epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Беларускія прыказкі

Беларускія прыказкі1

Матэрыяламі для гэтага артыкула паслужылі працы: І. І. Насовіча — «Сборник белорусских пословиц», 1874; Е. Раманава— «Белорусский сборник», т. І, вып. І, «Песни, пословицы, загадки», а таксама тая невялікая колькасць прыказак, што сабрана аўтарам гэтага артыкула.

Для таго каб кожны раз не рабіць вынасак для абазначэння крыніцы, з якой узята прыказка, пасля кожнай прыказкі ставіцца ў дужках літара, якая абазначае прозвішча збіральніка: (Н.) — Насовіч, (Р.) — Раманаў. Прыказкі, сабраныя самім аўтарам, не памячаюцца.

Прымаючы пад увагу, што пры збіранні прыказак запісчыкамі не захоўваўся ў поўнай меры фанетычны прынцып, а найчасцей запісы рабіліся паводле рускага правапісу, прыказкі падаюцца ў агульнапрынятым беларускім правапісе.

 

Аб’ектам разгляду ў гэтым артыкуле з’яўляецца адзін з відаў вуснай народнай творчасці, для азначэння якога ў беларускай народнай мове ёсць два тэрміны: «прыказка» і «прымаўка», што адпавядае рускаму — «пословица» і «поговорка». Трэба сказаць, што ў народнай мове паміж прыказкай і прымаўкай выразнай мяжы не праводзіцца. Народ ужывае прыказкі на кожным кроку, але аб прыказках гаворыць вельмі рэдка і ўжо ва ўсякім разе не займаецца азначэннем прыказкі як віду творчасці. Але калі гэты від творчасці з’яўляецца аб’ектам вывучэння, то вынікае патрэба вызначыць розніцу паміж гэтымі двума тэрмінамі, замацаваць за імі больш сталае і пэўнае значэнне. Спробу вызначыць розніцу паміж гэтымі тэрмінамі мы і сустракаем як у рускай навуковай літаратуры, так і беларускай. Вядомы рускі збіральнік прыказак паловы мінулага стагоддзя І. Снегіроў2 знаходзіць розніцу ў тым, што «...прымаўкі, не змяшчаючы ў сабе пэўнага сэнсу, выражаюць толькі намёк, прыстасаванне, ужыванне, параўнанне, агульнаўжываны зварот мовы, ідыятызм».

Глыбей да гэтага пытання падыходзіць вядомы тэарэтык у галіне мовы і літаратуры А. А. Патэбня3.

Разгледзеўшы дакладна характар і значэнне байкі, а разам з ёю і блізкай да яе па значэнню прыказкі, ён зазначае:

«Тое, што ў нас прынята называць прымаўкай (тэрмін, штучна створаны людзьмі кніжнымі), адносіцца да прыказкі так, як эмблема да байкі. Іменна байка і прыказка, як я казаў, служаць адказам на пытанне, узнятае жыццёвым выпадкам, які можа быць разложан на адну ці некалькі дзеяў з іх адзнакамі»... «Прымаўка таксама, як і эмблема, ёсць паэтычны, г. зн. іншасказны, вобраз, не складанага счаплення асоб і дзеяў, а аднаго з элементаў гэтага счаплення, значыць, аднае асобы, якасці, дзеяння. Калі гэта так, то прымаўка ёсць элемент байкі або прыказкі, якая часткова ўтварылася з прыказкі і байкі, як рэштка, згушчэнне іх, часткова недаразвіўшыся да яе».

І, нарэшце, у А. І. Барычэўскага4 мы знаходзім такое размежаванне паміж прыказкай і прымаўкай. «Прыказку не трэба змешваць з прымаўкай. Прыказка — выказ пэўнае думкі; яна мае сэнс не толькі як устаўка ў мове, але і ўзятая сама па сабе. Прымаўка, наадварот, узятая сама па сабе, не выражае ніякага выказу». «...Прымаўка толькі элемент мовы і толькі ў ёй набывае сэнс».

Прыгледзеўшыся да ўсіх трох вышэйпрыведзеных азначэнняў, можна заўважыць, што, нягледзячы на розную фармуліроўку, яны не пярэчаць адно другому, а характарызуюць тую ж самую з’яву, толькі з іншых бакоў. Пры гэтым апошняе азначэнне як бы падагульвае да некаторай ступені абодва першыя. Апрача гэтага, апошняе азначэнне вызначаецца большай сцісласцю і выразнасцю. Вось чаму, на мой погляд, яго і трэба лічыць найбольш дакладным. Праўда, на практыцы часамі бывае даволі цяжка вырашыць, ці можа тое ці іншае выслоўе ўжывацца само па сабе, ці не. Калі ўзяць такія, напрыклад, выразы, як:

Дзесятая вада на кісялі.
Як Піліп з канапель,
І хвастом накрыўся,

дык тут адразу відаць, што яны самастойна ўжывацца не могуць і такім чынам з’яўляюцца прымаўкамі. Але ёсць цэлы шэраг прымавак, якія па форме сваёй вельмі блізка стаяць да прыказак. Узяць хоць бы такую:

Чорт чорта пазнаў, дый на піва пазваў (Н.).

Тут, нават маючы перад сабой вышэйпрыведзенае азначэнне, цяжкавата вырашыць, што гэта будзе: прыказка ці прымаўка.

Вось і я хачу папрабаваць больш выразна вызначыць розніцу паміж прыказкай і блізкай да яе прымаўкай, выявіўшы прычыну, чаму прыказка мае сэнс сама па сабе, а прымаўка не мае. Мне думаецца, што справа тут у тым, як сфармулявана думка. Пакажам гэта на прыкладзе.

Скажам, чалавек, па сваёй прагавітасці або празмернай цікаўнасці, улез не ў сваю справу. За гэта ён пакараны. Гэта з’ява выклікае ў нас прыказку, скажам, такую:

Збродлівай кошцы хвост уцінаюць (Н.).

Відавочна, мы маем агульную фармуліроўку думкі, якая азначае, што ва ўсіх аналагічных выпадках вінаваты нясе пэўную кару. Такім чынам, гэтакая фармуліроўка думкі бярэ ў адну дужку, апрача данай канкрэтнай жыццёвай з’явы, і ўсе іншыя аналагічныя з’явы, якія адбыліся ці могуць адбыцца.

Але ў такіх выпадках часамі кажуць і так:

Збродлівай кошцы хвост уцялі.

Такая фармуліроўка, як відаць, не мае тэндэнцыі ахапляць сабою ўсе аналагічныя выпадкі. Яна толькі карыстаецца вобразам, каб канстатаваць дадзены факт пакарання, і гэтым абмяжоўваецца. З такой фармуліроўкі ніякага правіла яшчэ вывесці нельга.

Возьмем другі прыклад. Наглядаючы бытавую з’яву — узаемаадносіны зяця і цесця — і бачачы канкрэтны выпадак гэтага, мы гаворым:

Зяць любіць узяць (Н.).

Тут, відавочна, мы маем ужо вывад, які адносіцца не толькі да зяця, якога мы цяпер бачым, а да ўсіх зяцёў. Але калі чалавек, ад якога, скажам, зяць вымагае за дачкою пасагу, гаворыць:

Наш зяць любіць узяць,

дык гэта характарызуе толькі гэтага зяця, і ні ў якім разе нельга зрабіць вываду, што і ўсе зяці такія.

У першым выпадку абодвух прыкладаў мы маем, на мой погляд, прыказку, а ў другім — прымаўку.

Наогул жа трэба сказаць, што як прыказкі, так і прымаўкі самастойна не бытуюць. Яны ўжываюцца толькі ў мове, вуснай ці пісьмовай, і абавязкова выклікаюцца нейкай канкрэтнай жыццёвай з’явай, толькі рэагуюць на гэту з’яву па-рознаму: прыказка выводзіць правіла, якое пашыраецца на ўсе аналагічныя з’явы, прымаўка абмяжоўваецца толькі гэтаю канкрэтнаю з’яваю. Але ў далейшым, у інтарэсах эканоміі, усюды, дзе гутарка будзе ісці аб прыказках і прымаўках разам, я буду ўжываць адно слова — прыказка і размяжоўваць буду толькі ў выпадку патрэбы.

Нягледзячы на тое, што прыказкі і прымаўкі самастойна не бытуюць, яны не трацяць ад гэтага свайго велізарнага значэння. Велізарнасць гэтага значэння ў тым, што яны даюць велізарную эканомію мышлення. З’яўляючыся вынікам доўгачасовага, часта шматвяковага, жыццёвага вопыту, яны даюць гатовыя формулы жыццёвых з’яў ці гатовыя іх характарыстыкі. Апрача гэтага, убраныя найчасцей у высокамастацкую форму, яны даюць і эстэтычнае задавальненне.

Вось чаму прыказкі так пашыраны ў народзе. Яны для народа тое, што для адукаванага чалавека філасофскія цытаты, выняткі з навуковых прац і з мастацкай літаратуры. Ёсць такія аматары прыказак, якія чуць не кожны свой крок апраўдваюць прыказкаю, чуць не кожны свой выраз аздабляюць ёю. Пра такіх нават і знарочыстая прыказка ўтварылася:

Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца (Н.).

У літаратуры мы сустракаем цэлы шэраг поглядаў асоб высокааўтарытэтных, якія таксама адзначаюць вялікую каштоўнасць прыказкі. Так, І. Снегіроў адносна прыказкі гаворыць наступнае: «...прыказка не змоўкла, жыве ў вуснах народа, знаходзіцца ў кругу яго думак, карыстаецца яго павагаю і даверанасцю, служыць сведчаннем, парукаю, абвінавачаннем, апраўданнем і наогул вясёлым і карысным спадарожнікам у жыцці. Перад ёю, як перад законам, усе роўныя, а яна нікому непадсудна, таму што яна безымянная, безасабовая, бесстаронняя». І ў другім месцы: «Здаецца, нідзе так рэзка і яскрава не выказваецца знадворнае і ўнутранае жыццё народаў усімі яго праяўленнямі, як у прыказках».

Другі рускі збіральнік і даследчык прыказак Ілюстраў5 падае адносна прыказак думку М. В. Гогаля: «Прыказка не ёсць якая-небудзь наперад паданая думка ці меркаванне аб справе, але ўжо падлічаны вынік справы, адсед, адстой падзей, якія перабрадзілі ўжо і скончыліся, канчатковае падагуленне справы з усіх бакоў яе, а не з аднаго».

Там жа прыведзен і погляд на прыказку праф. А. С. Архангельскага, які гаворыць, што «...прыказкі — плод народнай мудрасці і закранаюць сабою розныя бакі грамадскага жыцця; адгэтуль высокі погляд на іх самога народа, які нярэдка выказваецца ў саміх прыказках... Як вынік народнай мудрасці, як выражэнне выпрацаваных вякамі поглядаў народа на жыццё і розныя яго адносіны і ўмовы,— народныя прыказкі сваім паходжаннем заходзяць у глыбіню вякоў дагістарычнага народнага жыцця, узнікаюць разам з мовай, народнай міфалогіяй, першымі зачаткамі народнага звычаёвага права, нярэдка вельмі цесна звязаны з апошнімі, служачы для іх галоўнай, асноўнай крыніцай».

Вядома, што ўсе вышэйпададзеныя характарыстыкі не маюць на ўвазе прыказак якога-небудзь аднаго народа, гэта адносіцца ў роўнай меры наогул да ўсіх прыказак, а разам з тым і да беларускіх. Але, апрача гэтых агульных рыс, прыказкі кожнага асобнага народа, а ў тым ліку і беларускія, маюць некаторыя свае асаблівасці. Адносна беларускіх прыказак і іх значэння для простага народа цікава падаць думку вядомага збіральніка беларускага мастацкага фальклора І. І. Насовіча. У сваёй прадмове да зборніка беларускіх прыказак ён гаворыць: «Беларусы ўсе факты, усе прыгоды чалавечага жыцця, усе ўчынкі, як добрыя, так і дрэнныя, і ўсякае нават меркаванне аб чым-небудзь падводзяць пад мерку прыказак сваіх». «...Прыказкамі змагаюцца з хібамі і слабасцямі, папраўляюць недахопы, насміхаюцца, упікаюць, пагражаюць. Прыказкамі ўцяшаюць у смутку, смешаць і нават у таго, хто плача, выклікаюць усмешку. Кплівых і жартаўліва-сатырычных прыказак ёсць вельмі шмат у беларускай мове, і ўсе яны дышуць вастратой і сарказмам». «...Беларускія прыказкі ў гутарцы простых людзей з’яўляюцца хараством мовы і моцна ўплываюць на субяседнікаў. Яны, як і песні, часцей за ўсё аздабляюцца сугучнасцю. Паміж простымі людзьмі ёсць шмат такіх здольных, якія на ўсякую падзею, на ўсякі выпадак, вясёлы, спрэчны, сумны,— раптам падаюць прыказку дарэчы, як быццам яны знарок вывучалі іх, як вучні ў лацінскай мове вывучаюць на памяць дыстыхі Катонавы».

Нават пры павярхоўным знаёмстве з беларускімі прыказкамі і ўмовамі іх бытавання відаць, што вышэйпаданая думка мае пад сабой грунт. Яшчэ больш сцвярджаецца гэта думка, калі зрабіць больш дакладны разгляд тэматыкі і фармальнага боку беларускіх прыказак.

Пачынаючы такі разгляд, я лічу патрэбным зазначыць, што загадзя згаджаюся з поглядамі тых, хто лічыць, што частка прыказак кожнага народа, у тым ліку і беларускіх, з’яўляецца запазычанай у іншых народаў. Аб праўдзівасці гэтай думкі сведчаць і словы іншых моў, якія ўжываюцца ў складзе беларускіх прыказак, напрыклад:

Вялікі пірог, да ў сярэдзіне плох.
Латво прыходзіць, латво й сыходзіць.

Але я не магу згадзіцца з думкай, што з гэтай прычыны прыказкі не могуць характарызаваць сабою светаадчування і псіхікі народа. Ужо адзін той факт, што такія прыказкі прыняліся і ўжыліся на новай глебе, сведчыць аб тым, што тут ёсць для гэтага адпаведны грунт. Частка і самабытных прыказак з’яўляюцца аднакімі ці вельмі падобнымі да прыказак іншага народа. Гэта, відавочна, тлумачыцца аднакімі эканамічнымі, прыроднымі і іншымі ўмовамі жыцця. Ва ўсякім разе пры тэматычным разглядзе я не лічу мэтазгодным строга вылучаць запазычаныя прыказкі. Тым больш што асноўны матэрыял, якім я карыстаюся6 збіраўся пераважна запісчыкамі, якія амаль зусім не дбалі аб тым, каб запісаць прыказку так, як яна вымаўляецца. Дзеля гэтага часта немагчыма было б і адрозніць запазычаную прыказку ад самабытнай.

Тэматыка беларускіх прыказак надзвычайна багатая і разнастайная, як багатае і разнастайнае само жыццё. Надзвычайная колькасць матываў і разнастайнасць іх адценняў робяць амаль што немагчымым выяўленне і асобны разгляд усіх іх. Дзеля гэтага прыйдзецца вызначыць асноўныя катэгорыі гэтых матываў і блізкія матывы залічаць да адной катэгорыі7.

Прыступаючы да разгляду зместу беларускіх прыказак, мы павінны мець на ўвазе, што яны з’яўляюцца прадуктам доўгіх вякоў. Побач з прыказкамі, якія нясуць у сабе глыбокую мудрасць народа, ёсць і такія, у якіх знайшлі сваё выражэнне адсталыя погляды і перажыткі мінулага часу, а часамі (праўда, вельмі рэдка) і тэндэнцыі эксплуататарскіх класаў.

Досыць значнае месца сярод утвораных за доўгія вякі беларускіх прыказак займаюць такія, у якіх выяўляюцца рэлігійна-філасофскія погляды. Паводле гэтых поглядаў, над светам стаіць бог, які наперад вызначае тое, што павінна адбыцца, і волю якога чалавек выконвае.

Сам не асамішся, калі бог не дасць (Н.),—

гаворыць аб гэтым прыказка. А другая яшчэ выразней:

Што бог прызначыць, таго ніхто не перайначыць (Н.).

Наогул, што вызначана лёсам, таго ніякім чынам не абыдзеш:

Суджанага й канём не аб'едзеш (Н.).
Што суджана, то не будзе разгуджана.

А калі з кім здараецца няшчасце і прычыну яго нельга знайсці ў знадворных абставінах, дык кажуць:

Яму так на раду напісана.

Чалавек мае неўміручую душу, якая ўяўляецца, як нейкая жывая матэрыяльная істота.

Душа ў чалавека рагатая: без пары не выйдзе (Н.),—

кажуць, калі безнадзейна хворы доўга мучыцца і не ўмірае.

Смерць — гэта няўхільнасць для кожнага чалавека, а таму і адносіны да яе досыць спакойныя.

Людзі мруць, нам дарогу труць (Н.),—

заўважае спакойна беларус, бачачы чыё-небудзь пахаванне, бо

Ад смерці не адкупішся,—

кажа прыказка, бо ўсё роўна:

Круці не круці, дык прыйдзецца умерці.

Нягледзячы, аднак, на няўхільнасць смерці і на тое, што часамі

Думкі за гарамі, а смерць за плячамі (Н.),

усё ж такі —

Жывому наўме жывое,

і ўдавацца ў роспач асабліва не прыходзіцца, а трэба працаваць:

Уміраць збірайся, а жыта сей (Р.),—

радзіць прыказка.

Праца — гэта аснова жыцця, без яе жыццё не ўяўляецца, бо

Работа і корміць, і поіць (Н.).

Саромецца яе няма чаго:

Работа не бясчэсціць чалавека, а крэпіць і цешыць (Н.).

Чалавек за сваё жыццё мусіць пабачыць і добрага, і дрэннага, бо

Шчасце пераходзячы жыве (Н.).

Зноў жа палажэнне чалавека і яго погляды звычайна мяняюцца:

Чалавек не вол, у адной скуры не старэе (Н.).

Дабро і зло — паняцці адносныя, і адно без другога не пазнаюцца:

Чалавек, пакуль у горне не пабудзе, не знае дабра (Н.).

Тая ж самая рэч ці тое ж самае становішча могуць быць і дабром, і недабром: гэта залежыць ад таго, якую ступень дабра ў дадзеным кірунку чалавек мае. Прыказкай гэта выказваецца проста:

Хто лепшага не мае, таму і гэта добра.

або:

Хто новага не бачыў, і старому рад (Н.).

Сярод прыказак, у якіх адбіліся вераванні народа, першае месца займаюць такія, дзе аб’ектам з’яўляецца бог.

Мы ўжо раней бачылі, што, паводле прыказак, над чалавекам стаіць бог, а наступныя прыказкі паказваюць, які гэты бог.

Перш за ўсё:

Бог — вялік чалавек (Р.).

Прыказку гэту, відавочна, трэба разумець так, што бог мае тыя ж якасці, што і чалавек, толькі ўсё гэта ў большым маштабе, магчыма нават у бязмежным. Сапраўды, мы бачым, што ён багаты:

Бог багат: больш мае, чым раздаў (Н.),

ні на каго ён не забываецца пры размеркаванні дабра:

Бог дае на ўсіх долю (Р.).

На час ён таксама багаты, многа дзён мае:

Больш у бога дзён, як у пана кілбас.

Ён шмат ведае, можа, нават і ўсё:

Бог ведае, хто як абедае (Р.).

Ён не гуляе, бо яно, сказаць, і часу няма:

Бог не гуляе, а дабро перамярае: у аднаго возьме, а другому дасць (Н.).

Зноў жа:

Бог не гуляе, многа палатна мае, ды багатым торбы прыгатаўляе (Н.).

Бог і людзей распазнаваць умее, ён адрозніць добрага чалавека ад благога:

Бог не цяля, бачыць круцяля (Н.).

Ён ласкавы і добры:

Божая ласка дасць нам хлеба і мяска (Н.).

Але часамі на гэта глядзяць досыць скептычна:

Няхай тое чорт есць, што бог дасць (Н.).

Гэта прыказка можа мець дваякі сэнс у залежнасці ад таго, на якім слове зрабіць лагічны націск. Калі націск будзе на слове чорт, дык сэнс будзе такі, які тут гэтай прыказцы надаецца, а калі паставіць націск на слове тое, дык будзем мець іншы сэнс, а іменна: будзь задаволены тым, што табе бог даў, або — што табе даюць наогул.

Апрача бога, ёсць яшчэ і святыя. Яны маюць досыць-такі значную вагу, так што падчас і богу з імі цяжка справіцца:

І бог не ўкрые, як святыя дапусцяць (Р.).

Найчасцей з святых у прыказках сустракаюцца Мікола, Юрай, Ілья. Яны звычайна робяць якую-небудзь гаспадарчую працу, часамі загадваюць цэлымі галінамі гаспадаркі:

Юрай пасе кароў, а Мікола коней (Н.).
Ілья — слаўная жняя. (Н.)

Пакровы як бы выдаюць дазвол рэзаць жывёлу на мяса:

Святы Пакроў, благаславі на кроў (Н.) —

так гавораць, збіраючыся рэзаць скаціну, што бывае звычайна ўвосень.

Не заўсёды паміж святымі бывае поўная згода ў працы:

Юрай сказаў: жыта ўраджу, а Мікола: пачакай, пагляджу (Н.).

Выпіць святыя таксама любяць, калі ёсць за што. Багацейшыя з іх — гэта асеннія Юрай і Мікола, а бедны Іван Купала, бо тады ўжо няма ні хлеба, ні скаромнага. Вось прыказка і гаворыць:

Юрай нап’ецца, і Мікола не астанецца. Ды й Іван бы піў, каб хто купіў (Н.).

Святыя не заўсёды могуць дагадзіць чалавеку, і тады ён выказвае сваё нездавальненне:

Два Юр’і ды абодва дурні: адзін галодны, а другі халодны.

Слова «чорт» у беларускіх прыказках сустракаецца вельмі часта, але больш за ўсё яно ўжываецца не ў сапраўдным яго сэнсе, а толькі замяняе сабою назву нейкай асобы, напрыклад:

Чорт чорта пазнаў ды на піва пазваў (Н.)8.

Тут «чорт чорта» разумеецца, як адзін другога, прыяцель прыяцеля.

Часамі слова «чорт» ужываецца замест — ніхто або — хто:

Чорт дуду надзьме, калі дух ідзе (Н.).

Але ёсць шмат прыказак, дзе чорт фігуруе, як такі. Ён таксама мае моц над людзьмі, а таму:

І богу маліся, і чорта не гняві (Н.).

 

Сталае месца пражывання чорта — гэта балота:

Чорт без балота, а балота без чорта не бывае (Н.).

Чорт заўсёды стараецца зрабіць чалавеку якую-небудзь шкоду:

Чорт дзірку знаходзіць (Н.),—

кажуць, калі здараюцца якія-небудзь нечаканыя расходы.

Ён стараецца рабіць пакасці чалавеку тады, як бог не бачыць:

Чым чорт не шуціць, пакуль бог спіць.

Вось чаму небяспечна ўспамінаць чорта вечарам. Калі ў такую пару ён успамінаецца часамі, дык дадаюць:

Не проціў ночы гаворачы.

Відавочна, такая агаворка забяспечвае ад з’яўлення чорта.

Словы, як відаць, маюць моц і могуць выклікаць няшчасныя з’явы, калі пра гэтыя з’явы гавораць у нядобры час. А таму, калі гавораць аб якім-небудзь няшчасці, звычайна агаворваюцца:

Дай, божа, у добры час сказаць, а ў ліхі памаўчаць.
Не ў гэтай хаце гаворачы,
Не пры вас казана.

Здзіў таксама можа зашкодзіць як жывёле, так і людзям, а таму, калі хто дзівіцца з добрага, дык яму кажуць:

Соль табе ў вочы.

Душа чалавека па смерці трапляе ў рай, калі яна бязгрэшная, а часамі:

Хоча душа ў рай, ды грахі не пускаюць.

Але грэх не такая справа, якую нельга паправіць, яго можна замаліць:

Грэх у мех, а спасенне наверх (Н.).

Праўда, маліцца не заўсёды ёсць магчымасць, гэтаму перашкаджае клопат аб надзённых патрэбах, недахваткі. Гэта выражана ў пародыі на малітву:

Отча наш — хлеба нямаш; іжа ясі — ідзі прынясі (Н.).

Наогул да бога звяртаюцца найбольш у няшчасці:

Як трывога, тады да бога.

У звычайных умовах асаблівага імкнення да малітвы няма, і калі часамі каму напамінаюць аб патрэбе памаліцца, дык ён жартаўліва адказвае:

Нашто богу маліцца,— ён нас і так баіцца.

Прававыя погляды адбіліся ў прыказках досыць слаба. Яны або выяўляюць агульны погляд на злачынствы і пакаранні, або маюць аб’ектам права ўласнасці.

Кожнае злачынства цягне за сабою кару:
За правінку чэшуць спінку (Н.).
Валачыў воўк авец, павалаклі й воўка (Н.).

Кара карысна тым, што яна служыць другім на страх:

Авечку стрыгуць, а баран дрыжыць (Н.).

За парушэнне права ўласнасці таксама караюць, а таму:

Не чапай нічога і не бойся нікога,

бо

За чужое лычка сваім раменьчыкам заплаціш (Р.).

Да суда адносіны досыць скептычныя, бо тут праўда заўсёды на баку дужэйшага, багацейшага:

Кабыла з воўкам цягалася, хвост ды грыва асталася (Р.).
Хто дужэй, той пружэй (Н.).

Вось чаму бывае часам і так, што

Поп саграшыў, а дзяка вешаюць (Н.).

Вельмі вялікі лік прыказак маральна-этычнага характару, у якіх падаюцца правілы паводзін і абыходжання з людзьмі. Прыказкі служаць і для асмяяння тых, хто гэтыя правілы парушае. Аб благім яшчэ больш гавораць, чым аб добрым:

Добрае чуваць далёка, а благое яшчэ далей (Н.).

А таму трэба мець добрую славу, адмаўляючыся часамі праз гэта і ад матэрыяльных выгад:

Што нам да барыша, была б слава хараша (Н.).

Асабліва не трэба чапаць чужога,— лепш сваё дрэннае, як чужое добрае, але крадзенае:

Хоць у латаным, абы не ў хватаным.

Аб крадзеным адзываюцца з іроніяй:

Што ўкраў, дык як бог даў (Р.).

Аднак ёсць прычыны, якія прымушаюць красці, нягледзячы ні на якія правілы маралі, ні на якія насмешкі. Гэта голад:

Голад і лжэ, і крадзе (Н.).
Голад не дзядзіна, з'ясі й крадзена (Р.).

Працавітасць у народзе высока ставіцца, бо

Без працы не будзеш есці коляцы.

На бога тут спадзявацца вельмі не прыходзіцца:

Божа, памажы, а ты, нябожа, не ляжы (Н.).

Аб працавітых гавораць з пахвалой і спачуваннем:

Працуе, як чорны вол (Н.).

Яно, папрацаваўшы, і адпачыць можна, але

Гульня, ды не штодня (Н.),

бо

Гулі, гулі ды ў лапці абулі (Р.).

Ляношчы заўсёды асмейваюцца:

Касіць бы касіў, каб чорт касу насіў (Н.)

або:

Скажы на маю кабылу: тпру, а мае губы пазяблі (Н.).

Яшчэ больш асмейваюцца ляношчы, калі яны злучаюцца з жаданнем смачна з’есці ды хораша схадзіць:

Маё дзела — хадзіць бела: памыў рукі ды за стол (Р.).

З людзьмі трэба жыць добра і рабіць ім ласку, дык і яны адплацяць тым самым:

Кінь за сабою, дык знойдзеш перад сабою.

Рабіць людзям прыкрасці яно такі і нявыгадна, бо,

Шыбаючы на чужы лоб, трэба і свой падстаўляць (Н.).

Жывучы, трэба прыстасоўвацца да жыцця людзей, з якімі жывеш:

З ваўкамі жыць, па-воўчы выць.

Па людзях трэба спагадаць, асабліва калі і самому прыходзілася быць у дрэнным становішчы:

Быў на вайне, спагадай і па мне.

Да старэйшых трэба адносіцца з пашанаю:

Старшых і ў пекле шануюць (Н.).

І трэба слухаць, бо парады старых бываюць карысныя:

Стары гаворыць — гародзіць, ды напраўду выходзіць (Н.).

Але, як відаць, не кожны стары заслугоўвае пашаны:

Стары сабака, ды не бацькам яго зваць (Н.),—

гавораць часамі.

Трэба быць пакорлівым і далікатным у абыходжанні:

З паклону галава не баліць.
Ехаўшы бачком, ні з кім не зачэпішся (Н.).

Ва ўсіх сваіх учынках трэба захоўваць меру і такт:

Што надта, таго й свінні не ядуць (Н.).

Калі хто дазваляе сабе ў гутарцы непрыстойнасці, пра таго кажуць, што ў яго

Па цэлым сабаку з рота скача (Н.).

Не з усякім можна знацца, а трэба падбіраць сабе роўнага:

Чашыся конь з канём, вол з валом, а свіння аб вугал (Н.).

Аб памёршых дрэннага гаварыць не трэба:

Што зямлёю пакрыта, няхай будзе забыта (Н.).

Трэба быць праўдзівым, бо хоць

Праўда вочы коле (Н.),

але

Праўда груба, ды богу люба (Н.).

Лгуна не паважаюць і адносяцца да яго падазрона:

Хто лжэ, той і крадзе(Н.).

Над ім звычайна насміхаюцца.

Праўда Сідарава: кісялём бліны памазаны, на паркане сушацца (Н.).

Языкастых людзей не любяць:

Языком меле, як хвастом целя (Н.).

На плёткі і лаянку лепш не звяртаць увагі:

Сабака брэша, а пан едзе (Р.).

Зноў жа лаянкі і плёткі к добраму чалавеку не прыстаюць:

Смала к дубу не прыстане (Н.).
Тым мора не пагана, што сабакі лохчуць (Р.).

У чужыя справы лепш за ўсё не ўмешвацца, бо часамі

Ад чужога шалу ў галаве круціцца (Н.).

Асабліва не варта ўмешвацца, калі ідуць спрэчкі паміж раднёй:

Паміж дзвярэй пальца не шчамі (Н.).

Пахвальба таксама не паважаецца:

Аржаная каша сама сябе хваліць (Н.),—

іранічна гавораць, чуючы чыю-небудзь пахвальбу.

Зноў жа, нечага хваліцца тым, што яшчэ не зроблена:

Калі не пераскочыў, не кажы гоп.

У жыцці выдвараць асабліва не прыходзіцца:

Трэба так жыць, як набяжыць (Н.),

хоць

Часам з квасам, парою з вадою (Н.).

Франтаўство наогул не паважаецца, а калі няма чаго есці, дык тады яно і зусім недарэчы, а таму бязлітасна асмейваецца:

На назе бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць

або:

Франт: салам боты вымазаў і скурку з'еў (Н.).

Скупасць таксама асмейваецца:

Сабака на сене ляжыць, сам не есць і другім не дае (Н.).

Лішняя скупасць часамі бывае і нявыгадна:

Скупы два разы гіне,

але ўсё ж

Хто скуп, той не глуп.
Лішняя дабрата — дурата (Н.).

П’янства не лічыцца вялікай ганьбой:

П'яніца праспіцца, а дурань ніколі (Н.).

Усё ж такі над моцна п’яным часта насміхаюцца:

Хваціў з дзежкі, што не відзіць сцежкі (Н.).

Займацца з п’яным не варта, яму лепей пераступіць:

Ад п’янага і сам бог уцякаў (Н.).

Чалавеку не шкодзіць быць асцярожным:

Сцеражонага і бог сцеражэ.

Аднак не трэба быць баязлівым:

Баючыся воўка, і ў лес не хадзіць (Н.).

Зноў жа:

У пужлівага купца ні грошай, ні тавару (Н.).

Больш таго — трэба быць адважным:

Адвага гарады бярэ (Н.).
Адважнаму і бог памагае (Н.).

Але адвага добра толькі на добрую справу, а хто вельмі адважны на благое, дык усяк бывае:

Адвага альбо мёд п'е, альбо кайданы трэ (Н.).

Вельмі блізка да толькі што разгледжаных стаяць па свайму прызначэнню прымаўкі-характарыстыкі, вытрыманыя найчасцей у сатырычным тоне. Яны звычайна вельмі сцісла і трапна характарызуюць чалавека з адмоўнымі рысамі характару або з фізічнымі недахопамі. Так, пра бессаромнага кажуць:

Хоць ты яму плюй у вочы, дык ён кажа: дождж ідзе.

Пра ўпартага:

Хоць кол на галаве чашы (Н.).

Пра нягодніка:

Стварыў бог, дый сам каецца (Р.).

Пра чалавека слабахарактарнага, што паддаецца розным уплывам:

Як дуду надзьмеш, так дуда й грае (Н.).

Пра пыхлівага:

Асоба — гаршкі лізаць (Н.).

Пра нерашучага:

Ні мычыць, ні целіцца (Н.).

Пра далікатнага да работы і да яды:

Нежнай псярні цюцька (Н.).

Пра ціхага ды злога:

Ходзіць ціхенька, ды думае ліхенька (Н.).

Пра старога ды неразумнага:

Галава вылезла, а вума не вынесла (Н.).

Пра чалавека, якога хваляць за чэснасць, а ён гэтага не заслужыў:

Трэці дзень, як перастаў красці (Н.).

Пра хвалько:

У яго й шыла голіць (Н.).

Пра людзей, якія хваляцца багаццем:

Рэшатам золата мераюць, а рэшата не за што купіць (Н.).

Пра скупога:

У яго і ўзімку лёду не дастанеш (Н.).

Пра неахайнага:

Бела мыецца, ды не чыста ходзіць (Н.).

Пра наравістага:

Нараві, як ліхой скуле.

Пра няўважлівага і непаслушнага:

Яму гавары, а ён у вір дзівіцца (Р.).

Пра небяспечнага:

Яму не кладзі пальца ў рот (Р.).

Пра вельмі працавітага:

Яму і ўміраць некалі будзе (Р.).

Пра чалавека, які навучае благому:

Ён навучыць на сабак брахаць (Р.).

Пра дасведчанага ў якой-небудзь справе:

Ён на гэтым сабаку з'еў (Р.).

Пра чалавека, які мяркуе аб тым, чаго не разумее:

Знае ён курыныя цыцкі (Р.).

Пра такога, што не разумее зробленага яму дабра:

Народ! Кладзі яму ў рот, дык ён яшчэ й морду адварочвае (Р.).

Пра чалавека, які ні да чаго не здатны:

Ні сюды ні туды, мае мілыя дуды (Н.).

Такіх прымавак вельмі шмат, прывесці іх усе няма ніякай магчымасці, і я абмяжуюся вышэйпрыведзенымі прыкладамі.

Наступная група прыказак па сваёй колькасці з’яўляецца самай вялікай. Прыказкі гэтыя падсумоўваюць жыццёвую практыку, выводзяць тую ці іншую заканамернасць з’яў, даюць ацэнку, наколькі тая ці іншая рэч карысна з практычнага пункту погляду, ці проста канстатуюць факт. Яны ахапляюць сабою разнастайныя бакі жыцця, галоўныя з якіх мы тут і пастараемся вызначыць.

Значнае месца сярод гэтых прыказак займаюць прыказкі выразна класавага характару, у якіх адбіліся погляды на багацце і беднасць, на розныя станы і класы грамадскасці і адносіны да іх. Частка гэтых прыказак цяпер ужо з’яўляецца помнікам гістарычнага мінулага. Тут мы сустракаем прыказкі, якія характарызуюць адносіны паноў да паднявольных сялян у часы прыгону:

Прасіў пан на талаку, а не пойдзеш — за лоб павалаку (Н.).

Паны наганялі такі страх, што нават пасля пагібелі пана яго прыходзілася нейкі час баяцца:

Пана павесяць, тры дні перад ім шапку знімай,— часам адарвецца (Н.).

Паны паміж сабой судзяцца, а гэта цяжка адбіваецца на сялянах:

Паны б'юцца, а ў мужыкоў чубы трашчаць.

Часта паны даводзілі сялян да жабрацтва, што і адбілася ў саркастычнай прыказцы:

Паздароў, божа, паноў, што ў нас ні коней, ні кароў: цяпер-то нам і пагуляці, як нечага заганяці (Н.).

Асабліва даваліся ў знак селяніну падпанкі, якія мелі непасрэднае да яго дачыненне:

Пан як пан, ды паняты, хоць уцякай з хаты (Н.).

Пан не помніць зробленага яму дабра і шчырых адносін:

Служы пану верна, дык пан табе...

Далей ужываецца слова, якога прывесці тут нельга з далікатнасці, але якое вельмі яскрава характарызуе панскую няўдзячнасць за верную службу.

Ласцы панскай асабліва радавацца не прыходзіцца: яна недаўгавечная:

Панская ласка да парога (Н.).

Да шляхты і яе ліпавага панства адносяцца звычайна іранічна, ведаючы, што адно голае званне яшчэ не падстава для панства:

Другі жупан не варт світкі (Н.).

Для сапраўднага панства патрэбен сацыяльна-эканамічны грунт, якога ў шляхціца няма:

Ты вашэць, і я вашэць, хто нам хлеба напашэць? (Н.).

Калі селяніну ўдавалася падняцца вышэй свайго класа, дык ён, відавочна, траціў класавую салідарнасць і адносіўся да ніжэйшых не лепш за пана, а мо нават і горш:

Не дай бог свінні рог, а мужыку панства (Н.).

Наогул у багатых няма спогадзі да бедных:

Сыты па галодным не спагадае.

А беднасць — з’ява нярэдкая сярод сялянства. Шмат ёсць людзей, якія пра сябе могуць сказаць:

Усе мае зборы — лапці ды аборы (Н.)

і якім

Няма за што рук залажыць.

Такім звычайна прыходзіцца ісці ў найміты да пана ці кулака, але там не вельмі соладка:

Добра ў найме, ды не дай божа мне (Р.),—

кажуць людзі, бо

Наняўся, як прадаўся (Н.).

Вось чаму ў такіх бедакоў часамі вырываюцца поўныя горасці словы:

Свет вялік, ды дзецца недзе (Н.).

Але сустракаюцца прыказкі, у якіх выяўляюцца неспагадныя адносіны да беднасці і бедных»:

Голь галіта голлю паліта (Н.),—
гавораць часамі зняважліва пра беднякоў. Асабліва не любяць багатыя, калі бедната горача бароніць свае інтарэсы.
Як гол, так і восцер,—

гавораць яны ў такіх выпадках.

З парабкамі прыказкі гэтага гатунку раяць абыходзіцца строга:

Не караючы раба, не бачыць з яго дабра (Н.).

У багатага і па смерці больш прыхільнікаў, чым у беднага:

Як багаты памрэ, па тры з хаты прэ, а як бедачок — толькі поп ды дзячок.

Але і поп ідзе

Не для Ісуса, а для хлеба куса (Н.),

бо

Трэбнік—папоўскі хлебнік (Н.),

і, дзе толькі можна ўзяць, поп возьме:

Поп і за жывога і за мёртвага бярэ (Н.).

Наогул духоўныя асобы наконт «земных благ» маху не дадуць:

Алтарысты і арганісты не ўсе на рукі чысты (Н.).

Беднасць даводзіць чалавека да такога становішча, калі ён гатоў узяць патрэбнае яму гвалтам, ведаючы, што нічога ад гэтага не страціць:

Голаму разбой не страшан (Н.),

і яшчэ:

Чым галей, тым смялей (Н.).

Шмат ёсць прыказак, аб’ектам для якіх з’яўляюцца мужчына і жанчына, шлюб, сям’я, радня.

Мужчына ў жыцці вышэй ставіцца, чым жанчына.

Мужчынка — усё мужчынка, хоць лыкам шыш (Н.),—

гавораць пра мужчын самі жанчыны, цэнячы іх фізічную сілу і большую жыццёвую практычнасць і сталасць.

Бабскія сенцы нідзе не стаяць (Н.),—

гавораць пра жанчын мужчыны, адзначаючы гэтым няздольнасць жанчын паставіць грунтоўна справу.

І характарам жанчына нібыта розніцца ад мужчыны ў дрэнны бок, што і бывае прычынаю сварак і неладоў:

Баба й чорта звядзе.

Каханне часамі цалкам захапляе маладую асобу і прывязвае яе да каханай ці каханага:

У каханкі смаляныя лаўкі (Н.).

Але практычныя людзі скептычна адносяцца да кахання, калі яно не злучана з матэрыяльнымі выгадамі:

Бусенькі, бусенькі, абое галюсенькі (Н.).

Адносіны да шлюбу досыць сур’ёзныя, выбіраць трэба асцярожна, бо

Жонка не лапаць, з нагі не скінеш (Р.).

Пры выбары сабе спадарожніка жыцця мужчыны знаходзяцца ў больш выгадных умовах.

Гэтага цвету па ўсяму свету (Н.),—

пахваляючыся, гавораць яны пра дзяўчат.

Палажэнне дзяўчыны ў сям’і не вельмі завіднае. Яна часамі з’яўляецца лішняй, і дамашнія стараюцца тады хоць як-небудзь аддаць яе замуж:

Хоць за вала, абы дома не была (Н.).

Вядома, што пры такіх умовах і дзяўчыне не прыходзіцца быць вельмі пераборлівай:

Хоць за старца, абы ў дзеўках не астацца (Н.).

Пры выбары пары высока цэняцца фізічныя якасці:

Брат любіць сястру багатую, а мужык жонку здаровую (Н.),—

калі

Хоць таўкачом, дык ёсць па чом (Н.),

як жартуюць у такіх выпадках.

Мужчыну з фізічнымі заганамі таксама цяжка прыходзіцца:

Скарэй сабака ашчэніцца, як шалудзівы ажэніцца (Н.).

Але жанчына часамі згодна папусціцца фізічнымі якасцямі дзеля дабраты характару свайго чалавека:

Хоць мужык з лапаць, абы з ім не плакаць.

Ажаніўшыся, чалавек сталее, па-іншаму адносіцца да жыцця.

Жэніцца — пераменіцца (Н.),—

гавораць пра гуляшчага хлопца.

Жонка на мужа мае значны ўплыў, асабліва ў інтымных абставінах. Пад гэтым уплывам ён часта перамяняе свае ранейшыя намеры:

Начная зязюлька дзённую перакукуе (Н.).

Але першынство ў сямейным жыцці павінна заставацца за мужам, і

Дурная тая дамова, дзе вала бора карова (Н.).

Уцехаю для бацькоў з’яўляюцца дзеці, калі яны ўдалыя:

Нашто той клад, калі ў дзетках лад (Н.).

Але не заўсёды дзеці адносяцца да бацькоў з належнай пашанай і любасцю,— ёсць і такія, якія жывёлу шкадуюць больш, чым бацькоў. Пра такіх і прыказка зложана:

Упаў бацька з гары — «Ліха яго бяры»; кабыла здохла — «Ой, бяда!» (Н.).

Сродкі для выхавання дзяцей прапануюцца даволі-такі дамастроеўскія:

Гадуй хлапца, ды не шкадуй дубца (Н.).

Лішняе пеставанне, якое дапускае часамі матка, толькі псуе дзяцей:

Дзеці балуюцца ад матчынага блінца, а разумеюць ад бацькавага дубца (Н.).

Хоць маці і любіць дзяцей, але становішча яе лепшае пры мужу, як без мужа, пры дарослым і асабліва жанатым сыну, калі яна ўжо не гаспадыня:

Саламяны муж лепей залатога сына (Н.).

Часамі бацькі да свае дачкі прымаюць у дом прымака. Становішча яго ў чужой сям’і, відаць, не вельмі добрае:

Прымачы хлеб — сабачы.
Прымак — той жа парабак (Н.).

Але і становішча бацькоў пры зяцю не такое моцнае, як пры сыну:

З сынам біся, ды на кут грабіся, а з зяцем мірыся, ды за парог дзярыся (Н.).

Сваякі павінны заступацца адзін за аднаго і памагаць адзін аднаму:

Брат брату паняволі прыяцель (Н.).

Але часамі і ў брата сваяцкія пачуцці ўступаюць месца матэрыяльным інтарэсам:

Брат не так рад брату, як рад яго шмату (Н.).

Аб больш далёкай радні ўжо няма чаго і казаць,— яна радніцца да тае пары, пакуль чалавек багаты, а як збяднее, тады сваяўство забываецца:

Радня да паўдня, а як сонца зойдзе, сам чорт не знойдзе (Н.).

Досыць віднае месца сярод іншых прыказак займаюць і прыказкі з матывамі працы. У іх выказваецца той ці іншы погляд на працу, прапануецца той ці іншы спосаб, даюцца практычныя парады адносна той ці іншай галіны працы і г. д.

Рабіць лепш за ўсё гуртам, калектывам,— так і лягчэй і спарней:

Калі робіш укупе, не баліць у пупе (Н.)

і наадварот:

Адзін і ў кашы няспорны.

Праца павінна быць абдумана, а то бывае:

За дурной галавой нагам небалазе.

Кіраўнік працай павінен распараджацца з толкам, каб не было так, што

Сямёра варот, усе ў гарод (Н.).

Лішняя спешка, бывае, шкодзіць:

Паспех людзям на смех (Н.).

Зноў жа:

Скора каты робяцца, ды сляпыя родзяцца (Р.).

У рабоце трэба клапаціцца аб якасці, бо можна зрабіць

Многа, ды дурнога.

Праўда, што часамі бывае

І мала, і няўдала (Н.),

калі хто

Робіць, як мокрае гарыць,

ды разам з гэтым:

Так-сяк, накасяк, абы не па-людску (Н.).

Каб праца ішла з поспехам, патрэбны належныя прылады:

Без струманту і вошы не заб'еш.

Пры апрацоўцы зямлі не шкадуй працы і ўгнаення:

Дай зямлі — і яна табе дасць (Н.).

Часамі не шкодзіць і капітал затраціць:

У гліне капейка не гіне (Н.).

Заросшую зямлю трэба разрабляць, выкарчоўваючы кусты:

Пакланіся кусту, а ён табе дасць хлеба лусту (Н.).

Кожная праца павінна быць аплачана, бо

Дарма пець — горла дзярэць (Н.).

Блізкімі да гэтай катэгорыі прыказак з’яўляюцца розныя гаспадарчыя прыметы:

Зімою конь каня з'есць (Н.),

іначай кажучы, за зіму конь з’есць харчу больш, чым сам варты.

Зарадзіў званец, хлебу канец (Н.).
Зарадзіў драсён, не будзе красён.

Шмат якія з іх даюць парады аб тым, калі якую працу трэба рабіць, і такім чынам складаюць як бы каляндар працы, у якім час азначаецца назвамі розных свят:

Сей пшаніцу на Сімона Зілота, будзе як злота (Н.)-
Прыйшоў Мікола, не пытайся нікога,— бяры сявеньку ды сей памаленьку.
Да Ільі хоць адным зубам зямлю парні (Н.).

Побач з календаром працы ўтвараецца і каляндар прыроды.

Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Ілья — апала два, прыйшла Прачыстая — усё з поля ачысціла.
Ілья нарабіў гнілля.
Грамніцы — палавіна зіміцы.
Варвары ночы ўварвалі (Н.).

Невялікую па колькасці, але досыць цікавую групу складаюць прыказкі, якія з’яўляюцца вынікамі псіхалагічных назіранняў над людзьмі і над паводзінамі жывёлы. Так, да адной і той жа самай справы людзі падыходзяць па-рознаму:

Што галава, то розум (Н.).

Густы ў людзей таксама не аднакія:

Хто любіць папа, а хто пападдзю, а я, дурачок, люблю паповых дачок (Н.).

Рэчы часта здаюцца страшнейшымі, як яны ёсць у сапраўднасці:

У страха вочы вялікія,

але на справе

Не так чорт страшан, як яго малююць (Н.).

Чалавек мае нахіл да зайздрасці:

У чужых руках пірог вялік (Н.).

Людзі сквапны на чужое:

Усякі гад чужому грошу рад,

але свайго даваць не любяць:

«Дай» ніхто не любіць, а «на» ўсякі чуе (Н.).

Асабліва гэта адносіцца да скупога, у якога цяжка сыскаць і тое, што ён павінен аддаць:

Як бабе цяжка радзіць, так скупому даўгі плаціць (Н.).

Чалавек скарэй здольны зрабіць злачынства, калі для гэтага ёсць спакуса:

Блізка ляжыць—жывот баліць (Н.).

А, папрабаваўшы забароненага раз, цяжка спыніцца:

Хто чаго ўкусіць, перастаць не мусіць (Н.).

Нават скромны і добры чалавек можа зрабіцца злым, калі яму дапячэ:

Як даробіць ліха, прарэжуцца і зубкі (Н.).

Ціхі характарам чалавек звычайна вызначаецца глыбінёю думкі і падыходу да справы:

Ціхая свіння глыбокі корань рые.

Зноў жа пад гэтай ціхасцю часта хаваюцца моцныя страсці:

У ціхім балоце чэрці вядуцца (Н.).

Чалавек мае нахіл хваліць тое, што яму належыць:

Усякі цыган сваю кабылу хваліць (Р.).

Хваліць чалавек яшчэ і таго, ад каго залежыць яго дабрабыт:

На чыім возе еду, таму й песню пяю.

Як маці любіць і шкадуе дзяцей, паказвае прыказка:

Узяў дзіця за руку, матку бярэш за сэрца (Н.).

Калі чалавек п’яны, дык ён можа выказваць тады самыя патаемныя думкі:

Што ў цвярозага на ўме, то ў п'янага на языку (Н.).

У якасці рэчаў ён тады разбіраецца слаба:

П’янаму і козы ў золаце (Н.).

Самы баязлівы робіцца тады смелым і адважным:

Як п'ян, дык капітан, а як праспіцца, дык і свінні баіцца.

Пазнаныя пры дапамозе назіранняў асаблівасці характару жывёлы пераносяцца звычайна на чалавека.

Воўк не робіць шкоды блізка (Н.).
Бітаму сабаку кія не паказвай (Н.).
Каб свінні рогі, не саступіла б з дарогі.
Кабыла здыхае, а траву хапае (Н.).

Есць прыказкі, падставай для ўтварэння якіх паслужылі тыя ці іншыя гістарычныя факты ці звычаі далёкага мінулага:

Мсціслаў не аднаго сціснуў (Н.).
За Саса было досыць хлеба і мяса, а настаў Панятоўскі, стаў
хлеб не такоўскі (Н.).
Што гэта за торг, калі не ў шапцы (Н.).
Не хочаш слухаць добрых слоў, будзеш слухаць сабачай скуры (Н.).

У апошняй прыказцы адбіліся звычаі часоў прыгону, калі непаслухмяных прыгонных аддавалі ў рэкруты. Сабачая скура — барабан.

Зусім асобна стаяць прыказкі-кленічы, якіх у беларусаў вельмі многа. Звычайна кожны ўчынак аднаго чалавека, што робіць шкоду другому, выклікае кленічы:

Каб табе ў грудзях рабіла,
Каб табе зарвала ды залажыла,
Каб цябе ўзяло ды не адпусціла

і г. д. у залежнасці ад таго, якім учынкам кленічы выкліканы.

Фармальна-мастацкі бок прыказкі вызначаецца яе прызначэннем і ўмовамі яе бытавання. Прыказка не з’яўляецца толькі сродкам эстэтычнага задавальнення. Яна ставіць перад сабой галоўным чынам практычныя мэты: ілюстраваць выказаную думку, выказаць жыццёвае правіла, пераканаць у правільнасці выказанага ўдалай аналогіяй, даць трапную характарыстыку рэчы ці з’яве і г. д. Такім чынам, яна не бытуе як нешта зусім самастойнае, а звычайна ўстаўляецца ў мову, у гутарку. Гэтым вызначаецца яе велічыня. Яна павінна даць найбольшую канцэнтрацыю думкі пры найменшай затраце слоўнага матэрыялу. Іначай кажучы, прыказка павінна перадаць думку так, каб гэта думка была ўспрынята дакладна, як хоча той, хто яе выказаў, бо іначай набой прападзе дарма. Адгэтуль найвялікшая выразнасць прыказкі. Зноў жа таму, хто ўжывае прыказку, неабходна, каб яна як можна глыбей уелася ў свядомасць слухача і зрабіла такім чынам адпаведны ўплыў. Для гэтага апрача шляху мышлення існуе яшчэ шлях адчування праз органы зроку, смаку і інш. Гэта вымагае ад прыказкі вобразнасці. Нарэшце, прыказка служыць не для аднаго разу, не для аднаго выпадку. А каб быць ужытай другі раз, яна павінна быць захована ў памяці. Тут ёй у значнай меры дапамагае апрача нязначнай яе велічыні яшчэ і рыфма, якая асабліва выпукляе сугучныя словы, ад чаго яны пакідаюць глыбейшы след у памяці. Пры дапамозе гукавой асацыяцыі адно сказанае слова лёгка выклікае другое сугучнае з ім, а разам і цэлы сказ. Я гэтым не хачу сказаць, што той, хто першы ўтварыў прыказку, меў на ўвазе мэты прыказкі і свядома ўжыў усе гэтыя сродкі. Вядома, прыказкі ў пераважнай сваёй большасці, калі не ўсе, утварыліся інтуітыўна. Зноў жа, пералічаныя сродкі служаць не толькі для дасягнення вузка практычных мэт. Але іменна дзякуючы пералічаным сродкам, тое ці іншае выслоўе становіцца прыказкай, набывае велізарную ўдзельную вагу сярод масы іншага слоўнага матэрыялу, што і дае ёй магчымасць заставацца ў памяці народнай і ўжывацца праз цэлыя вякі.

Праўда, не ўсе прыказкі задавальняюць патрабаванні, якія ім ставяцца. Усе яны задавальняюць два патрабаванні — сцісласці і выразнасці думкі, але ў некаторых з іх зусім няма сродкаў маляўнічасці, ёсць прыказкі бязвобразныя, напрыклад:

Хто лжэ, той і крадзе (Н.).
Не дай убогаму, а патрэбнаму (Н.).
Хто дбае, той і мае.

Таксама ёсць прыказкі не рыфмаваныя, напрыклад:

З шалудзіваю галавою ў дух не лезь (Н).
Праўда вочы коле (Н.).
Па нітачцы клубочак знаходзяць (Н.).

Але праўда і тое, што найчасцей і найахвотней ужываюцца тыя прыказкі, якія задавальняюць усе патрабаванні: імі дасягаецца найбольшы эфект.

Слоўнікавай асаблівасцю беларускіх прыказак з’яўляецца іх народная лексічная аснова. Разам з тым сустракаецца і пэўная колькасць запазычаных слоў. Найбольшая колькасць іншамоўных слоў узята з рускай мовы. Прыкладам прыказак з русізмамі могуць быць наступныя:

Конікі — не кролікі, штомесяц не выводзяцца (Н.).
Золата выцягнуў з вората (Н.).
Жыруецца, як почка ў сале (Н.).
Дай, божа, нашаму цяляці воўка паймаці (Н.).
Сабака злая і на ўладыку лае (Н.)

і шмат іншых.

Значна менш у прыказках сустракаецца паланізмаў, але таксама ёсць, напрыклад:

Сабачы глос не йдзе да нябёс (Н.).
Без працы не будзе коляцы.
Хадзіў бы ў злоце, каб не дзірка ў роце (Н.).
І слеп і кеп (Н.).
Жывот з зэгарам не згаджаецца.

Украінізмы заўважаны ў наступных прыказках:

Жонка сына раджае, рэдзькі бажае (Н.).
Яму гавары, а ён у вір дзівіцца (Р.).

Ёсць некалькі прыказак з словамі, запазычанымі з яўрэйскай мовы, напрыклад:

Усе кагалам, і бацька з жыгалам.
Каму смеху а каму гілэхтар.
Госцікі, проша, а вы, дзеткі, ш а (Н.).
Быў гевезен, ды выскачыў (Н.).
Кумгэр на клёцкі (Н.).

Ёсць нават словы з нямецкай і французскай моў, трохі перайначаныя:

Хоць ты мяне капут, дык я не алём (Н.).

Гэта значыць: хоць ты мяне забі, дык я не пайду. Як відаць, яны з’яўляюцца водгукам вайны 1812 года, калі беларусам даводзілася гаварыць з рознаплямённай напалеонаўскай арміяй такім камбінаваным жаргонам.

Вялікая колькасць слоў рускіх і даволі значная польскіх у прыказках тлумачыцца сваяцтвам моў і іх суседствам. Становішча запазычаных слоў у прыказках досыць моцнае, бо, як мы бачым з прыведзеных вышэй прыкладаў, яны найчасцей рыфмуюцца і гэтым замацоўваюцца ў прыказцы.

Другой асаблівасцю слоўніка беларускіх прыказак з’яўляецца досыць значная колькасць наватвораў. Я іншага тэрміну не знайшоў для тых слоў, якія ўжываюцца толькі ў прыказках і, на маю думку, утварыліся разам з прыказкамі і для прыказак.

Вось прыказкі з такімі словамі:

Сам не асамішся, калі бог не дасць (Н.).
Тут табе і спіткі і з’едкі (Н.).
Ждалі, ждалі дый жданкі паелі (Н.).
Дзеля дарагатові і бацьку прадаць гатовы (Н.).
Наш Васіль на работу не сіл (замест нядуж) (Н.).
Купіў бы, ды купіла няма (Н.).
Ні годзі, ні глодзі (ні пад'еўшы, ні галодны.— К. К). (Н.).
Адплакалі і адпакалі (аддубасілі.— К. К.).
Ілья ўкінуў лядня (Р.).
Касла загасла (крыніца даходу знікла.— К. К.).
На адно кусайла па тры сярбайлы (Р.).

Даволі рэдка, але часам сустракаюцца і архаізмы, напрыклад:

Не чыні смердзі дабра, не любі яго жонкі (Н.).
На талаку ног не павалаку (Р.).

Відавочна, архаізмамі трэба лічыць і славянізмы, якія сустракаюцца ў прыказках:

Калі робіш укупе, не баліць у пупе (Н.).
Прыстань, божа, ніне к нашай сіраціне (Н.).

Тут слова «ніне», відавочна, перайначанае «ныне».

Сінонімы ў прыказках сустракаюцца даволі часта. Як правіла, яны ўжываюцца для ўзмацнення значэння.

Сячыся, рубайся,— чужы не мяшайся.
Гавораць, гамоняць, ды не знаюць, у якой царкве звоняць (Н.).
Ні піску, ні віску (Н.).
Ні стуку, ні груку, павезлі, як суку (Н.),.

Часамі прыказка будуецца на сінонімах так, што адно слова бярэцца з беларускай мовы, а другое з рускай ці з польскай, напрыклад:

Не хваробу робіш — сам здзелай (Р.).
Кеп, дурань, блазан, тры штукі разам.
Пёс ты, пёс, калі я цябе сабакам зваў (Н.).

Сустракаюцца таксама і амонімы, на якіх найчасцей будуюцца каламбуры, напрыклад:

Я не арганісты, не перабіраю (Н.).

Слова «не перабіраю» мае дваякі сэнс: перабіраць клавішы аргана і перабіраць — быць пераборлівым.

Найчасцей каламбур будуецца, калі ўжываецца слова з іншай мовы і ёсць такое ў беларускай мове, толькі з іншым значэннем, напрыклад:

Каму шуткі, а мне авечкі (Н.).

(Па-руску шуткі — жарты, а па-беларуску — авечкі.) Або:

Нуда горш хваробы (Р.),—

гаворыцца тады, калі хто, заміж беларускага — «ну, так», ужывае рускае— «ну, да». (Слыхавы амонім.)

Мова прыказак вызначаецца надзвычайнай вобразнасцю. Часамі дзівіцца прыходзіцца, як гэта людзі, не чытаўшы ніякай паэтыкі, маглі дасягнуць такой высокай ступені вобразнасці. Не рэдка сустракаюцца прыказкі, у якіх амаль кожнае слова з’яўлялася тропам. Які з тропаў найчасцей сустракаецца ў прыказках, не падлічыўшы, цяжка сказаць. Бадай, што самым пашыраным відам тропаў будзе метафара з яе разнавіднасцю — алегорыяй. Вось некалькі прыказак з метафарамі:

Двор без гаспадара плача (Н.).
У адной шкуры не звякуеш (Н.).
Маёю пугаю ды па маёй жа кабыле (Н.).
Ты яго салам маж, а ён дзёгцем смярдзіць.
На благога чалавека хлебам кідай (Н.).
На губах мёд, а на сэрцы лёд (Н.).
Саламяны муж лепей залатога сына (Н.).
Няхай звоняць, пакуль ахвоту згоняць (Н.).

Часта метафара не абмяжоўваецца адным ці двума словамі, а пашыраецца на цэлы сказ, прычым часта асоба або прадмет, да якога адносіцца сказ, не называецца, а толькі маецца на ўвазе (падразумяваецца). Такая разгорнутая метафара з’яўляецца пераходнай ступенню да алегорыі. Е. А. Ляцкі так яе і называе: няпоўная алегорыя. Узорам такой пашыранай метафары могуць быць наступныя прыказкі:

Высплюся я на яго шкуры (Р.) (адпомшчу.— К. К.).
З гразёю змяшаў.
Ад зямлі адстаў, дый к небу не прыстаў (Р.).
Дай, божа, замалада косці грызці, а пад старасць мяса есці. Дзяржы язык на прывязі (Н.).
Яго шалёны поп хрысціў.
Знаць трэба між лыжак палонік (Н.).
Мякка сцеле, ды мулка спаць (Н.).
На сем сукоў садзіцца (Н.).

Сюды ж трэба аднесці і такія выразы, як:

Кораткі пяты.
Ляляка застрэліў.
Вочы колюць.
Галавою налажыў.
Хвастом накрыўся.
Дыхту даць.
Клёпкі не хапае.

Не ў меншай колькасці сустракаецца сярод прыказак і алегорыя ў цесным сэнсе слова:

Кошцы жартачкі, а мышцы смерць.
Над першым арлом і сарока з калом (Н.).
На пахілае дзерава і козы скачуць (Н.).
Не да парасят, калі свінню смаляць.
Карова целіцца, а ў быка зад чэшацца (Н.).
Не мела баба клопату, дык купіла парася.
Хто парася ўкраў, у таго і ўвушшу пішчыць (Н.).

Асаблівасць большасці алегарычных прыказак тая, што яны могуць то быць алегорыямі, то не быць імі, у залежнасці ад таго, да якога выпадку яны дапасоўваюцца. Возьмем, напрыклад, вышэйпрыведзеную прыказку:

Не мела баба клопату, дык купіла парася.

Калі мы сапраўды маем выпадак, што баба купіла парася і набыла сабе лішні клопат, то тады прыказка не будзе алегорыяй, а простым канстатаваннем факта. Але калі гэта прыказка дапасоўваецца да выпадку зусім з іншай галіны жыцця, калі чалавек з-за маленькай выгады набыў сабе вялікі клопат, дык тут ужо яна з’яўляецца алегорыяй. Нярэдка прыказка карыстаецца і прыёмам увасаблення:

Бяда хоць мучыць, ды жыць вучыць (Н.).
Варвары ночы ўварвалі (Н.).
Казала ліха, што не быць дабру (Н.).
Каша — разгані ха наша (Н.).
Шчасце пераходзячы жыве.
Не плюй вясне ў рот, прыйдзе другая ў год (Н.).

Прыкладаў метаніміі ў прыказках можна знайсці даволі-такі шмат:

Цэп любіць галоднага, а каса сытага (Н.).
У лені баляць калені (Н.).
Служыў да вуса, паслужы ўжо і да сівой барады (Н.).
Перанёс бог цераз сярпок, перанясі, божа, цераз душок і цапок (Н.).
Ад лыжкі адарвалі (Н.).
Адвага гарады бярэ (Н.).
На пузе шоўк, а ў пузе шчоўк (Н.).
На галодны зуб і гэта добра (Н.).
Набытая мазалём капейка перацягне лёгкі заработак (Н.)

і шмат іншых.

Не пакрыўджана прыказкай і сваячка метаніміі сінекдаха, прыкладам чаго могуць быць наступныя прыказкі:

У адзін дзень сем перамен (Н.).
За свой грош усюды харош (Н.).
Калі год сухі, купляй пчолку, а калі мокры — кароўку (Н.).
Пра адны дрожджы не гавораць трожды (Н.).
Адзін з сошкаю, а сямёра з ложкаю (Н.).
Бачыць вока, дзе пячэцца кока (Н.).
Тры чвэрці да смерці.
Язык і Кіева дапытаецца (Н.).

Радзей трохі ўжываецца гіпербала. Яе мы сустракаем у такіх прымаўках:

I мухі не заб'е (Н.).
У лыжцы ўтапіў бы (Н.).
Вады не замуціць.
Кіем галавы не дастанеш (Н.).
Носа ўцерці некалі (Н.).
Пірог з'ясі, пакуль кругом абойдзеш (Н.).
У яго ўзімку лёду не дастанеш (Н.).

Цікава адзначыць, што гіпербала, як відаць з пададзеных прыкладаў, ужываецца, бадай, выключна не ў прыказках, а ў прымаўках, найчасцей дзеля характарыстыкі той ці іншай асобы, у той час як алегорыя сустракаецца заўсёды ў прыказках.

З метанімічных тропаў асабліва пашанцавала ў прыказках іроніі. Аб вялікай колькасці жартаўліва-сатырычных і насмешлівых прыказак гаворыць Насовіч у прадмове да зборніка беларускіх прыказак. З ім цалкам згаджаецца і даследчык беларускіх прыказак Е. Ляцкі. І сапраўды, калі падлічыць, дык, напэўна, 30—35 працэнтаў прыказак маюць у сабе пэўную ступень іроніі, якая нярэдка пераходзіць у сарказм.

Вось некаторыя прыклады:

Высах, як мядзведжая лапа (Н.).
Давялося свінні на неба глядзець (Н.).
Згразіў на бяду, пусціў рака ў ваду (Н.).
Палепшала бацьку к смерці (Н.).
Добры чалавек: што ўкусіць, тое з'есць (Н.).
Багат Аўдзей — поўна хата дзяцей (Н.).
Кавалер — свінні па каўнер.
Рад дурань, што пірог вялік (Н.).

Параўнанне — таксама ўлюбёны прыём прыказкі. Сустракаюцца параўнанні як колькасныя, так і, часцей за ўсё, якасныя:

Рынуў прымаўкаю, як гразёю ў вочы (Н.).

Па форме сваёй, па спосабу злучэння частак параўнанні вызначаюцца вялікай разнастайнасцю, што яскрава паказваюць наступныя прыклады:

Смяецца, як з гары едучы (Н.).
Першая чарка калом, а другая сакалом (Н.).
Вось бы табе я — войтава свіння (Н.).
Рассыпаецца драбней маку (Н.).
Вочы па яблыку, а галава з гарэх (Н.).
Меськае цялятка, а сельскае дзіцятка (Н.).
Слова — вецер, а пісьмо — грунт (Н.).

Побач са станоўчымі часта сустракаюцца і адмоўныя параўнанні:

Голад не цётка.
Чужы рот не хлеў, не зачыніш (Н.).

Параўнанні вызначаюцца вялікай арыгінальнасцю дзеля таго, што звычайна параўноўваюцца рэчы зусім з розных сфер.

Калі параўноўваюцца дзве рэчы настолькі далёкія, што параўнанне здаецца недарэчным, дык дадаецца сказ, які і тлумачыць сутнасць такога параўнання, напрыклад:

Бяда, як дуда: станеш дуць, самі слёзы йдуць (Н.).
На свеце, як у карэце: едзеш, калышашся, пакуль
не вывернешся (Н.).
Стыд не дым — вачэй не выкурыць (Р.).
Бог не цяля — бачыць круцяля (Н.).

Эпітэт у прыказцы не мае вельмі вялікага значэння. Ды яно і зразумела: эпітэты найчасцей ужываюцца тады, калі прадмет ідэалізуецца або калі выказваюцца разнастайныя і глыбокія эмоцыі. У прыказцы ж інтэлект пераважае над эмоцыямі. Бадай, часцей за іншыя віды сустракаюцца эпітэты псіхалагічныя:

Мужык дурань, як умее, так і пяе (Н.).
Не бойся, калі я с мел (Н.).
Усе ласы на чужыя прыпасы (Н.).
Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе (Н.).

Нярэдка сустракаюцца і эпітэты метафарычныя:

У каханкі смаляныя лаўкі (Н.).
Лепей лычны мір, чымсі раменная сварка (Н.).
Не будзь ні горкі, ні салодкі: будзеш горкі,
праплююць, будзеш салодкі, праклююць (Н.).

Аздабляючыя і лірычныя эпітэты сустракаюцца значна радзей:

Прыгожы на шубе й латкі ад роднага таткі (Н.).
Міл той куток, дзе рэзалі пупок (Н.).

Зрэдку сустракаюцца эпітэты сталыя:

Старая баба,
Чорны вол,
Саламяны ўдавец.

Маючы сваім заданнем перадаваць разнастайныя, часта чуць прыметныя, адценні думкі з належнай выразнасцю і разам з тым часамі мець тую ці іншую эмацыянальную афарбоўку, прыказка, нягледзячы на тое, што з’яўляецца вельмі нязначным па велічыні відам творчасці, шырока карыстаецца прыёмамі паэтычнага сінтаксісу. Аб гэтым сведчыць хоць бы той факт, што ў прыказках мы сустракаем амаль не ўсе вядомыя ў паэтыцы фігуры. Прыкладаў усіх я тут падаваць не буду, а спынюся на тых, якія ў прыказках найбольш ужываюцца.

Найчасцей з фігур сустракаюцца тыя, якія служаць у прыказцы кампазіцыйным прыёмам. Гэта наступныя: антытэза:

Блізка відаць, ды далёка дыбаць (Н.).
Мы з табою родныя, а яны чэрці зводныя (Н.).
Мужык глядзіць, як варона, а хіцёр, як чорт (Н.);

парадокс:

Далей паложыш, бліжэй возьмеш (Н.).
Сячы крыва, будзе проста;

кантраст:

З гразі ды ў князі (Н.).
Вала з'ядуць, пакуль зайца заб'юць (Н.);

паралелізм:

У голад намруцца, а ў вайну налгуцца (Н.).
Якое дрэва, такі й клін, які бацька, такі й сын.
Дзе баліць, там ручка, дзе міла, там вочка (Н.).

Вельмі часта ўжываецца яшчэ эліпсіс, як сродак сцісласці мовы:

Ні пісаць, ні чытаць, на каралеўства садзяць (Н.).
Даў — дзякуй, не даў — другое.

З фігур паўтарэння ўжываюцца: эпізеўксіс (просты паўтор):

Ждалі, ждалі, дый жданкі паелі (Н.);

анафара (паўтор у пачатку):

Першая чарка, першая палка;

цыкл (кольца):

Дай зямлі, і яна табе дасць (Н.).;

эпанастрофа (стык):

Не шукай бяды, бяда цябе сама знойдзе (Н.).

З рытарычных фігур часцей за іншыя сустракаюцца: запытанне:

Хто бабе не ўнук? (Н.);

апострафа (зваротак):

Паглядзі, сава, якава сама (Н.).
Д з е т к і, не будзьце едкі, ды не з'ешце бацьку ў лапцях (Н.).

Паводле свае будовы прыказкі бываюць: адначленныя:

Багатаму чорт дзяцей калыша (Н.).
З кожнага сяла па сабаку (Н.);

двухчленныя:

Не купіў тата шапкі, няхай вушы мерзнуць (Н.).
Не ўрадзіў мак, пабудзем і так (Н.);

трохчленныя:

Не ў тым сіла, што кабыла сіва, але што воза не цягне (Н.).

А часамі кожная частка двухчленнай прыказкі падзяляецца ў сваю чаргу яшчэ на дзве часці:

Сабака касматы — яму ж цёпла,
Мужык багаты — яму ж добра (Н.).

Наогул жа трэба сказаць, што прыказкі бываюць найчасцей двухчленныя, а прымаўкі — адначленныя.

Сугучнасць — з’ява ў прыказках вельмі частая і з’яўляецца важнай прыналежнасцю прыказкі, як зазначае гэта ў сваёй працы і Е. А. Ляцкі. Не абмежаваная ніякімі канонамі і традыцыямі, рыфма ў народнай творчасці наогул і ў прыказках у прыватнасці мела поўную магчымасць усебакова развівацца. У выніку гэтага мы і бачым, што беларускія прыказкі вызначаюцца багаццем сугучнасці і разнастайнасцю спосабаў яе дасягнення.

Паводле месца націску ў рыфмаваным слове рыфмы сустракаюцца — мужчынскія:

Быў квас, ды не было вас (Н.).
Аддам на святы Адам.
Ліха да дна, а там дарога адна (Н.).
Усякі гад на свой лад;

жаночыя:

Пытаецца люты, ці добра абуты (Н.).
Душа мая не крывая,— усё прымае (Н.).
Каму гадка, мне матка (Н.).
Каму прырупіць, дык вочы пралупіць;

дактылічныя:

Гора маё чубатае, ніхто мяне не сватае (Н.).
Прыдаўся на прыказкі, як сабачая скура на прывязкі {п р ы-
в я з к і }(Н.).
Дзякуй за полудзень, я й без яго не голадзен (Н.).
Стане ліхенька, не ўседзіш ціхенька (Н.).

Са ста дваццаці прыказак, узятых мною па парадку, 8 мелі дактылічную рыфму, а рэшта дзялілася пароўну паміж жаночымі і мужчынскімі. Пры гэтым цікава адзначыць, што закрытых рыфм сярод жаночых налічваецца 10 працэнтаў, сярод мужчынскіх, наадварот,— 70 працэнтаў. Закрытыя рыфмы сярод дактылічных сустракаюцца вельмі рэдка.

Паводле месца знаходжання рыфмы ў прыказцы мы маем самыя разнастайныя выпадкі. Найчасцей рыфмуюцца апошнія словы дзвюх частак прыказкі:

Не глядзі бяла, абы рабоча была (Н.).
Не ганіце бога ў л е с, калі ў хату ўлез (Н.).
Пусці зяця, калі няма чорта ў хаце (Н.).

Сустракаецца рыфма анафарычная: словы рыфмуюцца ў пачатку дзвюх частак прыказкі:

З ляску дажджэшся, а з пяску ніколі (Н.).

Рыфма-кольца, калі рыфмуюцца першае і апошняе словы, сустракаецца найчасцей у адначленных прыказках:

Апуха дарожай кажуха (Н.).
Адклад не йдзе ўлад (Н.).

Часамі рыфмуюцца сумежныя словы: у пачатку:

Абяцанка цацанка, а дурному радасць (Н.).
Ад ліха ціха, і дабра не чуваць (Н.);

у сярэдзіне:

На адно вуха глуха, а на другое не чуе (Н.);

у канцы:

Пазнаюць нашу дачку і ў андарачку (Н.).
Добраму малайцу і стракатая кабыла міла (Н.).

Часамі кожная частка ці кожная палова прыказкі мае сваю асобную рыфму:

Часам з квасам, парою з вадою (Н.).
Ці аб тым тужыць, што мама ляжыць?
Калі бог прыстане, і бацька не ўстане (Н.).

Ёсць прыказкі, у якіх рыфмуюцца тры словы:

Луста ды капуста, не будзе ў жываце пуста (Н.).
Ад дошкі да дошкі, а ў сярэдзіне ні крошкі (Н.).
Паследкі дзеткі — едкі (Н.).

Паводле свайго гукавога выяўлення ў прыказках мы сустракаем найчасцей рыфму дакладную:

Нашы слугі пагнуліся ў дугі (Н.).
Не чапай ліха, пакуль спіць ціха.
На яду мастак, а на работу сяк-так (Н.).
Прыбяруся я мяхом, сорам будзе жаніхом (Н.).

Значна радзей сустракаецца прыблізная рыфма:

Ніўка, ніўка, аддай маю сілку (Н.).
Аддай жонку, а сам у саломку.

Асанаваныя рыфмы ў прыказках досыць пашыраны:

Смачна было, ды блізка дно (Н.).
Будзе пара, вырасце трава (Н.).
Мінулася тое лета, што лупілася рэпа (Н.).
Жыць весела, — ды есці нечага (Н.).

Алітэрацыі ў прыказках таксама з’ява не рэдкая. Яны асабліва выпукляюцца ў тых прыказках, дзе няма рыфмы ў цесным сэнсе слова, у іншых выпадках яны робяць сугучнасць больш поўнай і сакавітай:

Валачыў воўк авец, павалаклі й воўка (Н.).

У гэтым прыкладзе асабліва дарэчы паўтор гука «в» і «ў», бо гэта стварае падабенства воўчага выцця. Вось і яшчэ прыклады:

Дудар дудару дарма грае (Н.).
Вольнаму воля, шалёнаму поле (Р.).
Пакуль на гумне цэп, патуль на стале хлеб (Н.).

Радзей сустракаюцца дысанансы:

Святы божа, святы крэпкі, хто ў цымбалы,
а хто ў скрыпкі (Р.).
Голы, як біч, а востры, як меч (Н.).

Вось некалькі камбінацый розных відаў сугучнасці:

Паглядзі, сава, якава сама (Н.).
Пад чорным лесам спаткаўся чорт з бесам (Н.).
Пайшоў пасол, дый упаў у расол (Н.).

Наколькі высока ставіцца ў прыказцы, як і наогул у народнай творчасці, рыфма, відаць з таго, што для рыфмы часта мяняецца ў слове націск:

Калі Мартын у вадзе, то Ражство ў лядзе (Р.).
Якая мая мама, такая й я сама (Н.).

Часам для рыфмы слова ўжываецца ў іншай граматычнай форме:

На сем двор адзін тапор, адзін рубіць, {
}а шасцёра ў кулак трубяць (Н.).

А часамі, як мы бачылі пры разглядзе неалагізмаў, для рыфмы ўтвараюцца і новыя словы:

Кепска, калі не лепска (Н.).
Ілья ўкінуў лядня (Р.).

Рытміка ў прыказках не мае такога істотнага значэння, як, скажам, у песнях. Але якраз гэта паніжэнне вымаганняў рытмічнасці і з’явілася прычынай вялікай яе разнастайнасці ў прыказках. Для таго каб выявіць усю гэту разнастайнасць, патрэбна было б шмат працы і шмат часу, дзеля гэтага я абмяжуюся толькі некаторымі больш-менш агульнымі заўвагамі.

Ёсць прыказкі, якія рытмічнасцю не адрозніваюцца ад звычайнай празаічнай мовы. Гэта найчасцей прыказкі з адным лагічным націскам:

Пара касцей не ломіць.

Большая рытмічнасць дасягаецца, калі прыказка дзеліцца на дзве часткі і ў кожнай з іх на пэўным месцы стаіць слова з моцным лагічным націскам:

Што па той чэсці, калі нечага есці.

Далей праз акцэнтны верш:

Дарога торна,
Ды работа не спорна (Н.)

і праз паўзы:

Па тры грошы на дзень —
Куды хочаш, туды дзень,

прыказка даходзіць часамі да правільных вершавых размераў:

Дай на тры дні,
Возьмеш злыдні (Н.)

або:

Не піўшы, не еўшы,
Скачы ашалеўшы (Н.).

Прычым, апрача выразных двухскладовых і трохскладовых размераў, нярэдка можна сустрэць верш, які з'яўляецца пераходным ад аднаго размера да другога. Напрыклад, радкі:

Сядзі, баба, да вечара,
Табе бліноў напечана (Н.)

можна разглядаць як пеон другі

або:

Яго доля
У канцы поля (Н.)

можна разглядаць як антыспаст, які, дзякуючы моцным націскам на апошніх словах радкоў, мае нахіл да пеону трэцяга.

Папрабуем цяпер намаляваць вобраз тварца і спажыўца разгледжаных прыказак. Вядома, што гэта не так лёгка зрабіць з тае прычыны, што нават і ў адной асобе часамі заўважаецца несуцэльнасць і супярэчлівасць светапогляду, а тут мы маем справу з цэлым народам і не ў адзін які-небудзь гістарычны момант, а на працягу цэлых вякоў. Аднак некаторыя, хоць агульныя, рысы намеціць, бадай, можна будзе.

Перш за ўсё, як уяўлялася цёмнаму, адурманенаму рэлігійнымі забабонамі чалавеку светабудова? Над сусветам нібыта стаіць бог, які і кіруе ўсімі галінамі прыроды. У адносінах да чалавека яго абавязкі — даць яму неўміручую душу і напісаць на раду, гэта значыць вызначыць яму пэўны лёс. Гэты бог мае вялікую колькасць рознага дабра, якое і размяркоўвае паміж людзьмі, час ад часу перадзяляючы разданае людзям нанава. Гэта яго штодзённая праца. Уладу над светам бог падзяляе ў пэўнай меры з чортам, які карыстаецца кожным выпадкам, каб уварваць у чалавека што-небудзь і на сваю долю. Гаспадарыць богу памагаюць святыя, паміж якімі і размеркаваны розныя галіны гаспадаркі. Гэтыя святыя пры абмеркаванні розных спраў, відаць, маюць значную моц і часамі вырашаюць справы па-свойму, не згаджаючыся з поглядамі бога.

Абавязкі чалавека ў адносінах да бога не вельмі вялікія — гэта памаліцца яму, калі для гэтага ёсць вольны час. Пра гэты абавязак за рознымі клопатамі часта забываюцца і ўспамінаюць, калі здарыцца якое-небудзь няшчасце.

З чортам таксама трэба захоўваць прыяцельскія адносіны, на ўсякі выпадак.

Калі прыгледзецца бліжэй да бога, дык убачым, што гэта не хрысціянскі бог-дух, вялікасны і ўсемагутны. Значную долю вялікасці ён страціў. Гэта і не дух нават, а матэрыяльная істота, якая бачыць і чуе ў сапраўдным значэнні гэтых слоў, нават можа спаць і не спаць. Хоць спаць яму і часу вельмі няма, бо ўвесь час заняты рознымі гаспадарчымі абавязкамі. Гэта хутчэй і не бог, а беларус-селянін у сусветным маштабе, руплівы, працавіты.

Душа ў беларуса таксама матэрыяльная і ўяўляецца яму як нейкая жывая істота.

Апрача бога, чорта і святых ён нібыта яшчэ нейкая сіла, да якой забабонны чалавек адносіўся заўсёды з асцярогай і некаторым страхам. Гэта сіла слова. Праз слова можа здарыцца тое ці іншае няшчасце, калі скажаш яго ў ліхі час. Вось чаму, гаворачы пра нядобрае, такі чалавек заўсёды лічыў патрэбным агаварыцца перад гэтай сілай і запэўніць, што гэта гаворыцца не пры гэтых людзях, не ў гэтым месцы, не ў гэты час.

Такая філасофска-рэлігійная сістэма служыла простаму чалавеку для таго, каб вытлумачыць розныя з’явы і сілы прыроды, вызначыць свае да іх адносіны і вытлумачыць усё тое, што здараецца з ім у жыцці, і рэальнай прычыны чаго ён не можа знайсці. Але ў сваё практычнае жыццё, у свае штодзённыя справы ён не любіць дапускаць вышэйшых істот. Калі здарыцца якое-небудзь няшчасце па віне самога чалавека, дык ён не звяртаецца да бога, а выводзіць правіла:

Не даглядзіш вокам, заплаціш бокам.

На ласку ды шчодрасць божую ў практычным жыцці ён таксама вельмі не спадзяецца, бо з практыкі ведае, што

Калі сам не зробіш, дык і бог не дасць.

Пераходзячы ад разгляду ўзаемаадносін з богам да разгляду ўзаемаадносін з чалавекам, да разгляду філасофіі рэальнага жыцця, мы можам з пэўнасцю канстатаваць, што ўсе правілы маралі і этыкі грунтуюцца ў простага чалавека на практычнай глебе. З людзьмі трэба жыць у ладзе і не рабіць ім шкоды. Чаму? Не ў імя якіх-небудзь вышэйшых інтарэсаў, а таму, што справа гэта, выходзіць, не вельмі выгадная, бо

Шыбаючы на чужы лоб, трэба й свой падстаўляць.

Людзям трэба рабіць дабро —зноў жа не для самога дабра, а таму, што людзі табе адплацяць тым жа:

Кінь за сабою, дык знойдзеш перад сабою.

А калі дабро робіцца для дабра ды яшчэ шкодзіць матэрыяльным інтарэсам гэтага добрага чалавека, дык гэта лічыцца дурасцю:

Лішняя дабрата — дурата.

Галоўныя якасці, якія высока ставяцца ў чалавеку, гэта перш за ўсё працавітасць. Мы маем некалькі дзесяткаў прыказак, якія асмейваюць ляношчы і выслаўляюць працавітасць, але зноў жа не таму, што праца з’яўляецца маральным абавязкам кожнага чалавека, і не таму, што «бог труды любіць», а таму, што «работа і корміць, і поіць». Высока ставіцца яшчэ чэснасць, асабліва ў адносінах да чужой уласнасці.

Аднак ёсць сіла, якая можа парушыць гэтыя правілы маралі,— гэта голад, які «і лжэ, і крадзе». Зноў жа крадзеж — гэта не абсалютнае зло,— ёсць выпадкі, калі ён нават апраўдваецца. Пра крадзеж у панскім лесе, напрыклад, гаворыцца:

Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар.

Пачуцці ў жыцці беларуса-селяніна, паводле прыказак, займаюць досыць значнае месца, але калі яны сустракаюцца з практычнымі матэрыяльнымі інтарэсамі, дык часта ўступаюць ім. Сведкамі гэтага з’яўляюцца прыказкі аб сваяцкіх пачуццях і ўзаемаадносінах: радня, браты, сёстры — ва ўсіх іх на першым месцы інтарэсы матэрыяльныя. Нават

За грошы й бацьку роднага купіш,—

кажа прыказка. Толькі мацярынскае пачуццё непадкупнае. Яно ставіцца вышэй за ўсякія матэрыяльныя інтарэсы:

Няма тае крамы, дзе прадаюцца родныя мамы.

Прыказкі аб каханні і шлюбе зноў жа гавораць, што і тут пачуццё, калі яно ідзе ўразрэз з матэрыяльнымі інтарэсамі, не заўсёды бярэ верх.

Мастацкі бок прыказак гаворыць нам аб вялікай жывасці ваабражэння стваральнікаў прыказак, аб чым сведчаць тыя надзвычайныя супастаўленні, якія мы бачым у метафарах і параўнаннях. Мастацкі густ народа выявіўся як у справе маляўнічасці, так і ў сугучнасці прыказак, якая часамі дасягае ўзроўню лепшых узораў сучаснай паэзіі. Вобразнасць скрозь вызначаецца канкрэтнасцю і пластычнасцю. Нават адцягненыя паняцці, як голад, бяда, няволя, уяўляюцца рэальнымі істотамі.

Спецыфічнымі рысамі светапогляду і характару беларускага селяніна мінулага часу, якія адбіліся ў прыказках, на мой погляд, з’яўляюцца адсутнасць рэлігійнага фанатызму, скромнасць і некаторы скептыцызм у адносінах да рэчаў і людзей, а адгэтуль іронія, якой прасякнута такая значная колькасць беларускіх прыказак.

Калі паставіць усё вышэйадзначанае ў сувязь з сацыяльна-эканамічнымі і культурна-гістарычнымі ўмовамі, дык, напэўна, удасца знайсці рад прычын, якія ў пэўнай меры і абумовілі як светапогляд беларуса, так і яго псіхіку. Перш за ўсё на філасофска-рэлігійных поглядах беларуса моцна адбіліся ўмовы культурна-гістарычныя. Мы ведаем, што ў свой час хрысціянскі бог прыйшоў да славян багаваць з цэлым штатам святых. Паколькі ў славян не было адзінага і галоўнага бога, дык новаму богу досыць лёгка было заняць гэту пасаду. Але са святымі справа была куды горшая. Інтарэсы іх сустрэліся з інтарэсамі тутэйшых багоў. А дзеля гэтага распачалася доўгая і ўпартая барацьба паміж хрысціянскімі святымі і тутэйшымі славянскімі багамі. Барацьба гэта вялася аж да самага апошняга часу, і вялася, трэба сказаць, не на карысць хрысціянскіх святых. Праўда, фармальна верх застаўся за імі: святыя сталі называцца іх імёнамі, але яны прымушаны былі ўзяць на сябе абавязкі старых багоў. Такім чынам, выйшаў нейкі кампраміс паміж хрысціянствам і язычаствам, што і адбілася ў прыказках.

Побач з гэтым у вераваннях беларусаў засталіся і сляды далёкай старасветчыны, рэшткі магіі, як, напрыклад, вера ў моц слова.

Далей мы бачым, што ўся рэальна-жыццёвая філасофія беларуса-селяніна наскрозь прасякнута практыцызмам і нават своеасаблівым матэрыялізмам. Беларус як бы зусім свядома, хоць і своеасабліва, падводзіць эканамічную падставу пад ідэалогію. Яскрава сведчаць аб гэтым такія прыказкі, як:

Калі не пад'ясі, дык і святых прадасі.
Голад і лжэ, і крадзе.
На чыім возе еду, таму й песні пяю.

Многія прыказкі з’яўляюцца ў пэўнай меры як бы перыфразам вядомай формулы матэрыялістычнай філасофіі — «Быццё вызначае свядомасць». Пастаўлены ў неабходнасць здабываць сабе хлеб сваёй працай і працай фізічнай, дзе заўсёды чалавек мае справу з рэчамі матэрыяльнымі, селянін на сабе самім дазнаўся, што гэтыя матэрыяльныя рэчы з’яўляюцца першай і галоўнай умовай яго існавання, без якога ніякая мараль немагчыма.

Сацыяльнае становішча і характар працы моцна адбіліся і на фармальна-мастацкім баку прыказак. Перш за ўсё імі абумоўлена канкрэтнасць вобразаў. Па-другое, мы бачым, што ўсе вобразы ўзяты з вясковага жыцця і з прыроды, да якой так блізка стаіць селянін.

У прыказках яскрава выявілася і класавая псіхалогія іх творцаў. Перш за ўсё па цэлым шэрагу прыказак мы бачым, што яны належаць да класа працоўных. Па-другое, тут выяўляецца псіхалогія ўласніка. Выявілася гэта асабліва яскрава ў адносінах да калектыўнай працы. Прымаючы ўдзел непасрэдна і заўсёды ў працэсе працы, селянін на практыцы дазнаўся, што калектыўна працаваць лягчэй і спарней, але яго ўласніцкая псіхалогія вельмі моцна перашкаджае такой працы, асабліва пры размеркаванні вынікаў працы.

Некаторыя прыказкі сведчаць аб тым, што яны ўтварыліся ў асяроддзі, не аднастайным па сваёй класавай сутнасці. Такія прыказкі, як

Голь галіта, голлю паліта,
Як гол, так і васцёр,
Не караючы раба, не бачыць з яго дабра,

гавораць аб тым, што спажыўцы іх адносяцца да бедных не вельмі прыхільна, што яны самі карыстаюцца працай бедных і прапануюць ужываць у адносінах да наймітаў строгія меры, каб атрымаць як мага больш карысці. Але куды больш сустракаецца прыказак, у якіх выказваецца спагада да бедных і якія малююць цяжкае жыццё парабкаў. Такая падвойнасць адносін да беднасці і бедных адлюстроўвае класавае расслаенне грамадства.

Наогул жа ў прыказках досыць выразна выявілася класавая сутнасць. Беларус-селянін уцяміў, што «не той піва п’е, хто варыць», і што варыць піва гэта ён, а п’е яго нехта іншы, хто жыве за кошт працоўных. Прыказкамі ж падводзіцца эканамічная падстава і пад з’явы класавай барацьбы, як бунты ды паўстанні:

Голаму разбой не страшан.
Чым галей, тым смялей.

Гэта, іншымі словамі, той самы марксісцкі лозунг: «Пралетарыю няма чаго траціць, апрача сваіх ланцугоў». І гістарычныя факты гавораць нам, што для працоўнага беларуса гэта былі не толькі словы. Часамі гэтыя «голыя», даведзеныя да адчаю нечуваным здзекам і эксплуатацыяй, сапраўды ішлі разбоем супроць сваіх прыгнятальнікаў. Гісторыя захавала імёны такіх паўстанцкіх правадыроў, як Антон Нябаба, Кастусь Каліноўскі і іншыя. Але цяжка было малаарганізаванай беднаце змагацца з пануючым класам: сілай штыкоў яе заганялі зноў у паднявольнае становішча, дзе яна знаходзілася пад падвойным уціскам — сацыяльным і нацыянальным. Гэта было такое становішча, калі «адтуль горача, адтуль боляча» і калі «б’юць і плакаць не даюць». А раз не даюць плакаць, дык заставалася толькі... смяяцца. І працоўны беларус не плакаў, а часцей смяяўся. Хоць гэта быў такі смех, пра які кажуць:

Смяецца, бо плакаць не даецца.

Смяяўся ён са сваіх класавых ворагаў, смяяўся з самога сябе і са свайго жыцця. Ён смяяўся, а сам не траціў надзеі на лепшую будучыню і гаварыў:

Засвеціць сонца і ў наша ваконца.

1926—1927

nullnull

2 И. Снегирев. Русские народные пословицы и притчи. 1848.

3 А. А. Потебня. Из лекций по теории словесности. Басня, пословица, поговорка. Харьков, 1894.

4 А. І. Барычэўскі. Паэтыка літаратурных жанраў. Мн., 1927.

5 И. И. Илюстров. Жизнь русского народа в его пословицах и поговорках.

6 М. Н. Насовнч. Сборннк белорусскнх пословнц. 1874.

7 Вельмі часта значэнне прыказкі мяняецца ў залежнасці ад таго, у якіх выпадках яна ўжываецца і які сэнс ёй надаецца. Калі ўзяць, напрыклад, ніжэйпаданую прыказку:

І бог не ўкрые, калі святыя папусцяць,

дык гэта прыказка можа сапраўды адносіцца да бога і святых, і тады яна мае падставай вераванні народа, а ў іншых выпадках яна ўжываецца ў адносінах да людзей і з’яўляецца толькі вобразам. Зноў жа тая самая прыказка ў адным выпадку мае сур’ёзнае значэнне, а ў другім набывае іранічны сэнс. Усё гэта робіць тлумачэнне гэтых прыказак, узятых асобна, спрэчным. У такіх выпадках крытэрыем для мяне служыла толькі знаёмства з народным бытам ды некаторае веданне ўмоў, пры якіх ужываецца тая ці іншая прыказка.

8 Е. А. Ляцкий. Несколько замечаний к вопросу о пословицах и поговорках.


1926-1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан