epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Будуйце лазні!

Беларусь па вушы гразне,

Але ў вёсках Беларусі

Днём з агнём ніводнай лазні

Не знайшоў бы нават, мусіць.

 

Ад Барысава да Слуцка

(Аж прызнацца нейк нялоўка)

Ўсе прывыклі не па-людску

Сяк-так боўтацца ў начоўках.

 

Сяк-так дзядзька плечы й грудзі

Папалам памые з горам,

Але далей кажа,— будзе,—

Раздзявацца, бачыш, сорам.

 

Нібы кветкі, маладзіцы

Тут страчаюцца парою,

Але ніжай паясніцы

Абраслі, як ёсць, карою.

 

Нават людзі ёсць такія,

Што другую палавіну

Ім хто-небудзь толькі мые,

Як кладуць у дамавіну.

 

Лазняў болей — больш здароўя,

Гразь жа нам нясе хваробу.

Дык збудуйце ж,— клічу зноў я,—

Хоць адну на тую спробу!

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 21
Крыніца: скан