epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ці то здольны пясняр, ці то модны пляткар?

Каму прысвячаецца, дык той здагадаецца

 

Ад зары да зары

Ўсё сядзяць песняры —

Пішуць песні свае «пралетарскія».

Каб жа іх зразумець,

Тлумача трэба мець —

Без яго яны нам, як татарскія.

 

Не мажэ ні адзін

Зразумець селянін

Гэтай песні, таксама й рабочыя.

Ці то — здольны пясняр,

Ці то — модны пляткар,

Зразумець не магу, кажу ў вочы я.

 

Песні ўсё не для мас:

Іх чытаць — трэба час,

І чытаюць іх толькі аматары.

Яны скажуць падчас:

«Вось дык сплёў выкрутас!

Ну і штучна ж пляце, ліха матары!..»

 

Згвалчан вобразам змест,

Заяўляе пратэст

І ў людзей-чытачоў просіць помачы,

А як возьме чытач,

Дык тут зноў — хоць ты плач! —

Абалдзее зусім, голаў ломячы.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 111
Крыніца: скан