epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Хвост

Яшчэ Джэром К. Джэром, калі жыў-быў, заўважыў, што зусім не шкодзіла б, каб у чалавека быў хвост. Але ёсць людзі, якія яшчэ да гэтага часу не разумеюць гэтай выгады. Мне расказвалі пра аднаго чалавека, які меў гэта шчасце ў руках (ці то-бок не ў руках, а на азадку). Але ж ён быў просты, некультурны селянін і таму не мог выкарыстаць гэтага свайго шчасця, а, наадварот, лічыў яго няшчасцем.

Расказваў мне пра гэтага чалавека адзін вясковы настаўнік. Раз гэты настаўнік выцяў вельмі моцна нагу, самую галёнку. Спачатку, здэцца, нічога страшнага й не было, але што далей, то болей, болька пачала гнаіцца, нага апухла, і прыйшлося легчы ў бальніцу. Доктар сказаў, што трэба аперацыю рабіць. Пераадзелі яго, палажылі ў палату. А там ужо ляжыць адзін хворы, чакае аперацыі. На пагляд дык ён настаўніку і не хворым здаецца: ляжыць сабе спакойна, не стогне і не крывіцца; твар загарэлы, чырвоны, здаровы, бародка русенькая. І не стары — гадоў пад трыццаць чалавеку. Сталі гаварыць сёе-тое. Настаўнік расказаў сваю прыгоду з нагою дый пытаецца:

— А ў вас, выбачайце, якая хвароба? Што вам будуць рэзаць?

Спусціў той чалавек вочы дый кажа:

— А дайце ж вы рады. У мяне дык такое, чаго й на свеце нідзе не чуваць. Аж нават і гаварыць сорам... Хвост у мяне вырас...

— Жартуеце, мусіць? — не паверыў настаўнік.

— Не жартую, кажа, чалавеча. І рад бы жартаваць, ды не наўме. Заўтра адразаць будуць. Можа, і вы пабачыце... А ўрэшце, што ж там ужо хаваць,— сказаў ён, памаўчаўшы. Ужо ж усё роўна ведаеце, вось паглядзіце, калі хочаце.

Ён раскрыўся і закасаў калошу споднікаў на правай назе. І настаўнік сапраўды ўбачыў хвост, прывязаны аборкаю да нагі вышэй калена. Ён увесь абросшы быў рыжаватымі валасамі, а на канцы дык і кутасік быў з цямнейшага воласу. Даўжынёю хвост быў якраз да калена.

Настаўнік, які аж да апошняга часу думаў, што той жартуе, так здзівіўся, убачыўшы хвост, і так збянтэжыўся, што не мог зразу нічога сказаць, і, толькі мацнуўшы, пераканаўся, ці няма і ў яго такой штукі. А хвастаты расказваў тым часам:

— З маленства гэта ў мяне. І нарадзіўся з хвосцікам. Бабка, што пры роду была, першая ўбачыла. Папужаліся ўсе. Маці дык тры дні плакала. Задушыла б, казала, каб не людзі ўведалі. Але бабка была лёгкая на язык і ўсім расказала. А хвосцік невялікі быў спачатку — вось як у маленькага парасяці. Гаравала маці са мною, хавала ад людзей, каб ніхто не бачыў, смерці мне жадала. А я патом рос. Хвосцік таксама рос. Бывала, як разгуляюся ды стану бегаць па хаце, весела мне зробіцца, дык і хвосцік угару падымаецца, аж кашульку падымае. А як падрос трохі ды ўвазнаў, дык сам асцерагаўся, каб хто хваста не ўбачыў. Найбольш усё ў сваёй хаце гуляў ды на сваім панадворку — нікуды не хадзіў. Але ці ўсцеражэшся ж у вёсцы? Гадоў мне дзесяць стала. Пара ўжо й за работу брацца. Пагнаў я каровы пасвіць. А пастушкі ж вясковыя — самі ведаеце, якія распуснікі. Вядома, без нагляду старэйшых цэла лета — што хочуць, тое й робяць. Вось і прысталі яны да мяне з першага дня: «Пакажы хвост». Я бажуся, клянуся, што ў мяне ніякага хваста няма, а яны такі сваё: «Не хочаш паказаць, дык хоць скажы, які ён у цябе. Ці гэтакі, як у Змітравага Мурзы — закручасты, на люльку падобны, ці як у казы, ці гэтакі, як у Тодаравага каня — сівы з доўгаю валаснёю?» Жыць яны мне не давалі. А аднаго разу дурэць завінуліся. Знарок, мусіць, згаварыліся. Зловяць гуртам аднаго, паваляць ды, расшпіліўшы портачкі, напхаюць яму моху ды шышак хваёвых (у лесе каровы пасвілі). Пасля другому гэтаксама. Бачу я, што й да мяне зараз чарга дойдзе. Устаў я гэта — думаў ісці нібыта каровы завярнуць. Дык дзе ж, ого! Злавілі, павалілі ніцма, двое на плечы ўсселі, а тыя хваста шукаюць. Агалілі азадак дый здзекуюцца: палкамі поруць, за кутасік скубуць. Як вырваўся я ад іх, дык і кароў сваіх адрокся, плачучы, дадому пабег. Вечарам бацька хадзіў сварыцца з бацькамі тых хлопцаў, якія мяне пакрыўдзілі, але ці гэта ж мне памагло? Яшчэ горш па ўсёй вёсцы гаварыць сталі. Сорамна мне й на вуліцу выйсці, не хачу й каровы гнаць пасвіць. Бацьку прашу, рукі цалую: «Адсячы ты, кажу, мне хвост. Я сам і на калодку палажу, а табе толькі сякераю раз цяпнуць. Паглядзіш, што я і не заплачу нават, а яшчэ падскочу ад радасці». Дык не паслухаў мяне бацька. «Баюся, кажа, яшчэ калекаю зраблю або саўсім памрэш, тагды й цябе шкода будзе, і самога па судох будуць цягаць». А каб да доктара павезці ды рапарацыю зрабіць, да гэтага бацька не дадумаўся. Дый не чуваць было ў нас тагды, каб каму рапарацыю рабілі. Вёска глухая (з Лепельшчыны я): доктар толькі за дваццаць вёрст, у мястэчку. І ездзілі да яго толькі, калі хто моцна хворы. А ён нікому рапарацыі і не рабіў, толькі прымочкі ды парашкоў даваў. Так і давялося мне і надалей з хвастом хадзіць ды каровы пасвіць. Зажыў гора — няма чаго казаць. Палягчэла трохі толькі тагды, як падрасла меншая сястра ды пагнала пасвіць, а я крыху пасталеў. Цяпер хоць у вочы мне нічога не гаварылі, толькі вечарамі дзеці не давалі супакою. Падбягуць чарадою пад вакно: «Косцік, пакажы хвосцік», дый урассыпную. А мяне, як на тое ліха, яшчэ й завуць Кастусём. Але я ўжо цярпеў, зубы сцяўшы, бо стань ганяцца за імі, дык яшчэ горш... Пачалася вайна. Памёр мой бацька. Стаў я сам сабе гаспадар. «Ну, думаю, цяпер я расквітаюся з сваім няшчасцем. Паўгаспадаркі рашу, паеду ў Віцебск, у Мінск. Там цяпер дактары ўсякія рапарацыі робяць раненым. Папрашу, каб яны мой хвост адрэзалі». Як сказаў аб гэтым матцы, дык яна — у плач, у слёзы: «Не пушчу. Зарэжуць цябе там, што я буду рабіць з дзецьмі? А калі й выжывеш, кажа, дык скора прызывацца, у салдаты возьмуць. Заб’юць на вайне. А так мо збракуюць па калецтву. Пачакай трохі». Хацеў я спачатку не паслухаць маткі. А пасля шкода стала. А як падумаў, дык яна трохі й праўду казала. Вось і адлажыў я гэту справу. «Папакутую, думаю, яшчэ год-другі, можа, яно й паспакайнее». Але паспакайнела не скора. Вось так яно й былося аж да гэтага часу, пакуль маці не памерла. А цяпер жа трэба гаспадыня ў хату: сястра, што пада мною, замуж пайшла. Нехаця жаніцца трэба. Шмат ёсць добрых дзяўчат і ў нашай вёсцы, і ў суседніх, але ж не мае,— ведаюць усе пра маю ганьбу. Яшчэ калі дзе за працай або па якой справе загаворыш з катораю, дык нічога — гавораць як з чалавекам, а як толькі на вечарыне дзе папробуеш зачапіць, дык ні прыступу, як чорта, пужаюцца. Бачу я, што нічога не будзе,— блізкая не пойдзе. Узяў я швагра за свата, і сталі мы ездзіць па далёкіх вёсках, вёрст за дваццаць, за трыццаць. Увойдзем гэта ў хату, прывітаемся, пачнем аб справе загаворваць. «Адкуль жа вы?» — пытаюцца. «Ды з такой вось вёскі,— адкажа сват.—Можа ж, чулі?» «Ды чаму не чулі,— адказваюць.— Гэта ж тая самая вёска, дзе людзі з хвастамі вядуцца. Хоць бы вы нам напаказ аднаго прывезлі». Сват пачне тут гаварыць, што гэта ўсё людзі выдумалі, а я як на вуголлях сяджу. І дзяўчына мне не наўме. Так вось чуць не ў кожнай вёсцы было. Здаралася, што й высватаеш дзе часамі, дык не паспееш дадому прыехаць, як ужо наказ ідзе: «Не прыяжджай, не пайду». Нехта, мусіць, перасцерагаў. Ездзіў я, ездзіў дый годзе сказаў. Усё роўна нічога не выходзіць. Вось я й прыехаў сюды ў Мінск рады шукаць. Сорам было — выказаць вам не магу. Але адважыўся нарэшце, паказваю дактарам. Падзівіліся, праўда, яны. Сказалі, што гэта вельмі рэдка бывае,— мо раз ці два ў паўсотні гадоў на ўсёй зямлі. Але казалі, што страшнага тут нічога няма: калі адрэзаць, дык праз тыдзень-два й зажыве. Заўтра рана рэзаць будуць. Праўда, што маёй справе гэта не надта паможа. Не пакажаш жа кожнай, шануючы вас, што ў мяне ўжо хваста няма. Але я папрашу, каб мне паперку далі такую, што я ўжо чалавек як мае быць. Толькі мне не так гэта важна, як тое, што я нарэшце сорам свой скіну з сябе. Не дачакаюся, каб скарэй заўтрашні дзень...»

Так і адчыкалі хвосцік таму небараку. Няхай сабе ўжо без хваста скача, калі не здолеў чалавек выкарыстаць такой выгады. А мы з вамі, дарагі чытач, давайце трошкі пафантазіруем. Страх, як люблю фантазіраваць.

Іншы раз як зафантазіруюся, дык забудуся, што й раблю. Помню гэта раз, як яшчэ на вёсцы жыў. Пайшоў я ў гумно па трасянку каровам. Наклаў вязку, узяў на плечы ды йду сабе памаленьку. Іду, а сам думаю, ды такое нешта цікавае ды прывабнае. Так задумаўся я тагды моцна, што адчыняю, дык мая вязка не лезе за мною. Гляджу — дык я не ў хлеў, а ў хату трасянку прыпёр. Бацька ўбачыў, лаецца, а мне сорам. А то вось і цяпер. Пашле часамі жонка па ваду. Я вазьму вядро дый пайду. Як пайду, дык і зайду, бывае, у суседнюю кватэру. Там глядзяць мне ў вочы, а я ім, пакуль расшалопаем, што тут такое. А тагды я — ходу, а яны — у рогат... Пра што, бок, мы цяпер хацелі? Ага — пра хвост.

Вось вучоныя хоць і гавораць, што хвост у чалавека,— гэта атавізм, перажытак даўно мінулага, зусім у наш час непатрэбная рэч, але гэта таму, што яны прывыклі ідэалізаваць чалавека. Ды яшчэ таму, што вучоны — чалавек мала практычны: закапаецца ў сваю там біялогію, антрапалогію ці іншую якую «логію» і не бачыць, што наўкол яго робіцца. А калі бліжэй прыглядзецца да цяперашняга чалавека, дык хвост яму вельмі патрэбен. Які хвост — вось гэта ўжо другое пытанне, і аднаго адказу на яго быць не можа. Выбірайце сабе па спецыяльнасці, бярыце, які вам больш да твару.

Ну, уявіце сабе на хвілінку, дарагі чытач, што вы, шануючы вас, падхалім. Тут ужо што вы ні кажыце, а без хваста вам вельмі цяжка абыходзіцца. Бо што вы цяпер робіце? Выгінаецеся, выдыгаеце, хіхікаеце, паціраеце ручаняты ды ляпечаце ўсякія прыемнасці. А прыемнасць — гэта штука тонкая, дыпламатычная, шмат такту і нават розуму патрабуе. Можа здарыцца, напрыклад, такая рэч.

Вы «ім»:

— Ах, як вам да твару ваш новы гарнітур! Вы ў ім — ну, сапраўдны ж прынц Іоркшырскі.

А «яны» Вам:

— Самі вы, грамадзянін, падсвінак няскрэбены. І прашу на вочы мне больш не пападацца.

Вы й пайшлі як мыла з’еўшы. І цяпер толькі схамянуліся, што й самі добра не ведаеце, ці ёсць іоркшырскія прынцы, але затое добра ведаеце, што ёсць іоркшырскія парсюкі. Вось вы тут і дагадваецеся... Такім чынам марна прапала і ваша выдыганне, і ваша хіхіканне, а з «прыемнасці» зрабілася вялізнае наадварот. А калі б у вас быў хвост, дык тагды справа зусім іншая. Ніякіх хіхіканькаў тагды зусім не трэ было б, прыемнасцей гаварыць — таксама. Адзінай і дасканалай прыладай вытворчасці ў вас быў бы хвост. Падышлі вы гэта да «іх» ды толькі сабе: віль-віль-віль, а «яны» глянулі на хвост і бачаць, што гэта ён ад паўнаты пачуццяў ды ад вялікай адданасці так і што ніякае мыла вам ужо непатрэбна. Які вам хвост патрэбен быў бы, вы, напэўна, самі дагадаецеся; я з далікатнасці тут памаўчу.

Але калі вы, дарагі чытач, зусім не падхалім, калі вы чалавек салідны, забяспечаны, здаволены заўсёды сам сабою і жыццём (бо вас не мучаць ніякія «праклятыя» пытанні — усе яны ўжо даўно вырашаны аўтарытэтамі), калі ў вас падбародак на тры паверхі, а заміж шчок — здобныя булкі, калі процілеглыя полюсы вашай асобы вельмі падобны адзін да другога, то тагды — выбачайце — сабачы хвост будзе вам зусім не да твару. Тагды вам патрэбен хвост іншай канструкцыі. Вам тагды да твару будзе хвосцік невялічкі, але зграбны і жыццярадасны; такі, каб ён адным сваім завітком выказваў усю вашу сутнасць. Па форме ён павінен быць накшталт коскі добрага пісара... Не, гэта параўнанне слабаватае: у ім мала пластычнасці. Можа, скарэй накшталт корбы ад калаўрота, што прасці. Але гэта не перадае яго кволасці і пяшчотнасці. Скарэй, можа, ён падобен быў бы на вусік маладой фасолі. Колер? Лепш за ўсё, калі ён будзе беленькі.

Зусім іншага сорту патрэбен хвост, калі вы, так сказаць, зорка першай велічыні сельсавецкага, раённага ці акруговага маштабу, але калі вы заняты вырашэннем праблем абавязкова сусветнага маштабу. Вы, напрыклад, на памяць ведаеце плошчу балота па ўсім СССР, за колькі год яно можа быць асушана, і колькі мільёнаў дзяржава ад гэтага будзе мець прыбытку, але балота пад вашым уласным носам — дык гэта ж глупства, дробязь; ці варта на яго зварачаць увагу, калі яно і ўсяго якіх-небудзь трыццаць-сорак квадратовых кіламетраў? Вы таксама дасканала ведаеце настроі ўсіх слаёў кітайскага грамадзянства, настроі індусаў, афрыканскіх неграў, палінезійцаў, можаце да капейкі падлічыць бюджэт кожнай іх сям’і і можаце рабіць (і робіце) аб усім гэтым трохгадзінныя даклады. Вядома, што пры такім вашым розуме і шыраце кругазору — што для вас бюджэт кучкі батракоў суседняга саўхоза і іх настроі, якое значэнне яны маюць у сусветным маштабе? Нецікавы для вас і такія дробязі, як нястача апалу ў сялянства, як няправільны падлік аб’ектаў падатковага аблажэння. І вось калі з такімі дробязямі да вас усё-такі лезуць, лезуць, нягледзячы на тое, што вы зачыніліся ў кабінет, што на дзвярах напісана: «Без дакладу не ўваходзіць»,— лезуць у засмальцованых куртках, у кажухах, чаго добрага — у лапцях, дык тут вам і патрэбен хвост. Хвост — адпаведны вашаму палажэнню і маштабу, хвост салідны, як у добрага біцюга, каб адным махам вы маглі адагнаць ад сябе, вымесці з кабінета ўсю гэту назолу, усю драбніцу. Зноў жа асабліва эфектна выходзіць, калі гэтакі хвост трымаць трубою, што таксама адпавядае вашаму палажэнню і поглядам. Толькі глянуўшы на такі хвост, грамадзянін ужо да самых вантроб прасякаўся б павагаю і пашанаю да яго.

Пра зоркі вышэйшага маштабу за акруговы я тут не гавару; і не таму, дарагі чытач, што ім не ўласцівы сусветны маштаб або што ў іх не з’яўляецца жаданне панасіць хвост трубою, а таму, што яны і пісаніны нашай не чытаюць: для іх — гэта занадта дробны маштаб.

А можа, вы, дарагі чытач, зусім нават і не чытач? Можа, вы — чытачка? Можа, вашым ідэалам у жыцці з’яўляецца, напрыклад, грацыя? Тагды з вамі зусім асобная гутарка. Пашукаем хваста, адпаведнага вашаму ідэалу. Перш за ўсё — што з’яўляецца прыкладам грацыёзнасці? Як нам вядома, з даўных часоў самым грацыёзным стварэннем лічаць казу. Самі ж, можа, чулі не раз, калі пра дзяўчыну гавораць: «грацыёзная, як козачка»? Цяпер другое пытанне — дзе гэта грацыя ў казы знаходзіцца? Ногі? — авечыя. Морда? — таксама. Вымя? — нічога асаблівага. Барада? У кожнага, напрыклад, папа ёсць, і ніхто яго за гэта ўзорам грацыі не лічыць. А вось хвост — гэта ўжо нешта асаблівае. У ім вось уся грацыя і знаходзіцца. Значыцца, увесь ваш ідэал як бы ў казіным хвасце змяшчаецца. І, паверце,— гэты хвосцік вам бы вельмі да твару быў. І выгадна: напрыклад, які-небудзь там рэверанс, кніксен (вось слова, ведаеце, некае... нібы кот начхаў, аж цяжка выгаварыць), дык не трэба ўжо ножкамі вырабляць, а толькі хвосцікам — ківель — і гатова.

А калі ў вас іншыя ідэалы, дык і хвасты ж усякія ёсць. Напрыклад — павы, індыка, сарокі. Некаторыя і цяпер ужо ходзяць з птушынымі хвастамі страуса, тае ж павы. Але ж, ведаеце, куды яны гэтыя хвасты ўтыкаюць? Гэта зусім нек ужо дзіка: ні ў аднае ж жывёлы на галаве хвост не расце. А можа, вы такая жанчына, што вам зусім хвост не да твару? Дык, калі ласка,— будзьце сабе без хваста.

Так. Шмат у якой справе хвост мог бы быць вельмі карысным. Апрача вышэй пералічаных выпадкаў, можа, вам трэба калі-небудзь, напрыклад, «сляды замесці». Тут хвост якраз дарэчы... А то, можа, вы пазычылі ў каго-небудзь што-небудзь, ды вам не хочацца аддаваць ці дакляравалі што, ды не думаеце зрабіць; тагды вельмі карысна «хвастом накрыцца». Нарэшце, на хвасце можна і эканомію сякую-такую загнаць. Калі вам, напрыклад, цэла лета няма чаго рабіць і калі вы любіце вісець у гамаку, дык вы б маглі й зусім гамака не купляць, а зачапіцца хвастом за галіну і пакалыхвацца сабе цэлыя дні ў скверы ці гарадскім садзе. Робяць жа так малпы з пароды гультаёў.

Да гэтага часу мы разглядалі хвост як чыннік, значыць, як суб’ект. Але гэтым яго значэнне яшчэ не вычэрпваецца. Не меншае значэнне мае і хвост як аб’ект, як аб’ект розных учынкаў з боку іншых людзей. За хвастом, напрыклад, можна валачыцца. Зноў жа можна: «хвост накруціць», «хвост намыліць».

У хвост можна яшчэ «грэць». Гэты спосаб ужываецца найчасцей у дачыненні да людзей, якія выяўляюць халодны тэмперамент у адносінах да службовых абавязкаў. Пры гэтым для раўнамернага награвання раіцца грэць адначасна ў два канцы: і ў хвост і ў грыву.

Яшчэ ёсць адзін вельмі добры спосаб дачынення да хваста. Гэты спосаб мае вялікае грамадскае значэнне. Яго вельмі не любяць бюракраты, валакітчыкі, растратчыкі і іншае звяр’ё, але затое ім вельмі часта карыстаецца РСІ і пракуратура. Гэта спосаб — «за хвост ды на сонца».

Нарэшце, можна на хвост нават солі насыпаць. Гэты спосаб ужываецца ў тых выпадках, калі ўсе іншыя спосабы недаступны. Хвасту, між іншым, гэта ніякай шкоды не зробіць, але затое таму, хто сыпле, гэты спосаб дае поўнае маральнае задавальненне.

Яшчэ хвасты карысны былі б для таго, каб расцягваць ахвотнікаў «до журнальной драки» і ўсякіх іншых дыскусіянераў. Асабліва калі яны ў захапленні забываюцца нават, за што яны гыркаюцца, і, такім чынам, выходзіць гырканне дзеля гыркання (сваеасаблівае мастацтва для мастацтва). Цяпер за што ты яго каторага ўхопіш? А тагды б за хвост ды сюды, аддыхні трохі, чалавеча.

Але каму найбольшая выгада была б ад хвастоў, дык гэта некаторым «ідэолагам», якія паставілі сабе заданне наглядаць, каб усе людзі былі вясёлыя, і ачышчаць грамаду ад невясёлых. Тут перш за ўсё трэба ж пазнаць, вясёлы гэты чалавек ці не. Для гэтага ім цяпер трэба наглядаць, збіраць, вывучаць і гэтак далей. А каб былі ў грамадзян хвасты, дык нічога гэтага рабіць не прыйшлося б,— хвост быў бы самым найлепшым барометрам. Калі ў грамадзяніна хвост угару служыць,— скажам, хвост кручком, хвост завітком, хвост трубой, хвост дудкай, хвост абаранкам,— дык, значыць, чалавек вясёлы і няхай здаровенек жыве. А калі ў яго хвост наадварот, дык тагды рабі сабе разнастайныя вывады.

Але ці не пара мне скончыць, дарагія чытачы? Я баюся, каб вы, не пазнаўшы жартаў, мне самому не захацелі хвост прышчаміць. Былі ўжо такія спробы, дабіраліся да майго хваста, толькі пакуль што «оного не оказалось». Але ці я ж упэўнены, што калі хто захоча абавязкова знайсці ў мяне хвост, дык не знойдзе яго? «В писании бо сказано есть: ищите и обрящете».

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан