epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Ціт заводзіць новы быт

Паглядзіце вы на Ціта —

Вынес ён у хлеў карыта

І падсвінкаў, і свіней

Выгнаў з хаты і з сяней.

Ўзяўшы дзетак на падмогу,

Палажыў сяк-так падлогу,—

Не на жарты, мусіць, Ціт

Стаў заводзіць новы быт.

На ўсю зіму вось на гэту

Ціт наш выпісаў газету —

Хоча ведаць, як відаць,

Што на свеце дзе чуваць.

Перад дочкамі й сынамі

Ціт не лаецца «па маме»,

Не лупцуе жонкі Ціт —

Ён заводзіць новы быт.

На папа глядзіць Ціт коса,

А ў царкву не ткне і носа,—

Ну, і з богам, значыць, квіт,

Бо заводзіць новы быт.

Не з апошніх Ціт і ў полі —

Перайшоў на мнагаполле,

Сее рэпу, буракі...

А растуць жа — як гаршкі!

Быў узгорак, так як бубен,

Але Ціт пасеяў лубін,

Дык (ці веры вы дасце?),

Як чарот, жытцо расце.

Тодар, Ян, Язэп, Мікіта!

Чым вы горшыя за Ціта?

Дык пачніце ж, як і Ціт,

Вы заводзіць новы быт.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 26
Крыніца: скан