epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ці я над яслямі сумую (Конская элегія)

Дзякуючы кулацкай агітацыі і галавацяпству некаторых устаноў за адзін снежань месяц 1928 г. па БССР зарэзана 35 000 коней.

З газет

 

Ці я над яслямі сумую,

Ці йду гуляць на паплавы,—

Адной вось думкі не ўтаймую,

Яе не выгнаць з галавы.

 

Ці параконны плуг сустрэну —

На сэрца сум наводзіць ён:

Не дачакацца мне на змену

Сталёвых трактарных калон.

 

Ці лёгкі ветрык ледзь павее —

Тугу нагоніць шэптам лес:

Мне не вазіць на рум бярвення,—

Мяне рыхтуюць на зарэз.

 

І хоць аблупленаму мясу

Ўсё роўна, дзе ні дагніваць,

Бліжэй да роднага калгасу

Я ўсё ж хацеў бы спачываць,—

 

Кіраўніку застацца другам

І ўзвесяліць маркотны дух,

Як гэты друг мой саматугам

Пацягне параконны плуг.

 

Цяпер жа мне не дапаможа

Ні мора выплаканых слёз,

Ні стан здаровы ды прыгожы —

Адзін мяне чакае лёс:

 

Галавацяпы заўтра здуру

Тут пагуляць дадуць нажу,

І за сваю гнядую скуру

Апошні раз я задрыжу.

 

І горка чэрап выскаляцца

Пачне з таго, што гаспадар,

Хлусні паслухаўшы кулацкай,

Мяне на скуру запрадаў.

 

І галавой кіўну з магілы,

Калі ўжо буду нежывы:

Скурсіндыкат, жыві, мой мілы!

Хоць цяжка жыць без галавы.

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 127-128
Крыніца: скан