epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Хлеб і «вата»

«...іжа ясі на небясі,

Хлеб наш насушны схавай нам днесь».

— Дзядзька, можа здасі?

— Таварыш, дальбог жа, ўвесь.

(У «дзядзькі» наўмысле плаксівая міна.)

Паверыш, ну хоць бы асміна!

Сам патурбуйся, прайдзі да свірна.

 

Свіран, вядома, даўно пусты,

Збожжа, вядома, пайшло ў кусты.

Ды ўрэшце «таварыш» настроены мірна:

Ласку баіцца страціць навек,

Да «дзядзькі» плаксівага повен спагады:

«Што ні кажы ты, а і ён — чалавек,

Хоць і «цвёрдазады».

Мяккі «таварыш», проста як вата,

Хоць куды хочаш яго запіхай.

Развітваецца вінавата:

«Неяк жа будзе... няхай...

Як з яго возьмеш, калі ж ён божыцца?»

 

Падаўся «таварыш» па гладкай дарожачцы,

І хрысціць кулак мазгаўню цвёрдалобую:

«Ну, адкаснулася нячыстая сіла.

Дзякаваць богу! Мяйца і сына...

Хлеба яму... а трасцы з хваробаю!»

 

Лагодны «таварыш», быццам на шпацыры,

А ўслед яму — шротам кулацкія пацеры,

А ўслед яму шчэрыцца жоўты ікол.

Запісвай, «таварыш», сабе ў пратакол

Словы цягучыя з шэрае ваты:

«Захады ўсе прыняты».

 

Нам гэта «вата» абходзіцца дорага!

Яна ад удараў захоўвае ворага;

Яна прыкрывае пудоў мільёны

І хлеба, і мяса, і лёну,

Заўсёды гатова прыгрэць сваяка,—

Люба і куму, і брату, і свату

Стуліцца за гэтую «вату».

Ды нешта ж пра «вату» сказаў ЦК?

 

У бойцы за справу сацыялізма

Ударце па ваце апартунізма,

Каб аж ушчэнт расхвастаць,

Каб востраю зброяй працяць навылёт,

Каб аж норку пад ватай дастаць,

Дзе рыецца сёння кулацкі крот!

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 241-242
Крыніца: скан