epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Хто там чухаецца?

Да 2-й бальшавіцкай вясны

 

Хто там чухаецца?

Хто заснуў?

Хто ў паперкі

задрэманым вокам

тыцкае?

Сустракайце вясну!

Прымайце вясну!

Я прыйшла —

напорная,

бальшавіцкая.

 

Па-ўдарнаму працу

на плечы бяру,

Мінуты не страціўшы

марна:

З вёскі змываць

дакастрычніцкі бруд —

Задача мая ударная.

Вы

што ад новых

калгасных дзён

Абымшэлымі

адгароджаны межамі,

Хіба шлях вам

яшчэ не відзён,

Пратралёваны,

першымі аб’езджаны?

 

Хіба вам яшчэ ўсё

мілей саха?

Хіба трактар яшчэ —

недарэчнаю цацкаю?

Хіба ўсё вы яшчэ —

хі-хі! ды ха-ха!

Пад агітацыю

завугольную, кулацкую?

 

Хіба смачна было

за сошкай кульгаць?

Хлеб з мякінкай

у курнай халупіне?

Шлях ваш у заўтра —

цераз калгас,

Межы збуцвеюць хай,

трактарам палуплены.

 

Хай на нас горы

паклёпаў нагорнуцца,

Хай кулаччо —

падкалоднымі гадамі,—

Мы па брахні іх —

спаборніцтвам!

Мы іх,

праклятых,—

брыгадамі!

 

Хто чыкіляе

ганебна ў хвасце?

Аршаншчына?

Ці Мазыршчына?

Чым вы пасееце?

Што парасце?

На носе ж сяўба,

а насенне —

не чышчана.

 

Заўтра

ў атаку

папаўзуць МТС

На поле

трактарнымі

калонамі.

А там?!

А вунь там?!

Я выношу пратэст!

Часткі машын

іржавеюць,

паломаны.

 

Раўняйся

па лініі ўдарных брыгад

Хто спаборніцтвам

там не ахоплены?

Каб зацвілі

сотні тысяч га

Пад ільном

ды пад каноплямі.

 

Годзе цягнуць

«Ані шум баравы»

Галасамі

нястройна-фальшывымі:

На семнаццаць працэнтаў

клін яравы

Павінен быць

сёлета

пашыраны!

 

Годзе трымаць

на галодным пайку

Рагулю,

Падласую,

Гнедую:

Дарогу турнэпсу!

Прастор бураку!

Прычын аб’ектыўных

ніякіх

не ведаю.

 

Дык хто ж там чухаецца?

Хто заснуў?

Хто ў паперкі

задрэманым вокам

тыцкае?

Ганьба таму,

хто прадрэмле вясну,

Мяне —

ударную,

бальшавіцкую!

 

1931


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 133-135
Крыніца: скан