epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Чорт

(Байка)

 

Кажух ляжыць, а дурань

дрыжыць.

Народная прыказка

 

На свеце жыў Янук-сынок

У нейкіх Мамы й Таты;

Гадкоў яму было мо пяць.

Вось раз, калі куткі ахутаў змрок,

Бацькі уклалі хлопца спаць,

А самі выйшлі з хаты:

Каровы Матка падаіць,

А Бацька коні напаіць.

Але малому Януку

Вачэй ніяк не зводзіць сон,

Бо нешта чорнае ў кутку

На лаве ля красён

Убачыў раптам ён:

Касматае, з зялёнымі вачыма,

Дым чорны ў страха верне з ляпы

І з кіпцюрамі лапы.

Шавеліцца і крэкча страх, нібы падняцца цяжка

Абмёр пад коўдраю хлапчына,

Пабеглі па плячах мурашкі,

І сталі валасы дубка

У небаракі Янука,

Аж зуб на зуб не пападзе.

Чуць не памёр наш блазан у бядзе,

Пакуль не ўчуў, што Бацька йдзе.

Тады з пасцелі — скок ды сам бягом адтуль.

— А татачка, вунь чорт! А міленькі, ратуй!

— Дзе чорт? Вось гэта? Ха-ха-ха!

Ну й дурань жа ты, Янка!

Свайго спужаўся кажуха.

А Янку трэсла ліхаманка.

 

Чытач чакае звыклае маралі?

Дык я ж пра тых — «у футарале»,

Што ў промнях сонца яснага

Баяцца ценю ўласнага.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 211
Крыніца: скан