epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Член

Не пытайце — «Хто ты?»

Ці яшчэ — «Адкуль ты?»

Бо ён член сапраўдны

З членаў Інбелкульта.

 

Ужо колькі год вось

Абавязкі члена

Ён спраўляе шчыра

І нясе сумленна.

 

Хай на дзень хто ходзіць

Хоць разоў па дзесяць,

Ходзіць ён на працу

Два разы на месяц.

 

Два разы на месяц

У яго ёсць праца:

Атрымаць, што трэба,

Потым распісацца.

 

Калі ж вы чакалі

Працы павуковай,

Дык яна для члена

Не абавязкова;

 

Кіньце клапаціцца

Вы, сябры, аб гэным:

Ён да самай смерці

Застанецца членам.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 210
Крыніца: скан