epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Чалавек — перш за ўсё

Аляксея Максімавіча Горкага я зблізку бачыў адзін раз на з’ездзе пісьменнікаў у 1934 годзе. Я сядзеў у зале і слухаў яго даклад, стараючыся не прапусціць ніводнага слова. Часамі яго позірк, якім ён абводзіў зал, на момант спыняўся на мне. Тады мне рабілася страшнавата. Здавалася, што яго ўважлівыя, строгія і добрыя вочы пранікаюць у самае нутро, бачаць мяне наскрозь. Гэта ж былі тыя самыя вочы, зоркасць якіх здзіўляла мяне, калі я чытаў творы вялікага пісьменніка.

З самых ранніх гадоў ён пільна ўглядаўся ў жыццё і ўмеў яго бачыць такім, якім яно было. Ён бачыў і на сабе адчуваў жорсткасць і крыўду, бруд і пошласць жыцця, якое яго акружала, але за ўсім гэтым ён бачыў самае каштоўнае і прыгожае, што ёсць у жыцці,— чалавека. Ён умеў глыбока заглянуць у чалавечую душу і ўбачыць тыя высокія якасці, якія адрозніваюць чалавека ад жывёлы, робяць яго вянцом усяго жыцця. Нават «на дне», сярод людзей, выкінутых капіталістычным грамадствам на сметнік жыцця, ён умеў адшукаць сапраўднае золата чалавечай душы, любоўна падняць яго з бруду і паказаць людзям. І людзі станавіліся ад гэтага лепшымі, яны вучыліся паважаць сябе і сваю чалавечую годнасць.

Так адносіцца да чалавека вучыў Аляксей Максімавіч і маладых савецкіх пісьменнікаў. «Чалавек шмат у чым усё яшчэ звер,— гаворыць ён у адным са сваіх артыкулаў,— але разам з тым ён — культурна — яшчэ падлетак, і прыхарашыць яго, пахваліць — вельмі карысна: гэта падымае яго павагу да сябе, гэта спрыяе развіццю ў ім давер’я да сваіх творчых сіл. Да таго ж пахваліць чалавека ёсць за што,— усё добрае, грамадскае творыцца яго сілай, яго воляй».

Максім Горкі, які выйшаў з самых нізоў капіталістычнага грамадства і ўзняўся да вяршынь самай перадавой у свеце — сацыялістычнай культуры — шмат пахадзіў па зямлі, шмат пабачыў на сваім вяку людзей розных грамадскіх станаў, розных прафесій і характараў. У сваіх неўміручых творах ён даў багатую галерэю чалавечых вобразаў — яскравых, непаўторных.

Але ён не быў толькі геніяльным адлюстраваннем жыцця. У сваёй творчасці і ў шматбаковай грамадскай дзейнасці ён быў нястомным змагаром супроць сацыяльнага спаду, які ганьбіў чалавечую годнасць і скоўваў творчыя сілы людзей. З’яўляючыся прапаведнікам і тварцом новага, лепшага жыцця, ён увесь час змагаўся за чалавека і для чалавека. «Для мяне не існуе ідэі па-за чалавекам,— гаварыў Аляксей Максімавіч,— для мяне іменна ён і толькі ён з’яўляецца тварцом усіх рэчаў і ўсіх ідэй, іменна ён — цудатворац і ў будучым уладар усіх сіл прыроды. Самае прыгожае ў нашым свеце — тое, што створана працаю, разумнай чалавечай рукой, і ўсе нашы думкі, усе ідэі ўзнікаюць з працоўнага працэсу, у чым пераконвае нас гісторыя развіцця мастацтва, навукі, тэхнікі»...

«Чалавек — гэта гучыць горда». Словы гэтыя дапасоўваюцца перш за ўсё да самога аўтара. Гордасць за чалавека адчуваем мы, чытаючы неўміручыя творы Максіма Горкага. І сам ён — геніяльны пісьменнік і вялікі грамадзянін — з’яўляецца гордасцю нашай савецкай краіны.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан