epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Чаго ж яна «рада»?

У Мінску нямецкія акупанты стварылі так званую «Цэнтральную раду» на чале з заядлым фашыстам-памешчыкам Радаславам Астроўскім, якога яны прывезлі з сабой. Фашысцкія разбойнікі думаюць, што рукамі сваіх халуёў ім зручней будзе душыць беларускі народ.

 

Было гэта нядаўна каля Мінска. Прыйшоў у вёску нейкі злыдзень ды грукаціць кулаком селяніну ў акно:

— Гэй, спадар!

— Што там яшчэ за ліха? — адгукнуўся селянін.

— Адчыні, пусці ў хату.

— А хто ты будзеш?

— Я — Рада.

— Рада?

— Ага, Рада.

— Чаго ж ты, дурная, рада?

— Рада я! Разумееш?

— Не, не разумею. Людзей нашых вешаюць, на катаргу гоняць, а ты рада!

— Ну, годзе дурнем прыкідвацца. Я табе не жартуючы кажу: я — Рада.

— Гарады нашы разбураюць, вёскі паляць, а ты, подлая, рада.

— Я подлая! Чакай, адкажаш ты мне за такія словы.

— Ого! Нешта ты вельмі грозная.

— Бо я — Цэнтральная Рада.

— Ах, цэнтральная!

— Ну, так.

— Чакай... Дык ці не тая гэта рада, што ў 1918 годзе Вільгельму зад лізала?

— Не, другая.

— Ага, другая. Ну, яно вядома: раз зад другі, дык і рада другая. Цяпер, як я дагадваюся, ваша мосць ліжа зад Гітлеру, а не Вільгельму. Хоць я не думаю, каб гэта было смачней. Усё-такі той зад быў царскі.

— Ты адчыніш ці не?

— Чакай, дай гаворку скончыць. А хто ж у вашай Цэнтральнай Радзе самы цэнтральны лізала?

— Старшыня, ты хочаш сказаць? Радаслаў Астроўскі.

— О, гэты можа! Ён яшчэ ў Польшчы налаўчыўся. Калі ўжо Астроўскі паходзіць з языком каля панскага зада, дык зад той аж зіхаціць, не раўнуючы, як медны таз.

— Ну, годзе дурня строіць, адчыняй хутчэй!

— Я дурня не строю. Ён сам да мяне хоча прыстроіцца. А ў хату цябе пускаць не выпадае.

— Чаму?

— Ды, бачыш, у мяне ў хаце паветра не да твайго носа. Ты прывык да Гітлеравай парфумы. Кажы адтуль, што табе трэба?

— Сын у цябе ёсць?

— Ёсць.

— То няхай ідзе на зборны пункт. Рада аб’явіла мабілізацыю ўсіх мужчын ад 16 да 57 год.

— А чыё гэта войска будзе?

— Наша.

— А з кім яно будзе ваяваць?

— Вядома, з кім. З бальшавікамі і з усімі, хто ідзе супроць новага парадку.

— Ага, разумею: значыцца, наша войска будзе ваяваць з намі.

— Што ты там мармычаш?

— Я кажу — усё ясна.

— Дык прыйдзе сын?

— Уга! Дзіва што прыйдзе!

— То няхай апранаецца, разам пойдзем.

— Яго дома няма. Ты ідзі сабе. Я накажу, то ён цябе дагоніць.

— Глядзі ж, каб дагнаў.

— Наконт гэтага будзь спакоен.

Не ўспела «Рада» адысці ад вёскі і двух кіламетраў, як сын таго селяніна сапраўды дагнаў яе. Толькі яна ўжо была не «рада», бо праз мінуту вісела на высокай прыдарожнай асіне, высунуўшы даўжэзны язык, з якім яшчэ нядаўна так спрытна ўвіхалася каля фашысцкага зада.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан