epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ці была ў яго галава?

(Старая казка на новы лад)

На гора ўсяму жывому, усяму разумнаму і светламу з’явілася неяк на свет страшэнная пачвара. Усё, што ёсць на свеце самае крыважэрнае, самае подлае, самае агіднае і смуроднае, сабралася тут у адно месца, перамяшалася, і выйшаў звер не звер, гад не гад, а нешта дагэтуль нябачанае і нячутае, пад назвай Цмок. Тут бы яго і прыдушыць адразу, але суседзі глянулі і адвярнуліся. «Ну і пачвара,— думаюць сабе.— Глядзець агідна». А некаторыя разумнікі сказалі самі сабе: «Няхай гадуецца. Я то з ім паладжу, а вось суседа ён напэўна злопае».

Пачвара тым часам аглянулася сюды-туды, разявіла зяпу дый зараўла:

— Я жраць хачу. Дайце мне Барана.

Пераглянуліся суседзі-разумнікі дый кажуць:

— Дадзім яму Барана. Ён нажарэцца ды супакоіцца, а нас чапаць не будзе.

Злопала пачвара Барана, аблізалася ды яшчэ мацней зараўла:

— Я жраць хачу! Дайце мне Казла!

Параіліся разумнікі дый вырашылі:

— Ахвяруем. На тое ён і Казёл, каб быць казлом адпушчэння. Цяпер-то мы напэўна адкупімся.

Пачвара сажрала Казла, яшчэ шырэй зяпу разявіла:

— Падавайце мне, кажа, Асла! Я жраць хачу.— Тут усе ахнулі. Асёл жа таксама разумнікам хацеў быць і нават лічыўся прыяцелем гэтай пачвары.

— Так ён і да нас дабярэцца,— сказалі разумнікі.— Трэба Асла бараніць, бо дрэнна будзе.

Але пакуль яны збіраліся бараніць, дык Асёл ужо ў пачвары ў трыбуху апынуўся. Добра падмацаваўшыся, пачвара, доўга не чакаючы, узялася за іншых разумнікаў. Таму хрыбеціну надламала, таму паўбока вырвала, за адным захадам праглынула яшчэ некалькі дробных жывёлін і ўявіла, што дужэйшага за яе ва ўсім свеце нікога няма. А навакол гаўляйтары ды паўгаўляйтары, падвывалы ды падпявалы:

— Ты вялікі, Цмок! Ты ўсемагутны, Цмок! Ты ўвесь свет пад ногі можаш падтаптаць.

Ну, у таго й зусім галава закружылася. Зубамі скрыгоча, зямлю нагамі рые, вачамі, кроўю налітымі, зыркае. Зыркнуў на захад — дрыжыць усё, зыркнуў на поўдзень — ляжыць усё, зыркнуў на поўнач — панікла ўсё, зыркнуў на ўсход... А гэта што такое? Чаму ніхто не дрыжыць і ніцма не ляжыць?

— А там,— дакладваюць яму падгаўляйтары,— жыве Леў, які думае, што ён таксама дужы.

— Ну што ж, на снеданне мне хопіць і Льва. Вы толькі падвывайце, я зараз.

І сунуўся Цмок да Льва ў пячору. Спачатку галаву ўсунуў, потым па плечы ўсунуўся, а пасля аж па самы азадак. Напінаецца, нагамі ў зямлю ўпіраецца, аж жылы трашчаць. А падвывалы вакол скачуць ды лямантуюць на ўсе галасы:

— Наш бярэ! Глядзіце, глядзіце ўсе! О, Цмок непераможны, слава табе!

Тут пачвара задрыгала дробненька ножкамі і сцішылася.

— Вось ён яго і ўвабраў,— рашылі гаўляйтары. (Гэта значыць Цмок Льва.) — Зараз вылезе.

Гадзіну чакаюць — не вылазіць, другую чакаюць — не вылазіць, на трэцяй гадзіне здагадаліся:

— Трэба дапамагчы, здабыча цяжкая.

Узялі яны Цмока за ногі, выцягнулі з пячоры, сталі навакол ды дзівяцца: усё ёсць, а галавы няма. Дзівіліся, дзівіліся, потым адзін і кажа:

— А ці была ў яго наогул галава, калі ён у пячору лез?

І пачалі яны ўспамінаць ды спрачацца. Адны кажуць — была нейкая, а другія сваё — ніякай не было. Аж, нарэшце, адзін стары гаўляйтар успомніў.

— Была,— кажа.— Я помню, калі ён яшчэ Барана глытаў, дык галавой матаў.

— Тады наша справа — дрэнь,— сказалі ўсе гаўляйтары, падгаўляйтары, падвывалы ды падпявалы.

Гэтым часам Леў ужо вылазіў з пячоры.

1945


1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан