміі, не ўмее працаваць з людзьмі і не разумее ўмоў калгаснага жыцця. Ён хоча кіраваць калгасам па-ваеннаму: загадаў — і каб у ноль-ноль было выканана. Усё неабходнае для дасягнення поспеху павінна быць забяспечана зверху. Ён хоча працаваць на ўсім гатовым. Яму і ў думку не прыходзіць, што можна мабілізаваць унутраныя рэсурсы. Такім застае яго, прыехаўшы ў калгас, старэйшы брат, намеснік дырэктара МТС Андрэй Саковіч. Андрэй рашуча выкрывае заганны метад работы Міколы. Мікола гарачыцца, спрабуе супярэчыць, але гэта хутчэй пярэчанне закранутага самалюбства, чым цвёрдасць пераканання. Пазіцыя яго слабая. Ніхто ў калгасе яго не падтрымлівае, нават яго каханая дзяўчына на баку Андрэя, і ён хутка здаецца. Такім чынам, канфлікт паміж братамі і наогул усе супярэчнасці ў п’есе заканчваюцца ўжо ў чацвёртай карціне, а разам з гэтым заканчваецца і драматургічнае дзеянне.

Ілья Гурскі, як больш спрактыкаваны драматург, стараецца захаваць канфлікт да канца п’есы, але п’есе гэта не дапамагае, бо самы канфлікт з’яўляецца неарганічным. Не знайшоўшы выразнай фігуры, якая была б тыповай і сапраўды ўвасабляла адсталыя настроі паасобных калгаснікаў, Ілья Гурскі надзяліў гэтымі настроямі перадавога савецкага чалавека і гэтым паграшыў супраць праўды. Яго Анішчук перад вайной карыстаўся славай добрага калгасніка, на фронце быў сумленным і смелым воінам, за што мае не адну ўзнагароду, а вярнуўшыся ў калгас, раптам аказаўся абібокам, пашляком і нізкапаклоннікам перад Захадам. З’яўляючыся намеснікам старшыні калгаса, ён усімі сіламі стараецца зрываць мерапрыемствы старшыні Бондара, накіраваныя на падняцце калгаснай гаспадаркі. І гэта без якой-небудзь сур’ёзнай падставы.

Зусім ужо недарэчнай з’яўляецца фігура старшыні райвыканкома Гарбачэні, які пляцецца ў хвасце за Анішчуком і з’яўляецца чалавекам настолькі прымітыўным і адсталым, што любы радавы калгаснік стаіць вышэй яго. Штучна надуманы канфлікт не робіць п’есу больш моцнай з мастацкага боку, а з боку ідэйнага ён, бясспрэчна, шкодзіць ёй.

Вялікая колькасць прысланых на конкурс п’ес прысвечана героям Вялікай Айчыннай вайны і партызанскай барацьбе.

Лепшай беларускай п’есай на абаронную тэму, пастаўленай у 1947 годзе, з’яўляецца п’еса Аркадзія Маўзона «Канстанцін Заслонаў». Большасць з прысутных бачылі гэтую п’есу на сцэне тэатра імя Янкі Купалы. Гэты ўдалы спектакль з’явіўся вынікам дружнай сумеснай работы аўтара і тэатра. Рэцэнзіі на спектакль і на п’есу мы чыталі ў нашым друку, і мне няма патрэбы займацца падрабязным аналізам п’есы. П’еса з’яўляецца бясспрэчнай удачай маладога драматурга. Удача гэта заключаецца перш за ўсё ў тым, што аўтару ўдалося стварыць праўдзівы вобраз лепшага сына беларускага народа, аднаго з найбольш папулярных і любімых герояў партызанскай барацьбы на Беларусі — Канстанціна Заслонава. У гэтым вобразе мы бачым выдатныя рысы савецкіх людзей, нянавісць да ворага, бязмежную адданасць сваёй Савецкай Радзіме, гатоўнасць змагацца за яе да апошняй кроплі крыві, маральную перавагу савецкіх людзей над ворагам. Удаўся аўтару і рад іншых вобразаў.

Ёсць у п’есе і некаторыя недахопы, аб якіх таксама гаварылася ў нашым друку. Адзін з самых істотных недахопаў заключаецца ў тым, што не паказана арганізуючая і кіруючая роля партыі ў партызанскай барацьбе. Цэнтральны герой п’есы паказаны хоць і ярка, але толькі з аднаго боку — як таленавіты арганізатар дыверсійных актаў на чыгунцы. Хацелася б, каб аўтар крыху шырэй рассунуў рамкі біяграфіі героя і раскрыў перад намі ўсе багатыя якасці яго душы і розуму. П’еса развіваецца галоўным чынам па лініі знадворнага дзеяння, чаму ў значнай меры спрыяе і характар дзейнасці цэнтральнага героя. Адгэтуль і мова п’есы падпарадкуецца больш запатрабаванням інтрыгі, чым неабходнасці псіхалагічнага раскрыцця вобразаў: яна сцэнічная, але не досыць сакавітая, часта пазбаўлена неабходных фарбаў.

Гэта ж самая п’еса ў свой час была прапанавана і тэатру імя Якуба Коласа. Тэатр, аднак, адмовіўся працаваць з аўтарам. Цяпер тэатр імя Якуба Коласа, у парадку спаборніцтва, працуе над новай п’есай аб Заслонаве «Цэнтральны ход», аўтарамі якой з’яўляюцца К. Губарэвіч і І. Дорскі. Творчае спаборніцтва тэатраў можна толькі вітаць. Праўда, пры гэтым не абавязкова ставіць п’есу, прысвечаную таму ж самаму герою, а калі ўжо распачынаць такое спаборніцтва, дык абавязкова, каб у выніку яго з’явілася п’еса і спектакль, лепшы ці хоць бы не горшы за тыя, што ўжо створаны.

П’ еса «Цэнтральны ход» знаходзіцца ў працэсе пастаноўкі, і сказаць сёння што-небудзь пэўнае аб яе якасцях я не маю магчымасці па той простай прычыне, што не ведаю яе апошняга варыянта. Мы некалькі разоў прапаноўвалі аўтарам абмеркаваць п’есу на секцыі драматургаў, але яны дыпламатычна ўхіляліся ад гэтага, заяўляючы, што п’еса яшчэ для абмеркавання не гатова.

У заключэнне я хачу сказаць некалькі слоў яшчэ аб адной п’есе. Гэта п’еса таксама знаходзіцца ў аўтара, як кажуць, на «варштаце», і аўтар яе дапрацоўвае. Сказаць аб ёй я лічу патрэбным таму, што яна па сваёй тэме надзвычай актуальная, і мы рады былі б бачыць яе на сцэне да 30-й гадавіны БССР. Я маю на ўвазе п’есу М. Клімковіча «Уся ўлада Саветам». У гэтай п’есе аўтар ставіць сабе мэтай паказаць Кастрычніцкую рэвалюцыю на Беларусі, ролю Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі і вобразы правадыроў рэвалюцыі. Дзея адбываецца ў Смольным, а таксама ў Мінску — у гарадскім Савеце дэпутатаў, у штабе Заходняга фронту і непасрэдна на фронце. Зразумела, што такая адказная тэма з шырокім ахопам найважнейшых падзей, з паказам ролі правадыроў народа патрабуе асабліва сур’ёзнага падыходу і вялікай напружанай працы. П’еса ў такім выглядзе, як я яе ведаю, патрабуе дапрацоўкі.

Галоўныя недахопы п’есы заключаюцца ў тым, што некаторыя вобразы не досыць ярка выпісаны. Паказваючы варожы лагер, аўтар імкнецца паказаць ворагаў усіх масцей і адценняў, асабліва сярод беларускай інтэлігенцыі, ад гэтага іх у п’есе занадта шмат у параўнанні са станоўчымі вобразамі — прадстаўнікамі рабочых і сялян. Паказваючы варожы лагер, аўтар робіць пэўны крэн у бок меладрамы, нават дэтэктыва, што зусім не падыходзіць для п’есы на такую важную тэму.

Разам з гэтым у п’есе ёсць рад удалых сцэн і цікавых вобразаў. Такімі вобразамі з’яўляюцца салдат-беларус Пралыгін, стары рабочы Старыцкі, яго дачка Надзейка, палкоўнік Каменшчыкаў. З варожага лагера цікавымі з’яўляюцца вобразы генерала Балуева, Калатухіна і некаторыя іншыя.

Наогул жа над п’есай яшчэ трэба працаваць, і працаваць карысна было б сумесна з тэатрам. На жаль, наколькі мне вядома, да гэтага часу творчы кантакт паміж аўтарам і тэатрам яшчэ не наладжаны.

Падводзячы вынік таму, што зроблена нашымі драматургамі ў 1947 годзе ў святле пастановы ЦК ВКП (б) аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнню, мы павінны адзначыць, што многія, у пераважнасці маладыя, пісьменнікі адгукнуліся на заклік партыі ўключыцца ў справу стварэння рэпертуару. У драматургію прыйшло новае папаўненне, якое прынесла з сабой і новае адчуванне нашай сапраўднасці, як гэта мы бачым, напрыклад, у п’есе В. Палескага.

Другая станоўчая з’ява, якую мы павінны адзначыць, гэта рашучы паварот нашых драматургаў у бок савецкай тэматыкі. Амаль усе п’есы, напісаныя нашымі драматургамі ў 1947 годзе, якія заслугоўваюць увагі,— гэта п’есы аб нашай савецкай рэчаіснасці.

І трэцяе, што мы павінны адзначыць як станоўчую з’яву,— гэта здаровы, правільны падыход да вырашэння савецкай тэмы, шчырае жаданне аўтараў паказаць лепшыя якасці савецкага чалавека. У гэтай частцы мы ў пэўнай меры патрабаванні партыі выканалі. Але мы далёка не поўнасцю выканалі іх у адным важнейшым пункце, у тым пункце, дзе Цэнтральны Камітэт патрабуе ад нас стварыць яркія, паўнацэнныя ў мастацкіх адносінах творы. Нават лепшыя драматургічныя творы 1947 года ледзь дасягаюць сярэдняга ўзроўню. Я тут хачу кінуць папрок і нашым крытыкам, якія ў гэтых адносінах часта гатовы пайсці на кампраміс. Я прыводзіў ужо ў прыклад рэцэнзію Я. Герцовіча, але не адзін Герцовіч гэтым грэшны. Мы часта можам сустрэць такое разважанне: твор з мастацкага боку — не вельмі што, але ён ідэйна насычаны, а таму ўсё астатняе аўтару можна дараваць. Такая ўстаноўка зусім няправільная. Справа ў тым, што ідэйную якасць твора нельга механічна адрываць ад мастацкай якасці. Яны не існуюць у творы паасобку, а складаюць адно непадзельнае цэлае. З памяншэннем аднае якасці памяншаецца і другая. Вось чаму не можа быць высокаідэйных твораў пры нізкай мастацкай якасці.

Глыбокі змест патрабуе дасканалай формы для свайго выражэння. Я гэта гавару, не баючыся ўпасці ў фармалізм, бо дасканалая форма — гэта не фармалізм. Дасканалая форма — гэта перш за ўсё форма мэтазгодная, здольная з найбольшай паўнатой і выразнасцю данесці да чытача ідэйны змест твора.

З фармалізмам жа мы маем справу тады, калі наглядаем гіпертрафію формы і занядбанне зместу. Форма тут з’яўляецца самамэтай, а сякі-такі змест — толькі зачэпкай для таго, каб даць магчымасць аўтару распусціць свой фармалістычны павіны хвост.

Фармалізм не сумясцімы з глыбокім ідэйным зместам. Тут наўмысна ўскладнёная вычварная форма служыць не для таго, каб з найбольшай паўнатой выявіць змест, а для таго, каб прыкрыць сабою яго ўбоства.

Дасканалая форма можа быць і простай, як у апавяданнях Л. Талстога (якраз простай яна часцей за ўсё і бывае), можа быць і складанай, як, скажам, у вершах Маякоўскага, але і там і там яна выдатна нясе сваю службу, выяўляючы глыбіню зместу. А вось мы ведаем некаторых паэтаў, якія заўсёды гатовы пабажыцца Маякоўскім, іх вершы з вонкавага боку нават падобны на вершы Маякоўскага,— у іх таксама складаная, нават віртуозная форма, але гэта форма прыкрывае часамі пустату, адсутнасць сур’ёзнага зместу, і мы ў такім выпадку маем права гаварыць аб наяўнасці фармалізму.

Фармалізм у драматургіі таксама небяспечны, як і ў іншых жанрах літаратуры і мастацтва. Выяўляецца ён часцей за ўсё ў драматургаў, якія засвоілі мёртвыя каноны драматургіі, але не ведаюць жывой савецкай сапраўднасці і не імкнуцца яе вывучаць, не жывуць інтарэсамі народа, таму ім няма чаго сказаць савецкаму гледачу. Так званае драмаробства — гэта таксама разнавіднасць фармалізму. Аўтар робіць п’есу як быццам па ўсіх правілах драматургіі, але робіць не з сапраўднага жыццёвага матэрыялу, а з выдуманага і легкаважкага. Па форме атрымліваецца п’еса: тут і сюжэт, і інтрыга, і завязка, і развязка, а на самай справе — бутафорыя, гіра, зробленая з пап’е-машэ. І як бы аўтар ні прыкідваўся, што ён падымае вялікі цяжар, як бы ні крактаў пры гэтым, фокус яму не ўдасца: легкаважкасць матэрыялу для ўсіх відавочна.

Ад чаго ж залежыць не даволі высокая мастацкая якасць нашых п’ес? Першай прычынай, на маю думку, з’яўляецца тое, што аўтары не досыць добра ведаюць жыццё. Адгэтуль — схематызм, надуманасць канфліктаў і сітуацый, якія мы часам наглядаем у нашых п'есах, адсутнасць яркіх дэталей і характараў.

Другой прычынай з’яўляецца тое, што большая частка аўтараў 1947 года прыйшла ўпершыню ў драматургію, а некаторыя і наогул у літаратуру. Ім яшчэ не хапае прафесіянальнага ўмельства, яны не ведаюць спецыфікі жанру, не ўмеюць добра пабудаваць п’есу, паставіць дзеючых асоб у такія ўзаемаадносіны, якія б дапамагалі ім з найбольшай паўнатой раскрыць свае душэўныя якасці.

Трэцяй прычынай з’яўляецца адсутнасць глыбокага, калі хочаце, філасофскага абагульнення таго, што адбываецца ў п’есе, недастатковае пранікненне ў сэнс жыцця, не досыць высокі інтэлектуальны ўзровень дзеючых асоб, незалежна ад таго, да якога асяроддзя яны адносяцца.

Зразумела, што не ўсе п’есы хварэюць усімі гэтымі недахопамі, а калі хварэюць, дык не ў аднолькавай меры, але гэта, на маю думку, усё ж найбольш тыповыя недахопы, і нам трэба мець іх на ўвазе пры далейшай працы для таго, каб хутчэй ад іх пазбавіцца.

Якія задачы стаяць перад беларускімі драматургамі ў 1948 годзе? Задачы, уласна кажучы, тыя самыя — ствараць высакаякасныя ў ідэйных і мастацкіх адносінах п’есы аб жыцці нашага грамадства, аб савецкіх людзях, такія творы, якія б спрыялі развіццю лепшых рыс характару савецкага чалавека, на якіх бы выхоўвалася наша савецкая моладзь — будучыя грамадзяне камуністычнага грамадства. Для гэтага трэба перш за ўсё, каб нас, драматургаў, было больш. Саюз савецкіх пісьменнікаў і, у прыватнасці, секцыя драматургаў павінны паклапаціцца аб тым, каб замацаваць у драматургіі маладое папаўненне, якое прыйшло ў 1947 годзе. Выяўляючы чулыя адносіны да маладога аўтара, аказваючы яму кваліфікаваную творчую дапамогу, мы павінны гадаваць новыя кадры драматургаў.

Па-другое, мы павінны замацаваць у драматургіі той рашучы паварот да савецкай тэмы, які прынёс нам мінулы год, і старацца пры гэтым яшчэ глыбей пранікнуць у нашу савецкую рэчаіснасць.

Трэцяе, за што мы сур’ёзна павінны змагацца, гэта за павышэнне мастацкай якасці нашых п’ес. Трэба пакончыць з тым нігілізмам, які наглядаецца часамі ў гэтых адносінах у паасобных драматургаў і крытыкаў. Пры гэтым драматургі і крытыкі павінны памятаць, што гутарка ідзе не наогул аб якім-небудзь літаратурным творы, а аб творы драматургічным, прызначаным для пастаноўкі на сцэне. Адным з найлепшых сродкаў павышэння аўтарскай кваліфікацыі з’яўляецца калектыўнае абмеркаванне п’есы на секцыі драматургаў, сярод сваіх таварышаў, дзе не пасаромеюцца сказаць аўтару праўду аб яго творы, аб станоўчых якасцях і аб недахопах і параіць, як гэтыя недахопы выправіць. Праўда, да гэтага часу секцыя драматургаў працавала слаба.

Мабілізуючыся на выкананне творчых задач, якія пастаўлены партыяй перад драматургамі, мы павінны памятаць і аб той вялікай даце, якую будзе адзначаць беларускі народ праз дзесяць месяцаў,— аб трыццацігоддзі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Беларуская савецкая драматургія павінна прыйсці да гэтай даты з дасягненнямі, якія б гаварылі аб яе сталасці. Дык будзем жа змагацца за ідэйную і мастацкую сталасць нашых твораў!

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан